Мова SK
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 264с.
Мінск 2014
Стары ўладальнік кавярні прынёс нам талеркі з ежай, якой мы не замаўлялі. Пабачыўшы ласунак, я зразумеў, што замовіць мы гэтага і не маглі, бо такога няма ні ў адным меню ў Чайна-таўне. На пашарпаным фаянсе з кітчавымі ружачкамі піквірчэлі дробнымі бурбалкамі арахісавага алею залацістыя, не раўнуючы твар гэтага дзеда, дранікі.
Смачна есці, Намесніца, пакланіўся ён Цётцы.
Дзякуй, Мо. Ты найлепшы кухар на планеце, пахваліла яна старога. I звярнулася да мяне: Як мяне завуць, кажаш? А навошта гэта табе? Хочаш гараскоп на мяне скласці?
He. Проста неяк няёмка звяртацца Цётка...
Ну то добра, яна шчодра паліла дранікі смятанай. Скажу. Маё імя Аля. А поўнае Алаіза. Алаіза Пашкевіч*.
Вельмі прыемна, шаноўная Алаіза! я з павагай схіліў галаву.
Яна зноў засмяялася:
Дурань! Які ж дурань!
Я не зразумеў, з чаго быў гэты смех Алаізы. Але яна ўвесь час з мяне кпіла, таму звяртаць увагу на яшчэ адзін кепік не мела сэнсу.
* Алаіза Пашкевіч (1876 1916) сапраўднае імя паэткі, вядомай пад псеўданімам Цётка.
Дык ёсць яшчэ словы ў цябе? спыталася яна. Ці ўсё, месца ў галаве скончылася?
Так, ёсць!
Я паклаў у рот кавалачак хрусткага драніка. Смак быў нязвыклы, зусім іншы, чым у тых паўфабрыкатаў, якімі гандлюе «Сібірская карона». Пад скарыначкай запечанай бульбы выбухнуў сакавіты мякіш, які літаральна растаў на языку. Мабыць, уся рэч у арахісавым алеі.
Вось яшчэ слова «паняверца».
Ка!
Што «ка»? не зразумеў я.
Паняверка, бо там чаргаванне. I ў які ж такі час паняверка зрабілася сінонімам кахання?
Там такі радок: «Ты не кажы, што сэрца ў паняверцы». Я проста падумаў, што сэрца гэта ж тое, чым звычайна любяць.
Яна пырснула смехам. Я чакаў, што яна зноў назаве мяне дурнем, але яна не назвала.
Паняверка гэта сумнеў, нерашучасць. Калі згубіў веру ў нешта. Усё гэта паняверка.
Ну так.
Я задумаўся.
Што «ну так»? Пра што задумаўся? Я ўжо, бачыш, навучылася заўважаць, калі ты пра нешта задумваешся!
Я задумаўся пра тое, што сэрца сапраўды не толькі любіць, але і бывае ў паняверцы. Нават так: калі сэрца кахае, яно часцяком будзе і ў паняверцы, я падняў галаву, думаючы пабачыць спачуванне ці хоць бы ўвагу. Бо яна ж спыталася. Але Алаіза з цікавасцю разглядала напоі на стойцы за старым Мо.
Можна мне «Бела-Колы»! замовіла яна і зноў павярнулася да мяне. I чаму я такі сентыментальны? Ты малайчына, Сяргей, сказала яна. Малайчына, што так шмат слоў згадаў.
Гэта не ўсё! Яшчэ ёсць словы!
Ды як яно ў табе змясцілася? здзівілася яна.
Я зразумеў, што варта быць асцярожным. Бо калі яны зразумеюць, што словы я не прыгадаў з прачытанага, а прачытаў з прыхаванага скарбу, яны адбяруць у мяне друкаванку, і я назаўсёды страчу магчымасць бачыць Алаізу. Але я не змаргнуў вокам. Увогуле, маніць у мяне заўсёды добра выходзіла. Без гэтага навыку любы дылер і трафікёр вырачаны.
Ну, вы ж ведаеце, Алаіза. Звычайна ў мазгах захоўваецца адбітак ад прачытанага наркотыку.
Я чула пра гэта, пагадзілася Цётка. Але не ведала, што ў галаву можа залезці так шмат. Ці ты, можа, якім гіпнозам карыстаўся? гэта яна зноў жартавала.
Вось яшчэ варыянт. Там было слова «трунак».
Трунак? удакладніла яна.
Так. Вось цытата: «I розум прагна трунак гэты п’е»*.
He, трунак гэта алкагольны напой. He любы напой, а менавіта алкагольны. Бачыш, колькі ў Дубоўкі ўсяго незвычайнага!
