Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Бальшавікі пільна сачылі за ўсім, што адбывалася на з’ездзе. Яны не перашкаджалі яму, але, як толькі дэлегаты прынялі рэзалюцыі аб стварэнні органа краёвай улады ў асобе Усебеларускага Савета сялянскіх, рабочых і салдацкіх дэпутатаў, выбралі Раду з’езда (71 чалавек) і гэтым самым паставілі па-за законам Аблвыканкамзах, з дапамогай зброі разагналі з’езд. Гэтыя дзеянні ў студзені 1918 г. ухваліў III Усерасійскі з’езд Саветаў. Бальшавікі паказалі рэальны змест свайго ж лозунга аб праве нацый на самавызначэнне і падштурхнулі беларускую нацыянальную дэмакратыю да пераходу на бок адкрытых праціўнікаў Савецкай улады.
Члены прэзідыума Усебеларускага з’езда не падпарадкаваліся рашэнню СНК Заходняй вобласці і фронту аб разгоне з’езда. 18 снежня яны правялі падпольнае пасяджэнне ў дэпо Лібава-Роменскай чыгункі, на якім стварылі Выканаўчы камітэт. У яго склад увайшло 17 чалавек, а старшынёй быў абраны адзін з лідэраў БСГ Т. Грыб. У такіх умовах выканкам і Рада паставілі сваёй задачай падрыхтоўку ўзброенай барацьбы за ідэалы беларускай дзяржаўнасці. Усё гэта яшчэ больш абвастрыла і дагэтуль складаную палітычную абстаноўку ў Беларусі.
Абвяшчэнне Беларускай народнай рэспублікі. Мірныя перагаворы ў Брэсце, на якія так і не дапусцілі
беларускую дэлегацыю, былі сарваны Л. Д. Троцкім. Германскае камандаванне аддало загад сваім войскам аб наступленні. Ва ўмовах дэмабілізацыі і развалу фронту Аблвыканкамзах і СНК Заходняй вобласці не здолелі арганізаваць абарону беларускага краю ад нямецкіх акупантаў. У ноч на 19 лютага 1918 г. яны ўцяклі з Мінска, і ўладу ўзяў у свае рукі Выканкам Усебеларускага з’езда. 21 лютага 1918 г. ён звярнуўся да народа Беларусі з Устаўной граматай, у якой абвясціў сябе часовай уладай на тэрыторыі Беларусі і абавязаўся склікаць Усебеларускі Устаноўчы з’езд. Да яго адкрыцця выканаўчыя функцыі новай улады ўскладваліся на створаны Выканкамам Народны Сакратарыят, старшынёй якога і сакратаром міжнародных спраў стаў прадстаўнік БСГ I. Я. Варонка. У склад урада ўвайшлі 15 народных сакратароў, у тым ліку I. Макрэеў (сакратар унутраных спраў), К. Езавітаў (паўнамоцны па ваенных справах), I. Серада (сакратар народнай гаспадаркі), А. Смоліч (сакратар асветы). Выканкам і Народны Сакратарыят паспрабавалі аб’яднаць на глебе будаўніцтва нацыянальнай дзяржаўнасці ўсе, акрамя бальшавікоў, палітычныя сілы, што заставаліся на акупаванай нямецкімі войскамі тэрыторыі.
9 сакавіка 1918 г. Выканкам Усебеларускага з’езда прыняў другую Устаўную грамату, у якой абвясціў Беларусь (у межах рассялення і колькаснай большасці беларусаў) Народнай Рэспублікай— БНР. Выканкам быў перайменаваны ў Раду БНР, прэзідыум якой узначаліў адзін з лідэраў БСГ I. М. Серада.
У адпаведнасці з другой Устаўной граматай асноўныя законы БНР павінен быў зацвердзіць Устаноўчы з’езд, які Рада абавязвалася склікаць у бліжэйшы тэрмін на аснове агульнага, роўнага, простага, тайнага і прапарцыянальнага выбарчага права і незалежна ад роду заняткаў, нацыянальнай прыналежнасці і веравызнання. Заканадаўчым органам да склікання Устаноўчага з’езда аб’яўлялася Рада Усебеларускага з’езда, якая павінна была папоўніцца прадстаўнікамі нацыянальных меншасцей, а выканаўчым — Народны Сакратарыят, назначаемы Радай і адказны перад ёю. Граматай абвяшчаліся таксама дэмакратычныя правы і свабоды, адмена прыватнай уласнасці на зямлю і бязвыплатная перадача зямлі тым, хто яе апрацоўваў.
