• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Пасля з’яўлення ў 1922 г. дэкрэта аб вольным выбары форм землекарыстання колькасць хутароў у Белару-
    сі імкліва павялічвалася, дасягаючы ў асобных паветах 70—80 % сярод іншых форм землекарыстання. Пры гэтым большасць з іх стваралася на былых памешчыцкіх землях, атрыманых сялянамі пасля 1917 г. Па архіўных даных, апошнія не шкадавалі аніякіх сродкаў для аплаты землеўпарадчыкам, толькі б атрымаць хутар. Улады нават абмяжоўвалі гэты працэс. Менавіта свабоднае развіццё розных форм землекарыстання і,галоўным чынам хутарскога, забяспечыла хуткія тэмпы аднаўлення сельскай гаспадаркі Беларусі. I з гэтай характэрнай рысай беларускай вёскі 20-х гг. нельга было не лічыцца пры абмеркаванні шляхоў далейшага развіцця сельскай гаспадаркі.
    Змянілася да лепшага становішча ў прамысловасці. 3 1924 г. рост прадукцыйнасці працы ў ёй ужо апярэджваў павелічэнне заработнай платы. Станоўчую ролю ў гэтым адыгралі грашовая рэформа, а таксама меры па павышэнню прадукцыйнасці працы, у тым ліку практыка вытворчых нарад, умацаванне працоўнай дысцыпліны і інш. Паскарэнню аднаўленчых працэсаў садзейнічала і развіццё эканамічных сувязей з іншымі рэспублікамі. 3 РСФСР і Украіны Беларусь атрымлівала станкі, метал, каменны вугаль, хімічныя прадукты, іншыя віды гатовых вырабаў і сыравіны, з Азербайджана — нафтапрадукты. У сваю чаргу, БССР пастаўляла за межы рэспублікі прадукцыю шкляной, ільнопрадзільнай, панчошна-трыкатажнай, дрэваапрацоўчай, папярова-запалкавай галін. Агульнасаюзнае значэнне мела льноапрацоўчая прамысловасць Беларусі, больш як 75 % прадукцыі якой вывозілася на Украіну, асабліва ў Данбас.
    За гады аднаўлення была праведзена важная работа па механізацыі і электрыфікацыі вытворчасці, асабліва ў дрэваапрацоўчай, панчошна-трыкатажнай, гарбарнай, харчовай, кафельнай і тэкстыльнай прамысловасці. Істотна папоўніўся станочны парк металаапрацоўчых прадпрыемстваў. Замена ручной працы машынамі давала значны эканамічны эфект.
    У 1927 г. аб’ём валавой прадукцыі індустрыі БССР перавысіў даваенны ўзровень. Пры гэтым на долю дзяржаўнага сектара прыходзілася амаль 3/4 усёй прамысловай прадукцыі. Палепшыліся, у параўнанні з даваеннымі, умовы працы і быту, павысіўся жыццёвы ўзровень. Паднялася вытворчая і грамадска-палітычная актыўнасць рабочых.
    Тым не менш у Беларусі па-ранейшаму пераважала дробная і саматужная прамысловасць. Яе прадпрыемствы (будынкі і тэхналагічнае абсталяванне) фізічна знасіліся і маральна ўстарэлі. Культура сельскагаспадарчай вытворчасці заставалася нізкай: пятая частка сялянскіх гаспадарак не мела плугоў, доля таварнай прадукцыі сельскай гаспадаркі ў адносінах да валавой была ніжэйшай, чым у сярэднім па СССР. Востра стаяла пытанне аб павелічэнні колькасці інжынернатэхнічных кадраў, аб павышэнні кваліфікацыі рабочай сілы і агульнай культуры асноўнай масы насельніцтва.
    У сярэдзіне 20-х гг. эканамічная сістэма, заснаваная У. I. Леніным, «працавала» з усё большым напружаннем. Развязаўшы сілы рынку, садзейнічаючы ўздыму эканомікі, нэп у той жа час стымуляваў сацыяльнае расслаенне грамадства, у чым бальшавікі бачылі пагрозу ажыццяўленню сваіх праграмных мэт. З’явіліся гаспадары, якія быццам бы назаўсёды зніклі ў 1917 г. Беспрацоўе станавілася вострай сацыяльнай праблемай. Глыбокаму расслаенню падвяргалася вёска. Напрыклад, прыбытак у бядняцкіх гаспадарках быў у 4,6 раза, а ў серадняцкіх у 2,3 раза ніжэй, чым у кулацкіх гаспадарках.
