Год беларуса
Стары Улас
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 174с.
Мінск 1990
1913 год
1
Гэтымі днямі каля нас было некалькі нешчаслівых здарэнняў. У вёсцы Жураўцах налажыў на сябе рукі адзін малады чалавек. Ён пагнаўся на пасаг, ажаніўся ў мясаедзе, бо яму цесць абяцаў дзве дзесяціны зямлі пасагу. Тым часам, як у нас кажуць, «абяцанка — цацанка, а дурному радасць». Гэтак было і тут: жонку ён дастаў няўдалую, з той зямлёй парадку яшчэ не было, а тут, як на злосць, маладзёж у вочы лезе. Дык ён, налізаўшыся ў Валожыне парадна манаполькі, пайшоў дамоў, насыпаў паўрукі пораху, шроту і наверх кулю ў стрэльбу, выйшаў за гумно і ўляпіў сабе ў грудзі.
А ў вёсцы Замасцянах быў вялікі пажар, згарэла 22 хаты з усімі будынкамі. I хоць вёска Замасцяны ляжыць на самым беразе ракі Бярозы, але ў гэту суш ды пры такой праклятай шнуравой гаспадарцы не можна было даць ніякага ратунку, і агонь тады толькі ўняўся, як прыпёрся да прагонкі. А яшчэ, як на бяду, мужчын не было дома, бо цяпер у нас правяць дарогі, дык усіх гоняць на дарогу. Да агню кінуліся ўсе, хто толькі мог, адны ратаваць, а другія для цікавасці, от як гэта і заўсягды пры пажарах у нас. Дык гэтаксама і з вёскі Крыжына ўзялі людзі перабірацца на чаўнах праз раку да пажару, і ў адзін човен села трое дзяўчат і адзін хлапец, але чаўнок быў невялікі, не мог утрымаць на вадзе ўсяго цяжару і пачаў сёрбаць ваду, а ў палавіне ракі пачаў тануць. ІІачуўся крык і лямант, і пакуль даспелі іх ратаваць, дык хлапец выплыў, двух дзяўчат выратавалі, а трэцюю, 19 гадоў дзяўчыну, дасталі ўжо нежывую. Трудна апісаць гора бедных пага-
рэльцаў і гора нешчаслівых бацькоў дзяўчыны! Зразумее гэта кожны селянін, што значыць бацькам свая дачка работніца! Браты беларусы! Кідайма старыя парадкі, а пераходзьма жывей на хутары. Будзе менш няшчасцяў, а карысці многа
2
У сваёй хаце — свая сіла
«Служы пану верна, дык ён нос адверне» або яшчэ інакш; ёсць такая прымаўка. А што гэта святая праўда, кожан гэта скажа, бо, можа, не адзін хто і з нас гэтага дазнаў. А дазнаць гэтага не вельмі трудна, бо такіх здарэнняў можна сягоння налічыць сотні, і, каб прыйшлося ўсе іх апісваць, многа патрэбна было б зглуміць і часу, і паперы. А ўсё ж такі адным здарэннем хачу падзяліцца з чытачамі.
У адным глухім кутку нашай маці Беларусі ёсць невялікая вёска, а званне мае такое нейкае мудронае, што трудна яго ўцяміць (але, можа, гэта будзе для чытача не вельмі патрэбна). Вот жа ў той вёсцы жыў калісьці адзін заможны гаспадар, каторы цэлы свой век праслужыў у дварэ лесніком і памёр на гэтай службе. Ен праз цэлае сваё жыццё сцярог панскае дабро днямі і начамі, цягаўся па судах і сведчыў не раз проці сваіх суседзяў, а за гэта, разумеецца, не быў у іх у ласцы. Але пакуль жыў, усё ж такі суседзі яго крыху баяліся, бо, па праўдзе сказаўшы, як багацейшага дык не адзін шукаў яго ласкі. Пад гэны час у дварэ пачалі прадаваць зямлю і акурат пусцілі на прадажу кусок балота проці надзелу таей вёскі, за каторы ўпярод сяляне судзіліся з дваром, і той жа гаспадар (ляснік) угаварыў суседзяў, каб купіць тое балота цэлым сялом сабе на пашу. Сяля-
