Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Прынятая ў Мінску 31 ліпеня 1920 г. Дэкларацыя аб незалежнасці БССР у межах Мінскай губерні была разлічана не столькі на аднаўленне беларускай дзяржавы, колькі на супакойванне мас. Гэты акт прывёў да канфрантацыі з беларускімі эсэрамі, якія марылі аб стварэнні сапраўды цэласнай і незалежнай беларускай дзяржавы. 3 гэтага часу пачалася адкрытая барацьба паміж БПС-Р і КП(б)Л і Б. У радзе валасцей і паветаў Беларусі эсэры дабіліся падтрымкі сваёй палітыкі.
16 жніўня 1920 г. польскія войскі перайшлі ў наступленне і занялі значную частку Беларусі. Савецкі ўрад быў вымушаны пайсці на перагаворы аб міры, бо асцерагаўся далейшага развіцця гэтага наступлення. 12 кастрычніка 1920 г. у Рызе былі заключаны папярэднія ўмовы міру паміж РСФСР і Украінай, з аднаго боку, і Польшчай, з другога. Цаной страты значнай часткі Беларусі і іншых тэрыторый бальшавікі атрымалі магчымасць утрымацца ва ўладзе.
Пытанні і заданні. 1. Як праходзіла барацьба з польскай агрэсіяй? 2. Ахарактарызуйце польскі акупацыйны рэжым у Беларусі. 3. Як адносіліся польскія ўлады да беларускага нацыянальнага руху? 4. Калі і чаму адбыўся раскол у Радзе БНР? 5. Дайце характарыстыку барацьбы з польскімі акупантамі. 6. У чым заключалася тактыка Савецкага ўрада ў беларускім пытанні? 7. Чым закончылася вайна Расіі з Польшчай?
§17 . Вынікі нацыянальнай палітыкі бальшавікоў у Беларусі. Стварэнне СССР
Рыжскі мірны дагавор. Нягледзячы на актыўны ўдзел у барацьбе з палякамі як камуністаў-беларусаў, так і прыхільнікаў беларускага нацыянальнага руху, на існаванне БНР і абвяшчэнне БССР, беларускую дэлегацыю так і не запрасілі на перагаворы ў Рызе. Між тым на іх вырашаўся лёс беларускага народа, бо значная частка Беларусі перадавалася Польшчы. Рада БНР выступіла з мемарандумам пратэсту супраць падзелу Беларусі на дзве часткі і ставіла пытанне аб удзеле сваіх прадстаўнікоў у перагаворах. 3 мэтай прыдання выгляду законнасці — удзелу ў іх і беларусаў бальшавікі «арганізавалі» рашэнне Рэўкама БССР аб даручэнні дэлегацыі РСФСР прадстаўляць інтарэсы Беларусі на наступным этапе перагавораў. II Усебеларускі з’езд Саветаў, які адбыўся ў снежні 1920 г. у Мінску, зацвердзіў асноўныя палажэнні Маніфеста Часовага рабоча-сялянскага ўрада ад 1 студзеня 1919 г. і адначасова адобрыў папярэднія ўмовы Рыжскага дагавора (Старшынёй ЦВК і СНК БССР быў выбраны A. Р. Чарвякоў).
Падпісаны 18 сакавіка 1921 г. у Рызе мірны дагавор замацаваў падзел Беларусі паміж РСФСР і Польшчай. Польшчы адыходзіла значная частка — 108 тыс. кв. км з насельніцтвам звыш 4 млн чалавек. За БССР захавалася толькі шэсць паветаў Мінскай губерні — Мінскі, Барысаўскі, Бабруйскі, Ігуменскі, Мазырскі і Слуцкі, у якіх пражывала больш за 1,6 млн чалавек. Віцебскую і Гомельскую губерні, заходнія паветы Смаленшчыны прыбрала да сваіх рук РСФСР.
Нас падзялілі... хто? Чужаніцы, Цёмных дарог махляры. К чорту іх межы. К д’яблу граніцы! Нашы тут гоні, бары! —
пратэставаў Якуб Колас.
Рыжскі дагавор з’явіўся заканамерным вынікам нацыянальнай палітыкі бальшавікоў у адносінах да Беларусі: адмаўленне існавання беларускай нацыі, ігнаравгнне беларускага нацыянальнага руху, уціск камуністаў-бальшавікоў, якія падзялялі нацыянальную ідэю. Яго заключэнне з’явілася адлюстраваннем імперскіх амбіцый Масквы, з аднаго боку, і полькіх вялікадзяржаўных імкненняў, з другога. Прысутнасць беларускай дэлегацыі на перагаворах у Рызе была непажаданай для абодвух бакоў, бо тады немагчыма было б весці размову аб падзеле Беларусі. Беларускі народ быў асуджаны на нацыянальны прыгнёт у Заходняй Беларусі і ў канчатковым выніку — на яго пераўтварэнне ў так званы савецкі народ па ўсёй тэрыторыі Беларусі.
