Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
У Дэкларацыі аб стварэнні СССР праводзіліся ідэі пралетарскага інтэрнацыяналізму, класавай салідарнасці, вернасці рэвалюцыйным ідэалам. У ёй падкрэслівалася, што СССР з’яўляецца дабравольным аб’яднаннем рэспублік, у яго адкрыты доступ усім «савецкім сацыялістычным рэспублікам», як існуючым, так і тым, якія могуць узнікнуць у будучым, што яны маюць права свабоднага выхаду з Саюза.
3 мэтай больш поўнага ўліку думак ЦВК саюзных рэспублік I Усесаюзны з’езд Саветаў пастанавіў перадаць Дагавор на іх дадатковы разгляд. Разам з тым было вырашана ўвесці яго ў дзеянне на чарговай сесіі ЦВК СССР. У канчатковым тэксце Дагавора былі ўдакладнены асобныя яго палажэнні — аб падзеле правоў Саюза і рэспублік, што ўваходзяць у яго, аб стварэнні другой палаты — Савета Нацыянальнасцей у складзе ЦВК СССР і інш.
Да ведама агульнасаюзных органаў улады было аднесена рашэнне ўсіх пытанняў аб дзяржаўных граніцах, кіраванне ваеннымі, знешнепалітычнымі, чыгуначнымі, паштова-тэлеграфнымі справамі, а таксама выпрацоўка асноўных пачаткаў палітычнага і гаспадарчага жыцця (вызначэнне асноў агульнага планавання народнай гаспадаркі і кіраўніцтва ёю, зацвярджэнне агульнасаюзнага бюджэту, устанаўленне адзінай грашовай і крэдытнай сістэмы, агульных пачаткаў землеўладкавання і землекарыстання, судовага ладу і суда-
водства, развіцця народнай асветы і іншых сфер сацыяльнага жыцця).
Асноўныя палажэнні Дагавора зацвердзіла Канстытуцыя СССР, якая была прынята на II з’езде Саветаў СССР у 1924 г. Але ў ёй, як і ў Дагаворы, было заключана шмат супярэчнасцей, якія датычыліся правоў рэспублік. Так, артыкул 3-і Канстытуцыі аб’яўляў, што «кожная асобная рэспубліка ажыццяўляе сваю дзяржаўную ўладу самастойна. Саюз ССР абараняе суверэнныя правы саюзных рэспублік». Адначасоваў артыкуле 9-м гаварылася аб тым, што «ўсе дэкрэты, пастановы і рашэнні, якія выдаюцца саюзным ЦВК, з’яўляюцца абавязковымі да непасрэднага выканання на ўсёй тэрыторыі Саюза ССР». Гэтым фактычна скасоўваліся ўсе правы рэспублік і ўводзілася ўсеўладная дыктатура саюзнага ЦВК, які знаходзіўся ў поўным распараджэнні бальшавіцкай партыі. Адначасова Канстытуцыя давала магчымасць РСФСР мець перавагу ў ЦВК, бо Савет Саюза складаўся з дэпутатаў прапарцыянальна колькасці насельніцтва, а ў РСФСР пражывала 75 % усяго насельніцтва Саюза, і быў больш шматлікім, чым Савет Нацыянальнасцей. Саюз ССР, абвешчаны як федэратыўная дзяржава, ужо з самага пачатку з’яўляўся унітарнай дзяржавай.
Тым не менш Канстытуцыя СССР размяжоўвала суверэнітэт Саюза і рэспублік, пашырала правы апошніх і таму мела ў той час прагрэсіўнае значэнне. Для БССР яна адчыняла магчымасць пашырыць свае эканамічныя правы, вярнуць усходнебеларускія землі, ажыццяўляць беларусізацыю. Але ж гэтая магчымасць існавала толькі да канца 20-х гг.
Насельніцтва БССР, як і іншых рэспублік, паддаючыся балыпавіцкай агітацыі, адобрыла стварэнне Саюза ССР, нават не падазраваючы, што такая форма дзяржаўнага аб’яднання была інструментам ажыццяўлення партыйнай дыктатуры і перашкодай на шляху нацыянальнага адраджэння беларускага і іншых народаў, таму што рэспубліканскія кампартыі мелі абласны статус, цалкам падпарадкоўваліся ЦК РКП(б) і цалкам праводзілі яго палітыку.
Пытанні і заданні. 1. На прыкладзе Рыжскага мірнага дагавора раскрыйце сутнасць нацыянальнай палітыкі бальшавікоў у адносінах да Беларусі. 2. Дайце ацэнку Слуцкаму паўстанню 1920 г. 3. Чаму неабходна было бальшавіцкай партыі ствараць СССР? 4. Які ўдзел
у яго стварэнні прыняла БССР? 5. У чым заключаўся асноўны змест Дэкларацыі і Дагавора аб стварэнні СССР? 6. Падвядзіце вынік' нацыянальнай палітыкі бальшавікоў у Беларусі.
