Маўглі
Рэдзьярд Кіплінг
Выдавец: Юнацтва
Памер: 303с.
Мінск 1994
— О царыца, красуйся на векі вякоў! Ты ж ведаеш, што такое мужы!
I царыца Балкіда, мудрая Балкіда Саўская, падняла руку да вуснаў, каб схаваць усмешку, і сказала:
— Так, сястрыца мая, ведаю.
— Яны злуюцца за дробязі,— сказала Матыліха, хутка-хутка распасціраючы і складваючы крыльцы,— і мы павінны ўлагоджваць іх, о Царыца, каб яны не бурчалі. Яны ніколі не думаюць нават паловы таго, што кажуць. Калі мужу майму гэтак хочацца верыць, нібыта я паверыла, што варта яму тупнуць нагой і палац Сулеймана-
ібн-Дауда знікне, няхай сабе верыць, не буду яму пярэчыць. Усё адно заўтра ён пра гэта забудзецца.
— Так, сястрыца мая, ты кажаш шчырую праўду,— прамовіла Балкіда,— але, калі ён наступны раз пачне перад табою выхваляцца, злаві яго на слове. Скажы яму, каб ён і папраўдзе тупнуў нагою, і паглядзі, што з гэтага выйдзе. Ен будзе дужа пасаромлены. Вось пабачыш.
Матыліха паляцела да свайго Матылька, а праз пяць хвілін яны ўжо сварыліся — яшчэ мацней, чым раней.
— Успомні,— сказаў Матылёк,— успомні, што я магу зрабіць, калі тупну нагою!
— Я табе ані не веру,— адказала Матыліха,— і я была б рада паглядзець, што ў цябе з гэтага выйдзе! Тупні! Тупні! Калі ласка, тупні!
— Я абяцаў Сулейману-ібн-Дауду не тупаць, і я не хачу парушаць сваё слова.
— Колькі ні тупай, усё адно нічога не будзе. Нават маленькая травінка і тая не зварухнецца. Чаму ж ты не тупаеш? Тупні! Тупні! Кажу табе: тупні!
Сулейман-ібн-Дауд сядзеў пад камфорным дрэвам, чуў кожнае слова і смяяўся гэтак, як яшчэ ніколі не смяяўся.
Ен забыўся пра царыц, ён забыўся пра Звяругу, што выплыў з марской глыбіні, ён забыўся пра сваё самахвальства. I Балкіда, стоячы за дрэвам, таксама смяялася, бо яе каханаму было гэтак весела.
Але вось Матылёк, злосны і ўсхваляваны, зноў спусціўся пад камфорнае дрэва і сказаў Сулейману-ібн-Дауду:
— Яна хоча, каб я тупнуў. Яна хоча паглядзець, што з гэтага выйдзе. О Сулейман-ібн-Дауд, ты ж ведаеш, што ў мяне нічога не атрымаецца! I цяпер яна ўжо ніколі не паверыць ніводнаму майму слову і будзе смяяцца з мяне да канца маіх дзён.
— He, o браце мой,— сказаў Сулейман-ібн-Дауд,— гэтага не будзе, абяцаю табе.
I ён пакруціў на пальцы пярсцёнак (толькі для таго, каб дапамагчы Матыльку, а не-для таго, каб пахваліцца сваёю ўсемагутнасцю), і як згледзець вокам чатыры вялізныя Джыны ўзніклі перад ім з-пад зямлі.
— Рабы,— сказаў Сулейман-ібн-Дауд,— калі гэты васпан, што сядзіць у мяне на пальцы (там сядзеў хвалько Матылёк), тупне левай пярэдняй нагой, зрабіце так, каб усчалася навальніца, ляснуў пярун і гэты палац, і ўсе гэтыя сады згінулі з вачэй, зніклі. А як ён тупне зноў, асцярожна пастаўце іх на ранейшае месца.
— Цяпер, о браце мой,— сказаў ён Матыльку,—ідзі да жонкі і тупай сабе на пацеху.
Матылёк падляцеў да жонкі, якая ўсё яшчэ крычала:
— Чаму ж ты не тупаеш? Тупні! Ну, тупні ж! Тупні!
За агароджай, што акружала палац, Балкіда ўбачыла чатырох Джынаў і сказала:
— Нарэшце такі Сулейман-ібн-Дауд, каб уратаваць Матылька, зробіць тое, што даўным-даўно павінен быў зрабіць, каб уратаваць самога сябе: утаймуе гэтых сварлівых царыц.
Матылёк тупнуў нагою. Джыны падхапілі палац і сады і знеслі іх па паветры за тысячу міляў. Ляснуў страшэнны пярун, і неба зрабілася чарнейшым за чарніла. А Матыліха лятала ў цемры і крычала:
— О, я не буду болей сварыцца! I навошта я пад’юджвала яго! Мой каханы, мой любенькі муж, вярні назад і палац і сады, і я ніколі болей не буду пярэчыць табе!
