Гісторыя Беларусі: XX ст.
Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.
Выдавец: Народная асвета
Памер: 349с.
Мінск 1993
Паспяхова праходзіла беларусізацыя навучальных устаноў. Да 1928 г. каля 80 % агульнаадукацыйных школ было пераведзена на беларускую мову навучання. На ёй вяліся заняткі ў многіх прафесійна-тэхнічных вучылішчах і чатырох педагагічных тэхнікумах. Разам з тым ва ўсіх навучальных установах беларуская і руская мовы (першая — як мова большасці насельніцтва, другая — як маючая агульнасаюзнае значэнне) з’яўляліся абавязковымі прадметамі. На рабфаках, у вячэрніх
школах для дарослых, школах рабочай і сялянскай моладзі, а таксама ў савецка-партыйных школах вывучаліся гісторыя, эканоміка і геаграфія БССР. У 1924— 1927 гг. у Мінску дзейнічалі курсы беларусазнаўства, на якіх рыхтавалі настаўнікаў і лектараў.
У 20-я гг. былі вызначаны і замацаваны асноўныя тэндэнцыі развіцця сучаснай беларускай мовы, праведзены навуковы аналіз яе гісторыі, сучаснай лексікі, граматычных норм і тэрміналогіі. Гэта мела выключна важнае значэнне, бо рабіла друкаванае слова больш зразумелым шырокім масам, аблягчала іх далучэнне да кнігі. На гэтай ніве плённа працавала выдатная плеяда беларускіх пісьменнікаў, у тым ліку маладых. Сярод іх — У. Дубоўка, М. Чарот, Я. Нёманскі, П. Галавач, К. Чорны, М. Лынькоў, Б. Мікуліч, А. Мрый і інш.
Аналіз мастацкай літаратуры 20-х гг. сведчыць аб тых зменах, якія адбываліся ў жыцці грамадства. Паэма Я. Коласа «Новая зямля» дала цэласнае ўяўленне аб спадзяваннях беларускага сялянства, яго духоўным патэнцыяле. У рамане К. Крапівы «Мядзведзічы», аповесці С. Баранавых «Межы», нарысе М. Зарэцкага «Падарожжа на новую зямлю» і інш. знайшлі адлюстраванне жыццё, праца, мары і імкненні радавых працаўнікоў таго часу.
На адпаведных кафедрах універсітэта, у секцыях Інбелкульта,у Камісіі гісторыі партыі (Гістпарта) фарміраваліся кадры вучоных і даследчая праблематыка, выдаваліся працы па праблемах гісторыі, грамадскай думкі і эканомікі Беларусі, але паступова, у барацьбе розных, часам процілеглых меркаванняў, зацвярджалася марксісцка-ленінская метадалогія.
Шырокае развіццё атрымала краязнаўства. У 1924 г. узніклі яго пярвічныя гурткі на месцах, раённыя і акрутовыя арганізацыі. У 1926 г. прайшоў I Усебеларускі краязнаўчы з’езд, а праз год—II. На гэты час у БССР дзейнічала 240 краязнаўчых арганізацый усіх узроўняў з ахопам каля 10 тыс. чалавек. Краязнаўцы чыталі навуковыя даклады, праводзілі экскурсіі і экспедыцыі, выдавалі рукапісныя зборнікі і часопісы, збіралі анкетныя даныя і фальклорныя творы. У ходзе беларусізацыі паспяхова развівалася новая галіна навукі — беларусазнаўства.
Цяжкасці і поспехі першага этапа беларусізацыі. Беларусізацыя прадугледжвала культурнае развіццё іншых нацыянальнасцей, што жылі ў рэспубліцы. У мес-
цах кампактнага пражывання нацыянальных меншасцей былі створаны нацыянальныя Саветы. У 1928 г. налічвалася 23 яўрэйскія, 19 польскіх, 16 рускіх, 5 латышскіх, 2 украінскія і 2 нямецкія Саветы. Узнік і асобны нацыянальны польскі раён з цэнтрам у Дзяржынску. Адкрываліся і захоўваліся школы і класы з роднай мовай навучання. Дзейнічалі яўрэйскія і польскі тэхнікумы. Наогул выкладанне ў школах БССР вялося на васьмі нацыянальных мовах.