Раздзел VII. САЦЫЯЛЬНА-ЭКАНАМІЧНАЕ I КУЛЬТУРНАЕ РАЗВІЦЦЁ САВЕЦКАЙ БЕЛАРУСІ Ў 20-я гг.
§ 18. Умовы пераходу ад вайны да міру. Вяртанне БССР усходнебеларускіх зямель
Гаспадарчы і палітычны крызіс. Пераход ад вайны да міру быў вельмі цяжкі для Беларусі, тэрыторыя якой на працягу больш чым шасці гадоў з’яўлялася арэнай ваенных дзеянняў. У 1921 г. з 815 цэнзавых прадпрыемстваў працавала толькі 345. Прамысловая вытворчасць у 1920 г. у параўнанні з даваеннай скарацілася ў 7 разоў. Найбольшы спад назіраўся ва ўсходняй частцы Беларусі (Віцебская губерня) і ў тых галінах, якія не былі звязаны з выкананнем ваенных заказаў: вінакурнай, дрэваапрацоўчай, запалкавай, папяровай і інш. Так з 17 шклозаводаў працаваў толькі адзін. Панавала транспартная разруха.
Колькасць рабочых зменшылася на 29,2 %, у цэнзавай прамысловасці яна скарацілася да 24,2 тыс. чалавек, а ў вышэйадзначаных галінах — у 2—10 разоў. Рабочы клас быў ахоплены беспрацоўем; у шэрагу ўсходніх раёнаў яно дасягнула 75 % ад ліку ўсіх рабочых. Іх заработная плата ў 1920 г. складала 10—20 % ад даваеннага ўзроўню, яе не хапала нават на харчаванне. Ад голаду і холаду гараджане ўцякалі ў навакольныя вёскі, дзе былі згодны ствараць сельскагаспадарчыя камуны ці наймацца на працу, толькі б выжыць у той цяжкі час.
Зімой 1920—1921 гг. у Мінску не было паліва і не працаваў транспарт: адступаўшыя польскія войскі спалілі чыгуначны вакзал, гарадскую электрастанцыю, больш трэці магазінаў і інш. У 1920 г. колькасць насельніцтва ў горадзе была ўдвая меншай, чым у 1914 г.
Абставіны жыцця на беларускай вёсцы здаваліся лепшымі толькі на першы погляд. Прадукцыя сельскай гаспадаркі складала менш чым 50 % даваеннай. Пасяўныя плошчы зменшыліся больш чым на адну трэцюю, валавыя зборы зерня — напалавіну, скараціўся
і знасіўся сельскагаспадарчы інвентар. На адну трэцюю знізілася пагалоўе буйной рагатай жывёлы, яшчэ больш — дробнай. He хапала цяглавай сілы. Толькі ў Мінскай губерні колькасць коней упала ў тры разы. Становішча ў нейкай ступені ўдалося выправіць за кошт закупленых коней у галадаючых губернях Паволжа. Тысячы сялян засталіся без жылля і зведалі, што такое голад. Аднак яны ўзялі на выхаванне сотні дзяцей з галадаючых раёнаў РСФСР і накіравалі ў гэтыя раёны тысячы пудоў харчавання.
У жніўні 1920 г. Мінскі губрэўкам тэлеграфаваў у Маскву: «Край разбураны, транспарт разбураны, коні, жывёла вывезены больш чым на 50 %, становішча рабочага класа надзвычай цяжкае...» Да пачатку 1921 г. карціна разбурэння не змянілася, але ж з Масквы настойліва ішлі распараджэнні аб павелічэнні збору сельскагаспадарчай прадукцыі ў цэнтралізаваны фонд. Так, у лістападзе Цэнтр адмяніў пастанову Эканамічнай нарады БССР аб немагчымасці нарыхтоўкі 600 тыс. пудоў збожжа. А віцебскага губернскага камісара па харчаванню ён абавязаў пад пагрозай расстрэлу забяспечыць пастаўку 200 тыс. пудоў бульбы ў Петраград.
Адсутнасць наладжанага рынку і забарона свабоды гандлю разам з празмернай цэнтралізацыяй і дробязнай рэгламентацыяй гаспадарчай дзейнасці садзейнічалі росту бюракратызму і хабарніцтва. Нездарма ў пасляваенныя гады нарадзіліся наступныя радкі байкі К. Крапівы: «Дзе ні сунься, так і знай, усюды ў лапу дай ды дай». Кіруючы апарат «дзеля незалежнасці ад мясцовага насельніцтва» адгароджваўся ўжо на ўзроўні валасных выканаўчых камітэтаў «броньпайкамі», a сялянства, незадаволенае палітыкай бальшавіцкай улады, бралася за зброю. Эканамічны крызіс дапаўняўся палітычным.
