• Газеты, часопісы і г.д.
  • Маўглі  Рэдзьярд Кіплінг

    Маўглі

    Рэдзьярд Кіплінг

    Выдавец: Юнацтва
    Памер: 303с.
    Мінск 1994
    88.88 МБ
    Пасля гэтага ўсе вельмі доўга маўчалі. Ніхто не вымавіў ні слова. Нарэшце галоўны правадыр засмяяўся. Потым засмяяўся Незнаёмы (а ён быў, як ты ведаеш, цяварац); потым засмяяўся Цегумай, ды так моцна смяяўся, што не мог устаяць на нагах; потым засмяялася ўсё цегумайскае племя, яно смяялася доўга і гучна.
    Потым галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:
    — О, Дзяўчынка-якой-трэба-як-след-надаваць-плескачоў-за-тое што ты-такая-гарэзніца, ты зрабіла вялікае адкрыццё!
    — Ніякага адкрыцця я не хацела рабіць,— адказала Тафі.— Я проста хацела, каб сюды прынеслі татаву чорную дзіду.
    — Усё адно! Гэта — вялікае адкрыццё, і прыйдзе дзень, калі людзі назавуць яго ўменнем пісаць. Пакуль што замест пісем мы будзем пасылаць адзін аднаму карцінкі, а ў карцінках — вы самі гэта бачылі — не заўсёды можна разабрацца, што да чаго. Іншы раз выходзіць самая дзікая блытаніна. Але прыйдзе час, о дзіця цегумайскага племені, калі мы прыдумаем літары і навучымся з дапамогай літараў чытаць і пісаць — і тады ў нас ужо не будзе памылак. I няхай дагістарычныя дамы змыюць гразь з галавы Незнаёмага.
    — От будзе добра! — сказала Тафі.— Бо цяпер вы прынеслі сюды на бераг усе дзіды, якія толькі
    ёсць у цегумайскага племені, але забыліся прынесці адну-адзіную — чорную дзіду майго таты!
    Тады галоўны правадыр цегумайскага племені пракрычаў, прагаварыў і праспяваў:
    — Наступны раз, як прыйдзе табе ў галаву напісаць пісьмо ў выглядзе карцінкі, пашлі з гэтым пісьмом чалавека, які ўмее гаварыць па-нашаму, і той чалавек растлумачыць усё, што ты хочаш сказаць у пісьме. А не, дык ты сама бачыш, якія могуць выйсці непрыемнасці для ўсяго цегумайскага племені, ды і Незнаёмаму часам давядзецца нялёгка.
    Пасля гэтага цегумайскае племя прыняло ў сваю суполку Незнаёмага (хоць ён быў сапраўдны цяварац). Племя ўсынавіла яго, бо ён аказаўся бездакорным джэнтльменам і не скандаліў, калі дагістарычныя дамы абляпілі ўсю яго галаву граззю. Але з таго дня і да сённяшняга (і, па-мойму, гэта ўсё праз Тафі) не дужа многа знойдзецца на свеце такіх маленькіх дзяўчынак, якія любяць вучыцца чытаць і пісаць. Ім больш падабаецца маляваць карцінкі і ціхенька гуляць дзе-небудзь непадалёку ад таты — гэтак як Тафі.
    KOT, ЯКІ ГУЛЯЎ CAM САБОЮ
    I
    Слухай, мой мілы хлопчык, слухай, удумвайся, разумей, бо гэта здарылася, бо гэта адбылося, бо гэта было яшчэ ў той далёкі час, калі Ручныя Жывёлы былі Жывёламі Дзікімі.
    Сабака быў дзікі, і Конь быў дзікі, і Карова была дзікая, і Авечка была дзікая, і Свіння была дзікая — і ўсе яны былі дзікія-дзікія і дзіка блукалі па Мокрых і Дзікіх Лясах.
    Але самым дзікім быў Дзікі Кот — ён бадзяўся дзе ўздумаецца і гуляў сам сабою.
    Чалавек, зразумела, быў таксама дзікі, страшэнна дзікі, жахліва дзікі. I ніколі б яму не зрабіцца ручным, каб не Жанчына. Гэта яна сказала яму — пры першай сустрэчы,— што ёй не падабаецца яго дзікае жыццё. Яна хутка адшукала яму для жылля ўтульную, сухую Пячору, бо спаць у Пячоры было куды лепш, чым валяцца пад адкрытым небам на кучы сырога лісця. Яна пасыпала падлогу чыстым пясочкам і расклала ў глыбіні Пячоры добрае вогнішча.
    Потым яна павесіла каля ўвахода ў Пячору шкуру Дзікага Каня хвастом уніз і сказала Мужчыне:
    — Выцірай, любы, ногі, як будзеш уваходзіць: цяпер у нас, бачыш, гаспадарка.
