• Газеты, часопісы і г.д.
  • Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

    Маўглі

    Рэдзьярд Кіплінг

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 303с.
    Мінск 1994
    88.88 МБ
    Справа дайшла да таго, што ўсе яго сваякі — хто раней, хто пазней — пайшлі да соннай, смуроднай, мутна-зялёнай ракі Лімпапо, акружанай дрэвамі, якія наганяюць на людзей трасцу, каб і ім падарыў Кракадзіл па такім самым носе.
    Вярнуўшыся, сваякі ўжо болей не біліся, і ад таго часу, мой хлопчык, ва ўсіх сланоў, якіх ты калі-небудзь убачыш, ды і ў тых, якіх ты ніколі не ўбачыш, ва ўсіх такі самы хобат, як у гэтага дапытлівага Слоніка.
    Ёсць у мяне шасцёра слуг, Рухавых, баявых,
    I ўсё, што бачыў я наўкруг,— Я ведаю ад іх.
    Яны па знаку па майму З’яўляюцца ў бядзе.
    Слуг гэтых клічуць: Як, Чаму, Хто, Што, Калі і Дзе.
    Я слуг па морах, па лясах Ганяю, крычучы.
    Пасля заўжды працую сам, А ім даю спачын.
    Я раніцой, калі ўстаю, Бяруся працаваць, А ім свабоду я даю,— Няхай крыху паспяць.
    Але ў мяне ёсць мілы друг, Асоба вось адна.
    Ёй служаць сотні тысяч слуг — Спакою ўсім няма.
    Яна ганяе, як сабак, Улетку і ўзіму Пяць тысяч Дзе, сем тысяч Як I сто тысяч Чаму!
    15. „Маўглі”.
    АДКУЛЬ УЗЯЛІСЯ БРАНЯНОСЦЫ
    Мілы хлопчык, я зноў раскажу табе казку пра Далёкія і Даўнія Часы. Жыў тады Злючка-Калючка Вожык. Жыў ён на мутнай рацэ Амазонцы, еў слімакоў і розную драбязу. I была ў яго сяброўка, Чарапаха Няспешная, якая таксама жыла на мутнай рацэ Амазонцы, ела розную драбязу і зялёную салату. Усё ішло добра, ці ж няпраўда, мілы хлопчык?
    Але ў тую самую пару, у Далёкія і Даўнія Часы, жыў на мутнай рацэ Амазонцы Плямісты Ягуар. Ен еў усё, што яму ўдасца злавіць. He ўдасца злавіць аленя — ён з’есць малпу; не ўдасца злавіць малпу — з’есць лягушку ці казюльку. А ўжо калі няма ні лягушак, ні казюлек — ён ідзе да сваёй маці Ягуарыхі, і тая растлумачвае яму, як трэба лавіць чарапах і вожыкаў.
    Зграбна памахваючы грацыёзным хвастом, Ma­ui навучала яго:
    — Калі, сынок, ты знойдзеш Вожыка, хутчэй кінь яго ў ваду. Вожык сам сабою выпрастаецца ў вадзе. А калі знойдзеш Чарапаху, выдрапай яе лапай з панцыра.
    I ўсё ішло добра, мой мілы хлопчык.
    Была прыгожая ноч на мутнай рацэ Амазонцы.
    Плямісты Ягуар убачыў, што пад ствалом паваленага дрэва сядзяць побач Злючка-Калючка Вожык і Чарапаха Няспешная. Выратавацца, уцякаючы, яны не маглі, і вось Злючка-Калючка Вожык згарнуўся клубочкам, бо інакш ён не быў бы Вожык, а Чарапаха Няспешная ўцягнула ногі і галаву пад свой панцыр, таму што яна была Чарапаха.
    Усё ішло як трэба, мілы мой хлопчык, ці ж няпраўда?
    — Слухайце мяне ўважліва! — сказаў Плямісты Ягуар.— Тое, што я хачу вам сказаць, мае для вас вялікае значэнне. Мая матуля вучыла мяне, што калі я ўбачу Вожыка, я павінен кінуць яго ў ваду, і тады ён сам сабою выпрастаецца, а калі я ўбачу Чарапаху, я павінен выдрапаць яе лапай з панцыра. Але хто ж з вас Чарапаха, а хто з вас Вожык,— клянуся маімі плямамі, не ведаю!
    — Ці добра ты хоць памятаеш, што казала твая матуля? — спытаў Злючка-Калючка Вожык.— Ці не наблытаў ты? Можа, Матуля казала табе, што калі ты выпрастаеш Чарапаху, ты павінен выдрапаць яе з вады, а калі ты зловіш Вожыка, ты павінен кінуць яго на панцыр?
