• Газеты, часопісы і г.д.
  • Гісторыя Беларусі: XX ст. Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Гісторыя Беларусі: XX ст.

    Вучэб. дапам. для 10—11-х кл. сярэд. шк.

    Выдавец: Народная асвета
    Памер: 349с.
    Мінск 1993
    125.34 МБ
    Яшчэ ў лютым 1919 г. Ю. Пілсудскі выдаў дэкрэт, паводле якога для кіравання акупіраванай тэрыторыяй пры штабе Літоўска-беларускага фронту быў створаны Генеральны камісарыят усходніх зямель. Яго ўзначаліў спачатку прафесар Каланкоўскі, а потым польскі памешчык з беларускага Палесся Ю. Асмалоўскі. Акупіраваныя тэрыторыі ЛітБела былі падзелены на дзве акругі — Віленскую і Мінскую. У сваю чаргу яны дзяліліся на паветы і гміны. Улада ў іх належала польскай акупацыйнай адміністрацыі. Беларусы ў органы кіравання не дапускаліся.
    Палітычныя праціўнікі польскай улады, яўныя і па-
    тэнцыяльныя, падвяргаліся жорсткім рэпрэсіям. У культурным жыцці праводзілася палітыка паланізацыі. Многія дзеячы беларускага нацыянальнага руху, настаўнікі беларускіх школ былі арыштаваны і адпраўлены ў польскія турмы і канцэнтрацыйныя лагеры. Дзяржаўнай мовай была аб’яўлена польская. 3 дзяржаўных устаноў, фабрык і заводаў звальняліся асобы беларускага паходжання, людзі праваслаўнага веравызнання. Беларускія школы і ўстановы культуры, створаныя ўладамі БНР, былі закрыты.
    Ва ўмовах польскай акупацыі неадназначна паводзілі сябе беларускія палітычныя групоўкі. Спачатку Рада БНР энергічна пратэставала супраць польскай акупацыі. Але 29 красавіка 1919 г. Ю. Пілсудскі выступіў з адозвай да насельніцтва былога Вялікага княства Літоўскага, у якой паабяцаў, што дасць яму магчымасць самому вырашаць свае нацыянальныя і рэлігійныя справы. I тады шэраг беларускіх партый і арганізацый пачалі разлічваць на тое, што Ю. Пілсудскі дапаможа рэалізаваць нацыянальную ідэю, і ўзялі курс на супрацоўніцтва з польскімі ўладамі.
    У сейме Польшчы ў гэты час ішла барацьба дзвюх плыняў у палітыцы адносна акупіраваных тэрыторый. Шавіністычная частка адстойвала ідэю інкарпарацыі зямель былога Вялікага княства Літоўскага ў склад Рэчы Паспалітай, а Польская сацыялістычная партыя (ППС) выступала прыхільніцай ідэй уніі (федэраныі) Беларусі, Літвы і Украіны з Польшчай. У надзеі на дапамогу ППС Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (А. Луцкевіч) узяла курс на падтрымку польскай палітыкі і дабівалася перадачы ўлады ў Беларусі Радзе БНР. Старшыня Народнага Сакратарыята БНР А. Луцкевіч вёў перагаворы з прэм’ер-міністрам Польшчы I. Падзярэўскім аб прызнанні БНР і падтрымцы з боку палякаў беларускай дэлегацыі на Парыжскай мірнай канферэнцыі. Пілсудскі і польскі ўрад паабяцалі дапамагчы «развязаць беларускае пытанне». Але на справе польскае кіраўніцтва праводзіла палітыку далучэння беларускіх зямель да Польшчы і не дапускала нават думкі аб стварэнні беларускай дзяржаўнасці. 3 мэтай надаць законнасць такому далучэнню польскія ўлады пачалі ствараць розныя арганізацыі («Стражы крэсавы», «Камітэт абароны крэсаў» і інш.), якія сталі на шлях правядзення ў Беларусі «плебісцыту» з патрабаваннем яе ўз’яднання з Польшчай. У супрацьвагу Радзе
    БНР быў створаны «Часовы беларускі ўрад» на чале з інжынерам Бакановічам. Ад імя беларускага народа ён заявіў аб «вольным і непрымусовым прылучэнні Беларусі да Польшчы». У жніўні 1919 г. пры падтрымцы польскіх улад узнік «Беларускі нацыянальны камітэт» на чале з А. Прушынскім, які патрабаваў правесці выбары ў польскі сейм, спадзеючыся забяспечыць уваходжанне Беларусі на правах аўтаноміі ў склад Польскай дзяржавы.
