• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Пры такіх абставінах тэмпы вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі непазбежна пачалі замаруджвацца, a то і зніжацца. За час з 1925 па 1928 г. таварная частка прадукцыі паменшылася з 11,7 да 8,8 %. А гэта ўжо складала пагрозу планам паскоранага развіцця прамысловасці. Прыхільнікі так званага «правага блоку» М. I. Бухарын і іншыя выступалі за прыцягненне сродкаў вёскі да ажыццяўлення індустрыялізацыі, але супраць ператварэння надзвычайных мер, якія магчымы пры гэтым, у пастаянную палітыку партыі, за адначасовы ўздым сялянскіх гаспадарак і развіццё розных форм кааперацыі (павелічэнне цэн на хлеб і іншыя меры эканамічнага характару). I з імі ў пачатку згаджаліся Сталін і яго прыхільнікі.
    Пасля XV з’езда ВКП(б), які адбыўся ў снежні 1927 г., аб’яднанне сялянскіх гаспадарак у буйныя калектыўныя становіцца генеральнай лініяй партыі ў вёсцы. Мясцовыя партыйныя арганізацыі былі абавязаны ўзмацніць палітычную і культурна-асветніцкую работу сярод сялянства. Меркавалася і павелічэнне матэрыяльнай дапамогі сельскай гаспадарцы, у тым ліку механізацыя ручной працы, укараненне агратэхнічнай навукі і перадавога вопыту. Асабліва дэклараваўся прынцып добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас. Але на справе ўсё было інакш.
    Укараненне сталінскай мадэлі калектывізацыі. Больш павольны шлях развіцця эканомікі быў адхілены сталінскім кіраўніцтвам. Пры гэтым яно спекулявала на гаспадарчых цяжкасцях, калі недастатковае развіццё прамысловасці пацягнула за сабой таварны голад, a «хлебны крызіс» 1928—1929 гг.— агульны збожжанарыхтоўчы недабор, што вельмі адмоўна адбілася на нарыхтоўках сельскагаспадарчай прадукцыі ў БССР. Прычынай цяжкасцей, якія стварыліся ў значнай меры ў выніку недальнабачнай эканамічнай палітыкі кіраўніцтва краіны, была аб’яўлена спроба кулацтва арганізаваць голад і не дапусціць калектывізацыю. Пры гэтым ігнаравалася тое, што кулакі тады не ўяўлялі сабой якой-небудзь сур’ёзнай сацыяльна-палітычнай сілы. Абвінавачваючы іх у «шкодніцтве», Сталін тым самым апраўдваў выйсце з сітуацыі, якая склалася, у прымяненні надзвычайных мер супраць кулакоў, да якіх пача-
    лі адносіць неўзабаве і сераднякоў, і нават беднякоў, якія эканамічна ўзмацнелі.
    Прынятыя ўжо тады меры гвалтоўнай канфіскацыі збожжа, нярэдка падчыстую, прыводзілі да голаду, які закрануў шэраг населеных пунктаў Беларусі. Так, у пісьме з Аршанскай акругі з трывогай гаварылася, што бедната засталася зусім без хлеба, людзі ядуць макуху і віку, чакаецца ў будучым вялікая смяротнасць.
    Тых, хто выступаў супраць прымянення сілавых метадаў у эканоміцы, абвінавачвалі ў правым ухіле. Такі ярлык прыклеілі і Д. Ф. Прышчэпаву, які быў у той час наркамам земляробства рэспублікі (НКЗ БССР), а па сваіх поглядах блізкім да М. I. Бухарына, A. В. Чаянава, М. Д. Кандрацьева. З’яву «правага ўхілу» ў пытанні сельскай гаспадаркі ў Беларусі дагматыкі называлі яшчэ і «прышчэпаўшчынай». Д. Ф. Прышчэпава і яго прыхільнікаў (акадэміка Я. Лабаноўскага, прафесара Г. Гарэцкага і інш.) абвінавацілі ў страце класавай пільнасці і насаджэнні кулацкіх гаспадарак, да якіх адносілі і ўсе хутарскія гаспадаркі. У сапраўднасці ж ён і ўзначальваемы ім апарат НКЗ з’яўляліся выканаўцамі дырэктыўных установак партыі (X з’езд КП(б)Б) аб захаванні права свабоднага выбару форм землекарыстання, у тым ліку хутарской, што адпавядала ўмовам рэспублікі. «Прышчэпаўшчына» асуджала «скачкі» ў камуны, якія адхіляліся і асноўнай масай беларускага сялянства, стаяла на пазіцыях недапушчальнасці ігнаравання прасцейшых форм калектыўнай арганізацыі земляробства. У 1929 г. Д. Ф. Прышчэпава ў ліку 30 так званых «правых апартуністаў», якія імкнуліся нібыта рэстаўрыраваць капіталізм у Беларусі, выключылі з партыі і рэпрэсіравалі. Адначасова было прынята катэгарычнае рашэнне спыніць хутарызацыю.