    — Ці добра ты памятаеш, што казала табе твая матуля? — спытала Чарапаха Няспешная.— Ці не наблытаў ты? Можа, яна казала табе, што калі ты змочыш вадою Вожыка, ты павінен падрапаць яго лапай, а калі сустрэнеш Чарапаху, ты павінен падкінуць яе, каб яна выпрасталася?
    — Наўрад ці гэта так! — сказаў Плямісты Ягуар, але ўсё ж крыху збянтэжыўся.— Будзьце ласкавы, паўтарыце яшчэ раз, што вы сказалі зараз. I калі можна, ясней.
    — Калі ты падрапаеш ваду кіпцюрамі, налі яе і выпрастай Вожыкам,— сказаў Злючка-Калючка Вожык.— Запомні гэта добра, бо гэта вельмі важна.
    — Але,— сказала Чарапаха Няспешная,— калі ты выдрапаеш ваду з Вожыка, ты павінен паліць гэтай вадой Чарапаху. Няўжо ты і гэтага не ведаеш?
    — У мяне ад вашай блытаніны плямы на спіне забалелі! — сказаў Плямісты Ягуар.— Я не прашу ў вас парад, я толькі пытаюся, хто з вас Вожык і хто Чарапаха.
    — He скажу,— адказаў Вожык.— Але, калі хочаш — будзь ласкаў,— паспрабуй вось выдрапаць мяне з майго панцыра.
    — Ага! — сказаў Плямісты Ягуар.— Цяпер я ўжо бачу, што ты Чарапаха. Ты думала, што я не здагадаюся. А я здагадаўся.
    I стукнуў Ягуар лапай з усяго маху па Вожыку, але Вожык згарнуўся ў клубочак, і ў лапу Ягуара ўпіліся вострыя калючкі Вожыка. Гэта было б, бадай, яшчэ нічога, але, на няшчасце, Ягуар ударам лапы адкінуў Вожыка далёка-далёка ў лес і не мог знайсці яго ў кустах, бо было вельмі цёмна. Тады ён сунуў лапу сабе ў рот, але ад гэтага іголкі пачалі калоць яшчэ мацней. Ад болю ён доўга не мог гаварыць, а калі загаварыў, сказаў:
    — Цяпер я ўжо бачу,— то была зусім не Чарапаха. Але як мне даведацца, ці Чарапаха гэта? I ён пачухаў патыліцу той лапай, якая не была паколата аб калючкі Вожыка.
    — Я і ёсць Чарапаха,— прызналася Няспешная.— Твая матуля вучыла цябе правільна. Яна сказала табе, што ты павінен ададраць мяне ад майго панцыра. Гэта праўда. Ну, пачынай!
    — Толькі што ты казала, што яна казала адно, а цяпер ты кажаш, што яна казала другое! — сказаў Ягуар, высмоктваючы калючкі з лапы.
    — Ты кажаш, што я кажу, што яна казала другое,— сказала Чарапаха.— Што ж з гэтага? Бо, калі, як ты казаў, я казала, што яна казала тое, што я казала, то і выходзіць, што я казала тое, што яна казала. А калі ты думаеш, што яна казала, нібыта ты павінен выпрастаць мяне лапай, а не кідаць мяне ў ваду разам з маім панцырам,— не я вінавата, ці ж няпраўда?
    —Але ж толькі што ты сама казала, што я паві-
    нен выдрапаць цябе лапай з твайго панцыра,— сказаў Плямісты Ягуар.
    — Падумай добра, і ты зразумееш, што я гэтага ніколі не казала. Я толькі казала, што твая мама казала, што ты павінен садраць з мяне кіпцюрамі мой панцыр,— сказала Няспешная.
    — А што будзе, калі я здзяру з цябе панцыр? — асцярожна спытаўся Ягуар і пацягнуў носам паветра.
    — He ведаю, бо да гэтага часу ніхто яшчэ не здзіраў з мяне панцыра, але кажу табе праўду: калі ты хочаш паглядзець, як я паплыву ад цябе,— кінь мяне, калі ласка, у ваду.
    — Я табе не веру! — сказаў Плямісты Ягуар.— Мама мая казала адно, а ты казала, што яна казала другое, і цяпер усё ў мяне так пераблыталася, што я не ведаю, дзе ў мяне хвост, дзе галава. А цяпер ты сказала простыя словы, якія я разумею, і гэта блытае мяне болей за ўсё. Мама вучыла мяне, каб я кінуў аднаго з вас у ваду, і таму што ты кажаш, што табе хочацца ў ваду, ясна, што табе не хочацца ў ваду. Дык скачы ж у мутную ваду ракі Амйзонкі. Жыва!
    — Добра, я скочу, але ведай: мама твая будзе вельмі незадаволена. Калі ласка, не кажы ёй, што я не казала табе, што яна казала...
