• Газеты, часопісы і г.д.
  • Я з вогненнай вёскі...  Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімер Калесьнік

    Я з вогненнай вёскі...

    Алесь Адамовіч, Янка Брыль, Уладзімер Калесьнік

    Выдавец: Мастацкая літаратура
    Памер: 448с.
    Мінск 1975
    261.69 МБ
    чкі, якія самі яшчэ не ўмелі ўцякаць.
    Немцы ўключылі ў сваёй машыне радыё, яно грымела нейкай музыкай, галёкала нейкія песні, і дзеці чулі праз гэтую весялосць не ўсё. He ўсё яны таксама бачылі. Быструю Дзянку, як называлі Аўдоццю Іванаўну змалку, падсадзілі па сценцы калодзежнага зруба, і яна бачыла,— яна дагэтуль ба
    чыць,— як немцы, адных людзей пастраляўшы, мылі ў вялікім цэбры закасаныя рукі, выціралі іх белымі ручнікамі, а потым зноў пачыналі расстрэльваць.
    А радыё іх весяліла...
    Былі самалёты.
    Пра паядынак старэнькай, нямоглай жанчыны з баявым самалётам «люфтваффэ» расказвала нам Зінаіда Путронак, сакратар сельсавета ў вёсцы Боркавічы Верхнядзвінскага раёна. Тады ёй было дзевяць год, і жыла яна ў роднай вёсцы Ваўкі, дзе адбываўся той паядынак.
    270
    «...Не паспелі мы да гэтага лесу даехаць, як наляцела другая парція самалётаў і пачалі паліць хаты. Якойта жыдкасцю. Варашылава бабуля... Яе сын цяпер у Міёрскім раёне дражываець. А тады быў на фронце. Сям'я вялікая была. Было сямёра дзяцей... Яна засталася адна і да паследняга сваю хату зашчышчала. Яны тры разы палілі, a яна ўсё пяском тры разы тушыла... Ну, потым яна ўжо не змагла. Нізканізенька самалёт спусціўся і падпаліў. 1 яна ўжо была абгарэўшы, сіл не было, і яна пайшла. У нас называлася такая Старасека — лес. А вёску ўсю нашу спалілі...»
    У вёсцы Лозкі Калінкавіцкага раёна, дзе забіта 476 чалавек, супраць бабуль, дзяцей, жанчын і ўсіх іншых няўзброеных, мірных людзей быў выкарыстаны бронецягнік. 22 чэрвеня 1942 года. Гэта было вельмі зручна: лясная вёска расцягнулася каля самай чыгункі, на аўтаматны стрэл ад яе.
    Расказвае Кацярына Крот, што была тады маладою дзяўчынай.
    «...Ну, я той дзень... У мяне сястра была і бацька, маці не было. Мы жылі ўтраіх...
    He магу я расказваць... (П л а ч а.)
    Тады я з сястрой была на рабоце. Стрэл адкрыўся. Чуем — поезд ідзе, стрэл адкрыўся. Мы прышлі дадому...
    От характар — гаварыць не магу...»
    Калісьці, можна здагадвацца, валявая і энергічная, яна прыкусвае губу і змаўкае, каб не расплакацца зноў.
    Гаспадыня хаты, у якой мы сядзім, Вольга Века, мала старэйшая за расказчыцу, сама перажыла той жахлівы «стрэл».
    Апроч ваеннага гора, аднаго для ўсёй вёскі, ёсць у яе яшчэ і нядаўняе, ужо толькі сваё: загінуў малады, адзіны сын. Электраманцёр. Цягнулі высакавольтную лінію, і на яго «ўпаў слуп». Фота вясёлага, бравага юнака павялічана разам з даўнейшым фота маці, калі яна, Вольга Іосіфаўна, і сама была маладая, вясёлая. Гэты падвойны партрэт, нібы здымак шчаслівай пары або, яшчэ больш падобна, дружных сястры і малодшага брата, вісіць у міжваконні пад белым вышываным ручніком. Умудроная даўнім і новым горам жанчына, гаспадыня стаіць каля свае халоднай белай кахлянкі, залажыўшы за спіну рукі, якія цяпер не пагрэеш, і на плач сяброўкі, што госцей прыйшла з другое вёскі, дзе замужам, нягучна, але на ўсю глыбіню разумення, сур’ёзна кажа:
    — Ты не плач. Пацярпі. Трэба цярпець. О, як жа ён умее гэта, наш народ!..
    Сяброўка супакойваецца пакрысе і ўжо гаворыць зноў.
    «Там гэты канец, дзе людзей білі, ужо гарэў іюўнасцю. Ужо вёску палілі з поезда. Нас на вуліцу павыходзіла, можа, чалавек пяцьдзесят, і гаворым:
    — Дзеўкі, уцякайма ў лес!