    Такім чынам, на аснове, раскулачвання бальшавікі сталі пераходзіць да паскоранай, прымусовай калектывізацыі. Так яны імкнуліся вырашыць дзве задачы: з аднаго боку, у кароткія тэрміны калектывізаваць вёску, з другога, узяць у яе сродкі для індустрыялізацыі; пры гэтым першая задача разглядалася як умова вырашэння другой, на іх погляд, галоўнай.
    Ажыццяўленне калектывізацыі і супраціўленне сялянства. Барацьба з «правым ухілам» суправаджалася фарсіраваннем калектьівізацыі. Першы пяцігадовы план развіцця народнай гаспадаркі БССР, якім намячалася абагуліць да канца пяцігодкі 18 % пасяўной
    плошчы, быў адкінуты партыйным кіраўніцтвам. Яно фактычна праігнаравала і пастанову ЦК ВКП(б) ад 5 студзеня 1930 г. «Аб тэмпах калектывізацыі і мерах дапамогі дзяржавы калгаснаму будаўніцтву», у якой дэклараваліся тэрміны масавай калектывізацыі толькі для збожжавых раёнаў краіны (да вясны 1932 г. уключна). Было пакінута без увагі і тое, што вёска не атрымала ў абяцаных маштабах ні тэхнікі, ні крэдытаў, ні спецыялістаў. Замест прынцыпу добраахвотнасці пры ўступленні ў калгас сталі шырока прымяняць гвалт і запалохванне.
    Сяляне не ўспрымалі ідэю калектывізацыі. 3 архіўных дакументаў відаць, што ў супрацьвагу балыпавікам «бедната не з’яўляецца ініцыятарам у калектывізацыі», «супраціўленне калектывізацыі з яе боку яшчэ больш моцнае, чым сераднякоў», «з асаблівай рашучасцю выступаюць супраць яе жанчыны, у тым ліку і бяднячкі», насельніцтва вёсак заяўляла, што «кулакоў у іх няма»,і г. д. I кулакі, і сераднякі, і беднякі не хацелі расставацца з уласнасцю, не жадалі пераходзіць на пункт гледжання пралетарскай дзяржавы.
    I тым не менш партыйныя кіраўнікі на чале з К. В. Геем прыстасоўваліся да сталінскага «штурму» калектывізацыі. Яны неаднаразова карэкціравалі накіды тэмпаў у бок павелічэння. Так, у лютым 1930 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне калектывізаваць да пачатку веснавой сяўбы гэтага года 75—80 % сялянскіх гаспадарак. Больш таго, партыйным кіраўніцтвам Беларусі ў ЦК ВКП(б) была накіравана дакладная запіска з просьбай аб’явіць Беларусь рэспублікай суцэльнай калектывізацыі.
    У вёску для стварэння калгасаў былі накіраваны сотні ўпаўнаважаных камуністаў. Разам з імі адпраўлялі і рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў, у тым ліку прысланых з прамысловых цэнтраў РСФСР, усяго звыш 600 чалавек. Аднак многія з арганізатараў калгасаў, увогуле слаба дасведчаныя ў асаблівасцях сялянскага жыцця, лічылі за лепшае дзейнічаць метадам «лепш перагнуць, каб потым не абвінавацілі ў правым ухіле». Працэс кааперавання быў падменены «раскулачваннем»; пры гэтым адну частку сялян нацкоўвалі на другую, заахвочвалі падзелам маёмасці «кулакоў». Сяляне гвалтоўна залічваліся ў калгасы, зноў утвараліся камуны з абагульваннем усяго, што мелася на сялянскім падвор’і, вышукваліся і выкрываліся контррэ-
    валюцыйныя элементы. Неўзабаве «кулаком» ужо называлі ўсякага, хто не пажадаў запісвацца ў калгас.
    У гэтай экстрэмальнай сітуацыі знайшліся людзі, якія не страцілі здаровага розуму, не дазволілі напалохаць або ашукаць сябе. Яны працягвалі адстойваць інтарэсы вяскоўцаў. Адны ставіліся да калектывізацыі «пасіўна», другія дэманстратыўна пакідалі сходы, трэція ўзначальвалі ўзброеныя выступленні супраць гвалту.