Слуцкае паўстанне. Рыжскі мірны дагавор выклікаў незадавальненне ў беларускага насельніцтва. Ен быў адной з прычын паўстанцкага руху на Беларусі ў 1920—1922 гг. У лістападзе 1920 г. з мэтай абароны насельніцтва ад дамаганняў Польшчы і Расіі на тэрыторыю Беларусі ўвайшлі атрады С. М. Булак-Балаховіча. У занятых імі раёнах была створана «Палеская рэспубліка» і праведзены рэпрэсіі супраць бальшавікоў. Але хутка атрады С. М. Булак-Балаховіча былі разгромлены чырвонаармейскімі часцямі.
Непагасны след у барацьбе з бальшавікамі за нацыянальную ідэю пакінула Слуцкае паўстанне, якое адбылося ў лістападзе —снежні 1920 г. Пры набліжэнні Чырвонай Арміі беларуская Рада Случчыны заявіла, што «жыхары Случчыны не прызнаюць ніякай іншай улады і будуць лічыць законнай толькі тую ўладу і ўрад, якія абярэ і паставіць беларускі народ». Па закліку Рады была сфарміравана Слуцкая брыгада, якая ўступіла ў бой з рэгулярнымі часцямі Чырвонай Арміі. На працягу цэлага месяца паўстанцы ўтрымлівалі ўладу ў 15 валасцях. Сярод іх з’явіліся свае героі: М. Касцевіч (Макар Краўцоў) — аўтар беларускага нацыянальнага гімна «Мы выйдзем шчыльнымі радамі», I. Лагіновіч, П. Жаўрыд і інш.
Пытанне Слуцкага паўстання абмяркоўвалася Польшчай і Расіяй на рыжскіх перагаворах. Абодва бакі дамовіліся аб ліквідацыі «мяцяжу». Чырвоная Армія атрымала дазвол ад польскіх улад праследаваць паўстанцаў і па тэрыторыі, якая перадавалася Польшчы.
Лёс паўстанцаў быў прадвырашаны: брыгада была разбіта, многія ўдзедьнікі паўстання апынуліся ў польскіх турмах ці ў бальшавіцкіх лагерах.
У 1921 г. супраціўленне прыхільнікаў нацыянальнай ідэі працягвалася. На іх баку дзейнічала 40 буйных і мноства дробных атрадаў, у якіх налічвалася больш за 5 тыс. чалавек на тэрыторыі БССР і 6 тыс. у Заходняй Беларусі. Кіраўніцтва Беларускага нацыянальнага руху рыхтавала шырокае антыбальшавіцкае і антыпольскае паўстанне. Бальшавікі былі вымушаны аб’явіць Беларусь на ваенным становішчы і кінуць сюды вялікія сілы, у тым ліку і Часці асобага прызначэння (ЧАП), якія складаліся галоўным чынам з камуністаў і камсамольцаў. Пры дапамозе ўзброенай сілы бальшавіцкія і польскія ўлады змаглі папярэдзіць паўстанне. У 1922 г. ваеннае становішча на Беларусі было адменена.
Пагадненні БССР з РСФСР і іншымі рэспублікамі. Пасля заканчэння грамадзянскай вайны ва ўмовах нацыянальна-вызваленчага руху ў савецкіх рэспубліках і росту незалежніцкіх тэндэнцый сярод членаў нацыянальных камуністычных арганізацый (неабходнасць дапамогі цэнтра ў барацьбе з інтэрвентамі ўжо адпала) існуючае саюзнае пагадненне — дагавор аб ваенна-палітычным саюзе савецкіх рэспублік ад 1 чэрвеня 1919 г. выклікаў незадаволенасць прыхільнікаў незалежнасці. У 1920 г. былі заключаны дагаворы РСФСР з Украінай і Азербайджанам аб ваенным і гаспадарчым саюзе. РСФСР прызнавала незалежнасць гэтых рэспублік і перадавала ім права вырашаць шэраг пытанняў (ваенных, фінансавых і інш.). Але адносіны паміж БССР і РСФСР былі нявызначаныя: у БССР кіраваліся рашэннямі як рэспубліканскіх, так і расійскіх улад. Гэта выклікала пратэст сярод насельніцтва. Шырыўся рух падтрымкі сялянствам беларускіх нацыянальных партый і арганізацый у барацьбе за незалежнасць, што стварала пагрозу бальшавіцкай уладзе.