    А сястра мая гаворыць, што не пойдзе. Бо гаварылі людзі раней, што і з самалёта будуць страляць, і ўсяляк страшылі, але — не стралялі...
    I вось сабралі нас і вядуць проста ў той агонь. Мы просімся, а яны нас цераз вуліцу вядуць у двор, і ўжо там хлеў падпальваюць. I так мне хочацца, і так жа мне хочацца ўцячы!.. Адзін раз я паспрабавала. Жыта было пасеяна каля самай вуліцы, дык я хацела туды, а немец замеціў, крыкнуў і вінтоўку наставіў. I я пашла. Ідзём, ідзём, a
    271
    там, дзе ўжо яны палілі, сільна многа немцаў відаць. Дайшлі мы да сярэдзіны, дзе ўжо мы жылі, сям’я наша, а тут стаяла хата незгарэўшая і абгароджаная, як і трэба. I падружка ішла са мною. Дык яна гаворыць:
    — Давай сюды ўцякаць!
    А на гэтую сторану вецер кланіў, дык усё пагарэла і садоў не засталося. А іду я, можа, метраў дзесяць наперад. А потым вось так азірнулася назад. Тая дзяўчына пабегла сюды, а я сюды. Тыя два немцы — яны мяне не замецілі, і трэці не замеціў. Я і пабегла ў двор, а там ужо ў картоплю, у жыта і — папаўзла.
    А тых усіх павялі.
    Я адпаўзла так метраў, можа, са сто ад вёскі і ляжу ў жыце, думаю: «Што ж яны там будуць з імі рабіць?» Праўда, я далекавата была ад іх, адтуль, дзе іх палілі,— метраў, можа, з чатырыста, а можа, і больш. Ляжу я і слухаю, а іх там з аўтаматаў: TaTaTaTa — строчаць, строчаць з аўтаматаў, як завялі ўжо ў хату. Ляжу я, ляжу, а потым бачу — гараць ужо хаты і вёску ўсю асвяціла. Відна стала, бо ўжо цямнець збіралася.
    А поезд так і хадзіў па пуці: сюдытуды, сюдытуды. Як ён біў па сялу! 3 кулямётаў ды з усяго. Аж тое жыта косіць!..
    А я ў разоры ляжу. Бо я чула, што мужчыны гавораць, як на вайне — у ямку трэба. Ляжу я к пуці галавою, а поезд, здаецца, коціцца ў нагах. Так перапужалася, што не чуствую нічога. Ляжала, ляжала я, ужо цямнее. Чую: машыны пагулі на Васілевічы. I поезд пайшоў. Той, што страляў.
    Я тады ў жыце ўстала, вярнулася на сваё селішча і пагукала, можа, дзе хто ёсць. Аніхто не адзываецца, толькі тавар раве, ды каты мяўкаюць, ды сабакі брэшуць... Дзе ж
    дзецца? Куды ж ісці?.. Пайду я забяру тое барахло, што кінула, і пайду ў лес.
    Падыходжу я туды — багацтва ўжо ляжыць, а людзей няма, і ўжо цямнее. Сустрэла дваюродную сястру, і яна сказала мне, што людзей папалілі...»
    Бронецягнік — тэхніка баявая, толькі прыстасаваная для забойства мірнага насельніцтва.
    Была і тэхніка спецыяльная...
    3 яе работай, дакладней — са слядамі гэтай работы, мы пазнаёміліся ў вёсцы Касцюковічы, кіламетраў з трыццаць ад Мазыра, уверх па Прыпяці.
    Расказвае малады чарнявы мужчына ў цяльняшцы пад расшпіленай кашуляй. Прыпяцкі бакеншчык Андрэй Казак, у хаце якога мы адразу тут прыпыніліся.
    «...Мне восем гадоў было. Я помню так:
    Падышлі машыны, к нам напроці, дзе вот мы жывом на цэнтры. Падышла машына з халабудай. Стала. Там гэта, у гэтай халабудзе, знаходзілася бочка. Кожны падыходзіў ды па кружцы пілі чагота. Там і немцы. і паліцаі былі. Наверна, гарэлку.
    Народ сагналі ўвесь і пачалі зганяць на бераг.
    Мы малыя былі, нас матка за рукі дзяржала. Матка чагота сказала на аднаго паліцая. Ён вінтоўку наставіў і хацеў: моў, я цябе прыкончу! Тутака мы пачалі галасіць.
    Ну, мы ў той спісак не папалі, дзе бытта партызанскія сем’і. Таму мы засталіся. Нас вывезлі адсюль.
    А калі мы потым вярнуліся ў сяло, каб накапаць картошкі ці жыта сваё зжаць,— усё тут было спалена.
    Фюрэр загадваў: «Мы павінны развіваць тэхніку абязлюджвання».
    Кацярына Крот і Волыа Века
    Аўдоцця Ермаловіч
    274
    Патом пачалі калодзежы глядзець: гэта ўжо было пасля вайны.
