Калі рукаюцца душы
Рыгор Барадулін, Васіль Быкаў
Выдавец: Беларуское таварыства «Кніга»
Памер: 344с.
Мінск 2003
падобна, як і тады, калі першы раз аб’явіўся ў парлямэнце. Сьледам раздаўся выбух, накшталт чарнобыльскага, якога яшчэ ня чула плянэта. У неба ўзьняўся віхор чорнага дыму, пылу й смуроду, у якім зьнікла ўсё разам з Жахам.
Калі праз стагодзьдзе той пыл-дым патроху разьвеяўся, дык людзі з Усходу й Захаду ўбачылі гітанцкае правальле ў сярздзіне кантыненту. Глыбіня правальля была такая, што да дна не дасягаў зрок, шырыня таксама хавалася за краявідам. Між берагоў заўжды курэў шызы сьмярдзючы дым, зь якога часам выскокваў бязногі хвастаты Цмок. Ён куляўся, крыўляўся й рабіў нейкія знакі цікаўным вандроўнікам, што заўсёды тоўпіліся на краёх правальля, затым на тыдні й месяцы зьнікаў у прадоньні.
Людзі казалі, што гэта — навука чалавецтву за ягоную зьнявагу чалавечых і боскіх законаў быцьця...
НАСАРОГІІДУЦЬ
Племя даўно страціла незалежнасць, плаціла вялікую даніну і пачувалася дужа няшчасным.
Прыгняталі племя агідныя і магутныя людзінасарогі, якія ня ведалі ні Бога, ні маралі і бязьлітасна ставіліся да ўсіх, хто ня быў насарогам. Зрэшты, калі і быў — таксама, абы толькі ў чымсь пайшоў насуперак ці вылучыўся з грамады насарогаў.
Правадыром няшчаснага племя быў малады чалавек, гучна і слаўна званы Ко, што азначала Адважны. Ён і быў адважны, вадзіў племя ў баі за незалежнасьць, хоць і не здабыў перамогі. Мабыць, здабыць перамогу над насарогамі было немагчыма. Але і капітуляваць канчаткова Ко таксама ня мог. Ён зь імі ўсчаў перамовы. Казаў: шмат што можа аддаць, абы толькі насарогі пакінулі племя ў спакоі. Вядома, апроч незалежнасьці. Людзі племя сабралі ледзьве ня ўсю кукурузу, сою, бабы і проса, усе спадчынныя каштоўнасьці — колцы, завушніцы, пярсьцёнкі, вельмі прыгожы керамічны посуд, вытворчасьцю якога два стагодзьдзі славілася племя. Як прыехалі пасланцы насарогаў, усё тое было акуратна растаўлена і ракладзена на палянцы пад векавым дубам. Прыежджыя абгледзілі і абмацалі кожную рэч ды паехалі. А як праз дзень вярнуліся, сказалі: мала. Мы прыедзем, пераб’ём племя і возьмем усё задарма. Правадыр Ко засмуціўся, бо ў племя нічога болей не заставалася, чым можна было б задобрыць насарогаў. Тады прыехаў новы пасланец ад насарогаў, які прывёз загад свайго валадара: аддаць яму Аўю, сястру правадыра, самую прыгожую дзяўчыну племя.
Правадыр Ко яшчэ болей засмуціўся. Вядома, яму шкада было ахвяраваць юную Аўю, але што ён
мусіў рабіць? Ён пачаў раіцца з радай старэйшынаў, якія падзяліліся на два лягеры. Адны казалі, што трэба згаджацца, інакш усім будзе пагібель. Іншыя даводзілі: ні ў якім разе — насарогі ашукаюць. Возьмуць Аўю і не пакінуць племя ў спакоі. Правадыр Ко пакутна паразважаў ноч і пагадзіўся з патрабаваньнем насарогаў. Меркаваў, калі ён аддасьць сястру, дык можа насарогі і пойдуць адсюль у свой край балотаў і багны і тым дадуць племю нейкі спадзяванак. Інакш сапраўды пагібель бяз рэшты надзеі. Назаўтра раніцой ён паклікаў сястру Аўю, якая ўжо ведала пра свой незайздросны лёс. Але яна была дзяўчына разумная і мужна прыняла свой прысуд. Яна любіла племя, зямлю, на якой вырасла, і гатовая была ахвяраваць сабой. Абы зьберагчы іншых.