    У гэты вечар, мой мілы хлопчык, яны вячэралі дзікай авечкай, засмажанай на распаленых камянях, прыпраўленай дзікім часнаком і дзікім перцам. Потым яны з’елі дзікую качку, начыненую дзікім рысам, дзікай травою і дзікімі яблыкамі; потым храсточкі дзікіх быкоў; потым дзікія вішні і дзікія гранаты. Потым Мужчына, вельмі шчаслівы, пайшоў і заснуў каля агню, а Жанчына села чараваць: яна распусціла валасы, узяла плечавую барановую костку, вельмі плоскую і вельмі гладкую, і пачала пільна ўглядацца ў разводы, якія праходзілі па костцы. Потым яна падкінула дроў у агонь і зацягнула песню. Гэта было Першае ў свеце Чараўніцтва, Першая Чараўнічая Песня.
    I сабраліся ў Мокрым і Дзікім Лесе ўсе Дзікія Звяры; збіліся ў адзін статак і глядзелі на святло агню, не ведаючы, што гэта такое.
    Але вось тупнуў нагой Дзікі Конь і дзіка сказаў:
    — О мае Прыяцелі! О мае Непрыяцелі! Чуе сэрца маё: не на дабро засвяцілі Мужчына і Жанчына ў вялікай Пячоры вялікі агонь. He, гэта не на дабро!
    Дзікі Сабака задраў дзікі нос, панюхаў, як пахне смажаная бараніна, і дзіка сказаў:
    — Пайду пагляджу, а потым раскажу. Мне здаецца, што там не так ужо дрэнна. Кот, хадзем са мною!
    — Ну не,— адказаў Кот.— Я, Кот, хаджу дзе ўздумаецца і гуляю сам сабою.
    — Ну, тады я табе не таварыш,— сказаў Дзікі Сабака і трушком пабег да Пячоры. Але не прабег ён і дзесяці крокаў, а Кот падумаў ужо:
    «Я, Кот, хаджу дзе ўздумаецца, гуляю сам сабою. Чаму б мне не пайсці туды і не паглядзець, як і што? Я ж пайду па сваёй ахвоце».
    I ён ціхенька пабег за Сабакам, ступаючы мякка і далікатна, і забраўся ў такую мясцінку, адкуль яму было чуваць усё.
    Калі Дзікі Сабака падышоў да Пячоры, ён дзікім носам падняў конскую скуру і з асалодай пачаў нюхаць прыемны пах смажанай бараніны, а Жанчына, якая чаравала косткай, пачула шорах і сказала смеючыся:
    — Вось першы ўжо і прыйшоў. Ты, з Дзікага лесу Дзікае Стварэнне, што табе трэба тут?
    I адказаў Дзікі Сабака:
    — Скажы мне, о Вораг мой, Жонка Bopara майго, што гэта пахне так прыемна сярод гэтых Дзікіх Лясоў?
    I нагнулася Жанчына, і падняла з падлогі костку, і кінула Дзікаму Сабаку, і сказала:
    — Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, пакаштуй, пагрызі гэту костку.
    Узяў Дзікі Сабака гэтую костку ў свае дзікія зубы, і яна здалася яму смачнейшай за ўсё, што ён грыз да гэтага часу, і ён сказаў:
    — Слухай, о Вораг мой, Жонка майго Bopara, кінь мне хутчэй другую такую ж костку.
    I адказала яму Жанчына:
    — Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, ідзі памажы майму Мужчыну хадзіць за здабычай, сцеражы гэтую Пячору па начах, і я дам табе столькі касцей, колькі табе будзе патрэбна.
    — Ах,— сказаў Кот, слухаючы іх гутарку,— гэта вельмі разумная Жанчына, хоць, вядома, я разумнейшы за яе.
    Дзікі Сабака забраўся ў Пячору, паклаў галаву Жанчыне на калені і сказаў:
    -	О мой Друг, Жонка майго Друга, добра. Я згодзен дапамагаць твайму Мужчыне паляваць, буду сцерагчы па начах вашу Пячору.
    — Ах,— сказаў Кот, слухаючы іх размову,— які дурны гэты Сабака!
    I ён пайшоў прэч, прабіраючыся па Дзікім Лесе і дзіка махаючы сваім дзікім хвастом. Але пра ўсё, што бачыў, нікому не сказаў ні слова.
    Прачнуўшыся, Мужчына запытаў:
    — Што тут робіць Дзікі Сабака?
    I адказала Жанчына:
    -	Яго імя ўжо не Дзікі Сабака, а Першы Друг, і ён будзе нам другам на векі вечныя. Як пойдзеш на паляванне, клікні яго з сабою.