    Немцы людзей у душагубках травілі на беразе, а потым прывозілі і скідвалі ў калодзежы. Тут чатыры такія калодзежы. Душагубка — машына спецыяльная была, закрытая, і газам атраўлівалі...
    Немцы спачатку людзям сказалі, што будуць прывозіць малых дзяцей, сірат, каб у нас яны, у Касцюковічах, жылі. Дык мы думалі, калі яны прыехалі, што гэта яны вязуць тых дзяцей. А яны не дзяцей нам везлі, а прыехалі ды нас загубілі...»
    Больш памятае Дар’я Гусак, тады — ужо дарослая.
    Людзі з сяла былі выгнаны на бераг Прыляці, што і тады спакойна плыла сабе ў сваю вечнасць па раздоллі зялёнай даліны, унізе ад Касцюковіч і далекавата, калі хадзіць на раку пехатой.
    «...Нас, партызанскія сем’і,— расказвае Дар’я Несцераўна,— паставілі на беразе асобна. Мужчын і жанчын асобна. Яшчэ ў мяне сястра была, з дваццаць чацвёртага года. Маці папрасіла аднаго паліцая:
    — Мой даражэнькі, ты маіх гэтых дзевак забяры кудынебудзь, усё роўна нам ужо магіла.
    Дык ён нас дваіх узяў туды, дзе збіралі адпраўляць у Германію.
    Як мы ўжо ішлі, дык бачылі — разбіралі ў вёсцы калодзезі, ужо іх падгатаўлялі на людзей... А гэтыя душагубкі, знаеце, яшчэ толькі пад’ехалі. Такія яны, як вот ездзяць нападобіе кузні ў нас. 3 МТС. Толькі ў гэтых цвет цёмназялёны, а там, як бы вам сказаць, салатавы. Такія нейкія вілюхі. Іх дзве
    было: адна на беразе, а другая ўжо тут пад’ехаўшы, к калодзежу.
    Яны, знаеце што, сядзелі на беразе, мужчыны, іх пасадзілі ў рад па шэсць чалавек, на каленцах... To адзін яшчэ аглянуўся так,— гэта Грыша Адамоўскі,— а немец падышоў і прыкладам як дасць сюды па шыі, дык ён вот так абвесіў галаву, і кроў пайшла з носа, з рота. I ён больш не падняў галавы.
    У мяне маці і бацька засталіся там...»
    Нейкі Іван Рачыцкі, чорная душа, перад вайною спрытны прыстасаванец, што залез быў, калі браць па ягоных маштабах, даволі высока, дапамагаў карнікам распазнаваць у натоўпе касцюкоўцаў партызанскія сем’і і тых, каго ён лічыў памочнікам партызан.
    «...Дык адных астаўлялі, а другіх выводзілі,— расказвае яшчэ адна цётка, значна старэйшая, Дар’я Мінаўна Карась.— А тых, што пакінулі, а потым забілі,— тым гаварылі, што іх павязуць кацерамі.
    Толькі іх не павезлі тымі кацерамі, a чатыры калодзежы напхалі. Вот у гэтым адны жанчыны, у гэтым адны дзеткі. Там два калодзежы — адны мужчыны... Яны падзялілі іх.
    Як прыязджала наша камісія, руская,— раскопвалі. Дык тут адны мужчыны. Голыя, голыя! Раздзявалі іх. Бацька адзін прышоў, сына свайго пазнаў, ён наверсе быў, і пахаваў на могілках. Цэленькія ўсе былі, не пазгорбленыя і нічога. Словам — яны травілі. Бо як кідалі б жыўём, дык чалавек курчыўся б, гнуўся б у вадзе, a то яны цэленькія, роўненькія. Ляжалі, як іх пакідаў, так і ляжалі...»
    275
    Карнікі стараліся, каб іх работа была «чыстая», каб яе ў вёсцы тады ніхто, апроч іх саміх, не бачыў. На беразе Прыпяці людзей саджалі ў тыя «салатавыя аўтобусы», у кожным з якіх змяшчалася да шасцідзесяці чалавек ,5. У дарозе да вёскі людзі душыліся выхлапным газам, каля калодзежаў іх гаспадарліва раздзявалі і голых кідалі ў прадонне. Усё рабілася настолькі спраўна і ціха, што тыя, хто заставаўся тым часам каля ракі, стоячы на каленях і тварам ад вёскі, нічога не бачылі і не чулі. Тыя ж, хто быў у той дзень асуджаны не на смерць, а толькі на часовае выгнанне з роднай вёскі або на вываз у Нямеччыну, былі ўжо выгнаны і вывезены з Касцюковіч.
    I ўсё ж Дар’я Гусак, калі яе міма гналі, заўважыла, як рыхтавалі для людзей калодзежы, бачыла і той «салатавы аўтобус»... Бачыла, аднак не ведала, шт