Матылёк і сам спужаўся не менш за сваю жонку, а Сулейман-ібн-Дауд гэтак рагатаў, што не мог нават адразу шапнуць Матыльку:
— Тупні зноў, о браце мой, вярні мне мой палац, о вялікі чарадзей!
— Ага, вярні яму палац! — усклікнула Матыліха, якая лятала ў цемры, нібы начніца.— Вярні яму палац і не займайся болей такім жахлівым чараўніцтвам!
— Добра, дарагая, хай будзе так! — сказаў Матылёк, стараючыся як мага паддаць сабе храбрасці.— От бачыш, што выйшла з таго, што ты прыдзіралася да мяне. Само сабой зразумела, што сам я ніколечкі не турбуюся пра тое, вернецца палац ці не, такія рэчы для мяне не ўпершыню, але з павагі да цябе і да Сулеймана-ібн-Дауда я не пярэчу супроць таго, каб усё вярнулася на сваё месца.
I ён тупнуў яшчэ раз, і ў той жа момант Джыны без ніводнага штуршка паставілі і сады і палац на ранейшае месца.
I ўсё было па-ранейшаму. Цёмна-зялёнае лісце апельсінавых дрэў ярка зіхацела на сонцы, фантаны пераліваліся сярод пунсовых егіпецкіх лілеяў, птушкі спявалі, быццам нічога і не было, а Матыліха ляжала на баку пад камфорным дрэвам. Крыльцы ў яе трымцелі, і, задыхаючыся, яна паўтарала:
— Даруй мне! Я болей не буду!
Сулейман-ібн-Дауд гэтак смяяўся, што ледзьве мог слова вымавіць. На яго напала ікаўка. Знемагаючы ад смеху, ён выставіў Матыльку палец і сказаў:
— О вялікі чарадзей, што з таго, што ты вярнуў мне палац, калі ад смеху, да якога ты давёў мяне, давядзецца сёння ж легчы ў магілу?
Тут пачуўся страшэнны шум, таму што з палаца выбеглі ўсе дзевяцьсот дзевяноста дзевяць царыц і пачалі прарэзліва крычаць, і верашчаць, і клікаць сваіх малых дзяцей. Яны беглі па мармуровай лесвіцы, што вяла ўніз ад фантанаў,— сто жанчын на кожнай прыступцы.
Наймудрэйшая Балкіда велічна выйшла наперад, сустрэла іх і сказала:
— Чаго гэта вы так перапужаліся, царыцы?
А яны стаялі на мармуровай лесвіцы — сто жанчын на кожнай прыступцы — і крычалі:
— Ч а г о мы перапужаліся? Ды гэта кожнаму зразумела! Бо мы жылі сабе пажывалі ў сваім залатым палацы, і раптам наш палац знікае немаведама куды, і мы трапляем у апраметную цемру, і над намі ляскае пярун, і Джыны і Афрыты шныпараць у цемры! Вось чаго мы перапужаліся, о царьь ца царыц, і мы неймаверна перапуджаны нашым перапудам, бо гэта самы страшэнны перапуд з усіх перапудаў, якія давялося нам перажыць за ўсё наша жыццё.
Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая царыца, самая любімая з усіх жонак Сулеймана-ібн-Дауда, амаль гэтакая ж прамудрая, як сам Сулейман-ібнДауд, сказала:
— Нічога асаблівага не здарылася, о царыцы. Проста Матылёк паскардзіўся на сваю жонку, якая сварылася з ім, а Сулейману-ібн-Дауду захацелася навучыць яе лагодзе і пакорлівасці, ветлівасці і сціпласці, бо гэта лічыцца добрымі якасцямі сярод жонак матылькоў.
I тады егіпецкая царыца, дачка фараона, сказала:
— Наш палац нельга вырваць з коранем, як цыбуліну, для якой-небудзь нікчэмнай казяўкі. He! Сулейман-ібн-Дауд, мусібыць, ужо сканаў, і зямля скаланулася ад гора, і ляснуў пярун, і на зямлю апусцілася цемра.
Тады Балкіда, не ўзнімаючы вачэй, павабіла да сябе пальцам гэтую непачцівую царыцу і сказала ёй ды і ўсім астатнім: •
— Вы можаце пайсці і паглядзець.
Яны спусціліся па мармуровай лесвіцы шырокімі шэрагамі — у кожным шэрагу была сотня царыц — і пад камфорным дрэвам убачылі прамудрага цара Сулеймана-ібн-Дауда, які ўсё яшчэ зне магаў ад смеху. Цар сядзеў і ківаўся ўзад-уперад, і на адной руцэ ў яго была Матыліха, а на другой Матылёк. I царыцы пачулі, як ён кажа:
— О жонка майго брата, які лятае па паветры, запомні з гэтага часу і навекі, што ты павінна дагаджаць свайму мужу ва ўсім, інакш ён раззлуецца і тупне нагою зноў, бо ён вялікі чарадзей і вядзьмар і можа, калі яму прыйдзе ў галаву, выкрасці палац у самога Сулеймана-ібн-Дауда... Дык жывіце ў згодзе вы абое.
