• Газеты, часопісы і г.д.
  • Глёрыя Патрыя (вершы і фатаграфіі 80-х гадоў) Зянон Пазьняк

    Глёрыя Патрыя

    (вершы і фатаграфіі 80-х гадоў)
    Зянон Пазьняк

    Памер: 356с.
    Вільня 2000
    235.46 МБ
    Ідуць ДНІ
    Распускаюцца вішні, Як быццам учора.
    А ў сябра белыя валасы.
    Ападаюць лісты
    Бачыў штодня па дарозе, Як груша старая
    лісьце скідае.
    Сёньня — чарнеюць сукі.
    207
    Рэчка
    Цячэ рэчка праз жыцьцё
    I хвалі хаваюцца ў часе.
    Булькоча вада на малых камушках.
    Слухаю дрэвы
    Якое сіняе неба між лісьця!
    Чую сасну ў цішыні.
    Бярозу — на ветры.
    Добра пісаць
    Багаслаўленая пара.
    Чысты стол, цішыня і папера.
    Прыслухоўваюся да душы.
    208
    * * *
    Сябры — у маладосьці. У старасьці —
    сам з сабой.
    Вішні
    Ніхто не глядзіць, Як хораша вішні цьвітуць. Няўжо на ягады спадзяюцца?
    У красавіку
    Кроплі зьвісаюць з голых сукоў.
    Дробненькі дождж
    абмывае счарнелы пыл.
    Ад’язджаю цягніком
    Адплывае ўдалеч мая Зямля.
    Цьвітучыя сосны
    бягуць за апошні вагон.
    Дым.
    210
    /7 & ^ ^^ & ^ с. ^> лб е г
    qJ^^^^c н^^/^^і^' 7-
    Танга над Гаўёй
    Танцы на мосьце У месячным сьвятле — Як даўно гэта было.
    214
    Перамена
    Першы сьнег.
    А ўжо сьлед пратаптаў Нездаволены кот.
    Ліставей над Гаўёй
    Толькі вецер падзьме —
    I градам з алешьш ляцяць лісты. Нядоўга плывуць па рацэ.
    Стары млын
    Даўно няма ні ставу, ні мастоў. А шум вады ў памяці Так сэрца суцяшае.
    Крумкач
    Высока лунае крумкач: Як сьвет перамяніўся — Поле да небаспаду.
    * * *
    Вось лес — народа лёс.
    Змрок у падсечаным лесе
    Зарыпела сасна ўначы.
    Чыя гэтак стогне душа?
    3 падсочак плыве жывіца.
    * * *
    Ідучы пехатой па старым гасьцінцы, за ўвесь дзень не спаткаў чалавека. Тады я напісаў:
    Нідзе ні душы.
    Толькі машыны пыляць.
    Сьпяваю адзін на дарозе.
    Раніцой іду праз луг
    Павуціньне пад сонцам блішчыць.
    Якая халодная раса ў жніўні!
    Узьлятае з-пад ног перамоклая моль.
    217
    На пероне
    Пачуўся гудок за ліпамі.
    Дзяўчынка малая
    ляльку калыша — Сьпі, мой сыночак, сьпі.
    Нядзельны ранак
    Раніцой у нядзелю
    на вуліцах пуста.
    Адзінокі аўтобус імчыць.
    Чорны сабака
    з лужыны хлебча ваду.
    Іду праз могілкі
    Сонца парыць.
    На ссохлых вянках Зялёныя мухі.
    Дома перад навальніцай
    Чорная хмара з усходу ідзе.
    Злавесна прыціх абсяг.
    Надрыўна ў шыбе зьвініць аса.
    На сьвітаньні
    Якое чырвонае неба на ўсходзе.
    Залоціцца кніг пераплёт,
    Дзе напісана,
    як зьменіцца
    ўсё на Зямлі.
    219
    Іду па Вялейцы
    Вялікая плошча. Брук.
    Сонечны бляск верасьнёвы.
