Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
I Вожык зноў паплыў,— гэта было яго другое практыкаванне. Чарапаха плыла побач з ім.
— Вельмі добра! — сказала яна.— Яшчэ крыху, і ты будзеш плаваць не горш за Кіта. А цяпер,
зрабі ласку, распусці шнуркі на маім панцыры яшчэ на дзве дзірачкі, я паспрабую нахіліцца ўперад. Ты кажаш, што гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар!
— Вельмі добра! — ускрыкнуў Вожык, увесь мокры пасля купання ў мутнай рацэ Амазонцы.— Ты згортваешся так добра — зусім як мае браты і сёстры. Дзве дзірачкі, ты кажаш? Добра, толькі не трэба так моцна сапці, a то пачуе Плямісты Ягуар. Смялей! Калі ты скончыш, я паспрабую нырнуць і даўжэй пратрымацца пад вадою. Ты кажаш, гэта вельмі лёгка. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Але як стуліліся шчыткі ў цябе на панцыры! Раней яны былі побач, а цяпер адзін на другім.
— Гэта таму, што я згортвалася,— сказала Чарапаха.— Але і ты змяніўся. Раней ты быў падобны на каштанавы арэх, а цяпер зрабіўся нібы яловая шышка. Усе калючкі склеіліся і зрабіліся лускою.
— Няўжо? — ускрыкнуў Вожык.— Гэта таму, што я вымак у вадзе. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар!
Так да самай раніцы яны памагалі адно аднаму, а калі сонца паднялося высока над зямлёй, яны селі адпачыць і абсушыцца. I, пазіраючы адно на аднаго, заўважылі, што зрабіліся зусім на сябе не падобныя.
Потым яны паснедалі, і Чарапаха сказала:
— Мілы Вожык, я ўжо не такая, якая была ўчора. Але я думаю, што цяпер мне ўдасца пазабаўляць Ягуара як след.
— Я хацеў сказаць якраз тое ж самае. Слова ў слова! — ускрыкнуў Вожык.— Па-мойму, луска лепш за ўсякія калючкі, да таго ж я цяпер умею плаваць. Вось здзівіцца Плямісты Ягуар! Пойдзем і знойдзем яго.
Хутка яны знайшлі Ягуара. Ен усё яшчэ быў заняты сваёй параненай лапай. Калі яны з’явіліся перад ім, ён так здзівіўся, што падаўся назад і тры разы перакуліўся цераз свой хвост.
— Добрай раніцы! — сказаў Злючка-Калючка Вожык.— Як здароўечка вашай дарагой матулі?
— Дзякуй вам, яна вельмі добра сябе адчувае,— адказаў Ягуар,— але прабачце, калі ласка, я дрэнна памятаю вашы імёны.
— Ах, які вы няветлівы! — сказаў Вожык.— Яшчэ толькі ўчора вы прабавалі выдрапаць мяне з панцыра...
— Але ўчора ў цябе не было панцыра. Учора ты быў увесь у іголках. Каму ж гэта і ведаць, як не мне? Паглядзі вось на маю лапу!
— Толькі ўчора,— сказала Чарапаха,— вы загадалі мне кінуцца ў ваду і ўтапіцца ў мутнай рацэ Амазонцы, а сёння і ведаць не хочаце мяне. Вось які вы недалікатны і забыўчывы!
— Няўжо вы забыліся, што сказала вам ваша маці? — спытаў Злючка-Калючка Вожык.— Яна ж ясна сказала вам:
— Хто згорнецца клубком, Чарапахай завецца.
Хто ў вадзе паплыве, Той завецца Вожыкам.
Тут яны абодва згарнуліся ў клубок і як пайшлі качацца вакол Ягуара — качаліся, качаліся, качаліся... У таго нават вочы закруціліся, нібы колы ў павозцы.
Ён пабег і паклікаў сваю маці.
— Мама,— сказаў ён,— там, у лесе, нейкія дзіўныя звяры! Пра аднаго ты сказала, што ён не ўмее плаваць, а ён плавае. Пра другога ты сказала, што ён не ўмее згортвацца, а ён згортваецца. I, здаецца, яны падзяліліся адзеннем. Раней адзін быў гладзенькі, а другі калючы, а цяпер абодва яны пакрыты луской. Апрача таго, яны круцяцца, круцяцца, круцяцца, ажно ў мяне галава закружылася.
— Ах, сыночак, сыночак! — сказала маці Ягуарыха, зграбна памахваючы грацыёзным хвастом.— Вожык — гэта Вожык, і чым жа яму быць,
як не Вожыкам? Чарапаха — гэта Чарапаха, і астанецца заўсёды Чарапахай!