Граматы паказвалі, што Рада БНР бярэ курс на
ўсталяванне ў Беларусідэмакратычных асноў грамадскага ладу. 3 іх асноўнымі палажэннямі згадзіліся нават меншавікі і эсэры, якія раней, як і бальшавікі, ігнаравалі саму ідэю беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці. Пачалося прымірэнне былых палітычных праціўнікаў, і стала выпрацоўвацца агульная тактыка ў нацыянальным пытанні, на аснове якой складваўся блок беларускіх палітычных партый, перш за ўсё БСГ з агульнарасійскгмі сацыялістычнымі партыямі. Прадстаўнікі меншавікоў, эсэраў, Бунда і іншых партый увайшлі ў Раду БНР.
3 сакавіка 1918 г. паміж Савецкай Расіяй і кайзераўскай Германіяй быў заключаны Брэсцкі мірны дагавор, па якому землі, што ляжалі на захад ад лініі Рыга — Дзвінск — Свянцяны — Ліда — Пружаны і належалі раней Расіі, перадаваліся Германіі і АўстраВенгрыі, якія павінны былі вырашыць іх будучыню ў згодзе з пажаданнямі насельніцтва. Гэта яшчэ больш спараджала незалежніцкія ад бальшавіцкай Расіі тэндэнцыі ў радах беларускага нацыянальнага руху і, у прыватнасці, у БСГ.
Тэндэнцыя незалежнасці назіралася і сярод віленскіх беларускіх арганізацый. Праз газету «Гоман» яны прапагандавалі ідэі незалежнай Беларусі і стварэння Літоўска-Беларускай дзяржавы. Але прызнаная Германіяй Літоўская Рэспубліка не падтрымала гэтых прапаноў.
Разам з тым сярод беларускіх нацыянальных арганізацый расла надзея на дапамогу Германіі ў будаўніцтве дзяржаўнасці Беларусі. Ім было добра вядома, што яшчэ ў часы першай нямецкай акупацыі (1915 г.) германскія ўлады прыхільна ставіліся да развіцця беларускай мовы і культуры, даэволілі адкрываць беларускія школы, нават выдзялялі на гэта сродкі. У Свіслачы была арганізавана, напрыклад, настаўніцкая семінарыя. БСГ схілялася да больш рашучых дзеянняў.
25 сакавіка 1918 г. на сесіі Рады БНР, на якой прысутнічала і дэлегацыя Віленскай беларускай рады, пасля доўгіх спрэчак паміж прыхільнікамі незалежнасці і прыхільнікамі аўтаноміі Беларусі ў складзе Расіі большасцю галасоў бьгла прынята трэцяя Устаўная грамата, якой абвяшчалася незалежнасць Беларускай Народнай Рэспублікі. Упершыню ў гісторыі беларускага народа было канстытуіравана стварэнне беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці.
У Грамаце Рада дабівалася перагляду ўмоў Брэсцкага міру, патрабавала, каб БНР самастойна падпісала мірнае пагадненне як з урадамі германа-аўстрыйскага боку, так і Савецкім урадам. Яна спадзявалася прывесці да аб’яднання ў адзіную дзяржаву ўсіх беларускіх тэрыторый, разарваных Германіяй і Савецкай Расіяй.
Акт аб незалежнасці БНР прызналі дэ-юрэ Украінская Народная Рэспубліка і Літва, дэ-факта Турцыя, Фінляндыя і нават Савецкая Расія. Але разам з тым прызнанне з боку Савецкай Расіі суправаджалася акцыямі пратэсту супраць абвяшчэння БНР. Бальшавікі дэмагагічна заяўлялі, што стварэнне БНР — гэта спроба буржуазна-памешчыцкіх колаў адарваць Беларусь ад Расіі, далучыць яе да Германіі, аднавіць у ёй старыя парадкі.
Ва ўмовах вайны з Германіяй і грамадзянскай вайны ў Расіі дзяржавы Антанты і ЗША не праявілі зацікаўленасці да БНР. Нягледзячы на дамаганні кіраўніцтва БНР, беларускае пытанне так і не было вынесена ні на Версальскую, ні на Генуэзскую канферэнцыі. He прызнала БНР і Германія, бо гэта супярэчыла ўмовам Брэсцкага міру. Аднак нямецкая ваенная адміністрацыя не перашкаджала Радзе самастойна вырашаць шэраг пытанняў палітычнага, у тым ліку знешнепалітычнага, культурнага і эканамічнага, характару.
