Гісторыя на градках агародніцтва на Беларусі

Гісторыя на градках

агародніцтва на Беларусі

Выдавец: Беларусь
Памер: 144с.
Мінск 2008
63.03 МБ
У ямы і кучы часта забіраліся шкоднікі: пацукі, мышы. 3 мэтай абярэгу ад іх агародніны ў яму зверху апошняга слою пяску клалі сухі багун358. Зараз у ямы кладуць лісце чорнага кораня, сухі папаратнік і іншыя расліны, якія адпужваюць грызуноў. Спосаб захавання ў кучах мала адрозніваўся ад папярэдняга. Для бульбы рабілі неглыбокую круглую яму з калом пасярэдзіне, дно якой высцілалі саломай. Сыпалі ў яму бульбу ў выглядзе невялічкага кургана, які зверху накрывалі саломай, мякінай ці непатрэбным сенам. На кол вешалі распасцёрты сноп саломы камлём кверху («крыша») і засыпалі разам з «крышай» зямлёй, шчыльна прыбіваючы рыдлёўкай359. Гэты спосаб дазваляў бульбе мець добрую вентыляцыю, якая перашкаджала яе гніенню.
Трэба сказаць, што агародніна, якая захоўвалася ў ямах, была свежай, сакавітай і смачнай увесну. У скляпах («паграбах») яна не толькі хутчэй псавалася, але і набывала спецыфічны непрыемны пах.
У паўднёвых раёнах, часткова ў цэнтральных і ўсходніх, дзе наглядаецца высокі ўзровень грунтовых вод, апрача іншых сховішчаў рабілі ямы-капцы («скапцы») ці бурты для захоўвання бульбы, буракоў. Яны былі неглыбокімі (глыбіня на штык рыдлёўкі). Пасярэдзіне ставілі 3 калы, абкручаныя саломай (для вентыляцыі), і засыпалі бульбу. Зверху куча
накрывалася саломай і засыпалася зямлёй да 15—20 cm, a пасля першых маразоў — да 35 см.360. Вакол капца ці бурта абавязкова выкопвалі канаўку для сцёку вады.
Капец, як правіла, размяшчаўся на сухім узвышаным месцы. У XIX ст. рабілі круг дыяметрам 6 локцяў і выкідвалі з яго зямлю на паўлокця. У цэнтры ўмацоўваліся 3 вузкія дошкі, якія ўтваралі адтуліну («комін») для праходу паветры і выхаду сырасці. Яго ўзімку затыкалі саломай, а калі было цёпла — адчынялі. Бульбу насыпалі вакол дошак вышынёй не больш 2 локцяў, закладвалі саломай, а потым засыпалі глебай, вынятай з ямы. Калі капец выкопваўся на роўным месцы, вакол яго рабілі равок для сцёку вады. Зверху капец накрывалі гноем з саломай, але пасля таго, як зямля замерзне з восені (каб падтрымліваць у яме пастаянную тэмпературу). У адваротным выпадку глеба вясной падтане і пашкодзіць бульбу361. У XX ст., згодна з апытаннем рэспандэнтаў, ямкі да захавання бульбы і іншай агародніны рабілі глыбінёй да 0,5 м («тады не падыходзіла і не залівала вада»)362. Большасць сялян захоўвала бульбу ў капцах, асабліва насенную, бо «бульба з пограбу, — як адзначалі апытаныя, — на насенне непрыдатна, яна дзервянее»363. Захоўвалі яе і ў кладоўках («сцепках», «высцёпках», «істопках», «ражах», «варыўнях»), дзе сяляне размяшчалі таксама капусту і іншую гародніну. Зімой туды насілі «жар» (гарачае вуголле), каб у вялікія маразы засцерагчы ад прамярзання364.
Сяляне захоўвалі гародніну і ў так званых «лёхах» (ямных паграбах, якія размяшчаліся на двары). Яны былі неглыбокія (да 1 м). Сцены такой ямы-пограба адны гаспадары абкладвалі драўлянымі плашкамі, зверху клалі бярвенні, салому, засыпалі зямлёй і рабілі двухскатную страху. Другія — цэментавалі сцены, пол365. За гароднінай гаспадыня спускалася ў лёх па цагляных прыступках.
