Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
ходжанне цэн на прамысловыя тавары і сельскагаспадарчыя прадукты. Значная частка прамысловых вырабаў асела на складах, і прадпрыемствы аказаліся няздольнымі выплачваць зарплату рабочым і закупляць сыравіну. Шляхам рэгулявання цэн, прасоўвання тавараў у іншыя гарады краіны, дзе былі для гэтага створаны гандлёвыя прадстаўніцтвы беларускіх трэстаў, і выкарыстання розных сродкаў павышэння эфектыўнасці вытворчасці крызіс збыту быў пераадолены, і аднаўленне народнай гаспадаркі паскорылася.
Грамадска-палітычнае жыццё. Увядзенне нэпа патрабавала дэмакратызацыі ўсяго грамадска-палітычнага жыцця рэспублікі. Бальшавікі ж імкнуліся захаваць сваю дыктатуру. Дзеля гэтага яны ўмацоўвалі свае ячэйкі ў Саветах і грамадскіх арганізацыях, разглядаючы іх як «прывадныя рамяні» да мас.
3 мэтай ажыўлення работы Саветаў выкарыстоўваліся канферэнцыі беспартыйных, якіх шмат адбылося ў 1924—1925 гг. У жніўні 1925 г., напрыклад, шматлікая канферэнцыя рабочых прайшла ў Мінску. Мінскі Савет цалкам прыняў да выканання яе прапановы.
Пачатае ажыўленне работы Саветаў у гарадах было распаўсюджана ў 1924 г. і на вёску. Былі пашыраны функцыі Саветаў на месцах, створаны местачковыя Саветы — органы ўлады ў невялікіх населеных пунктах гарадскога тыпу. Прадпрымаліся меры па павелічэнню ліку галасуючых на выбарах у Саветы. 3 гэтай мэтай было ўведзена ў практыку прыняцце наказаў дэпутатам. У 1927 г. у выбарах гарадскіх Саветаў удзельнічала 61,3 % выбаршчыкаў, местачковых — 49,6 і сельскіх — 46,3. Саветы пачалі праводзіць свае пасяджэнні на вытворчасці і разглядаць такія пытанні, як падаткавая палітыка, стан камунальнай гаспадаркі, кааператыўная дзейнасць, арганізацыя ўзаемадапамогі на вёсцы, культурна-асветніцкая работа і інш.
Наладжвалася работа секцый Саветаў, якія ствараліся па галінах народнай гаспадаркі і спрабавалі ўключыць у поле свайго зроку ўсе надзённыя пытанні мясцовага жыцця. Так, у 1925 г. Савету Віцебска яго секцыі прадставілі план добраўпарадкавання горада і прапановы па ўрэгуляванню продажу спіртных напіткаў і недапушчэнню да работы асоб у нецвярозым стане. У канцы 20-х гг., акрамя секцый, сталі арганізоўвацца дэпутацкія групы — аб’яднанні дэпутатаў Саветаў розных узроўняў, якія працавалі на адным прадпрыемстве і
займаліся крытыкай дзейнасці яго кіраўніцтва.
Рабоча-сялянская інспекцыя, якая ўяўляла сабой сістэму кантрольных органаў «дыктатуры пралетарыяту», што былі створаны адразу пасля вызвалення ад белапалякаў, у ходзе абследаванняў устаноў і прадпрыемстваў абрастала добраахвотнымі ячэйкамі, камісіямі, групамі садзейнічання і ператваралася ў важны для бальшавікоў сродак кантролю «зверху» і «знізу» і школу кіравання. Яна знаходзіла падтрымку ў асобе цэлай арміі рабоча-сялянскіх карэспандэнтаў, што вьь расла да 3,5 тыс. чалавек у 1925 г.
Сама партыя ўзяла курс на ўсталяванне непасрэднай сувязі з рабоча-сялянскай масай. У выніку так званых ленінскіх заклікаў 1924—1925 гг. і кастрычніцкага закліку 1927 г. КП(б)Б значна папоўнілася за кошт рабочых «ад станка» і сялян «ад сахі». Пры гэтым рэзкае зніжэнне культурна-адукацыйнага ўзроўню камуністаў не вельмі бянтэжыла кіраўніцтва. На першае месца ставілася задача мець паслухмяных праваднікоў класава-палітычнай лініі, якая выпрацоўвалася партыйнай элітай.
Прафсаюзы былі пераведзены да добраахвотнага прынцыпу арганізацыі і пад кантролем партыі займаліся галоўным чынам справамі вытворчасці, для чаго стваралі вытворчыя нарады. Гэта аслабляла іх увагуда пытанняў працы і быту рабочых і служачых. У падобную сферу дзейнасці ўцягваўся і камсамол, які ў дадатак павінен быў займацца павышэннем агульнаадукацыйнага і палітычнага ўзроўню моладзі. Кааперацыя БССР выйшла на адно з першых месцаў сярод савецкіх рэспублік па ступені кааперавання насельніцтва і задавальненню яго спажывецкага попыту. Пры садзейнічанні грамадскіх арганізацый узніклі Міжнародная арганізацыя дапамогі змагарам рэвалюцыі, абаронныя таварыствы, якія ўтварылі ў 1927 г. Асаавіяхім — Таварыства садзейнічання арміі, авіяцыі і хімічнай абароне, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, розныя фізкультурныя аб’яднанні.