    Разам з тым у асяроддзі партыйна-дзяржаўнага апарату захоўвалася «ваенна-камуністычная» ідэалогія. Многія кіраўнікі партыі, не гаворачы ўжо аб яе радавых членах, лічылі, што нэп з’яўляецца не пераходам да прынцыпова новай мадэлі сацыялізму, якая адпавядае яго гуманістычнай прыродзе, а толькі тактыкай прымірэння з сялянствам.
    Нэп вельмі ўскладніў становішча камуністаў-кіраўнікоў, асабліва гаспадарнікаў, ад якіх патрабаваўся не толькі «класавы нюх», але і прафесійныя веды той справы, якой яны былі абавязаны кіраваць. Аднак ім якраз гэтага і не хапала, пераважала поўнае грэбаванне да авалодання эканамічнымі і тэхнічнымі ведамі. Узнікла вялікая ўнутраная супярэчнасць паміж абавязкам камуніста выконваць дадзенае партыяй даручэнне, з аднаго боку, і рэальнай магчымасцю і ўласным жаданнем, з другога. I «выйсце» было знойдзена ў звароце да сістэмы загадаў, абсалютызацыі каманднаадміністрацыйных метадаў, якія па сваёй сутнасці зусім не ўпісваліся ў нэп.
    Пытанні і заданні. 1. Раскрыйце сутнасць новай эканамічнай палітыкі. 2. Як адбілася ўвядзенне нэпа на стане сельскай гаспадаркі
    і прамысловасці БССР? 3. Якімі былі адносіны мас да вырашэння гаспадарчых пытанняў? 4. Чым характарызавалася грамадска-палітычнае жыццё рэспублікі ў перыяд нэпа? 5. Раскажыце пра вынікі аднаўленчага перыяду ў галіне: а) прамысловасці, б) сельскай гаспадаркі, в) матэрыяльнага становішча працоўных. 6. У чым заключаліся супярэчнасці нэпа?
    § 20. Палітыка беларусізацыі і яе дасягненні. Развіццё культуры
    Афармленне палітыкі беларусізацыі. Пераход да Ha­na, неабходнасць лічыцца з тымі нацыянальнымі плынямі, якія абаранялі прынцыпы сапраўднага суверэнітэту, і патрэбнасць заваёвы даверу насельніцтва застаўлялі бальшавікоў стаць на шлях садзейнічання нацыянальна-культурнаму будаўніцтву на Беларусі. TaKan палітыка атрымала назву «беларусізацыі».
    Першыя крокі беларусізацыі былі зроблены бальшавікамі адразу пасля заканчэння грамадзянскай вайны, калі была прызнана неабходнасць пераводу навучання ў школах пераважна на беларускую мову з арганізацыяй адначасова школ для нацыянальных меншасцей на іх роднай мове (дзяржаўнымі былі аб’яўлены беларуская, руская, яўрэйская і польская мовы). У работу па рэалізацыі палітыкі беларусізацыі ўключылася тады і частка дзеячаў беларускага нацыянальна-вызваленчага руху: У. М. Ігнатоўскі — наркам земляробства, 3. Ф. Жылуновіч — рэдактар газеты «Савецкая Беларусь», А. Л. Бурбіс — намеснік наркама замежных спраў, A. В. Баліцкі — намеснік наркама асветы, П. В. Ільючонак — загадчык беларускага аддзела наркамата асветы і інш. Пад уплывам іх дзейнасці пачала ажыццяўляцца беларусізацыя шэрага рэспубліканскіх устаноў.
    3 утварэннем выдавецтва «Савецкая Беларусь» з’явілася магчымасць выпуску газет, часопісаў, падручнікаў і кніг на беларускай мове і мовах нацыянальных меншасцей. Пачаў дзейнічаць Беларускі дзяржаўны вандроўны тэатр У. I. Галубка. Пад кіраўніцтвам Наркамасветы стваралася сістэма дашкольнага выхавання і школьнай адукацыі, прафесійных вучылішчаў і тэхнікумаў. У 1921 г. адкрыўся Беларускі дзяржаўны універсітэт, у наступным годзе— Інстытут сельскай гаспадаркі. Тады ж былі заснаваны Інстытут беларускай . культуры (Інбелкульт), дзяржаўная і універсітэцкая
    бібліятэкі. Пачалі функцыяніраваць Дзяржаўны музей і Цэнтральны архіў.