Ну, тады вось апошняе, адразу тры словы: «краса», «прыязнасць», «цнота». Бо там у адным сказе гаворыцца так: «Краса, Прыязнасць, Цнота мне так любы. Красу, Прыязнасць, Цноту слаўлю я». I далей «Яны як кола, у якім я ўсюды. I ў якім уся любоў мая». Прычым напісана з вялікіх літараў. Дык не? He тое?
He! He тое. I мне раптам зрабілася лёгка і весела. Бо калі мы пе адгадалі, гэта значыць, будзе яшчэ адна нагода для сустрэчы з Алаізай. I сэрцу не трэба нудзіцца ў паняверцы. Краса гэта прыгажосць. Вось ты ў нас не хлопец, а краса. Прыязнасць гэта сімпатыя. А цнота гэта такое слова, што сарамлівая дзяўчына яго і тлумачыць не будзе. А я сарамлівая дзяўчына. Таму проста запомні, што цнота не каханне.
Я болей нічога не памятаю, сказаў я вінавата. Але я згадаю. Мне патрэбны нейкі час.
* У арыгінале (114-ы санет): «О! ’tis flattery in my seeing, And my great mind most kingly drinks it up» («гэта» замест «трунку»).
Мой позірк утаропіўся ў плацінавую падвеску ў яе на грудзях. Гэта быў крыжык «Madonna», але незвычайны вертыкальная перакладзіна ў яго была завостраная ўнізе. Так што ўсё разам хутчэй нагадвала меч з крыжападобным дзяржальнам. Яна перахапіла мой погляд.
Ты ў што-небудзь верыш, Сяргей?
Я ўздрыгнуў. Зноў асабістае пытанне як калі яна пыталася, пра што я думаю. Няўжо і зараз будзе замаўляць колу, замест таго, каб слухаць мяне? Яна ўважліва глядзела проста ў вочы. Я не мог вытрымаць погляду гэтых вачэй.
Ну так, веру, прамямліў я. Калі бываю за мяжой, то веру ў «Hermes»... я заўважыў, як яна скрывілася. Але ў мяне не так шмат грошай, каб набыць іх ноўны гарнітур. Проста калі глядзіш іх рэкламу, сапраўды адчуваеш, што ёсць нешта большае за цябе. I што ты можаш да гэтага наблізіцца.
Яе позірк зноў слізгаў па бутэльках на стойцы за старым Мо. Але, здаецца, гэтым разам яна слухала мяне ўважліва, проста не была згодная з тым, што чуе. Я ж працягваў:
Але тут жа няма «Hermes». Тут наогул з духоўнасці толькі папяровыя «мерседэсы» на плошчы Мёртвых. Ну, і залатыя купалы ля рэзідэнцыі.
Дык ты ў што-небудзь верыш? паўтарыла яна зноў.
Ну так. Мабыць, у нейкае перараджэнне, ці што. Бо сумна думаць, што пасля смерці наогул нічога не будзе.
Дзіўная ў нас размова адбылася з улікам таго, што я хутка загіну, але яшчэ пра гэта не ведаю.
А вы, Аля? запытаўся я. Вы ў што-небудзь верыце?
Я хрысціянка, адказала Алаіза.
Хрысціянка? ускінуў я бровы. Але чаму?
Хрысціянства я ўспрымаў як кранальную гісторыю пра аднаго закатаванага габрэя, якую брэндавалі сярэднявечныя італьянскія дызайнеры. Барвовыя хітоны, аголенае цела на крыжы, Марыя ў блакітнай хустцы, барадатыя апосталы вінтаж, хламіды, просты і лёгкі абутак гэта ўсё састарэла і не выглядала актуальна.
Ну вось бачыш, былі ж першыя хрысціяне. Павінны быць і апошнія, яна нявесела ўсміхнулася. Вось я і такія, як я, апошнія хрысціяне.
Але чаму? паўтарыў я пытанне. Мне здавалася, што такая сучасная і модна апранутая асоба не можа быць адэптам настолькі састарэлага культу.
Хадзем я пакажу.
Яна ўзнялася і хутка скіравалася да выхаду. «Толькі суправаджэнне», загадала яна Сварогу, і натоўп чарцей, якія цягнуліся перад і за намі, парадзеў. Мы перайшлі праз людную вуліцу, спусціліся па адной лесвіцы, збочылі на другую і ўперліся ў агароджаны сеткай шырокі фігурны слуп, што тырчаў з-за крамы, у якой гандлявалі фальшывай італьянскай сантэхнікай. Нечым гэты слуп нагадваў вентыляцыйныя шафы ад метро памерам быў з чалавечы рост, шырынёй з кухню ў маёй хрушчоўцы. Зроблены ён быў, здаецца, з атынкаванай цэглы ў нейкім незвычайньтм стылі цяпер так не будуюць. Зверху месцілася фігурная медная налітоўка, пад ёй круглае акно-ілюмінатар. Цётка адсланіла нейкі кавалак сеткі і праслізнула за агароджу.