    У верасні 1919 г. у Варшаву быў запрошаны А. Луцкевіч. Ен згадзіўся на ўтварэнне федэрацыі Беларусі ў складзе Польшчы, але пры ўмове прызнання апошняй незалежнаці БНР. Прызнанне БНР палякі паставілі ў залежнасць ад вынікаў іх барацьбы з Літвой і Расіяй. He дабіўшыся згоды, Ю. Пілсудскі аддаў загад распусціць Раду БНР, a А. Луцкевіча інтэрніраваць. Але пад уплывам ППС А. Луцкевіч быў вызвалены, а Радзе БНР было дазволена правесці сесію. Больш таго, 22 кастрычніка 1919 г. Ю. Пілсудскі даў згоду на фарміраванне беларускіх вайсковых часцей і з гэтай мэтай зацвердзіў «Беларускую вайсковую камісію». Польскія правячыя колы, не дабіўшыся ажыццяўлення ідэі інкарпарацыі, спадзяваліся на унію Беларусі з Польшчай.
    12 снежня 1919 г. у Мінску адкрылася сесія Рады БНР. Самыя буйныя фракцыі БПС-Р і БПС-Ф выказалі недавер старшыні рады Я. Лёсіку і старшыні Народнага Сакратарыята А. Луцкевічу за іх прапольскую арыентацыю. Беларускія эсэры яшчэ раней адмежаваліся ад палякаў і заклікалі стварыць агульны фронт усіх палітычных партый і арганізацый у барацьбе за вызваленне Беларусі і прызнанне незалежнасці БНР згодна з 3-й Устаўной граматай. Сесія Рады толькі падвяла вынік у процістаянні прыхільнікаў польскай арыентацыі і прыхільнікаў незалежнасці. Большасць членаў Рады на чале з лідэрам эсэраў Т. Грыбам прыняла рэзалюцыю аб падтрымцы акта 25 сакавіка 1918 г. і стварыла новы прэзідыум Рады. Фарміраванне новага ўрада было даручана В. Ластоўскаму, прыхільніку 3-й Устаўной граматы, але з прыцягненнем для яе ажыццяўлення і сіл краін Антанты. Прыхільнікі польскай арыентацыі стварылі Найвышэйшую Раду (Я. Лёсік, I. Серада і інш.).
    Адразу ж пасля сесіі праціўнікі польскай арыентацыі былі арыштаваны, але і ўрад А. Луцкевіча ў хуткім часе распаўся. 8 сакавіка 1920 г. польскі ўрад афіцыйна
    заявіў, што не збіраецца прызнаваць БНР, але надзяляе Мінскую губерню правам культурна-нацыянальнай аўтаноміі.
    Барацьба беларускага народа супраць польскіх захочнікаў. 3 першых дзён акупацыі па ўсёй тэрыторыі Беларусі шырыўся і мацнеў антыпольскі рух. Спачатку ён быў стыхійным і неарганізаваным. Але ж, калі стала ясна, што Польшча не збіраецца прызнаваць БНР, яго ўзначаліла самая радыкальная і ўплывовая з беларускіх партый — БПС-Р (Т. Грыб, П. Бадунова). У сваіх радах яна налічвала да 20 тыс. чалавек, у тым ліку 5 тыс. партыйных функцыянераў. Яе падтрымлівалі Саюз беларускай моладзі (да 10 тыс. чалавек), Беларускі настаўніцкі саюз, прафсаюзы чыгуначнікаў і паштова-тэлеграфных служачых, «Сувязь беларускага працоўнага сялянства».
    Пад кіраўніцтвам беларускіх эсэраў пачала стварацца масавая партызанская армія, ядром якой стала «Сувязь беларускага працоўнага сялянства». Паўстанцкія і партызанскія атрады былі аб’яднаны ў адзіную цэнтралізаваную арганізацыю — «Народную ваенную самадапамогу», якая была, па сутнасці,зародкам беларускай нацыянальнай арміі.
    3 другога боку, супраціўленне польскім акупантам арганізоўвалі і бальшавікі. 3 гэтай мэтай ЦК КП(б) Літвы і Беларусі стварыў Бюро нелегальнай работы (В. Міцкявічус-Капсукас, В. Кнорын, В. Багуцкі), якое занялося арганізацыяй партызанскіх атрадаў ва ўсходніх раёнах і іх падрыхтоўкай у заходніх. Але сіл у гэтага Бюро было нямнога (каля 4 тыс. чалавек). Таму КП(б)Л і Б імкнуліся да супрацоўніцтва з нацыянальна-дэмакратычнымі партыямі — усіх аб’ядноўвалі інтарэсы хутчэйшага выгнання акупантаў з Беларусі. У снежні 1919 г. паміж бальшавікамі і беларускімі эсэрамі было заключана пагадненне аб стварэнні адзінага фронту барацьбы. Да гэтага пагаднення далучыліся Бунд, Палей-Цыён, беларускія сацыялісты-федэралісты і іншыя партыі.