    3-за блакітнай царквы
    чортава кола відаць.
    ЗІМОЙ
    Павольна з шыферу спаўзае сьнег.
    Хтось фіранку крануў.
    Мільганула рука ў вакне.
    Сон пад ветрам
    Цэлую ноч без канца Стукае ў раме шкло.
    Вецер шалее на хвалях Дрывят.
    222
    /0 а л e /с t. # <^ ^J cc з
    Прачынаюся
    Што гэта? Нібы скрыпка гучыць.
    Абудзіўся — у вакне
    Падымаецца сонца над лесам.
    Прысады
    Пад бярозамі, дзе пяюць салаўі, Жаўцее акацыі мора.
    Далёка цягнік грукоча.
    Крым
    3 высокай гары —
    мора за небакрай.
    Тыя, што застануцца жыць, Убачаць тое самае.
    Гурзуф
    У татарскай саклі П’яны Іван.
    Ніводнага татарына.
    224
    Чытаю паэзію новых формаў
    Ну што ён так
    доўга піша
    Пра струны і росы ?
    А яшчэ японец.
    Напамінаньне
    У сябра няшчасьце —
    маці памерла.
    Цэлы дзень маўчу.
    Прамінаньне
    Жаўціцца сьвятло, нібы воск. Як хутка сыплецца лісьце Верасьнёвым марозным днём.
    225
    Сьцежка
    Засьнежаны парк.
    Па дарожцы бязьлюднай Хлопчык ідзе.
    Галубы
    Праз шыбы зірнуў — белы сьнег.
    Восьмы паверх.
    Галубы ляцяць.
    226
    Стары Івянец
    Дыханьне каня
    На торбе з аўсом заінела.
    Марозны дзень.
    Год за годам
    Мінае вясна і травень
    Скора, як дым на вятрыску,
    Толькі старыя сябры
    застаюцца са мной.
    1988.
    Адзінота ў верасьні
    Куды адлятае гудок вячэрняга цягніка?
    Пад асеньнімі хмарамі Раствараецца дым
    над палямі.
    227
    Жнівеньскі дзень
    Зайшоў у кавярню няўзнак.
    Выйшаў — аж мокры асфальт.
    Пералётны дожджык.
    Капуста
    У лісьцях капусных
    ірдзіцца раса.
    О, і капуста хараство!
    Певень
    Нібы дзяркач,
    так перамок чырвоны певень Пад ліўневым дажджом.
    Якія ўжо там куры!
    230
    Пасяліўся ў гасьцініцы
    Нясьцішны дождж на вуліцы. Як добра засынаць
    Пад пах язьміну.
    На рынку
    Пацеркі з ракушак? He для каханай.
    Флёксы
    Цёплай ноччу пад вакном Флёксы белыя цьвітуць.
    О, юнацтва!
    231
    
    * * *
    Калі я прыехаў сюды зноў, мне сказалі, што мой сябра даўні — аматар флёксаў і юргінь — ажаніўся і цешыцца з жьгцьця. Тады я напісаў:
    Як усё перамянілася.
    Там, дзе ружы некалі цьвілі,
    Расьце цыбуля
    ў суседа на двары.
    Народнае сьвята
    Танцуюць кадрыль на траве.
    Шалясьціць у крухмальных кашулях дзяўчат
    маладосьць.
    Дзед стары ўспамінае былыя гады.
    Кастрычнік
    У дзень будзённы
    ў цішыні
    Праз вецер за сьцяной
    аркестр зайграў
    Жалобны марш.
    1988.
    234
    Брудная вайна
    Ніколі дарам не міне
    Забітых кроў, нявінных.
    Без пакаяньня...
    хоць бы заплакаў
    хто-небудзь.
    1987.
    Вайна
    Адчыняюцца крамы насьцеж. Заходзьце, народ. Бярыце ўсё. Душацца ў дзьверы.
    1987.
    Вішні-І
    О, вясновыя вішні! Задумалі вы плод пунцовы, Бо люба белае цьвіценьне.