— Але гэта зусім не Вожык! I зусім не Чарапаха! Гэта трошкі Вожык і трошкі Чарапаха, а як яно завецца — я не ведаю.
— Глупства! — сказала маці Ягуарыха.— У кожнага павінна быць сваё імя. Я гэтага звера буду зваць Браняносец, пакуль для яго не знойдзецца сапраўднае імя. I на тваім месцы я яго не чапала б.
Ягуар зрабіў так, як яму было загадана; асабліва старанна выканаў ён навучанне маці — не чапаць гэтага звера. Але дзіўней за ўсё тое, мілы хлопчык, што на мутнай рацэ Амазонцы ад таго самага дня да гэтага часу Злючку-Калючку Вожыка і Чарапаху Няспешную ўсе так і называюць Браняносцам. Вядома, у іншых мясцінах ёсць, як і раней, і Вожыкі і Чарапахі (ёсць яны і ў мяне ў садзе), але лепшыя, разумнейшыя з іх — старажытныя Вожыкі і Чарапахі, пакрытыя лускою, як яловыя шышкі, тыя самыя, што ў Далёкія Дні жылі на мутных берагах Амазонкі,— тыя заўсёды завуцца Браняносцамі, бо яны такія разумныя.
Чаго ж табе яшчэ, мілы хлопчык? У сё зрабілася вельмі добра, ці ж няпраўда?
На далёкай Амазонцы Я ніколі не бываў, Толькі карабель магутны Там заўсёды гасцяваў,— Толькі карабель праз моры Амазонкі дасягаў.
Ад Ліверпульскай гавані Заўжды па чацвяргах Адыходзяць судны ў плаванне Ў далёкі морскі шлях.
Плывуць яны ў Бразілію, Бразілію, Бразілію.
I я хачу ў Бразілію — Ў далёкі морскі шлях. Вы не знойдзеце ніколі У паўночных у лясах Даўгахвостых ягуараў, Браняносных чарапах.
А ў Бразіліі сонечнай Багата так звяроў.
У нас такіх на поўначы Нідзе я не знайшоў.
Ці ўбачу я Бразілію, Бразілію, Бразілію?
Ці ўбачу я Бразілію Да старасці ізноў?
ЯК БЫЛО НАПІСАНА ПЕРШАЕ ПІСЬМО
Даўным-даўно, яшчэ ў каменным веку, жыў ды быў адзін чалавек. Быў ён чалавек першабытны, жыў у пячоры і насіў вельмі мала апратак. Hi чытаць, ні пісаць ён не ўмеў — ды і не хацелася яму ні чытаць, ні пісаць,— і, пакуль ён быў сыты, ён быў шчаслівы. Звалі яго Цегумай Бопсулай, а гэта азначае: Чалавек-ногі-якога-ніколі-не-спяшаюцца, але мы, любенькі хлопчык, будзем назы ваць яго проста Цегумай, каб было карацей. У яго была жонка, і звалі яе Цешумай Тэвіндра, а гэта азначае: Жанчына-якая-задае-занадта-многа-пытанняў, але мы, любенькі хлопчык, будзем называць яе проста Цешумай, каб было карацей. I была ў яго маленькая дачка, якую звалі Тафамай Металумай, а гэта азначае: Дзяўчынка-якой-трэба-якслед-надаваць-плескачоў-за-тое-што-яна такая-гарэзніца, але буду называць яе проста Тафі. Цегу май Бопсулай вельмі любіў яе, і мама вельмі любіла яе, і яны давалі ёй плескачоў куды больш рэдка, чым трэба, і ўсе трое былі задаволеныя і шчаслівыя.
Як толькі Тафі навучылася хадзіць, яна пачала бегаць усюды за сваім бацькам Цегумаем, і, быва-
ла, яны абое датуль не прыходзяць у пячору, пакуль ім не захочацца есці. I тады Цешумай Тэвіндра казала:
— Дзе гэта вы прападалі і гэтак страшэнна выпацкаліся? Сапраўды, мой Цегумай, ты ані не лепшы за маю Тафі.
А цяпер, любенькі хлопчык, слухай мяне, і слухай уважліва!
Неяк раз Цегумай пайшоў па балоце, на якім вадзіліся бабры, і выйшаў да ракі Вагай, каб сваёй вострай дзідай набіць на абед карпаў. Тафі пайшла разам з ім. Дзіда ў яго была драўляная, з наканечнікам з зубоў акулы. I толькі ён узяўся паляваць, як дзіда зламалася папалам: занадта моцна ён тыцнуў ёю ў дно ракі, калі цаляў у рыбіну. Што рабіць? Ісці дадому — далёка (снеданне яны, вядома, узялі з сабою ў торбачцы), а запасной дзіды ў Цегумая не было. Запасную дзіду ён забыўся ўзяць.
