Год беларуса  Стары Улас

Год беларуса

Стары Улас
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 174с.
Мінск 1990
25.02 МБ
2
Нядаўна ў нас два чалавекі, узяўшы ў вясковага гаспадара каня, паехалі за дзесяць вёрст на вечарынку. Крыху пабавіўшыся, вярталіся дамоў. Але яшчэ намеркавалі заехаць крыху ў старану да аднэй удавы — Бог іх там ведае, мусіць, мелі да яе нейкае дзела. Едучы, збіліся з дарогі ды ўсадзілі ў капаніцу каняку. А пакуль хадзілі па людзей, дык той бедны і акалеў, і цяпер, мусіць, прыйдзецца заплаціць таму гаспадару за коніка. А ўсё гэта праз мароз, які ў той час тут стаяў2.
3
Няма дзіва, што ў Думе гавораць па сем гадзін аб гарэлцы, бо і ў нас, калі аб гэтым падумаць ды ўсё расказаць, дык і за сем дзён не даў бы рады. У нас ёсць дзве казённыя манаполькі, каторыя павэдлуг сваіх правоў і парадкаў не прадаюць гарэлкі
ва ўсе святочныя і табельныя дні, ані ў той час, калі адбываюцца суды, сходкі і богаслужэнні. Дык гэта выглядае так, што ў гэты час не павінна быць зусім п’янства. Але куды там! Як толькі сход, суд ці святочны дзень, дык трудна прайсці за п’янымі. А дзе ж яны бяруць гарэлку, спытаеце? А ў нашых услужлівых мяшчан.
Нядаўна ў нас быў кірмаш на «масленую», дык нашы патайныя шынкары ёмка к яму прыгатаваліся. Але адкуль нанясло ліха вішнеўскага акцызніка. Ну, дык той вазамі вазіў гарэлку, узятую з хат. Але затое ўжо кірмаш быў такі ціхі і спакойны, што, мусіць, такога другога не было ніколі ў нашым мястэчку. Усе спакойна раз’ехаліся да хат, не было разбояў, і нідзе не відаць было п’яных людзей 3.
4
Каля нас зразу вясна паказалася вельмі харошай: увесь красавік быў пагодны з цёплымі дожджыкамі, стаяла харошая пагода і ўсе спадзяваліся ўраджайнага лета. Але як наступіў травень, дык усё неяк адмянілася, урэчы секануў хто тапаром: зразу настала суша і сцюжа. Жыта засела і не расце, трава паўнікала і памерзла разам з ранняй гароднінай, а пасеяная ярына ляжыць наверсе зернем і не думае ўзыходзіць. Цэлыя тыдні не было дажджу, хоць часам пачыналі збірацца хмаркі і ўрэчы капаў дожджык, як з-пад крапідла свянцоная вада, але зараз жа падападаў сярдзіты вецер і так, як нячыстая сіла, пруцячы віхрам стаўны і хвалі пяску іпылу, праганяў дажджлівыя пузыркі некуды далёка-далёка...
Затое кожын дзень то там, то сям убачыш клубы
чорнага дыму, што паднімаюцца ўгару: гэта гараць панскія і казённыя лясы, а нярэдка і цэлыя вёскі. А як нашы гаспадары па старадаўняй прывычцы дзеляць бацькаўшчыну на дробныя матузкі і лепяць свае будынкі адзін на другі, ну дык затое як уб’ецца агонь, тады ніякага ратунку. Гэтак нядаўна было ў адной нашай вёсцы Шчаўканах: як загарэўся адзін канцавы гаспадар, дык усю вёску як бы змяло і ачысціла мятлой. Як гэта дрэнна, што нашы людзі не хочуць рассяляцца на хутары, дзе многа лепш гаспадарыць і ў пажарным няшчасці многа бяспечней, як цяпер. Хіба, можа, бяда нас як прыцісне, дык мы пазнаем, што лепш 4.