    Асноўнай формай непрымання сялянамі калектывізацыі ў Беларусі была іх пасіўнасць (бяздзейнасць). Але «чырвонагвардзейская атака на мужыка» выклікала і актыўныя дзеянні пратэсту. He жадаючы ўступаць у калгасы, сяляне рэзалі жывёлу, а ў асобных выпадках браліся за зброю. Паводле няпоўных даных, толькі у 1930 г. адбылося звыш 500 узброеных выступленняў. Усіх незадаволеных аддавалі пад суд як контррэвалюцыянераў.
    Прымусовае абагульванне прыносіла свае «вынікі». Калі ў студзені 1930 г. у калгасах рэспублікі налічвалася 20,9 % сялянскіх гаспадарак, дык да сакавіка — 58 %, або каля 460 тыс. Што ж датычыць «раскулачаных» сем’яў, дык яны да мая таго ж года склалі 1,9 % ад агульнай колькасці сялянскіх двароў, або больш за 15 тыс., г. зн. прыкладна палавіну ўсіх гаспадарак, запланаваных для ліквідацыі ў 1930 г., прычым многія з сялянскіх сем’яў былі рэпрэсіраваны.
    Разам з тым рэзкае абвастрэнне сітуацыі, нярэдкія сігналы ў вышэйстаячыя інстанцыі аб дапушчаных праліках і свядомых злачынствах, у прыватнасці ад рабочых-дваццаціпяцітысячнікаў, прымушала мясцовыя органы, каб уцалець самім, самастойна выносіць рашэнні, асуджаючы «перагібы». Так, Мінскі АК КП(б)Б прыняў пастанову, у якой рэзкай крытыцы былі падвергнуты такія факты, як вопіс маёмасці ці абкладанне індывідуальным падаткам тых, хто адмовіўся прыняць палітыку калектывізацыі, прамы здзек з чалавечай годнасці, няправільнае правядзенне галасавання і інш.
    Пасля з’яўлення ў «Правде» артыкула I. В. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў» (2 сакавіка 1930 г.) і прыняцця 14 сакавіка 1930 г. пастановы ЦК ВКП(б) «Аб барацьбе супраць скажэння партлініі ў калгасным руху» кіраўніцтва рэспублікі часова адступіла ад грубых метадаў абагульвання сялянскіх гаспадарак. Адбыўся адток сялян з калгасаў. У іх, паводле
    даных на ліпень 1930 г., засталося 11,1 % гаспадарак. «Незаконна» раскулачаных пачалі вяртаць назад. Аднак праведзеная работа па абагульванню сялянскіх гаспадарак была прызнана правільнай.
    Восенню 1930 г. палітыка «суцэльнай калектывізацыі» была адноўлена. Кастрычніцкі (1930 г.) пленум ЦК КП(б)Б зноў прызнаў неабходным «паскорыць» тэмпы калектывізацыі, для чаго намячалася «ўзмацніць пралетарскую дапамогу вёсцы», мабілізаваць студэнтаў сельскагаспадарчых і педагагічных навучалыіых устаноў, а таксама актывістаў цэнтральнага апарату. А ў 1931 г. Бюро ЦК КП(б)Б прыняло рашэнне аб завяршэнні калектывізацыі пад вясну 1931 г. Гэта выклікала крытыку нават з боку газеты «Правда». I тым не менш па-ранейшаму прымусова абагульваліся жылыя памяшканні і жывёла, аплата працадзён праводзілася па астаткаваму прынцыпу — пасля выканання дзяржаўных паставак, якія часта паглыналі ўсе даходы. 3 мэтай прымусіць сялян уступіць у калгасы працягвалася ганебная практыка раскулачвання. Рэспубліка была ахоплена страхам. Ламалі станавы хрыбет яе эканомікі, і разбураліся адвечныя асновы вёскі. Балыпавіцкія ўлады зганялі з зямлі дзесяткі тысяч працаўнікоў, a разбурэнне гаспадарчага ладу выдавалі за пабудову гарманічнага з горадам жыцця.
    Вясной 1932 г. замест суцэльнай калектывізацыі ў рэспубліцы адбыўся новы адток сялян з калгасаў. Толькі за два-тры месяцы распалася не менш як тысяча гаспадарак, з якіх выйшла больш як 55 тыс. сялянскіх сем’яў. Аб прычынах выхаду можна меркаваць па пісьму селяніна Цімафея Палуненкі, у якім адзначалася: «У калгасе кепска. (Калі) Я сам сабе працаваў, у мяне была бульба, быў хлеб, цяпер я выпрацаваў 114 працадзён і амаль нічога не атрымаў. Я партызан... змагаўся за Савецкую ўладу і цяпер, калі спатрэбіцца, пайду (за яе), нягледзячы на тое, што мая жонка і дзеці без хлеба. А ў калгасе жыць не магу».