Гісторыя на градках агародніцтва на Беларусі

Гісторыя на градках

агародніцтва на Беларусі

Выдавец: Беларусь
Памер: 144с.
Мінск 2008
63.03 МБ
У кожнай сваёй пастанове, пачынаючы са студзеня 1945 г., гарвыканкам, напрыклад, выносіў рашэнне аб выдзяленні ўчасткаў пад калектыўныя і індывідуальныя агароды для рабочых і служачых розных прадпрыемстваў г. Магілёва, забеспячэнні іх насеннем, угнаеннем, інвентаром і агранамічнай дапамогай558.
Так, на Магілёўскай швейнай фабрыцы на 115 рабочых было размеркавана 15 га зямлі пад агароды, на шаўковай фабрыцы — на 179 рабочых 9,4 га, на 22 супрацоўнікі дзіцячага дома № 1 было выдзелена 0,85 га, а дзіцячага дома № 2 — 1 га559. Атрымалі свае ўчасткі і працаўнікі іншых прадпрыемстваў і ўстаноў. Участкі гэтыя размяшчаліся па ўскраінах: на тэрыторыі Мышакоўкі, Піўзавода, Лупалава і ў іншых месцах.
Асабліва важнае значэнне для харчавання мела бульба, якой пасля вайны катастрафічна не хапала нават на насенне. Таму ў гэты нялёгкі час, па ўспамінах старажылаў, як насенны матэрыял выкарыстоўвалі вярхушкі бульбы з 2—3 «вочкамі». I трэба сказаць, што гэтая часцінка бульбіны давала неблагі ўраджай. Ганна Паўлаўна Старавойтава з в. Забалацце Чавускага раёна Магілёўскай вобласці расказвала, што адразу пасля вайны з-за недахопу насення бульбы выкарыстоўвалі для пасеву нават шалупінне з «вочкамі»560.
Дырэкцыя заводаў, фабрык і іншых прадпрыемстваў і ўстаноў заключала дамовы з калгасамі і саўгасамі на вырошчванне расады і продаж агародных культур рабочым і служачым для пасеву на асабістых агародах. У першую чаргу агародамі ў гэты час забяспечваліся сем’і франтавікоў і інвалідаў.
Існавала праблема і абароны калектыўных і індывідуальных агародаў ад марадзёраў і злодзеяў. Ахову іх ажыццяўлялі самі рабочыя і служачыя, пасылаючы свабодных ад працы членаў калектыву, а таксама прыцягвалі да гэтай справы членаў сямей з аплатай іх працы за кошт агароднікаў561.
Пастановай Савета Міністраў БССР № 345 ад 1 красавіка 1948 г. «Аб мерах па далейшаму развіццю калектыўнага і індывідуальнага агародніцтва» быў прадугледжаны шэраг захадаў, накіраваных на развіццё гэтай важнай галіны гаспадаркі. Сярод іх вызначаліся меры па пашырэнні плошчы пасеваў за кошт свабодных зямель гарадоў, дзяржземфонда і дзяржлесфонда, свабодных зямель прадпрыемстваў, нявыкарыстаных зямель калгасаў, у паласе адчужэння чыгунак, а таксама па павышэнню іх ураджайнасці562. Аблвыканкамам было даручана прыняць адпаведныя меры для ўкаранення іх у жыццё.
Трэба было навучыць асноўную масу працуючых новым прыёмам гаспадарання, а для гэтага патрэбны былі веды па агратэхніцы і тэхналогіі вырошчвання агародніны. 3 гэтай мэтай у клубах і чырвоных кутках прадпрыемстваў былі арганізаваны лекцыі, гутаркі, кансультацыі. Актыўная прапаганда гэтых ведаў вялася па радыё. Аказвалася дапамога агароднікам транспартам, цяглавай сілай, продажам насення ларкамі «Сортсемовот» і расады з прыгарадных калгасаў і саўгасаў і г. д.