Дзейнасць Рады БНР. Ва ўнутрыпалітычным жыцці Рада БНР дабілася ад германскага камандавання згоды на дзейнасць Мінскай гарадской думы і арганізацыю груп беларускіх радцаў пры павятовых камендантах для рэгулявання адносін акупацыйных улад і насельніцтва. Але няўдалай аказалася яе спроба стварэння беларускага войска, бо германскія ўлады, па-першае, былі звязаны ўмовамі Брэсцкага міру, а па-другое, баяліся, што зброя можа быць павернута супраць іх. Затое яны не перашкаджалі выступленню БНР на міжнароднай арэне. Прадстаўніцтвы БНР з’явіліся на Украіне, у Літве і Савецкай Расіі, дыпламатычныя місіі — у Варшаве, Берліне, Берне, Капенгагене.
Разам з тым Рада БНР занялася даволі паспяхова культурна-асветніцкай і эканамічнай дзейнасцю. Ад германскіх улад быў атрыманы дазвол на выданне 14 друкаваных органаў. За час акупацыі ў Беларусі адкрыліся больш за 160 беларускіх школ, Беларускі педагагічны інстытут. Таварыства драмы і камедыі і шэраг іншых устаноў культуры; створана Бюро па
напісанню падручнікаў, а для іх выдання — таварыства «Асвета».
У эканамічнай вобласці была арганізавана Беларуская гандлёвая палата і распрацавана праграма ажыццяўлення фінансава-грашовай сістэмы ў рэспубліцы.
Рада ўсё ж ускладала надзеі на афіцыйнае прызнанне Германіяй незалежнасці БНР і перадачу ўсёй паўнаты ўлады ў рукі беларускіх прадстаўнікоў. У рэчышчы гэтых матываў трэба разглядаць тэлеграму, пасланую некаторымі членамі Рады ў красавіку 1918 г. нямецкаму кайзеру Вільгельму II з удзячнасцю за вызваленне Беларусі ад бальшавікоў і з пажаданнем устанавіць апякунства Германіі над Беларуссю. Яна вызвала палітычны крызіс Рады. У знак пратэсту з Рады выйшлі прадстаўнікі некаторых партый і арганізацый. БСГ раскалолася, у выніку чаго ўзніклі Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (БСДП), Беларуская партыя сацыялістаў-федэралістаў (БПС-Ф), Беларуская партыя сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р). ‘
Яшчэ раней, восенню 1917 г., ад БСГ адкалолася Петраградская група на чале з A. Р. Чарвяковым, якая назвала сябе Беларускай сацыял-дэмакратычнай рабочай партыяй, а пазней аформілася як Петраградская беларуская секцыя РКП(б). Такія ж секцыі ўзніклі і ў іншых гарадах Расіі, дзе былі беларускія бежанцы. 3 прадстаўнікоў секцый пры Наркамнацы РСФСР быў створаны Беларускі нацыянальны камітэт (Белнацкам), на які ўскладалася задача прадстаўляць інтарэсы беларусаў у РСФСР.
Пасля лістападаўскай рэвалюцыі ў Германіі (1918 г.) Савецкі ўрад дэнансаваў Брэсцкі мірны дагавор і рушыў Чырвоную Армію на Захад. He маючы ўласных узброеных сіл і прызнання з боку буйнейшых дзяржаў свету, Рада БНР не змагла аказаць колькі-небудзь значнае супраціўленне. Многія яе члены вымушаны былі пакінуць Мінск. Такім чынам,у выніку неспрыяльных знешнепалітычных і ўнутраных умоў першая спроба арганізацыі беларускай дзяржаўнасці завяршылася няўдала.
Стварэнне БНР з’явілася заканамерным вынікам беларускага нацыянальна-вызваленчага руху. Абвяшчэнне БНР, дзейнасць яе Рады зрабілі значны ўплыў на рост нацыянальнай самасвядомасці беларускага на-
рода. Дзень 25 сакавіка з’явіўся важнай датай у гісторыі Беларусі і па праву лічыцца яе нацыянальным святам. Акт аб незалежнасці Беларусі прымусіў бальшавіцкі ўрад пераглядзець сваю палітыку ў адносінах да яе і пайсці на стварэнне, хоць і абмежаванай у правах, але ж беларускай савецкай дзяржаўнасці.