    15 ліпеня 1924 г. II сесія ЦВК БССР паклала пачатак беларусізацыі як афіцыйнай дзяржаўнай палітыкі. Прэзідыум ЦВК утварыў спецыяльную камісію па яе ажыццяўленню на чале з відным у той час дзяржаўным дзеячам A. I. Хацкевічам. Аналагічныя камісіі былі створаны пры ўсіх акруговых выканаўчых камітэтах. Яны абавязаны былі правесці ў жыццё шырокі комплекс мерапрыемстваў, звязаных, па-першае, з пераводам партыйнага, дзяржаўнага, прафсаюзнага, кааператыўнага апарату і часцей Чырвонай Арміі, што дыслацыраваліся ў БССР, на беларускую мову; па-другое, з вылучэннем беларусаў на партыйную, савецкую, прафсаюзную і грамадскую работу; па-трэцяе, з арганізацыяй работы навучальных устаноў на беларускай мове, развіццём беларускай літаратуры і навукова-даследчай работы па ўсебаковаму вывучэнню Беларусі, яе гісторыі, філасофіі, эканомікі; з выданнем беларускіх кніг. Пераход устаноў і арганізацый на беларускую мову намячалася ажыццявіць на працягу аднаго — трох гадоў.
    Развіццё працэсу беларусізацыі. У 1924—1925 гг. была праведзена работа па растлумачэнню сутнасці, мэт і задач беларусізацыі. На беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай мовах значнымі тыражамі выдавалася спецыяльная літаратура (брашуры, лістоўкі, плакаты), пастаянна выступалі агітатары і прапагандысты, праводзіліся самыя разнастайныя мерапрыемствы. Хоць гэта і наступная прапаганда ў значнай ступені мела фармальны характар і сустракала варожыя адносіны з боку рускіх і зрусіфікаваных чыноўнікаў, ды і шэрага настаўнікаў, яна ўсё ж абуджала нацыю, асабліва моладзь.
    У партыйных, дзяржаўных і грамадскіх арганізацыях і іх органах ажыццяўляліся вывучэнне супрацоўнікамі беларускай мовы (пры абавязковым валоданні рускай) і перавод на яе справаводства. Аб поспехах гэтай работы сведчаць наступныя даныя: калі ў 1925 г. у цэнтральных (рэспубліканскіх) установах толькі 22 % служачых валодалі беларускай мовай, дык у 1927 г.— 80 %, у акруговых і раённых адпаведна — 36 і 70 %; за гэты ж час і справаводства ў іх было пераведзена на беларускую мову. У часцях Чырвонай Арміі, што дыслацыраваліся на тэрыторыі БССР, уводзілася
    вывучэнне беларускай мовы, а 2-я тэрытарыяльная дывізія і аб’яднаная школа каманднага саставу ўкамплектоўваліся на 70 % беларусамі, і палітзаняткі ў іх, як і наглядная агітацыя, уключаючы насценны друк, вяліся на беларускай мове.
    Што ж датычыць вылучэння беларусаў на адказную работу, дык гэты працэс прыняў характар каранізацыі, г. зн. уцягнення ў кіраванне аселых жыхароў, але не толькі беларусаў, а і часткова тых, хто вывучыў беларускую мову і добра ведаў мясцовыя ўмовы. За перыяд з кастрычніка 1926 г. па сакавік 1927 г. сярод кіраўнікоў акруговага і раённага маштабаў удзельная вага беларусаў узрасла з 30,3 да 48 %. Адносная колькасць беларусаў павялічылася і ў складзе гарадскіх Саветаў — да 45,1 %.
    Адносная ў той час самастойнасць рэспублікі пры вырашэнні пытанняў эканамічнага, палітычнага і сацыяльна-культурнага жыцця спрыяла росту сярод яе кіраўнікоў сапраўдных дзяржаўных дзеячаў. За першыя 10 гадоў існавання БССР з асяроддзя яе карэннага насельніцтва ўпершыню ў навейшай гісторыі ў сферу кіравання дзяржаўнымі справамі прыйшла не адна сотня таленавітых людзей, якія сваімі бездакорнымі адносінамі да выканання службовых абавязкаў, дасканалым веданнем спецыфікі роднага краю ўнеслі важны ўклад у яго развіццё. Асабліва высокім узроўнем прафесіяналізму дзяржаўнага дзеяча вызначаліся палітыкі рэспубліканскага рангу, і ў першую чаргу Старшыня ЦВК БССР Аляксандр Чарвякоў, Старшыня СНК БССР Язэп Адамовіч і яго пераемнік Мікалай Галадзед. Але такіх дзеячаў не меў партыйны апарат рэспубліканскага маштабу, які камплектаваўся выключна Масквой і «транзітнымі» асобамі. Можа адзіным выключэннем з гэтага быў Сакратар ЦК КП(б)Б A. I. Крыніцкі — рускі па нацыянальнасці, які хутка вывучыў беларускую мову і прапагандаваў яе.