— Рыбы ажно кішыць,— сказаў ён,— а каб адрамантаваць дзіду, мне спатрэбіцца цэлы дзень.
— У цябе ж ёсць другая дзіда! — сказала Тафі.— Такая вялікая і чорная. Хочаш, я збегаю ў пячору і папрашу яе ў мамы?
— Дзе табе бегчы ў такую далеч! — сказаў Цегумай.— Гэта не пад сілу тваім пухленькім ножкам. Ды і дарога небяспечная: чаго добрага, утопішся ў Бабровым балоце. Паспрабуем як-небудзь справіцца з нашай бядою на месцы.
Ён сеў на зямлю, узяў скураную, спецыяльна для рамонту, торбачку, дзе ў яго былі складзены аленевыя жылы, доўгія палоскі скуры, кавалачак смалы, камячок мяккага пчалінага воску, і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду. Тафі таксама села непадалёку ад яго, звесіла ногі ў ваду, падперла ручкай падбародак і думала-думала на ўсю моц. Потым яна сказала бацьку:
— Мне здаецца, гэта па-зверску крыўдна, што мы з табою не ўмеем пісаць. Напісалі б запіску дадому, каб нам прыслалі другую дзіду!
— Тафі,— сказаў Цегумай,— колькі разоў напамінаў я табе, каб ты не гаварыла грубых слоў! «Па-зверску» — гэта брыдкае слова. Але было б і праўда някепска, калі ўжо ты нагадала пра гэта, каб мы маглі напісаць тваёй маме запіску.
А ў гэты час па беразе ракі ішоў незнаёмы чалавек. Ен не зразумеў ні слова з таго, што сказаў Цегумай, таму што быў з далёкага племені Цявара. Ен стаяў на беразе, пазіраў на Тафі і ўсміхаўся, бо ў яго ў самога дома была маленькая дачушка. Цегумай дастаў з торбачкі маток аленевых жыл і ўзяўся рамантаваць сваю дзіду.
— Хадзі сюды,— сказала Тафі Незнаёмаму.— Ці ведаеш ты, дзе жыве мая мама?
Незнаёмы адказаў: «Гм», бо ён быў, як ты ведаеш, цяварац.
— Дурань дурны! — сказала Тафі і тупнула ножкай, бо ўбачыла, што па рацэ плыве цэлая чарада вялікіх карпаў, якраз тады, калі бацька не можа запусціць у іх дзідай.
— He лезь да старэйшых,— сказаў Цегумай не азіраючыся; ён быў так заняты рамонтам дзіды, што нават не глянуў на Незнаёмага.
— Я не лезу,— адказала Тафі.— Я толькі хачу, каб ён зрабіў тое, што мне хочацца. А ён не разумее.
— Тады не дакучай мне,— сказаў Цегумай, і ўзяўшы ў рот канцы аленевых жыл, пачаў выцягваць іх з усяе сілы.
А Незнаёмы (ён быў самы сапраўдны цяварац) сеў на траву, і Тафі пачала паказваць яму, што робіць бацька.
Незнаёмы падумаў: «Гэта вельмі дзіўная дзяўчынка. Яна тупае на мяне нагой і строіць мне грымасы. Яна, мусіць, дачка гэтага знакамітага правадыра, які гэтакі важны, што нават не звяртае на мяне ніякай увагі».
Таму ён усміхнуўся яшчэ больш ветліва.
— Дык вось,— сказала Тафі.— Я хачу, каб ты пайшоў да мае мамы (таму, што ў цябе ногі даў240
жэйшыя за мае і ты не звалішся ў Бабровае балота) і папрасіў, каб табе далі другую дзіду. Чорную. Яна вісіць у нас над ачагом.
Незнаёмы (а ён быў цяварац) падумаў: «Гэта вельмі, вельмі дзіўная дзяўчынка. Яна махае рукамі і крычыць на мяне, але я не разумею ні слова. I я вельмі баюся, што, калі я не выканаю яе загадаў, гэты велічны правадыр, Чалавек-які-паварочваецца-спінай-да-сваіх-гасцей, раззлуецца». Ен устаў, адлупіў з бярэзіны вялікі кавалак кары і падаў яго Тафі. Гэтым ён хацеў паказаць, што душа ў яго белая, як бяроста, і што ён нікому не жадае зла. Але Тафі зразумела яго па-свойму.
— О,— сказала яна,— разумею! Ты хочаш даведацца, дзе жыве мая мама. Вядома, я не ўмею пісаць, але я магу намаляваць карцінку заўсёды, калі пад рукою ёсць што-небудзь вострае, каб можна было надрапаць яе. Дай мне на хвілінку зуб акулы з тваіх караляў.