5
Сказаўшы божую праўду, дык каля нас яшчэ вельмі цёмны, але прытым і вельмі добры, а як другія кажуць, і вельмі дурны народ, і з гэтай прастаты карыстаюць усякія несумленныя людзі, каторыя на ўсякі лад ашукваюць нашага брата. Дык і нямашака дзіва, што часамі беларуса трудна намовіць да чаго-кольвечы добрага: ён будзе слухаць і на словах патураць, але ў душы дык саўсім табе не паверыць, бо ён ужо за гэта паплаціўся калісьці. Нядаўна было каля нас такое здарэнне: пакралі ў вёсцы Зафільцы ў аднаго гаспадара коні. Праз нейкі час, так неяк адвячоркам, прыходзіць да гэтага самага гаспадара чалавек, нейкі быццам купец, і гаворыць, што ён сын нейкага падрадчыка з Вілейкі, каторы быццам дастаўляе хлеб арыштантам, і ён чуў, як адзін свежаарыштаваны расказваў сваім таварышам, як пакраў коні ў вёсцы Зафільцы і куды іх падзеў. Вось ён таму гаспадару і кажа; «Калі дасі мне
50 рублёў, дык я пакажу табе, дзе твае коні знаходзяцца, і памагу іх шукаць; толькі нікому аб гэтым гаварыць не можна, бо як дачуюцца тыя, у каго яны ёсць, дык перададуць у другое месца і будзе прапашчая справа». Гаспадар той думае сабе: хоць 50 рублёў і шкода, але ж за гэтыя грошы двое коней не купіш, а пры тым гэта ж такі будзе свая скаціна, да якой ён прывык. А тут бяда — нямашака грошай. Павытрасаўшы ўсе вузёлчыкі, ледзь сабралі 10 рубельчыкаў з вялікай труднотай і гэтыя апошнія грошы аддалі на задатак, а праз ноч састараліся яшчэ 40 рублёў, пазычыўшы іх у добрых людзей, і, наняўшы хурманку, паехаў той гаспадар з тым купчыкам па коні, узяўшы, аднак жа, дзеля смеласці свайго сына, дужага мужчыну, як дуба.
Ад’ехаўшы за 5 міль ад дому да мястэчка Каменя, астанавіліся на папас у карчме і там выпілі, закусілі парадне ды аддалі свайму сябру яшчэ 40 рублёў. А той, наеўшыся добра на месцы, набраў яшчэ з сабою гарэлкі і булак, пайшоў быццам у лес па коні, а ім сказаў падаждаць. Дык тыя бедакі, праждаўшы два дні і дзве ночы, вярнуліся з парожнімі рукамі дахаты 5.
1912 год
1
У нас, дзякаваць Богу, як і ў людзей, адкрылі сельскі банчок і, атрымаўшы з казны 2000 рублёў на пачатак, за адзін тыдзень усе іх рассунулі. Распазычыць то вельмі было лёгка і скора, бо каля нас
народ вельмі на грошы патрэбны, немаведама, цібудзе гэтак лёгка іх пасысківаць. «Дай, Божа, але не ведаю».
Недалёка ад нашага мястэчка ў вёсцы Рачэнях адзін селянін зарубаў на смерць сваю жонку сякерай. Казалі, яна была вельмі злосная баба, а ён дык саўсім ціхі, а як іншыя казалі, дык і дурнаваты чалавек, так што яна яго з сынкамі часта заганяла. Але, відаць што, перабралася мерка, бо гэтак, казалі, было і гэтым разам. Яны яму ўперад нагрэлі добра каркавіну, а ён, ад іх уцякаючы, схапіў папаўшуюся сякеру на сцежцы ды стукнуў жонку ў лабаціну.
А ў прысёлку Сідаравіч у аднаго багатага гаспадара была парадная сямейка, як баб, так і мужчын, і самы малодшы з іх крэўчык быў яшчэ не жанаты, і яму, як відаць, заманулася жаніцца, а тут старэйшыя не пазваляюць, хоць ты ім кол на галаве чашы. Тады ён прыдумаў вось якую штуку: прыгледзеўшы, як бабы варылі зацірку на вячэру, падсыпаў туды добрыя прыгаршчы блёкату, а тыя як нахлябаліся, дык і пайшлі выранджаць усялякія штукі. Адны пяюць, другія выюць, трэція галосяць; дзеці пазалазілі пад печ ды дзяруць казлы, як кажуць, у прапрадзедаўскім уборы. Аж жудка, што там нарабілася. Назаўтра, казалі, прывозілі знахара, але беднаму крэўчыку жаніцца як не давалі, так і не даюць
2
У нас было вось якое здарэнне. Быў у воласці сход. Было мрога народу, і, як гэта вядзецца, вечарком некаторыя зайшлі ў карчму прагнаць сма-
гу. У гэтай кампаніі быў адзін заможны і паважны гаспадар, М. В-ч, з вёскі Сермяжнікоў — за дзве вярсты ад мястэчка. Вось гэты чалавек, не могучы вызваць сваіх суседзяў з тае бяседы, кінуў іх там і адзін пайшоў дахаты. А да суседняй з той, што яны выпівалі, хаты заехаўся нейкі падарожны чалавек, казалі, што пагарэлы, і, паставіўшы свайго каня пад паветкай, забыўся прывязаць яго ды зайшоў у хату. Загаварыўся тамака, а бедная скацінка, відаць, згаладалася, выйшла праз незачыненыя вароты шукаць сабе яды і, мусіць, гэтак блытаючыся, зайшла ў вёску Сярмяжнікі да аднаго чалавека на падворак і там пабірала натрэсенае па сцежцы сена. Як агледзіцца после той чалавек, што нямашака яго каня, як падніме крык, што гэта, мусіць, нехта ўкраў! Папёр ён да ўрадніка, але таго не было дома, ледзь знайшоў яго на хрысцінах. I вось яны гарачымі слядамі знайшлі гэтую каняжыну ў чалавека на дварэ. Тут ураднік прыстаў да таго чалавека, што ён украў каня. А той кажа: «Хрысціцеся вы, я сягоння з дому нікуды не выходзіў».— «А хто быў сягоння ў Пяршаі?» — «А гэта, кажа, быў В-ч на сходзе». Ідуць да В-ча, а той спіць як пшаніцу прадаўшы, і ані яму сніцца, якая над ім збіраецца бура. Будзяць таго. «Ты быў сягоння на сходзе?» — пытае ўраднік. «Быў».— «3 кім варочаўся дамоў?» — «Адзін».— «А каня не бачыў?» — «Якога каня?» — «А таго, што я знайшоў у твайго суседа на дварэ».— «Не бачыў, не ведаю». Але ўрадніку паказалася гэта падазрыцельным, і ён загадаў гэтаму чалавеку адпраўляцца з сабой у арыштанцкую пры воласці. На другі дзень калі ўз’юрыцца таго чалавека жонка, прыпёрла да ўрадніка ды ў плач, ды тыц яму ў рукі тры чырвонцы, каб пусціў
мужыка — ведама, баба. А той, не доўга думаючы,— відаць, каб адлічыцца,— тыя грошы ў пакет і з тым чалавекам у стан. Яго адтуль пусцілі дахаты, але казалі, што будзе суд. Цікавая рэч, як гэты суд выйдзе; бо той чалавек у гэтым дзеле Богу душой хіба вінны 2.