Вядома, што мураваныя і цагляныя скляпы з сістэмай вентыляцыі ў сялян з’явіліся толькі ў 20-ыя гг. XX ст., а ў заможнай часткі сялянства яны былі яшчэ ў канцы XIX ст. Скляпы былі больш прасторныя і паглыбляліся ў зямлю да 2 м, мелі мураваныя прыступкі пры ўваходзе. Часта над скляпом узводзілі паграбню (зруб у 3—5 вянкоў), куды ставілі бочкі, кадкі, клалі гаспадарчае начынне і г. д.366.
Звычайна скляпы і падвалы ўтрымлівалі шмат вільгаці. Каб зрабіць іх больш сухімі, а значыць, і прыдатнымі для захоўвання гародніны, у пачатку XX ст. выкарыстоўвалі нягашаную вапну, якая мае ўласцівасць паглынаць вільгаць. 3 гэтай мэтай у склепе размяшчалі бочкі з нягашанай вапнай, а таксама раскладвалі яе кавалкі па вуглах памяшкання і за невялічкімі перагародкамі паміж сцяной, спецыяльна прыстасаванымі для гэтага. Бульбу рассыпалі па падлозе. Бочкі стаялі, прыкрытыя рагожай, да тае пары, пакуль вапна, убіраючы вільгаць, гасілася, а потым яе ізноў замянялі нягашанай367. Але вапну не выкідвалі, бо, як вядома, яна незамяніма для вапнавання глебы. Дабаўлялі яе і ў кампостныя ямы для паскарэння працэсу разлажэння раслінных і іншага роду астаткаў. Добра ўбірала вільгаць і вуголле, якое клалі з гэтай мэтай па вуглах склепа368.
Буракі, моркву, рэпу захоўвалі ў рвах, выкапаных на сухім і пясчаным узвышшы, глыбінёй у локаць і патрэбнай даўжыні. Прасушаныя, без лісця буракі, морква ці рэпа клаліся радамі і перасыпаліся сухім пяском, а потым засыпаліся зверху на паўлокця, каб быў пагорак. Такія рвы рабілі па некалькі адзін каля аднаго, паміж імі пракопвалі раўкі для сцёку вады. Калі зямля прамярзала на шэсць цаляў, зверху бурты накрывалі перапрэлым гноем слоем у дваццаць цаляў. Як пацяплее, гной адкідвалі369.
Капусту захоўвалі ў капцах прыкладна тым жа спосабам. Клалі галоўкамі ўніз, ачышчаючы ад бакавых лістоў, каб качаны не датыкаліся адзін аднаго, і засыпалі пяском, каб утвараўся пагорак. Накрывалі гноем пасля таго, як глеба прамерзне. Роў рылі звычайна за некалькі гадзін да ўкладкі капусты, каб ён мог праветрыцца і высахнуць370.
У пачатку XIX ст. для захавання свежай капусты на зіму сяляне выбіралі самыя тугія качаны («кочны»). Іх не зразалі, а вырывалі з глебы з каранямі. He кожнае надвор’е падыходзіла для ўборкі капусты гэтым спосабам, а толькі сонечнае, калі качаны хутка абсыхалі ад ранняй расы ці адыходзілі ад марозу, бо ў іншым стане ўносіць іх у памяшканне нельга. Раннія замаразкі ў той час былі частай з’явай. Абсохлыя качаны падвешвалі ў склепе да ўбітых у сцяну цвікоў ці звязвалі храпкамі папарна і перавешвалі праз працягнутыя жэрдкі, каб яны не датыкаліся адзін аднаго (інакш
пагніюць). Гаспадыня час ад часу праглядала качаны і абскубала падгнілыя лісты. У звычайным сялянскім склепе, калі ён добра праветрываўся, капуста такім чынам добра захоўвалася да Каляд і нават болей, і гаспадыня магла парадаваць стравамі са свежай капусты, якія падаваліся на святочны стол у гэты час. Такі вопыт захавання капусты ў свежым выглядзе традыцыйна захоўваўся і пазней. У першай палове XIX ст. качаны капусты з карэннем, на якіх засталося трохі глебы, садзілі ў склепе ў пясок, абарваўшы пажоўклыя лісты371. Для ўжывання зімой у ежу бралі галоўкі, якія, на погляд гаспадыні, хутчэй пашкодзяцца. Такім жа спосабам захоўвалі і каляровую капусту372.