3 той жа мэтай узмацнення сваіх пазіцый бальшавікі зрабілі, здавалася, крок да справядлівасці і гуманізму, сутнасць якога вызначылася праз некаторы час. У ліпені 1923 г. напярэдадні 3-й гадавіны з дня вызвалення Мінска ад белапольскай акупацыі, ЦВК СССР і БССР прынялі сумесную пастанову аб аб’яўленні амністыі ўсім удзельнікам антысавецкіх нацыянальных
фарміраванняў перыяду 1918—1920 гг.— выхадцам з працоўных слаёў народа, беларускім палітычным і культурным дзеячам, членам беларускіх нацыянальных урадаў і беларускіх партый, якія не прымалі актыўнага ўдзелу ва ўзброенай барацьбе з Савецкай уладай і заявілі аб лаяльных да яе адносінах. Гэты крок садзейнічаў палітычнаму зруху сярод беларускай эміграцыі. Апошняя, у сваю чаргу, прызнала БССР палітычнай рэальнасцю і натуральным цэнтрам кансалідацыі беларускага народа. У 1925 г. на II (Берлінскай) канферэнцыі Рада БНР, зыходзячы з станоўчых поспехаў рэспублікі і ўстойлівасці міжнароднай абстаноўкі, аб’явіла аб сваім самароспуску. Многія з эмігрантаў вярнуліся ў Савецкую Беларусь, працавалі на ніве культуры, асветы, навукі і, нягледзячы на кароткі тэрмін, унеслі свой уклад у іх развіццё (В. Ю. Ластоўскі, A. 1. Цвікевіч, I. I. Краскоўскі і інш.). На справе амністыя аказалася правакацыяй.
У грамадска-палітычным жыцці рэспублікі вызначыліся дзве тэндэнцыі: адміністрацыйна-бюракратычная і нацыянальна-дэмакратычная. Але яны былі не раўназначныя. Калі першая павольна набірала моц, другая чахла, бо ўмовы для яе развіцця абмяжоўваліся. Фарміруючы вузкакласавую, аўтарытарную палітычную сістэму, бальшавікі выкаранялі ўсё, што не ўпісвалася ў ствараемы імі новы свет.
Узмацненне манаполіі КП(б)Б на ўладу. Праблему нацыянальна-дзяржаўнага будаўніцтва бальшавіцкая ўлада ставіла ў залежнасць ад інтарэсаў і перспектыў сусветнай рэвалюцыі. Нацыянальнае пытанне было стрыжнем палітычнага супрацьстаяння розных партый і плыняў, тым больш што кіраўніцтва КП(б)Б не мела ўласнай праграмы па гэтай праблеме і кіравалася дырэктывамі ЦК РКП(б).
Палітыка гвалту і ўраўняльнасці без уліку нацыянальных асаблівасцей краю, праводзімая з боку ЦК КП(б)Б у гады «ваеннага камунізму», абвастрыла барацьбу нацыянальна-радыкальных партый супраць савецка-партыйнага кіраўніцтва ў Беларусі. Нямецкая і польская акупацыі прывялі да некаторых змен ва ўзаемаадносінах паміж камуністамі і нацыянальна-дэмакратычнымі партыямі. Неабходнасць барацьбы з польскімі акупантамі, якую ўзначалілі беларускія эсэры і сацыялісты-федэралісты, прывялі бальшавікоў да супрацоўніцтва з імі.
Ва ўмовах аднаўлення Савецкай улады ў Беларусі асноўнымі формамі сумеснай дзейнасці бальшавікоў з іншымі партыямі сталі ўрадавыя і нацыянальныя блокі. Сумесна з БПС-Р, Бундам, БКА і іншымі грамадска-палітычнымі арганізацыямі была падрыхтавана Дэкларацыя аб абвяшчэнні незалежнасці БССР 31 ліпеня 1920 г. Апазіцыя КП(б)Б, перш-наперш эсэры, аспрэчвала пытанні аб характары ўлады, статусе Беларусі і аб усталяваных межах БССР без уліку этнаграфічных прымет. Поспехі першых крокаў нэпа, намаганні Камінтэрна аслаблялі пазіцыі апанентаў КП(б)Б. Але спробы кампартыі па нейтралізацыі дэмакратычных плыняў і партый у гады грамадзянскай вайны працягваліся і пазней. У адносінах да іх бальшавікі праводзілі дваякую палітыку: супрацьстаянне і супрацоўніцтва, пры гэтым арыентаваліся на ліквідацыю саюзнікаў. У выніку такой «дыпламатыі» ў сакавіку 1921 г. «самаліквідаваўся» Бунд. Крыху даўжэй (снежань 1922 г.) праіснавала Яўрэйская камуністычная партыя (Паалей-Цыён). Бальшавікі раскалолі і яе: адна частка партыі ўступіла ў КП(б)Б, а другая — арганізавалася ў Яўрэйскую камуністычную рабочую партыю, якая дзейнічала да 1928 г.