    На другі вечар Жанчына нарэзала на заліўных лугах вялікі ахапак травы і расклала яе сушыцца каля агню, і, калі пайшоў ад сена такі пах, як ад свежаскошанай травы, яна села каля ўвахода ў Пячору, зрабіла з конскай шкуры вуздэчку і, утаропіўшыся ў плечавую барановую костку — на шырокую вялікую лапатку,— зноў узялася чараваць і запела чараўнічую песню.
    I зноў у Дзікім Лесе сабраліся ўсе Дзікія Звяры і, пазіраючы здалёк на агонь, абмяркоўвалі, што б такое магло здарыцца з Дзікім Сабакам. I вось Дзікі Конь дзіка тупнуў дзікай нагой і сказаў:
    -	Пайду пагляджу, а потым раскажу, чаму Дзікі Сабака не вярнуўся. Кот, хочаш — пойдзем разам?
    He,— адказаў Кот,— я, Кот, хаджу дзе хачу і гуляю сам сабою, ідзі адзін.
    Але на самай справе ён ціхенька пракраўся за Дзікім Канём, ступаючы ціха і мякка, і забраўся ў такую мясцінку, адкуль было чуваць усё.
    Пачула Жанчына конскі тупат, убачыла, як прабіраецца да яе Дзікі Конь, як ён наступае на сваю доўгую грыву, і сказала са смехам:
    — А вось і другі прыбег сюды. Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, чаго табе трэба тут?
    Дзікі Конь адказаў:
    — Ты, мой Вораг, Жонка майго Bopara, адказвай мне хутчэй, дзе Дзікі Сабака?
    Жанчына засмяялася, падняла з падлогі барановую лапатку, паглядзела на яе і сказала:
    — Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, не па Сабаку ты сюды прыйшоў, а па сена, па гэтую добрую траву!
    Дзікі Конь затупаў на месцы і, трасянуўшы грывай, сказаў:
    — Гэта праўда. Дай мне сена!
    Жанчына адказала:
    — Ты, з Дзікага Лесу Дзікае Стварэнне, нагні сваю дзікую галаву і насі, што я надзену на цябе,— насі, не здымай ніколі, і тры разы ў дзень ты будзеш есці гэтую дзіўную пахучую траву.
    — Ах,— сказаў Кот, слухаючы іх гутарку,— гэтая Жанчына вельмі разумная, але, вядома, не разумнейшая за мяне.
    I нагнуў Дзікі Конь сваю дзікую галаву, і Жанчына накінула на яе толькі што сплеценую вуздэчку, і дыхнуў ён сваім дзікім дыханнем проста на ногі Жанчыне і сказаў:
    — О мая Гаспадыня, о Жонка майго Гаспадара, за пахучую гэтую траву я табе буду вечным рабом!
    — Ах,— сказаў Кот, слухаючы іх гутарку,— які ён дурань, гэты Конь!
    I зноў ён кінуўся ў Дзікі Лес, дзіка памахваючы сваім дзікім хвастом. Але пра ўсё, што чуў, нікому не сказаў ні слова.
    Калі Сабака і Мужчына вярнуліся з палявання, Мужчына сказаў:
    — А што тут робіць Дзікі Конь?
    I Жанчына адказала:
    — He Дзікі Конь ужо імя яго, а Першы Слуга, бо з месца на месца ён будзе вазіць нас векі вечныя. Калі ты збярэшся на паляванне, смела сядай на яго.
    На наступны дзень падышла да Пячоры Карова. Яна таксама была дзікая і павінна была высока задзіраць сваю дзікуюгалаву, каб не зачапіцца за дзікія дрэвы дзікімі рагамі. Кот пракраўся ўслед за ёй і схаваўся гэтак жа сама, як і раней; і ўсё адбылося гэтак жа сама, як і раней; і Кот сказаў тое самае, што і раней; і калі Дзікая Карова ў абмен за траву абяцала Жанчыне сваё малако, Кот кінуўся ў Дзікі Лес і дзіка замахаў сваім дзікім хвастом, зноў-такі гэтак жа сама, як і раней. I пра ўсё, што чуў, нікому не сказаў ні слова. А калі
    Сабака, Чалавек і Конь вярнуліся з палявання і Чалавек спытаўся гэтак жа сама, як і раней, што робіць тут Дзікая Карова, Жанчына адказала гэтак жа, як і раней:
    — Цяпер не Дзікая Карова ёй імя, а Носьбітка Добрай Яды. Яна будзе даваць нам белы сырадой векі вечныя, і я згодна даглядаць яе, пакуль ты, ды наш Першы Друг, ды наш Першы Слуга будзеце ў лесе на паляванні.
    Дарэмна Кот прачакаў увесь дзень, каб хтонебудзь яшчэ з Дзікіх Звяроў прыйшоў да Пячоры: болей ніхто не прыходзіў з Мокрага Дзікага Лесу. Так што Кату паняволі прыйшлося блукаць аднаму. I вось убачыў ён Жанчыну, якая сядзела і даіла Карову.