    Сьветлы травень
    Сьвітаньне ў вакне маёвае.
    Ветрык павявае.
    Вольная Беларусь.
    236
    * * *
    Песьня мая, Будзь мне ласкавай.
    1982.
    * * *
    Я даўно зразумеў, Што хоку — Гэта фатаграфія. Фатаграфія, якую Можна пісаць пяром.
    237
    /
    Брама
    Я спыніўся перад брамай, Дзе коньнік збройны зь мечам Сьцярог невядомасьць.
    Мяне ўразіла
    Безьліч безыменных магілаў Перад бясконцым мурам.
    Я падумаў, што гэта могілкі, I пайшоў праз браму, Каб паглядзець і вярнуцца.
    Я не памыліўся. Гэта былі могілкі.
    Там я ўбачыў крыж Са сваім прозьвішчам, Без эпітафіі.
    Ля крыжа сядзеў чалавек, У якім я пазнаў самога сябе.
    “Чаго ты прыйшоў сюды 3 пустымі рукамі? — Спытаў мяне нездаволена я, — Месца тваё перад брамай”.
    Я падаў мне руку і сказаў: “Здароў будзь, Зянон.
    Што ж я магу прынесьці сюды, Акрамя сваіх рук?”
    I мы пайшлі, каб вярнуцца, Бо кожны зразумеў, Што няма чаго там рабіць 3 пустымі рукамі.
    1981.
    240
    Заслона
    Я сьпяшаюся.
    Доўга бягу па дарозе.
    Бясконцым здаецца мне шлях.
    Наперадзе мэта і сэнс.
    Ззаду схіл і россыпы камянёў.
    Я ведаю, што ўсё залежыць ад хуткасьці, Бо адмераны час, а колькі яго — невядома. He разглядаюся, каб не марудзіць.
    Кідаюся ў бакі, каб спрастаць дарогу,
    Але пераконваюся, што просты шлях наперадзе.
    Прысьпешваю бег і бачу, як удалечыні Апускаецца заслона.
    He спыняюся, прымерваюся пасьпець,
    I не пасьпяваю.
    Усё ніжэй апускаецца герса.
    Бразгаюць жалезныя створкі.
    Немарасьць!
    Адчуваю кволасьць свайго цела, Але разганяюся хутчэй.
    Разумею, што імчуся насустрач канцу, Хоць не скончаны шлях.
    He спыняюся,
    Бо ведаю, што іншага руху няма.
    Бачу здалёк сьпёклую кроў на жалезе.
    — Што рабіць? Што рабіць? Што рабіць? — Сьвідруе адно пытаньне.
    1983.
    242
    На скрыжаваньні
    Мне заступілі дарогу трое ворагаў
    I закрычалі:
    — Мы заб’ем цябе, Зянон!
    Тут падышоў мой сябра
    I ворагі змоўклі.
    Але сябра ўбачыў, што ворагаў трое, — сказаў:
    — Абодвух заб’юць, —
    I перайшоў на іх бок.
    Тым часам падышоў другі сябра.
    Але ўбачыў, што іх чацьвёра, — сказаў:
    — Ты павінен мяне зразумець, —
    I стаў на бок чатырох.
    У гэты час напаткаў мяне трэці сябра.
    Але ўбачыў, што іх пяцёра, —
    Без слоў перабег да пяцёх.
    Тады я сказаў сябрам:
    — Глядзіце: трое іх, трое вас, я — чацьвёрты.
    Хіба дазволіце ворагам забіць свайго радака?
    — He дазволім! — дружна сказалі сябры.
    I ворагі адступілі.
    Так мы і разышліся з таго скрыжаваньня:
    Ворагі сабе, мы — сабе.
    Толькі з тае пары
    Я стаў вельмі асьцярожны з сябрамі
    Да першага скрыжаваньня.
    1983.
    243
    Нехта сьветлы
    Душна.
    Пэўна, душыць само паветра У камеры без вокан.
    Галаву абцяжарылі словы, А плечы — работа.