Ён пацалаваў у іх крыльцы, і яны паляцелі прэч.
Тады ўсе царыцы, якія дагэтуль усё яшчэ стаялі і ўсміхаліся, усе, апроч Прыгожай і Цудоўнай Балкіды, паваліліся ніцма, бо яны сказэ" самі сабе: «Калі творыцца такое з-за таго, што Матылёк незадаволены сваёю жонкаю, дык што ж будзе з намі, калі мы дакучаем свайму валадару крыкамі і шалёнымі сваркамі?»
I яны накінулі на галаву празрыстыя тканіны і, затуліўшы сабе далонямі рот, ціха, як мышы, вярнуліся да сябе ў палац.
Тады Балкіда, Найпрыгажэйшая і Цудоўная, выйшла з зарасніку пунсовых лілеяў пад засень камфорнага дрэва, паклала руку на плячо Сулейману-ібн-Дауду і сказала:
— О пане мой, скарб душы маёй, радуйся, бо мы далі ўсім гэтым царыцам Егіпта, Эфіопіі, Персіі, Індыі, Кітая добрую навуку, якую яны запомняць назаўсёды.
I Сулейман-ібн-Дауд, усё яшчэ пазіраючы на матылькоў, што пырхалі-забаўляліся ў промнях сонца, спытаў:
— О мая пані, найдаражэйшы камень маёй радасці, калі ж гэта здарылася? Бо як толькі я зайшоў у сад, я ўзяўся жартаваць з Матылька.
I ён расказаў Балкідзе ўсё, што ён рабіў у той час.
I Балкіда, ласкавая, мілая Балкіда, сказала:
— О пане мой, валадар жыцця майго! Я схавалася за камфорным дрэвам і бачыла ўсё на свае вочы. Гэта я параіла Матылісе, каб яна прымусіла Матылька тупнуць, бо я спадзявалася, што мой
валадар дзеля жарту зробіць нейкае дзіва, якое напалохае царыц.
I яна расказала яму ўсё, што падумалі, убачылі і сказалі царыцы.
Тады Сулейман-ібн-Дауд устаў пад камфорным дрэвам, выставіў рукі і з весялосцю на сэрцы сказаў:
— О пані мая, асалода дзён маіх, ведай, што калі б я са злосці або з пыхі скарыстаў у дачыненні да царыц сваю чарадзейную сілу, я мог бы асарамаціцца зноў, як асарамаціўся тады, калі наладзіў банкет для звяроў усяго свету. Але дзякуючы тваёй мудрасці я пачаў чараваць дзеля жарту, каб трошкі памагчы Матыльку, і — бачыш — гэта вы ратавала мяне ад надакучлівых маіх жонак. Дык растлумач мне, о пані мая, асяродак сэрца майго, як жа ты дасягнула такой мудрасці?
I царыца Балкіда, прыгожая, велічная, станістая, зірнула Сулейману-ібн-Дауду ў вочы, схіліла, як Матылёк, сваю галаву набок і адказала:
— Па-першае, о пане мой, таму што я кахаю цябе; а па-другое, о пане мой, таму што я ведаю, што такое сварлівыя жонкі.
I яны пайшлі ў палац і жылі шчасліва да канца дзён сваіх.
Балкіда зрабіла ўсё з розумам, хіба не праўда?
РЫКІ ЦІКІ TABI
Гэта — апавяданне пра вялікую вайну, якую адзін на адзін вёў Рыкі-Цікі-Таві ў ванным пакоі вялікага дома ў пасёлку Сігаулі.
Дарзі, птушка-кравец, дапамагала яму, і Чучундра, мускусная пацучыха — тая, што ніколі не выбежыць на сярэдзіну пакоя, а ўсё крадзецца пры самай сцяне,— давала яму парады. Але пасапраўднаму ваяваў ён адзін.
Рыкі-Цікі-Таві быў мангуст1. I хвост і шэрсць былі ў яго, як у маленькага катка, а галава і ўсе звычкі — як у ласачкі. Вочы ў яго былі ружовыя, і кончык яго непакойлівага носа таксама быў ружовы. Рыкі мог пачасацца, дзе надумае — усё роўна якой лапкай: ці пярэдняй, ці задняй. I так мог ён распушыць свой хвост, што хвост рабіўся падобны на круглую даўгую шчотку. I яго баявы кліч, калі ён імчаўся ў высокіх травах, быў рыкіцікі-цікі-цікі-чк!