Палітыка «ваеннага камунізму», якая ў другой палове 1920 г. дасягнула сваёй кульмінацыі — быў узяты курс на адмену грашовай сістэмы і значна пашырыліся камандна-адміністрацыйныя метады кіравання, прывяла да крызісу бальшавіцкай улады. Вёска «рашуча адхіліла камунізм», як прызначвалі некаторыя партыйныя і дзяржаўныя дзеячы, і пацягнулася ў рады «зялёных». Аб’явіўся, нават, «сялянскі генерал» С. М. Булак-Балаховіч. Пачасціліся выступленні сялян, якія патрабавалі адмены харчразвёрсткі і дазволу свабоднага
гандлю. На глебе матэрыяльных цяжкасцей узніклі забастоўкі рабочых. Паўстанцкі рух ахапіў шэраг раёнаў Беларусі, як і Расіі з Украінай.
Супраць паўстанцаў бальшавікі мабілізавалі вялікія сілы, у тым ліку і рэгулярныя вайсковыя фарміраванні. Увядзенне ваеннага становішча, рэпрэсіўныя дзеянні ўлад, шэраг баявых аперацый Чырвонай Арміі і іншыя захады прывялі ўжо ў канцы 1921 — пачатку 1922 г. да ліквідацыі выступленняў.
Асаблівасці пасляваеннай сітуацыі ў рэспубліцы. Гаспадарчы і палітычны крызіс у БССР паглыбляўся яе прыгранічным становішчам. Бальшавікі разумелі, што нармалізацыя абстаноўкі і ўмацаванне іх улады былі немагчымы без вырашэння яшчэ аднаго — шэрага буйных палітычных задач. Адной з іх была праблема бежанцаў.
Стабілізацыі палітычнай і эканамічнай абстаноўкі ў Беларусі садзейнічала эвакуацыя бежанцаў і ваеннапалонных першай сусветнай вайны, вялікая колькасць якіх сабралася на тэрыторыі краю, а таксама асоб, якія імкнуліся вярнуцца да сваіх сем’яў, што пражывалі на тэрыторыях, якія адышлі ад Савецкай Расіі па Рыжскаму мірнаму дагавору. На ўтрыманні спецыяльнага Беларускага эвакуацыйнага камітэта знаходзілася або атрымала адначасовую дапамогу ад яго каля 300 тыс. чалавек. Да пачатку 1923 г. работа, звязаная з эвакуацыяй, была ў асноўным завершана.
Немалаважным фактарам, які перашкаджаў нармалізацыі становішча ў рэспубліцы, было і адносна шырокае распаўсюджванне нелегальных (кантрабандных) гандлёвых адносін з заграніцай: Польшчай, Латвіяй, Літвой. Бяздзейнасць прадпрыемстваў лёгкай і харчовай прамысловасці і вялікія запатрабаванні ўнутранага рынку выклікалі велізарны паток нелегальных тавараў не толькі спажывецкага прызначэння. У абмен на лес, пяньку, лён і іншыя прадметы традыцыйнага для Беларусі экспарту ўвозілася прамысловая сыравіна і часткова абсталяванне.
Барацьба з нелегальнымі дзеяннямі ўзмацнілася ў другой палове 1921 г., калі была вызначана дзяржаўная граніца, узніклі мытныя пункты і «лятучыя атрады» з ліку мытных служачых і супрацоўнікаў ВЧК. Аднак меры, якія прымаліся, не былі эфектыўнымі, і шырокае распаўсюджанне атрымалі парушэнні пагранічнага рэжыму на глебе спекуляцыі таварамі асабістага спажы-
вання. Становішча пачало мяняцца, калі ў маі 1922 г. была створана Заходняя мытная акруга, а ў сакавіку 1923 г. да работы прыступіла Беларуская раённая камісія па барацьбе з кантрабандай.
За перыяд з 1922 па 1926 г. да адказнасці за нелегальныя пераходы граніцы было прыцягнута больш як 31 тыс. чалавек. За гэты ж час канфіскавана тавараў на суму больш як 3,6 млн залатых рублёў. Аднак па ацэнцы спецыялістаў,гэта склала не больш як 5 % ад кошту ўсёй «эканамічнай» кантрабанды. Цяжкай стратай з’явіўся вываз за мяжу карцін, кніг, прадметаў рэлігійнага культу і іншых шэдэўраў культуры.