Але тады разьятрылася тая частка старэйшын, якая была супраць саступак насарогам. Асабліва верхавод аднаго клану Джо, які ледзьве не падняў бунт супраць правадыра племя. Правадыру спатрэбілася зазнаць нямала турботаў, каб суняць нецярпліўца... Дапамагло хіба тое, што насарогі быццам сапраўды пацішэлі і пачалі зьбірацца кудысьці сыйсьці. Тое дужа паспрыяла міру ў племі, дало ўсім спадзяванак. Джо таксама прыціх, змоўчаў, мабыць, адчуў, што памыляўся ён, а не правадыр племя. Правадыр хоць і перажываў за сястру, але пачуваўся задаволеным — усё ж найбольшая небясьпека мінулася.
Племя з падвойным стараньнем узялося за гаспадарку — трэба было нарабіць тое, што аддалі насарогам. Сьпярша і галадалі, і халадалі, але неяк выкараскаліся з нэндзы. Ураджай маісу ў тым годзе абяцаў быць неблагі, паявілася надзея ня згінуць з голаду. Галоўнае — быў мір, насарогі пакуль не назалялі. Падобна на тое — кудысь сышлі. Правадыр Ко пачаў ганарыцца мудрасьцю сваёй палітыкі, хоць
і не пераставаў шкадаваць бедную сястрычку. Іншыя прызнавалі, што памыліліся, калі выступалі супраць гнуткай палітыкі Ко.
I менавіта ў такі момант, на сконе лета, як у полі дасьпяваў ураджай маісу, прыйшла вестка, што насарогі вяртаюцца. Празь дзень-два племя дачулася, што ўжо вярнуліся. Іх насарожыя фалянгі ўжо бачылі па той бок абмялелаў за лета ракі, перайсьці якую было дужа лёгка. I праўда — яшчэ празь дзень цераз яе пераехалі пасланцы насарогаў, якія сказалі, што ідуць. I болей нічога.
Правадыр Ко тэрмінова сабраў раду, але што ён мог ёй сказаць? Над племем зноў навісла сьмяротная пагроза. Усё племя складала, можа, трэцюю частку ад войска насарогаў. Адкупіцца гэтым разам не было чым, Каштоўнасьцяў яшчэ не напрацавалі, ураджай быў на полі. Калі што, насарогі яго спрэс панішчаць, перш чым панішчыць племя. Адчуўшы бяду, у хібарах-халупах залямантавалі жанкі. Тады хтось з рады ўспомніў, якім чынам адкупіліся тым разам. Трэба было прапанаваць прыгажуню.
Канешне, прыгожых дзяўчат у гэтым годным племі было шмат. Але ўсе ведалі, што самаю здатнай прыгажуняй была жонка правадыра, якую клікалі Чуя. На яе і паказалі старэйшыны племя.
Правадыр Ко сьпярша адчуў лютасьць да ўсіх адразу — сваіх і чужых. Ён кахаў Чую і нікому не хацеў яе саступаць. Але і як было яму быць? Насарогі набліжаліся, жыць племю заставалася некалькі дзён. Рада старэйшынаў патрабавала сьпяшацца, Толькі Джо быў супраць таго, каб саступіць насарогам. Ён казаў, што ня хоча належаць да племя, якое ратуе сябе коштам жыцьця сваіх самых годных жанчынаў. Але Джо быў гэткі адзін сярод рады старэйшынаў. А на сумленьні правадыра Ко былі сотні жан-
чынаў, старых і дзяцей ягонага племя. I ён надумаў аддаць жонку. Тая паслухалася мужа-правадыра, але, ад’яжджаючы за раку, пракляла яго і ўсё племя разам, якое ня здолела яе абараніць.
Усё адбылося так, як і меркаваў Ко — прывабны падарунак падзейнічаў. Войска насарогаў пару дзён пастаяла за ракой і зноў кудысь выправілася. Правадыр перажываў, сумаваў, часам праклінаючы правадырскую долю, але ўвогуле быў здаволены. Аўтарытэт ягоны ў племі падвысіўся — усе зважалі на ягоную ахвярнасьць і разумелі, каму абавязаныя паратункам. Усе, апроч Джо, які ў першую ж ноч сабраў свой невялічкі клан і кудысьці сышоў.
Зноў племя патроху сьцішылася, пачало абжывацца. Сабралі неблагі ўраджай, сталі лепей карміць дзяцей дый самі наеліся ўволю. Людзі, асабліва старыя, дужа хвалілі правадыра, які забясьпечыў ім мірнае жыцьцё, зьбярог племя. Сам Ко, аднак, жыў халастым, марнеў, худнеў, стаў маўклівы і злосны. На сьвятах, калі ўсе весяліліся, ён маўчаў, уваччу чарнеючы ад гора. Ён штось прадчуваў. I прадчуваньне яго не ашукала.