Існавалі і іншыя спосабы захоўвання. Селянін заўважыў, што ў зямлі капуста застаецца да вясны свежай, быццам толькі што зрэзанай. Таму на ўзвышшы (каб не падышла вада вясной) выкопвалі яму глыбінёй у 1 аршын і ў 2 аршыны шырынёй і даўжынёй. На дно ямы клалі слой рачнога пяску, у які з каранямі ставілі качаны капусты. Зверху качаны накрывалі невялікімі лапкамі з елкі ці ядлоўцу або канаплянай ці льняной кастрой373. Непрыдатнай для накрыцця лічылі салому: яна — спакуса для мышэй. Зверху на яму ўпоперак клалі калы ці дошкі, прасветы паміж якімі запаўнялі таксама веткамі, а потым рабілі насып каля аршына вышынёй — і сховішча гатова374.
Селянін меў патрэбу ўзяць шмат разоў са сховішча капусту ўзімку. Для гэтага з аднаго боку яму закладвалі толькі веццем, кастрой і сухім гноем. Узяўшы качан капусты, яе было няцяжка закрыць, каб астатняя не папсавалася ў зямлі і не замерзла.
Пастарнак добра захоўваўся зімой у глебе, а таму яго пакідалі на зіму на градах, нічым не накрыўшы. 3-замаразоў ён станавіўся салодкім і ўбіраўся ў склеп вясной, калі растане глеба375.
Каб мець ранняй вясной зялёную пятрушку і цыбулюпарэй, у лістападзе зялёныя расліны накрывалі хваёвымі галінкамі, а калі снег пачне раставаць, покрыў здымалі і выкарыстоўвалі лісце ў свежым выглядзе. Часта гэтыя расліны ўносілі ў склеп і разам са «стулам» (комам зямлі вакол кораня) садзілі ў сухі пясок376.
Цыбулю пасля ўборкі з агарода прасушвалі, а потым у старых сетках ці мяшках вешалі каля печы, а лепш — у курной хаце, дзе яна задымлялася і абкурвалася і добра захоўвалася377. Вешалі яе і на жэрдкі ў вянках.
Упершыню ў «Літоўскай гаспадыні» апісваецца нетрадыцыйны спосаб захоўвання цыбулі, якім было закопванне яе ў ямы тымі агароднікамі, у каго яе было шмат. Для гэтага прасушаную цыбулю ўкручвалі ў бярозавую кару і перасцілалі рады саломай. Яму пасля першых маразоў накрывалі для цеплыні гноем, а зверху засыпалі зямлёй378.
Вераванні і абрады, звязаныя з агародніцтвам. Беларусы па сваёй прыродзе мелі шчырую прыхільнасць да сваёй радзімы, да зямлі, да бацькаўшчыны, да векавых народных традыцый, якія лічылі самымі правільнымі. Яны з поўным даверам адносіліся да намаганняў і вопыту сваіх продкаў, лічылі, што ўсё тыя рабілі правільна і што новы вопыт прыводзіць да тых жа вынікаў, што і ранейшыя. Земляроб верыў, што прыёмы і формы апрацоўкі глебы, тэхналогія вырошчвання розных культур, якія пераходзяць са стагоддзя ў стагоддзе, заснаваны на разумных пачатках і прывіліся таму, што былі правільнымі. Народ гаварыў: «Нашы дзяды не зналі бяды». А таму трымаліся правіла: «старыны не рухаці». I з пакалення ў пакаленне працягвалі працаваць тымі ж прыладамі працы, традыцыйнымі прыёмамі, зберагаючы працоўны вопыт папярэднікаў.
Гэты жыццёвы вопыт гаспадарання многіх пакаленняў мае вялікае значэнне і сёння з пункту гледжання назапашвання і зберажэння карысных, жыццёва важных вынікаў пазнання акаляючага свету. Гэтыя мудрыя парады перадаліся нашчадкам у выглядзе прыказак, прымавак, народных прыкмет, вераванняў і г. д. Народ заўважаў, што праца на зямлі патрабуе прыкладання рук, сілы, якую, аднак, трэба траціць ашчадна: «Без дагляду зямля круглая сірата», «Сей смела, калі ў саду бела», «Кладзі гной густа — не будзе ў свірне пуста», «Калі добра ўзарэш, то і ўраджай збярэш».
Селянін добра ўсведамляў неабходнасць не прапусціць спрыяльныя тэрміны сяўбы, праполкі, уборкі ўраджаю, закладкі яго на зіму. Прыказкі, прымаўкі, народныя выслоўі вучаць, як весці гаспадарку, якую тэхніку земляробства выкарыстоўваць: «Спас — усяму час», «Дзе рукі і ахвота, 72
там вялікая работа», «Не марнуй часударэмна, вясна пройдзе — не вернеш», «Глыбей узарэш — болей забярэш», «На Бога спадзявайся, але і сам старайся» і г. д.