    На шлях супрацоўніцтва з бальшавікамі стала і «Беларуская камуністычная арганізацыя» (БКА) на чале з У. Ігнатоўскім, якая дзейнічала на аснове створанай у 1917 г. арганізацыі «Маладая Беларусь» (В. Сташэўскі, С. Булат, М. Кудзелька-Чарот і інш.). У пачатку 1920 г. БКА адкалолася ад партыі беларускіх эсэраў і стварыла пастаянны ЦК. Сваёй асноўнай зада-
    чай яна ставіла стварэнне Савецкай Беларускай Рэспублікі і яе федэрацыі з Расіяй (Пазней БКА ўлілася ў КП(б)Б). Усе партызанскія атрады ў раёне Мінска дзейнічалі пад яе кіраўніцтвам.
    Адзіны антыпольскі фронт даваў свае станоўчыя вынікі. Вясной 1920 г. польскія ўлады вымушаны былі спыніць ваенныя перавозкі амаль на ўсіх чыгуначных магістралях Беларусі. Супрацоўніцтва ўзмацнялася. У сакавіку 1920 г. пад кіраўніцтвам БПС-Р і КП(б)Л і Б быў распрацаваны план узброенага паўстання і створаны Беларускі паўстанцкі камітэт (БПК). Але польскія ўлады своечасова даведаліся аб маючым адбыцца паўстанні і арыштавалі некаторых кіраўнікоў БПК. I тым не менш масавы і арганізаваны рух супраціўлення падрываў баяздольнасць польскай арміі, паскорыў выгнанне акупантаў з тэрыторыі Беларусі і пасеяў надзеі сярод беларускіх палітычных партый на супрацоўніцтва з бальшавікамі ў справе стварэння беларускай дзяржавы.
    Тактыка Савецкага ўрада ў беларускім пытанні. Другое абвяшчэнне БССР. У сакавіку 1920 г. польскія войскі пачалі новае наступленне. Дзякуючы дапамозе краін Антанты Ю. Пілсудскаму ўдалося стварыць на Беларусі пяціразовую перавагу над сіламі Чырвонай Арміі. Польскія войскі захапілі Мазыр, Калінкавічы, Рэчыцу. 25 красавіка яны разгарнулі сумеснае з пятлюраўцамі наступленне на працягу ўсяго польска-савецкага фронту ад р. Прыпяць да р. Днестр. Над уладай бальшавікоў навісла сур’ёзная небяспека.
    У выніку перакідвання войск з Усходняга фронту на Польскі фронт і дзеянняў антыпольскіх сіл на акупіраванай тэрыторыі Беларусі Чырвонай Арміі ўдалося спыніць наступленне палякаў і 14 мая 1920 г. перайсці ў контрнаступленне. Але з-за недахопу сіл, кароткіх тэрмінаў падрыхтоўкі, слабага матэрыяльнага забеспячэння Чырвоная Армія вымушана была адысці на зыходныя пазіцыі. Яе новае наступленне ў ліпені 1920 г., старанна падрыхтаванае і скаардынаванае з дзейнасцю партызан, якія аказвалі ўсебаковую дапамогу наступаючым часцям, прынесла поспех. 7 ліпеня быў вызвалены Мінск, a 1 жніўня — Брэст.
    У ходзе паспяховага наступлення кіраўніцтва бальшавікоў зноў ахапіла ідэя сусветнай рэвалюцыі і на гэтай глебе — непатрэбнасці аднаўлення беларускай дзяржавы, у крайнім выпадку, прадастаўлення белару-
    сам культурна-нацыянальнай аўтаноміі ў межах Мінскай губерні як адміністрацыйна-гаспадарчай адзінкі ў складзе Расіі. Такога пункту гледжання прытрымліваліся В. Кнорын, М. Калмановіч, I. Рэйнгольд і іншыя кіраўнікі КП(б)Л і Б. Але яны сутыкнуліся з супраціўленнем камуністаў-беларусаў. Пад націскам А. Чарвякова, 3. Жылуновіча, Д. Чарнушэвіча і інш. ЦК КП(б)Л і Б прызнаў неабходным выступіць з дэкларацыяй аб прызнанні самавызначэння беларускага народа, але барацьба не спынялася.
    У ЦК КП(б)Л і Б Р. Пікелем і I. Рэйнгольдам былі падрыхтаваны тэзісы да дня абвяшчэння БССР. У іх неабгрунтавана сцвярджалася, што беларусы не з’яўляюцца асобнай нацыяй, што іх мова, рэлігія і культура нічым не адрозніваюцца ад рускай. Беларускі нацыянальны рух ацэньваўся як чыста інтэлігенцкі, які не мае падтрымкі большасці народа. Сцвярджалася, што эканамічнае становішча Беларусі залежыць выключна ад Савецкай Расіі і таму дзяржаўнае адасабленне ад яе было б гібельным для Беларусі. Стварэнне БССР быццам бы дыктавалася толькі фактам існавання Беларусі ў мінулым. Акцыя з тэзісамі была спробай сарваць абвяшчэнне БССР. Яна падмацоўвалася тым, што па дагавору з Літвой ад 12 ліпеня 1920 г. РСФСР перадавала ёй Гродзеншчыну з гарадамі Гродна, Шчучын, Ашмяны, Смаргонь, Браслаў і Віленскі край з Вільняй.