Праз паўгода, пасьля сэзону дажджоў, як сышла вялікая вада ў рацэ, зноў з явіліся пасланцы насарогаў. На гэты раз яны сказалі толькі адно: ідуць па жанчынаў. Насарогам спадабаліся тутэйшыя жанчыны, і яны хочуць іх — усіх і разам.
Племя ахапіў адчай, а правадыр Ко раптам узрадаваўся, бо штось зразумеў. Ранейшы клопат, што прычыніў яму столькі пакутаў і адабраў любую жонку, зьнік. Ко стаўся бесклапотным — ня трэба было выбіраць. Ня стала надзеі. Усё зрабілася проста — ісьці і гінуць. На перамогу не было разьліку. Перамагчы насарогаў яшчэ нікому не шэнціла, ад іх можна было хіба адкупіцца. Калі было чым. У племі ж нічога не засталося.
Раненькім ранкам на пачатку лета племя паўстала на беразе ракі. Маладой траўкай шчодра зелянелі рачныя берагі, вялікія жоўтыя кветкі ўпрыгожвалі прырэчнае кустоўе. Племя выстраілася ў тры шэрагі — наперадзе мужчыны і юнакі, у другім шэрагу — жанкі, ззаду за ўсімі — дзеці і старыя. Усе ўзброіліся хто чым — ад мячоў да кухонных вілачнікаў. Чакалі. Да правадыра часам падыходзілі сябры і дарадцы, шмат якія казалі: ну што мы ім зробім? Колькі нас і колькі іх? Лепш, можа б, аддаць жанок ды ўратаваць дзяцей... Правадыр слухаў усіх, не пярэчыў і быў дужа спакойны. Рашэньне свайго не мяняў. Толькі чакаў. Толькі і чакаў...
Насарожная войска, не спыняючы баявой хады, сунулася ў раку і бродам рушыла на гэты бераг. Злы вагонь гарэў у вачох разьятраных людзей-насарогаў, басавіты насарожны рык мкнуў зь іх разінутых зяпаў, як яны згледзілі пекных жанок. Але, каб імі авалодаць, трэба было забіць іхніх мужчынаў. Тое, аднак, выглядала сумніўна, бо ніхто з мужчынаў і ня думаў бегчы. Баяцца баяліся, але ўсе стаялі ў шэрагах — плячо да пляча, нарыхтаваўшы зброю — сякеры, пікі, мяжы і нажы. Яны і сустрэлі першую навалу насарогаў. Апоўдні шанцы насарогаў на перамогу пахіснуліся, людзі ж племя ніякіх шанцаў ня мелі і ні на што не спадзяваліся. Адно біліся на зьнішчэньне — сваё і насарогаў.
Праз увесь дзень доўжылася бітва. Стаптаная на беразе трава стала чырвонаю ад крыві, чырвонаю цякла скаламучаная вада ў рацэ. I тады надвячоркам зьняможаныя, скрываўленыя людзі племя адчулі, быццам засталіся жывыя. Быццам перамаглі нават. Горы насарогавых целаў ляжалі на беразе, іншыя плылі па вадзе тоўстымі брухамі ўгару. Шмат людзей палегла — жанок і мужчынаў, але зь берагу
не саступілі. Правадыр Ко таксама загінуў. Пад вечар племем камандаваў, немаведама скуль прыйшоўшы, апазыцыянэр Джо.
Як сьцямнелася, ён сабраў у нізкарослым кустоўі рэшту племя, дазволіў усім адпачыць. А сам устаў і, як у небе запаліліся першыя зоркі, сказаў, павярнуўшыся да самай нізкай:
— Дзякуй, Зорка Вайны! За дапамогу тым, хто страціў надзею...
Яго ніхто не абіраў, не прызначаў правадыром. Ды ён і не пытаўся ні ў кога. Ён ужо ведаў, як трэба ставіцца да насарогаў...
ТРЫ словы нямых
Народ быў нямы.
Жыў на шырокай вялікай высьпе сярод акіяну, ніякіх сувязяў зь іншымі выспамі ня меў і думаў, што ўсе астатнія народы, якія недзе жывуць, таксама нямыя. Зрэшты, мова ня дужа была і натрэбная нямым — усё, чаго вымагалі гаспадарчыя, людзкія ды сямейныя дачыненьні, яны разумелі бяз мовы, па вачах, жэстах, руках. Ніякай балбатні ў вольны час не было, бо не было вольнага часу — усе працавалі ад ночы да ночы. Жылі небагата, але й не галадавалі, і калі не здаралася мору, эпідэміі ці ўрагану, дык пачуваліся амаль шчасьлівымі. На высьпе, воддаль ад цывілізацыі, валадарылі мір і спакой. Войнаў людзі спрадвеку ня ведалі.