    — Калі ты скажаш яшчэ хоць адно слова пра тое, што казала мая мама!..— ускрыкнуў Ягуар, але не паспеў дагаварыць, бо Чарапаха як ні ў чым не бывала нырнула ў мутную ваду ракі Амазонкі.
    Доўга яна плыла пад вадою і выплыла на бераг, дзе яе чакаў Злючка-Калючка Вожык.
    — Мы ледзь не загінулі! — сказаў Вожык.— He падабаецца мне гэты Ягуар. Што ты сказала яму пра сябе?
    — Я сказала яму праўду. Я шчыра сказала яму, што я Чарапаха, але ён не паверыў, прымусіў мяне скочыць у ваду і вельмі здзівіўся, калі ўбачыў, што я і сапраўды Чарапаха. Цяпер ён пайшоў скардзіцца сваёй маці. Ты чуеш?
    Было чуваць, як сярод хмызняку і дрэў, над мутнай ракой Амазонкай, раве Ягуар і кліча да сябе маці Ягуарыху. I яна прыйшла.
    — Ах, сыночак, сыночак!—загаварыла яна, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.— Ты, здаецца, рабіў такое, чаго табе не трэба было рабіць.
    — Я сустрэў над ракою аднаго звярка і хацеў выдрапаць яго з-пад панцыра; ён сам сказаў,— што ён хоча гэтага, вось цяпер у мяне ўся лапа ў стрэ-э-э-эмках!
    Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.— Па гэтых стрэмках, якія ўпіліся ў тваю лапу, бачу я, што гэта быў Вожык. Табе трэба было кінуць яго ў ваду.
    — У ваду я кінуў другога звярка. Ен сказаў, што яго завуць Чарапаха, але я не паверыў яму. А выявілася, што гэта і сапраўды была Чарапаха. Яна нырнула ў ваду, у мутную раку Амазонку, і болей я не бачыў яе. I вось я астаўся галодны, і думаю, што нам трэба перасяліцца адсюль у іншыя месцы. Тут, на мутнай рацэ Амазонцы, усе звяры такія разумныя. Мне, небараку, не справіцца з імі.
    — Ах, сыночак, сыночак! — сказала яго маці, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.— Слухай уважліва і запомні, што я скажу. Вожык згортваецца ў клубок, і яго калючкі тырчаць ва ўсе бакі. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Вожыка.
    — He падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказаў Злючка-Калючка Вожык.— Што яшчэ яна скажа яму?
    — А Чарапаха не можа згортвацца,— гаварыла далей Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.— Чарапаха ўцягвае галаву і ногі пад панцыр. Па гэтых адзнаках ты заўсёды пазнаеш Чарапаху.
    — He падабаецца мне гэтая старая, ах як не падабаецца! — сказала Чарапаха Няспешная.—
    Нават Плямісты Ягуар і той не забудзе такой простай лекцыі. Ах, Злючка-Калючка, як шкада, што ты не ўмееш плаваць!
    — Хопіць клапаціцца аба мне,— адгукнуўся Злючка-Калючка.— Табе таксама сяго-таго не хапае. Падумай: як было б цудоўна, каб ты ўмела згортвацца ў клубок! Ах, і ў якую бяду мы папалі! Прыслухайся, што кажа Ягуар!
    А Плямісты Ягуар сядзеў над мутнай ракой Амазонкай, высмоктваў з лапы калючкі і ціха мармытаў:
    — Хто згорнецца клубком, Той завецца Вожыкам.
    Хто ў вадзе паплыве, Той Чарапахай завецца.
    — Гэтага ён ніколі не забудзе, нават пасля дожджыку ў чацвер! — сказаў Вожык.— Падтрымай мяне за падбародак, Няспешная,— я хачу навучыцца плаваць. Гэта можа спатрэбіцца потым.
    — 3 прыемнасцю! — сказала Чарапаха.
    I яна падтрымала Калючку за падбародак, пакуль той боўтаўся ў мутнай рацэ Амазонцы.
    — 3 цябе выйдзе вельмі добры плывец! — сказала яна Вожыку.— А цяпер, зрабі ласку, распусці ў мяне на спіне тыя шнуркі, якімі сцягнуты мой панцыр,— я паспрабую згарнуцца ў клубок.
    Злючка-Калючка распусціў на спіне ў Чарапахі шнуркі, і Чарапаха пачала так згінацца і курчыцца, што ёй нарэшце ўдалося крышачку сагнуцца,— не зусім, а крышачку.
    — Вельмі добра! — сказаў Вожык.— Але хопіць, болей не трэба. У цябе нават твар пасінеў. А цяпер, калі ласка, падтрымай мяне ў вадзе яшчэ разок! Я паспрабую плаваць бокам. Ты казала, што гэта вельмі лёгка.