Нацыянальна-культурнае будаўніцтва ў 20-я гг. ажыццяўлялася ў сутычках розных сіл. Агульны культурны ўзровень насельніцтва заставаўся вельмі нізкім, яшчэ дзейнічалі русіфікатарскія традыцыі, народжаныя ва ўмовах царызму, з аднаго боку, і ўжо моцны ўплыў рабіў беларускі нацыянальны рух, з другога. Захоўваліся многія элементы і асаблівасці палітыкі «ваеннага камунізму». Усё гэта адбівалася на ходзе беларусізацыі і праяўлялася ў спробах, з аднаго боку, прыпыніць яе, а з другога — фарсіраваць. Пытанні барацьбы з вялікадзяржаўным шавінізмам і мясцовым нацыяналізмам — беларускім, яўрэйскім і польскім — неаднаразова абмяркоўваліся на з’ездах КП(б)Б і пленумах ЦКАсуджалася імкненне фарсіраваць тэмпы беларусізацыі, спадзеючыся пры гэтым на адміністрацыйныя метады.
За гэтай барацьбой хавалася імкненне КП(б)Б іграць вядучую ролю ў правядзенні беларусізацыі, ставячы на першае месца палітычныя і ідэалагічныя задачы: забяспечыць класавы падыход, будаваць культуру, якая была б пралетарскай па зместу і нацыянальнай толькі па форме, не дапускаць нацыянальна-дэмакратычнага настрою ў культурным будаўніцтве. Гэта пазіцыя і вызначала адносіны КП(б)Б да Інбелкульта, які стаў навуковым цэнтрам беларусазнаўства і які спрабаваў надаць беларусазнаўству статус асобнай навукі. Ужо з сярэдзіны 20-х гг. партыйныя органы пачалі адкрыта цягнуць навуку пад свой ідэалагічны кантроль, руйнаваць яе нацыянальныя формы. Інстытут быў пастаўлены ў цяжкае эканамічнае становішча і паступова страчваў сваё першапачатковае прызначэнне.
I тым не менш на ніве беларускага адраджэння плённа працавалі Цішка Гартны (3. Ф. Жылуновіч, 1887—1937 гг.) — паэт, празаік, драматург, даследчык гісторыі беларускай літаратуры і грамадскай думкі, які пакінуў нам першы беларускі раман «Сокі цаліны»
\
і іншыя творы з каларытнымі вобразамі сялян-местачкоўцаў; М. I. Гарэцкі (1893—1939 гг.) —пісьменнік, адзін з пачынальнікаў беларускай прозы, і з тых, хто звярнуўся да адлюстравання гістарычнага мінулага Беларусі, аўтар «Гісторыі беларускай літаратуры. IX ст.— 1905 г.»; В. Ю. Ластоўскі (1883—1939 гг.) — літаратар і гісторык, які яшчэ ў 1910 г. упершыню напісаў кнігу па гісторыі Беларусі на беларускай мове; У. М. Ігнатоўскі (1881 —1931 гг.) — беларускі гісторык, які шырока вядомы па такіх працах, як «Кароткі нарыс гісторыі Беларусі», «Гісторыя Беларусі ў XIX і пачатку XX стагоддзя», «1863 год на Беларусі» і інш.; У. I. Пічэта (1878—1947 гг.) —таксама вядомы гісторык, які паставіў пытанне аб вылучэнні гісторыі беларускага народа ў самастойны навуковы напрамак і напісаў у той час манаграфіі «Беларускае адраджэнне ў XVI ст.», «Культура Беларусі ў XVI ст.», «Беларусь і Літва XV — XVI стст.» і інш.; М. М. Філіповіч (1896— 1947 гг.) — беларускі жывапісец, графік, адзін з першых, хто звярнуўся да адлюстравання ў жывапісе фальклорных тэм і сюжэта, а таксама падзей беларускай гісторыі («На Купалле», «Ноч на Івана Купалу», «Бітва на Нямізе», «Паўстанне ККаліноўскага» і інш.); IO. В. Тарыч (1885—1967 гг.) —кінарэжысёр, стваральнік першага беларускага мастацкага фільма «Лясная быль» (паводле аповесці М. Чарота «Свінапас») з удзелам у адным з эпізодаў кіраўнікоў БССР A. I. Адамовіча, В. Г. Кнорына, A. Р. Чарвякова, а таксама першай беларускай гукавой кінапраграмы «Пераварот»; Е. А. Міровіч (Дунаеў, 1879—1952 гг.) — драматург, рэжысёр, педагог, аўтар першай п’есы на беларускай мове «Машэка», а таксама п’ес, якія палажылі жыццё творам «На Купалле» М. Чарота, «Вяселле» В. Гарбацэвіча, «Пасланец» Л. Радзевіча і інш.; Н. Ф. Сакалоўскі (1902—1950 гг.) —кампазітар, хормайстар, фалькларыст, аўтар Дзяржаўнага гімна БССР, апрацовак больш за 500 беларускіх народных песень і інш.