Ацэньваючы гэтыя намаганні, трэба сказаць, што яны былі своечасовымі і карыснымі таму, што давалі магчымасць у кароткія тэрміны забяспечыць насельніцтва харчаваннем. Прыхільна ўспрымаліся гэтыя мерапрыемствы і насельніцтвам, большасць якога складала сялянства, а значная частка працуючых у горадзе таксама была выхадцамі з вёскі. Па ўспамінах старажыхароў, агароды каля дома, а таксама каля баракаў, у якіх жыла пэўная частка рабочых, размя-
шчаўся хлеў для кабанчыка ці казы, радзей — каровы, былі амаль адзінай крыніцай здабывання харчавання для даволі вялікай сям’і563. Склад агародных культур быў традыцыйны: цыбуля, капуста, агуркі, бульба, таматы, гарох, боб, кроп, каляндра, морква, буракі, гарбузы і інш. Невялічкі парнічок, які накрываўся рамай і матам з саломы, быў прыстасаваны выключна для расады. Тым не меней, як сведчаць апытанні, на градках у адкрытым грунце добра расла агародніна. Нават капрызныя да ўмоў надвор’я таматы паспявалі да канца лета выспець, бо не падшкоджваліся тады яшчэ такой небяспечнай хваробай, як «мучністая раса» і іншыя хваробы, ад якіх зараз гінуць пасевы. Зрэдку ў агародах вырошчваліся і экзатычныя кулыуры.
Пра вопыт вырошчвання ў Беларусі бахчавых культур расказаў нам мясцовы жыхар в. Каменка, што ў Чавускім раёне Магілёўскай вобласці, Пётр Новікаў. Яго дзед адзіны ў вёсцы ў даваенны час вырошчваў кавуны і дыні. Вядома, што кароткае лета ў Беларусі не дае магчымасці выспець гэтым культурам. Таму селянін спачатку вясной сеяў іх у невялікія гаршкі, а ў маі высаджваў у ямкі глыбінёй да 20— 30 см і накрываў іх на ноч пакляй (адыходамі пянькі). I так доўжылася да тае пары, пакуль заканчваліся майскія замаразкі. Далей яны раслі ў адкрытым грунце. К канцу лета прыгожыя паласатыя кавуны і жоўтыя дыні вагой крыху болей за 1—2 кг, красаваліся на агародзе. Іх здымалі і захоўвалі на гарышчы, там, дзе заўсёды беларусы захоўвалі яблыкі, дулі, прыкрываючы саломай ад сцюжы і маразоў564.
Кавуны і дыні па большай частцы спажывалі ў свежым выглядзе. Акрамя таго, кавуны салілі ў бочкі такім жа спосабам, як і агуркі. Як высветлілася, гаспадар, які пэўны час жыў у Сібіры (ён мігрыраваў туды з Беларусі ў пачатку 30-ых гг. і праз два гады вярнуўся), дзе вырошчвалі бахчавыя культуры, набыў свой вопыт там і паспрабаваў вырошчваць іх і ў Беларусі.
Праблемы ў вырошчванні агародных культур узнікалі ва ўсе часы. 18 кастрычніка 1953 г. газета «За Радзіму» надрукавала артыкул «Назревшне вопросы развнтня овошеводства», дзе гаварылася аб нізкіх ураджаях агародніны ў асобных гаспадарках, аб неабходнасці агранамічнай дапамогі насельніігг-
ву і г. д. Праводзіліся рэспубліканскія і ўсесаюзныя семінары і канферэнцыі па праблемах агародніцтва. Так, 19 мая 1969 г. у Маскве беларуская дэлегацыя ўдзельнічала ў семінары пад назвай «Павелічэнне вытворчасці агародніны і павышэнне яе якасці». У гэты час на ВДНХ, на выстаўцы «Манеж», дэманстравалася і агародніна беларускіх вытворцаў.
У 1940 г. пасля ўз’яднання Заходняй Беларусі з БССР былі створаны мясцовыя органы кіравання сельскай гаспадаркай — зямельныя аддзелы выканкамаў раённых Саветаў дэпутатаў працоўных, якія займаліся размеркаваннем зямель і іх выкарыстаннем, стварэннем калгасаў і саўгасаў, раздачай зямель сялянскім гаспадаркам, надзяленнем зямлёй сямей рабочых і служачых і г. д.
Для нашай тэмы вялікую цікавасць уяўляюць дакументы Занальнага дзяржаўнага архіва г. Пінска, якія ўтрымліваюць звесткі аб размеркаванні зямель па ўгоддзям, аб групіроўцы сялянскіх гаспадарак па колькасці зямлі, у тым ліку і зямлі пад агароды, аб крыніцах выдзялення зямель сялянам, рабочым і служачым, структуры пасяўных плошчаў і долі ў іх агародных культур і інш.