Шмат канфліктаў узнікала паміж КП(б)Б і беларускімі нацыянальнымі партыямі, сярод якіх найболып моцнай была БПС-Р (20 тыс. членаў). Сярод беларускіх эсэраў узмацнялася барацьба паміж прыхільнікамі будаўніцтва беларускай дзяржаўнасці сумесна з Савецкай Расіяй, з аднаго боку, і прыхільнікамі БНР — з другога, прычым пазіцыі апошніх умацоўваліся. У сувязі з гэтым чэкісты ў пачатку 1921 г. арыштавалі 860 актывістаў БПС-Р.
Узбуйненне тэрыторыі Беларусі ў 1924 і 1926 гг., палітыка «беларусізацыі» і яе поспехі садзейнічалі пераарыентацыі эсэраў. У БПС-Р адбыўся раскол паміж прыхільнікамі беларускай савецкай дзяржаўнасці (Я. Трафімаў) і яе праціўнікамі (Т. Грыб). У лютым 1924 г. такія ж працэсы назіраліся ў БПС-Д. «Левая» яе плынь (С. Рак-Міхайлоўскі, П. Валошын, П. Мятла), як і частка левых эсэраў (Я. Трафімаў), уступіла ў КПЗБ. У чэрвені 1924 г. былыя беларускія эсэры канстатавалі «самараспад» эсэраўскага руху. 3 улікам гэтай сітуацыі ў 1925 г. Рада і ўрад БНР абвясцілі аб самаліквідацыі і спыненні барацьбы супраць Савецкай
улады. У выніку гэтага ў БССР склалася аднапартыйная сістэма.
Вынікі аднаўленчага перыяду. Нэп аказаў спрыяльны ўплыў на стан сельскай гаспадаркі. Да 1927 г. яна была поўнасцю адноўлена, а па некаторых паказчыках (пасяўная плошча, пагалоўе буйной рагатай жывёлы, коней, авечак і інш.) пераўзышла даваенны ўзровень. Аб перспектывах далейшага сельскагаспадарчага развіцця сведчылі разгорнутыя ў рэспубліцы работы па асушэнню балот, што складалі 25 % агульнай зямельнай плошчы, і па здабычы торфу, узросшы попыт сялян на сельгасмашыны і мінеральныя ўгнаенні. Набіралі сілу кааператыўныя аб’яднанні, якімі было ахоплена больш за 60 % насельніцтва вёскі. Ураджайнасць у іх перавысіла сярэднюю па індывідуальных гаспадарках на 12 %.
Палепшыўся матэрыяльны дабрабыт працаўнікоў сельскай гаспадаркі. Зменшылася колькасць бясконных і бескароўных двароў. Выраслі сялянскія закупкі мануфактуры, цукру, мыла, газы. Вёска пачала больш спажываць мяса, сала, мукі і круп. Нямала прадукцыі вывозілася сялянамі на рынкі ў гарады 1 мястэчкі рэспублікі.
Рост сельскагаспадарчай прадукцыі дасягаўся цяжкай працай сялян, якія атрымалі свабоду карыстання зямлёй ва ўмовах нэпа і добраахвотна абмяжоўвалі асабістае спажыванне, спадзеючыся ўмацаваць сваю гаспадарку. Гэта была ілюзія працвітання сялянства. На самай справе яго землезабеспячэнне скарачалася, што было звязана са спыненнем ранейшай эміграцыі, перасяленнем у вёску гарадскіх рабочых, асяданнем бежанцаў, натуральным ростам насельніцтва і пасямейнымі раздзеламі. Забяспечанасць зямлёй была на 41 % меншай, чым у сярэднім па СССР. Вырысоўвалася перспектыва збяднення вёскі. Паводле даных наркамата земляробства БССР, асноўная маса сялянскіх гаспадарак (95,5 %) не магла быць не толькі таварнай, але нават забяспечыць сябе. 3 другога боку, вялікі ўплыў рабілі прыродныя ўмовы Беларусі (балоцістасць, лясістасць, нізкая якасць глебы) і мясцовыя асаблівасці землекарыстання: 74 % сялянскіх двароў былі цераспалоснымі. У гэтых умовах беларускае сялянства імкнулася да хутарской формы гаспадарчай дзейнасці.