Рог, мы там самі, загадала яна Чырвонаму слупу. Вы знешнюю бяспеку арганізуйце, а там мы самі.
Я праціснуўся за ёй. Падлога тут была, як і ва ўсім Чайнатаўне, драўляная. Але нашыя крокі па дошках спараджалі гулкае рэха, як быццам пад насцілам нічога не было.
Тут раней побач была яшчэ адна вежа, растлумачыла Алаіза. Але яе ўзарвалі, бо яна ўпіралася ў нейкую там інжынерную распорку.
Драўляны насціл падыходзіў да гэтага дзіўнага збудавання не шчыльна, а з невялікім з паўметра прарэхам. Алаіза скочыла праз яго, ухапілася за тынкоўку ўздоўж круглага акна, і палезла ўніз, хапаючыся за металічныя клямары, убітыя ў ляпніну.
Паўзі за мной, загадала яна мне. Толькі асцярожна, не сарвіся. Тут пад намі трыццаць мстраў. Складана будзе потым з тваёй разбітай галамоўзы слова даставаць!
Мы спусціліся пад узровень падлогі і пабачылі велізарнае выцягнутае арачнае акно ў той дзіўнай будыніне, уздоўж якой караскаліся. Цётка забралася ўсярэдзіну, прапанаваўшы мне ісці за ёй і «берагчы галаву». Я асцярожна крочыў туды, унутр, заўважыўшы ў прыцемках нешта велічэзнае, грушападобнай формы. Крануў пальцамі халодны метал. Пазнаў.
- Гэта ж звон! Кшталту тых, што бываюць у кітайскіх храмах!
- Мы на вежы-званіцы. Тут будуць драбіны.
Святла зверху ішло вельмі няшмат. Я намацаў драўляную лесвіцу і палез за Цёткай. Неўзабаве мы апынуліся на роўнай паверхні ўсярэдзіне вежы. Яна шчоўкнула тумблерам і запалілася электрычнасць. Адсюль уніз вялі цагляныя прыступкі. Мы скіраваліся па іх, і ў галаву палезлі ўсялякія прыгодніцкія фільмы, што паказваюць па Net-візары, калі хочуць завабіць аўдыторыю перад паведамленнем важных для ўрада навінаў. Ісці давялося даволі доўга, лесвіца была вітая, над галавой было нізенькае скляпенне, па якім цягнуўся дрот з электрычнымі лямпачкамі. Нарэшце праход рэзка збочыў, лесвіца скончылася, і мы апынуліся на нейкай пляцоўцы, у поўнай цемры. Мяркуючы па тым, што кожны наш крок спараджаў доўгае рэха, памяшканне было дужа вялікім.
- Стой тут. Вось тут, загадала яна мне. А я зараз.
Яна знікла, потым аднекуль пачуўся пстрык яшчэ аднаго выключальніка. I раптам уся зала азарылася шчодрымі патокамі святла, што струменілася зверху. Лямпы былі ўсталяваныя за вокнамі, таму ўзнікала ілюзія, быццам там яркі, сонечны дзень. Сцены былі пафарбаваныя ў ружовы, тынк з фарбай месцамі скрышыўся. У цэнтральным пралёце, пад паўаркамі* з квяцістымі навершамі**, стаяў стары кітайскі грузавік з драўляным кодабам і цёмна-зялёнай кабінай. Прычым нават нумары ў яго былі кітайскія дзіва, што ён даехаў да нашай правінцыі з самой Паднябеснай. Ззаду, проста на падлозе, ляжала, трохі нахіліўшыся, галава другой
* Маюцца на ўвазе пілястры.
** Маюцца на ўвазе карынфскія капітэлі.
вежы з нейкіх дзівосных прычынаў яна не рассыпалася ў пыл, абрынуўшыся сюды, усярэдзіну памяшкання.
Недзе наверсе рыпнула крэсла рэха гуляла па інтэр’еры некалькі секундаў. I тут храм загаварыў голасам Цёткі. 3-за асаблівасці памяшкання ўсё, што яна казала на хорах, разносілася гучна, хоць вымаўляла яна, здаецца, без напругі, ціхім голасам. Кожнае слова гучала па тры разы, адбіваючыся ў левай частцы, у цэнтральнай і ў правай.