У канцы 1920 г. A. Р. Чарвякоў звярнуўся да кіраўніцтва РСФСР з прапановай устанаўлення з ёю такіх жа адносін, якія склаліся паміж РСФСР і УССР. 16 студзеня 1921 г. паміж БССР і РСФСР быў падпісаны дагавор, якім прызнаваліся суверэнітэт і незалежнасць Беларусі і прадугледжвалася аб’яднанне наркаматаў ваенных спраў, знешняга гандлю, фінансаў, працы, шляхоў зносін, пошты і тэлеграфа, а таксама
Саветаў народнай гаспадаркі. Аднак пад націскам РСФСР 26 чэрвеня 1921 г. было заключана фінансавае пагадненне, якое давала магчымасць расійскім уладам праводзіць сваю фінансавую палітыку ў БССР.
3 лета 1922 г. пад кіраўніцтвам ЦК РКП(б) пачаліся пошук і выпрацоўка канкрэтных форм аб’яднання савецкіх рэспублік у адну дзяржаву. 1. Сталін выступіў з ідэяй «аўтанамізацыі», паводле якой усе савецкія рэспублікі павінны былі аб’явіць сябе састаўнымі часткамі РСФСР і ўвайсці ў яе склад. Але гэты план не быў падтрыманы кіраўнікамі кампартый рэспублік, у тым ліку і Беларусі. У. I. Леніным была вынайдзена іншая форма — федэрацыя, у якой на раўнапраўнай аснове аб’ядноўваліся ўсе савецкія рэспублікі, у тым ліку і РСФСР. Хаця прапанова У. I. Леніна і адрознівалася ад ідэі «аўтанамізацыі», па сутнасці за ёю хавалася тое ж імкненне да стварэння унітарнай дзяржавы.
Рух за стварэнне СССР. 6 кастрычніка 1922 г. Пленум ЦК РКП(б) прыняў рэзалюцыю па пытанню аб узаемаадносінах РСФСР з незалежнымі савецкімі рэспублікамі. У ёй гаварылася: «Прызнаць неабходным заключэняе дагавора паміж Украінай, Беларуссю, Федэрацыяй Закаўказскіх рэспублік і РСФСР аб аб’яднанні іх у Саюз Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік з захаваннем за кожнай з іх права свабоднага выхаду з Саюза». Пленум прыняў рашэнне аб стварэнні вышэйшага заканадаўчага органа — Саюзнага ЦВК і вышэйшага выканаўчага органа — Саюзнага СНК.
Ідэя аб’яднання шырока і актыўна прапагандавалася сярод насельніцтва нацыянальных рэспублік. На з’ездах Саветаў пад уплывам бальшавікоў прымаліся рэзалюцыі з адабрэннем ідэі аб’яднання рэспублік у Caros. Завяршылася гэта кампанія IV Усебеларускім з’ездам Саветаў, які адбыўся 14—18 снежня 1922 г. у Мінску. 242 дэлегаты з’езда, у тым ліку 120 беларусаў, аднагалосна адобрылі ідэю стварэння Саюза ССР. Была выбрана дэлегацыя для паездкі ў Маскву на X Усерасійскі з’езд Саветаў, каб выказаць свае адносіны да Саюза ССР, аб’явіць X Усерасійскі з’езд сумесна з прадстаўнікамі іншых рэспублік I Устаноўчым з’ездам Саветаў СССР і прыняць удзел у яго працы. У склад беларускай дэлегацыі ўваходзілі А. Чарвякоў — Старшыня ЦВК і СНК БССР, кіраўнік беларускай дэлегацыі і актыўны ўдзельнік распрацоўкі Саюзнага дагавора, У. Ігнатоўскі — наркам адукацыі БССР, А. Гетнер —
наркам юстыцыі і пракурор БССР, член Прэзідыума ЦВК БССР, А. Славінскі — наркам земляробства БССР, А. Хацкевіч — старшыня Барысаўскага павятовага выканкама, П. Малаковіч — старшыня Бабруйскага павятовага выканкама і інш.
I Усесаюзны з’езд Саветаў. 29 снежня 1922 г. у Маскве адбылася канферэнцыя паўнамоцных прадстаўнікоў РСФСР, УССР, БССР і ЗСФСР, якая абмеркавала і прыняла праекты Дэкларацыі і Дагавора аб стварэнні СССР. 30 снежня дэлегацыі, якія сабраліся на I Усесаюзны з’езд Саветаў, падпісалі Дэкларацыю і Дагавор аб стварэнні СССР. Ад імя БССР пад гэтымі дакументамі паставілі свае подпісы 25 чалавек. На з’езде быў выбраны ЦВК СССР, у які ад БССР увайшлі A. Р. Чарвякоў (ён жа стаў адным з чатырох Старшыняў ЦВК СССР), В. А. Багуцкі, A. X. Гетнер, У. М. Ігнатоўскі, A. С. Славінскі, A. I. Хацкевіч і Ш. Ш. Ходаш.