3
Каля нас вельмі цешыліся, што пасля марознай зімы неяк скора пагінуў снег, і думалі, што ўжо будзе цёпла. Бо ў гэтым годзе зіма хоць не вельмі была доўгая, але добра далася ў знакі. Мала таго што парадна пражыў мароз, але пасля сухога лета вада павыбіралася ў калодзежах і яе трэба было вазіць — як сабе, так і скацінцы — за некалькі вёрст. Цяпер затое вады ўжо маем даволі, але таго цяпла, якога ўсе спадзяваліся, дык нешта нямашака, бо насталі нейкія золкія і слотныя дні, часта праходзіць дождж са снегам, а гразі ані вылезці, хутчэй да восені, чым да вясны, падобна. Без пары загінула дарога, і хто астаўся без дроў і без сена, спадзеючыся, што яшчэ будзе мець на гэта часу, цяпер за благой дарогай гэтага зрабіць не можа 3.
4
У нашай старане народ вельмі любіць суды, але яшчэ больш любяць гэта нашы адвакацікі сваёй гадоўлі, каторых завялося ў нас парадна, і іншыя такія мудрыя, што хоць ты стой ды дзівуйся, як яны ёмка абрабляюць свае справы. Завядуцца з сабой браты ці суседзі або ўздумаюць дзяльбу, зараз да адваката. А яго доўга шукаць не трэба. Кожную
нядзельку і чацвер іх можна знайсці ў карчме на покуці. Там яны разглядаюць закон, падбіраюць стацці, каторыя трэба «апаласкаць», і.тады ўжо адвакацік бярэцца за дзела, каторае іншы раз вядзе з двух канцоў: за аднаго ставіцца ў судзе, а другому піша прашэнні. Бывае часам і так: другому нельга даступіцца да адвакаціка, бо ўжо з ім засеў той, з каторым судзіцца, дык трэба ісці да яго дахаты і занесці парадны сувісцель. А ў судзе часам усяляк бывае, і найчасцей выйграе толькі... адзін адвакацік!
Нядаўна з бліжэйшых нашых вёсак дзяліліся два браты, і, як гэта з давён вядзецца, пры дзяльбе прадзёўб адзін другому галаву. Той падаў у суд, і ўездны член прыкінуў гэнаму тры месяцы адсідкі. Гэны незадаволены і перадаўся ў акружны суд, і там яму зменшылі кару на адзін месяц. Добра і гэта, але ўсё ж трэба сядзець, а тут рабочы час — сяўба. Вось ён ідзе да адваката параіцца, як тут зрабіць, каб адбыць кару пасля сяўбы. Адвакат узяўся за нітачку і, намахаўшы прашэнне, сказаў занесці ў воласць пасведчыць подпіс, бо ён быў непісьменны. У воласці як прачыталі тое прашэнне, дык сталі ўсе рагатаць, бо там было гэтак напісана: «Ен незадаволен гэным судом і просіць прадоўжыць кару». Выходзіла так, што заместа аднаго месяца ён сам сабе прасіў тры! I добра яшчэ, што пісар быў добры чалавек і загадаў свайму памочніку напісаць прашэнне па-людску, a то, чаго добрага, гатовы былі да аднаго месяца далажыць яшчэ два. Быў і я ў той час у воласці і пытаюся: «Сколькі ж, ваша, даў адвакату за гэткае прашэнне?» А ён мне адказаў: «Гатоўкі не даваў, але гэтак, па-суседску, шкалікаў з чатыры апаражнілі» 4,