    Ачышчваю памяць.
    Але не магу збавіцца ад цытат, Хоць разумею бязглуздасьць. Імкнуся спачыць.
    Але ніяк не ўсьцягну на гару камень, Каб іншы спусьціў яго ўніз.
    Хоць бы адно вакно, Каб зьменшала духата. Хоць бы шчылінка, Каб бачыць прастор! Ноччу, калі ліпкая цемра здратавала зрок, А словы сьціснулі горла, Каб нічога не выйшла з душы, Кінуўся на сьцяну.
    Думаў мур праламаць нянавісьцю.
    Але мур не заплакаў маёй крывёй —
    Злосны рогат прабег сталяваньнем. Гэта добра.
    Ісьціна — тое, што высьмейваюць дурні.
    Раптам з гурту Устаў чалавек, як і ўсе, Толькі з сьветлым абліччам.
    Ціха-ціха, лагодна прайшоў ля мяне праз сьцяну, Як праз дым,
    I ніколі ўжо не вярнуўся.
    1985.
    244
    Воз
    Па гразкай дарозе праз лес пад дажджом Цягнуўся наш воз.
    Поруч з намі ішоў стомлены чалавек
    I глядзеў пад ногі.
    — Падвязём яго, дзеду!
    — Баюся, — пачуўся адказ. — Ня ведаю, хто ён.
    Як вораг, то можа забіць.
    Стомлены чалавек ішоў
    з апушчанай галавой, I мы не бачылі
    нават яго аблічча. Хлюпала гразь пад капытамі каня, Абадамі калёс і ботамі спадарожніка. Падалі кроплі зь ялін.
    — Вайна адвучыла людзей рабіць дабро, —
    Падумаў услых мой дзядуля. — Сядай, чалавеча!
    Той узьняў галаву
    I аж вочы яго заплылі сьлязьмі, Так ён дзякаваў дзеду.
    Бо ў іншых прасіў — аніхто не спыніўся.
    I хораша стала ўсім нам траім. Плялася спакойна гаворка, Бадзёра цягнуўся наш воз.
    Толькі потым дазналіся мы, Што вораг сьмяртэльны
    сядзеў разам з намі...
    Усё сплыло, як вада, як туман, Адзьвінела, як песьня на ніве. Наперад цягнуўся наш воз Цераз грэблі, балоты, дажджы і разьлівы,
    А словы дзядулі гучаць у вушах: — Хто вораг, унучку, — той нешчасьлівы.
    1984.
    245
    Шукальнікі
    — Шукаю ісьціну, — сказаў шукальнік
    I пайшоў па шырокай дарозе.
    Але неўзабаве ён пераканаўся,
    Што ніхто не заўважае яго шуканьня.
    Тады ён пайшоў тылам наперад, Падымаючы нагамі пыл.
    Усе заўважылі і даведаліся, Што шукальнік шукае ісьціну.
    Але неўзабаве ён спаткаў другога шукальніка,
    Які ішоў на галаве, скакаў на барадзе,
    Ехаў на языку і ляцеў на бурбалках, Што пускаў праз нос.
    — Ісьціна недасягальная, — сказаў тады першы шукальнік I стаў думаць пра недасягальнасьць ісьціны.
    Але неўзабаве ён заўважыў,
    Што ніхто не ведае пра сэнс яго думаньня.
    Тады думальнік сеў у кадушку,
    I ўсе адразу зразумелі, што перад імі — філосаф.
    Тым часам на галаву філосафа звалілася шышка.
    Глянуўшы ўверх, ён заўважыў на дрэве другога філосафа, Які вісеў уніз галавой, Зачапіўшыся нагою за сук, I моцна думаў.
    Тады першы філосаф голасна закрычаў
    Пра бескарыснасьць пустога думаньня аб недасягальнасьці, Бо толькі дзейная творчасьць Стварае асобу і сьвет.
    3 гэтымі словамі ён узяў пэндзаль
    I пачаў маляваць самога сябе.