не спачатку не хацелі, а после неяк наважыліся і згадзіліся. Далі задатку і плацілі рату па раскладцы, а ў сёлетнім гаду трэба было ўносіць рэшту грошы і рабіць «купчую». А тым часам гаспадар гэны памёр, і после яго смерці астаўся гаспадарыць яго ўнук. А ў вёсцы найшліся павадыры, каторыя сталі падбухторваць сялян і гаварыць: «Яго дзед быў лесніком, сведчыў проці нас за гэта балота, і каб не ён, балота было б наша, дык мы яго ўнука не прымем у хаўрус і выкінем з пашы, а гэту часць, што на яго долю прыпадае, разбяром на вёску». А ў вёсцы так, калі адзін гаркнуў, дык усе возьмуцца як за нітачку і як нападуць гурмам на аднаго, дык трудна ацерабіцца. Гэны малады гаспадар, не трацячы надзеі, ідзе ў двор і думае: «Што ж, дзядуля мой служыў двару, а двор калі захоча, каб мяне не скрыўдзілі суседзі, дык яны нічога не зробяць. Прасіць я паноў не буду, каб мне ці падаравалі, ці спусцілі з цаны, няхай мне нараўне з усімі пазволяць купіць, мой жа задатак таксама заплачаны». У дварэ ўжо не тыя былі паны, каторым служыў яго дзядуля, але ўсё ж ткі былі некаторыя паняты, што аб гэтым ведалі і абяцалі яго не папусціць у крыўду. Але як прыйшлося да дзела, дык не захацелі мяшацца ў вясковую справу і памагчы ўнуку таго, каторы сцярог калісьці панскае дабро, як вока ў лобе. Паны без клопату ўзялі грошы ад вёскі, а сяляне з вялікай бядой ледзь адступілі гэнаму маладому гаспадару дзве дзесяціны карчоў. I цяпер сяляне будуць мець выгоду, а ўнук леснікоў за даўгалетнюю ўслугу дзеда астаўся без пашы і будзе цэлы свой век успамінаць панскія абяцанкі2.
ЖЫЦЦЯПІС МАЙГО БАЦЬКІ
Гелена Сівіцкая
I
Уладзіслаў Сівы-Сівіцкі нарадзіўся ў Валожыне 10.III.1865 г. Бацькі: Пётр і Людвіка з Емільянскіх, сялянскага паходжання, валодалі гаспадаркай у некалькі гектараў і хатаю ў Валожыне па вуліцы Віленскай, цяпер — Савецкая, № 49. Бацька працаваў кухарам у валожынскім маёнтку графа Тышкевіча, а маці займалася гаспадаркаю. Бацькі таты памерлі рана, пакінуўшы адзінага дзесяцігадовага сына Уладзіслава, які рос, выхоўваўся і вучыўся пры цётцы Юзэфе Емільянскай у Валожыне.
У 1892 г. ажаніўся з Антанінай Вайцяхоўскай і ў тым годзе пачаў пісаць вершы. У 1894 г. стаў працаваць у валожынскім маёнтку графа Тышкевіча аб’ездчыкам, а пасля, праз некалькі гадоў працы, дарос да ляснічага і на гэтай пасадзе працаваў у Валожыне, Сужанах і Ашмянах у таго самага гаспадара. У 1934 г. пайшоў на пенсію. За саракагадовую працу ў якасці пенсійнай узнагароды атрымаў ад Тышкевіча кавалак зямлі ў Шашэльгішках (Немянчынская гміна Віленскага павета). Бацька працаваў да глыбокай старасці, бо меў вялікую сям’ю: дзесяць дзяцей, якіх трэба было гадаваць, і ўнукаў. Жыццё закончыў у Шашэльгішках 30 верасня 1939 года. Пахаваны на могілках у Сужанах (той жа воласці і гміны).
Увесь час, пачынаючы з 1892 г., пісаў вершы, якіх сабралася шмат. Але ў час вайны многа іх панішчылася. У мяне захавалася нямала вершаў, напісаных пры розных акалічнасцях у 1932—1933 гг. (нумары ад 1013 да 1064)...
Я апекавалася бацькам да апошніх гадоў яго жыцця, а пасля смерці даглядала маці. Прывезла яе да сваякоў у Польшчу ў 1958 г.; памерла яна 6 чэрвеня 1964 г. ва ўзросце 94 год.
6.1.1966 г.
II
Мой бацька любіў беларускі край і беларускую мову. Сам у маладосці перажыў многа гора і бяды, таму меў чулае сэрца да ўсіх бедных сялян, якім у тую пару вельмі цяжка жылося. Сваю жыццёвую пазіцыю здабыў толькі сваімі здольнасцямі. He ганарыўся перад бяднейшымі, а калі мог, памагаў ім добрай радай і ўсім, чым мог. Неаднойчы прасіў мяне напісаць упраўляючаму маёнткам ад імя ўдавы або пагарэльца і прасіць дрэва на хату ці якую іншую дапамогу.
Бацьку майго паважалі блізкія і дальнія сяляне. Бывалі такія дні, што ў нашай хаце было аж цесна ад сялян, якія прыходзілі радзіцца, і заўсёды выбіралі яго, калі трэба было бараніць іх інтарэсы.