Да 1928 г. беларусізацыя дасягнула значных поспехаў і абапіралася на падтрымку беларускага насельніцтва. Яна дапамагала яму ўсвядоміць сябе нацыяй. Беларуская мова пачала ператварацца ў важнейшы сродак зносін. Беларусізацыя аблягчыла барацьбу з непісьменнасцю, садзейнічала выкананню плана абавязковага навучання і дашкольнага выхавання, ажыццяў-
ленню палітыка-асветніцкай работы ў сістэме хат-чытальняў і чырвоных куткоў, радыё і кінасправы, друкаванага слова. Агульны вынік азначаў паспяховае рашэнне задачы стварэння важных перадумоў для разгортвання нацыянальна-культурнага будаўніцтва ў рэспубліцы.
На новым этапе вызначылася задача ўвесці беларускую мову ў штодзённы быт і культуру. Але росквіт беларусазнаўства быў нядоўгім. У канцы 20-х гг. адміністрацыйна-камандная сістэма, якая ўкаранілася ў краіне, аб’явіла беларусізацыю заганнай.
Пытанні і заданне. 1. У чым заключалася сутнасць палітыкі беларусізацыі? 2. Якія перыяды можна вылучыць у гісторыі беларусізацыі і чаму? 3. Па якіх асноўных напрамках адбываўся працэс беларусізацыі? 4. Як рашаліся задачы беларусізацыі? 5. Раскрыйце характар працэсу беларусізацыі. 6. Які быў агульны вынік беларусізацыі к канцу 20-х гг.?
Раздзел VIII. БУДАЎНІЦТВА «КАЗАРМЕННАГА» САЦЫЯЛІЗМУ (КАНЕЦ 20-х — 30-я гг.)
§ 21. Развіццё прамысловасці
Характар бальшавіцкай індустрыялізацыі ў рэспубліцы. Бальшавікі лічылі адной са сваіх задач на шляху пабудовы сацыялізму ажыццяўленне індустрыялізацыі, разглядаючы яе як пераход ад ручной працы да машыннай тэхнікі і індустрыяльнай тэхналогіі вытворчасці. Патрэбу індустрыялізацыі Беларусі яны тлумачылі агульнай неабходнасцю паскоранай індустрыялізацыі СССР і асаблівасцямі сацыяльна-эканамічнага развіцця самой рэспублікі. У ліку апошніх бачыліся: наяўнасць сельскагаспадарчай сыравіны, істотны рэзерв рабочай сілы ў сельскай мясцовасці, вялікія прыродныя багацці, асабліва лесу і торфу, значная ўдзельная вага саматужна-рамеснай вытворчасці. Таму прамысловае будаўніцтва разглядалася па лініі расшырэння здабычы і перапрацоўкі лесу і торфу, выкарыстання лёну і канапель.
Зыходзячы з асаблівасцей прамысловай вытворчасці,Дзяржплан СССР, падключыўшы Дзяржплан БССР, вызначыў задачы індустрыялізацыі Беларускай ССР. Каменціруючы дырэктывы Цэнтра на красавіцкім
(1926 г.) пленуме ЦК КП(б)Б, Старшыня СНК БССР I. А. Адамовіч адзначыў, што «беларускую прамысловасць мы ў асноўным павінны і можам развіваць галоўным чынам як прамысловасць па перапрацоўцы мясцовай сыравіны. У нас у бліжэйшы перыяд будзе развівацца прамысловасць лёгкага тыпу». Але паколькі БССР была адным са звёнаў агульнай народнагаспадарчай структуры краіны, КП(б)Б і ўрад Беларусі намецілі таксама развіццё шэрага галін, якія базіраваліся б на прывазной сыравіне, у тым ліку сельскагаспадарчага машынабудавання, буйной швейнай і тэкстыльнай прамысловасці і інш.
3 улікам гэтых асаблівасцей у першыя гады індустрыялізацыі (1925/26—1927/28 гг.) асноўныя капіталаўкладанні накіроўваліся на патрэбы харчовай, гарбарнай, тэкстыльнай і швейнай прамысловасці, а таксама галін, якія перапрацоўваюць драўніну (лясной, дрэваапрацоўчай, папяровай) і мінеральную сыравіну (паліўнай, хімічнай). Частка сродкаў выдзялялася на развіццё прамысловасці будаўнічых матэрыялаў, машынабудаўнічай і энергетычнай. Мінскія заводы «Энергія» і «Камунар», пазней заводы Кастрычніцкай рэвалюцыі і імя Кірава, паклалі пачатак станкабудаванню, а закладзеная за 25 км ад Оршы БелДРЭС — уздыму энергетыкі ў Беларусі.