За час акупацыі нямецка-фашысцкімі захопнікамі тэрыторыі Заходняй Беларусі вялікая частка ворнай зямлі перайшла ў аблогі. Перш за ўсё гэта ворныя землі, у тым ліку і агароды былых маёнткаў, перададзеныя калгасам і саўгасам, якія пасля роспуску апошніх немцамі не апрацоўваліся на працягу трох гадоў і таксама ператварыліся ў аблогу. He апрацоўваліся і землі сялян, якія пайшлі ў партызанскія атрады, а таксама расстраляных і вывезеных у Германію. Так, у Ганцавіцкім раёне ў 1944 г. у аблогу перайшлі 1347 га ворнай зямлі565. У Лагішынскім раёне Пінскай вобласці ў параўнанні з 1941 г. выкарыстоўвалася толькі 3778 га ворнай зямлі, ці 19,9 %566, у Целяханскім — 24,2 %567. Аналагічная тэндэнцыя характэрна і для іншых раёнаў Заходняй Беларусі. На змяншэнне ворыўнай зямлі ўплывалі недахоп цяглавай сілы, угнаенняў, разрабаванне жывога і мёртвага інвентару, знішчэнне мірнага насельніцтва, частковая эвакуацыя яго ў тыл.
Па Пінскай вобласці, напрыклад, у выніку вайны было разбурана 938 сялянскіх гаспадарак і 20 340 га ворыва зас110
таліся пакінутымі ў выніку выезду ў Польшчу асобных сем’яў568. У 1946 г. па Пінскай вобласці ворыўная зямля займала 204 750 га, ці 13,4 % ад агульнай плошчы; пад агародамі было 6620 га, ці 3,2 % ворыўнай зямлі569. Сярэдняя плошча агарода ў асобных раёнах у 1946 г. складала 0,04— 0,05 га570. У калгаснікаў Пінскай вобласці прысядзібныя ўчасткі меней 30 сотак (0,3 га) складалі 2,7 %, большасць мела ад 0,3 га да 0,61 га.
Змяненні ў занятках агародніцтвам у другой палове XX ст. звязаны з працэсамі урбанізацыі і міграцыі насельніцтва з вёскі ў горад, пашырэннем вытворчасці агародніны ў калгасах, саўгасах, у парнікова-цяплічных камбінатах, членамі садова-агародных таварыстваў, прадпрымальнікамі, з развіццём тэхналогіі вырошчвання агародных культур і пашырэннем ведаў сярод насельніцтва і інш. Нязменным застаецца тое, што вясковыя жыхары па-ранейшаму вырошчваюць агародніну пераважна для асабістых патрэб.
Трэба адзначыць, што ў структуры пасеваў на сялянскіх сядзібах адбыліся змены ў бок пашырэння плошчаў пад агародныя культуры: бульбу, капусту, буракі, гарбузы, а таксама розныя травы (канюшыну, цімафееўку і інш.) і змяншэння пасеваў збожжавых. Гэта звязана са старэннем насельніцтва вёскі, скарачэннем колькасці жывёлы і птушкі ў асабістых гаспадарках, для якіх сяляне вырошчвалі жыта, ячмень і іншыя культуры. Зніклі з сялянскіх агародаў у другой палове XX ст. каноплі, мак, лён, рэпа і з’явіліся, акрамя традыцыйных культур (цыбуля, морква, буракі, гарох, боб, агуркі, гарбузы, капуста, рэдзька і г. д.), розныя гатункі таматаў, перцу, а таксама спаржавай фасолі, кабачкоў, пятрушкі, каляровай капусты, сельдэрэю, салаты і інш. Дзякуючы шырокай сетцы магазінаў па продажы сертыфіцыраванага насення ў апошнія дзесяцігоддзі моцна пашырылася разнастайнасць гатункаў як традыцыйных, так і новых агародных культур. У гандлёвай сетцы можна набыць угнаенні для агародных раслін, а таксама глебу для пасеву насення на расаду.
Асобна трэба сказаць пра таматы. Спроба апытання насельніцтва розных рэгіёнаў Беларусі пра ўзнікненне і традыцыі вырошчвання іх не дала чакаемых вынікаў: у адных
рэгіёнах (пераважна паўднёвым і заходнім) таматы вырошчвалі з пачатку XX ст., у другіх — з сярэдзіны. Вядома, што таматы ўжо ў XIX ст. вырошчвалі на сваіх агародах і ў цяпліцах памешчыкі. Аднак у сялянскім асяродку ў гэты час яны былі экзатычнай культурай і сустракаліся рэдка. Нават у першай палове XX ст. таматы вырошчваліся далёка не ва ўсіх месцах Беларусі і ў невялікай колькасці. Апытаныя жыхары розных месц адзначалі, што некалькі каліваў памідораў садзілі непадалёку ад хаты, і гэтага ім хапала. Мала хто з сялян ведаў пятрушку, тапінамбур, сельдэрэй. Заўважана адна акалічнасць, што традыцыю сеяння новых для сялян культур пераймалі раней асобныя жыхары вёсак, якія суседнічалі з панскімі маёнткамі.