Мы, родныя, добра помнім, як ён, сагнуўшыся над сталом, кожную свабодную мінутку, а часта і ў познюю ноч, пісаў вершы. Калі меў вольную часіну, то і чытаў іх нам. Многа часу для сям’і не меў: апрача службы ў графа апрацоўваў сваю зямлю. Сам араў і сеяў, а мы на полі і ў гумне яму дапамагалі. Жылі нашы бацысі згодна, і я не салгу, калі скажу, што не бачыла, каб яны сварыліся.
Мой бацька добра ведаў, як цяжка жыць без навукі. Ен аддаў палавіну сваёй хаты пад школу, дзе вучылася многа дзяцей.
Я надта шкадую, што ў час першай і другой войнаў загінула больш тысячы вершаў бацькі, а тое, што я прыхавала, захоўваю як памяць...
15.11.1966 г.
III
Мой бацька быў чалавекам, які вырас у асяроддзі прыдворнаместачковым. Меў таварыскую натуру, што склалася як у дамашнім асяроддзі, так і ў кантактах са служылымі людзьмі графскага маёнтка, дзе працаваў
кухарам яго бацька, пра якога ніколі нам не расказваў. Пасля смерці бацькоў як малалетак гадаваўся пад апекай цёткі Емільянскай. 3 самага дзяцінства меў вялікую цягу да кніжак. Самастойна навучыўся чытаць і пісаць, а пасля, ужо дарослым, актыўна набываў польскія і рускія кнігі і часопісы. Калі ж з’явіліся ў друку беларускія выданні, бацька імі вельмі зацікавіўся і заўсёды купляў і выпісваў.
Пачатак творчай працы яго датуецца знаёмствам з дзяўчынай, што стала нашай маці, якой прысвяціў нямала вершаў на польскай мове. На беларускай мове пачаў пісаць з часу абуджэння народнага руху.
Да жаніцьбы з маёй маці працаваў на гаспадарцы, якую пакінуў яму яго бацька. Пасля ж жаніцьбы, калі стала прыбаўляцца сям’я, бацька вымушаны быў паклапаціцца аб дадатковым заробку ў маёнтку графа Тышкевіча. 3 1894 года працаваў аб’ездчыкам, а праз некалькі гадоў стаў выконваць функцыі ляснічага ў маёнтках Тышкевіча на Валожыншчыне. У 1917 годзе бацьку перавялі служыць у Ашмяны, дзе працаваў ляснічым у тышкевічаўскіх маёнтках Ашмяны і Сужаны. Калі ж па гадах і здароўі не змог працаваць на ранейшай пасадзе, то стаў служыць касірам і рабіў ім да 1934 года. У тым жа годзе вясною пасяліўся ў Шашэльгішках на дзялцы, якую атрымаў за выслугу.
Мой бацька не быў чалавекам, аддадзеным толькі працы ў двары. Ен глыбока ўрос у беларускі народ, паходзіў з яго, разумеў яго і любіў. Размаўляў з людзьмі па-беларуску. Народныя звычаі, легенды, паданні найчасцей былі любімай тэмай размоў. Бацьку любілі, шанавалі ваколічныя сяляне, ганарыліся ім. Ен меў сувязь з усімі прылеснымі вёскамі. Заўсёды выступаў як блізкі чалавек, што адным раіў, другіх пераконваў, трэціх перасцерагаў. Вучыў, як лепш бараніцца ад бяды і гора.
У 1913 годзе выбухнуў пажар насупраць нашай хаты. Усе людзі выбеглі з царквы (было нейкае свята) і кінуліся ратаваць наш будынак, які ўжо зачынаў гарэць. Многа тады дамоў пагарэла, але наш, хоць з вялікай
цяжкасцю, быў уратаваны. Бацька прымаў удзел у грамадскай працы. Арганізаваў пажарную службу, зборы пажарнікаў і іх вучэнне праводзіў сам. Меў уражлівую натуру. He мог пагадзіцца з уціскам купцоў, таму арганізаваў некалькі суседзяў, і яны пад кіраўніцтвам бацькі бралі непасрэдна са склада некаторыя тавары і дзялілі іх паміж сабой без дадатковай аплаты. Адным з першых у той час бацька зразумеў значэнне кааператыўнай працы.
Бацька вельмі любіў коней. Дбаў пра іх выгляд і чысціню. ён быў добрым хлебаробам і ўзорным гаспадаром. Запомніўся маёй сястры такі выпадак: аднойчы прынесла бацьку на поле сняданне; коні стаялі ў баразне, a бацька, абапёршыся на плуг, запісваў нешта ў сшытак. Незвычайна прыгожая прырода, асабліва самотны спеў жаваранка, натхнялі яго на пісанне вершаў. Гаспадарка ў бацькі была невялікая, і хоць служба забірала вельмі шмат часу, знаходзіў пару гадзін на працу ў полі, беручы нас у помач.