Мова SK
Віктар Марціновіч
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 264с.
Мінск 2014
Я зараз табе пакажу... Гэтую рэч напісала... адна жанчына... Цётка ўздыхнула, і я пачуў гэты ўздых так добра, быццам яна дыхала мне ў вуха. Атрымалася так моцна... што яе забаранялі выконваць у Мінску. А памяць той жанчыны старанна нішчылі пасля смерці. Як быццам яна была жывая. 3 ёй змагаліся, з мёртвай, дурні. Хоць словы, народжаныя сэрцам, забіць немагчыма.
Раптам зверху грымнуў арган. Я ажно прысеў ад нечаканасці. Я не ведаў, што тут захаваўся інструмент. I я не ведаў, што яна ўмее на ім іграць, бо, здаецца, ва ўсёй Расіі цяпер не знайсці чалавека, які можа даць рады з гэтай штуковінай. Аля выдала некалькі пробных акордаў на розных танах, і храм падхапіў іх і пачаў насіць па прасторы. Гук быў настолькі шчыльным, што яго можна было памацаць, калі ён лунаў у паветры.
Уступ складаўся з шэрагу меладычных крокаў, якія нагадвалі лесвіцу з прапушчанымі пралётамі. Любая арганііая музыка ў храме гэта лесвіца на нябёсы, пытанне толькі ў тым, ці ёсць у табе нешта, здольнае па той лесвіцы ўздымацца.
I тут яна заспявала. Гэта было... Ну, скажам так, гэта было толькі паміж ёй, храмам і, можа, мной, хоць я там быў выпадковай асобай. Я адразу зразумеў дзве рэчы. Папершае, спявала яна выключна для сябе. Спявала так, як людзі запальваюць духмяныя палачкі перад Будам ці Рамам. Ці як набываюць дараванне ў храмах-буціках. Яна не намагалася мяне ўразіць ці расказаць пра свой культ. Яна проста спявала. Па-другое, я раптам зразумеў, што вось для яе мова = Беларусь = Бог, у якога яна верыць. I гэта ніяк не
растлумачыш, акрамя як спевамі пад стары арган у закінутым храме для дурня, які не ведае, што такое Беларусь, Богам лічыць шалік з храма-буціка «Hermes», а на мове не можа вымавіць ані слова.
Гэта было так шчыра і інтымна, што я не буду апісваць уздзеянне, якое на мяне зрабіла мелодыя... Бо, вы ведаеце, я занадта сентыментальны... Проста прыгадаю словы з той, як яна сказала, «рэчы». «Уладар сусветаў, вялікіх сонцаў і сэрц малых. Над Беларусяй ціхай і ветлай рассып праменні свае хвалы». I вось гэты россып «праменняў хвалы» мяне асабліва ўразіў. Я ўяўляў сабе, як у шчыльных шэрагах хмараў, бывае, народзіцца прагаліна, і вызірне адтуль прамень сонца, і падасца, што там, на нябёсах, сярод аблокаў і блакітнага хараства, жывуць нейкія шчаслівыя беззаганныя душы. Я стаяў і плакаў, калі яна спусцілася. Мне было сорамна, бо мужык жа не можа плакаць. А яна гэтак стала побач, дыпламатычна адвярнулася і прамовіла задуменна:
Цяпер бачу, што зразумеў.
Потым падняла галаву, паглядзела на аркі над нашымі галовамі. Прытулілася да сцяны. Кожны рух яе цела спараджаў россып шоргатаў, тады рэха шоргатаў і паступовае затуханне перашэптаў.
Ведаеш, чаму мы змагаемся за словы? запыталася яна.
Таму што, калі яны знікнуць, знікне і Беларусь?
Беларусь ужо знікла, пахітала яна галавой. He, тут рэч у іншым. Мова гэта этыка. Гэта наша спрадвечнае разуменне таго, што ёсць дабро і што ёсць зло, зашыфраванае ў словах. Ты бачыш, як тут усё? Як праз адно месца? Прычым, заўваж, не толькі цяпер. А заўсёды. Як знаходзіўся нехта годны і добры, яго з асалодай «прыўлякалі к атвецтвеннасці». Свае ж, не чужыя. Чорнае ёсць белае, белае чорнае. Чэрці, якія распіналі святых. Каты, імёны якіх дагэтуль носяць вуліцы. Пяльмені «Пятроўскія» і каша «Сувораўская». Помнік Дзяржынскаму. Людзі, якія не могуць разгледзець, дзе подзвіг, а дзе здрада. Філаматы і філарэты, Каліноўскі.
I як гэта звязана са словамі? запытаўся я, бо не ведаў, хто такія гэтыя філарэты.
Непасрэдна, яна ўздыхнула. Было роднае слова, у якім гаўнюк называўся гаўнюком. Прыйшла іншая мова, дзе шмат новых слоў. I людзі разгубіліся. I ў такім разгубленым стане жывуць дагэтуль. Дай людзям слова і яны прыгадаюць, што такое дабро.
Яна зноў замоўкла. Потым за два крокі падышла да мяне, прыхінулася шчакой да маіх грудзей і кранула даланёй валасы на патыліцы.
Мы ніколі не будзем разам, сказала яна без усялякай сувязі з тымі рэчамі, пра якія разважала дагэтуль. Ніколі, Сяргей.
У мяне перахапіла дыханне. Я ўзняў рукі, каб абняць яе ў адказ, але яна ўжо адышла, яна пайшла шпаркай хадой да лесвіцы, што вяла да выхаду з храма. Клац і святло за вокнамі згасла. Пакінуўшы пасля сябе толькі ўспамін пра праменні Боскай хвалы, рассыпаныя па-над аблокамі. Мы ніколі не будзем разам.
ДЖАНКІ
Нейкі час я не наведваў свайго блакітнавокага барыгуДрышча, бо ўзніклі часовыя траблы з грашова-крэдытным балансам, і мне не было на што харчавацца. He разлічыў паўзы ў занятасці, бывае з любым Дыягенам. Тыдзень жыў на дваццаць юаняў снедаў яблыкамі, вячэраў скрадзеным у «камках» шакалада.м. Яшчэ месяц такога побыту і я сур’ёзна разгледзеў бы перспектыву набыцця пліты ў кватэру. Каб бульбу пячы на вуголлі, ці што яны там рабілі, калі былі «сем’і» і людзі харчаваліся тым, што прыгатавалі самі.
Потым я з’ездзіў у Смалявічы, падтырыў там планшэт у «7-м элеменце» я так і ведаў, што на ўскраінах сэк’юрыці менш пільнае, чым у цэнтры Мінска. Да таго ж я сам папрацаваў ахоўнікам і добра ведаю, як здымаюцца тыя аларм-фішкі і як трэба апранацца, каб на цябе не звярталі ўвагі. Планшэт я нядрэнна загнаў цыганам: дзвесце юшак,
сто можна пакінуць на ежу, за сто набыць два скруткі. Ці нават тры скруткі ды пяцьдзясят на ежу. Як кажа Пісанне: будзьце як птушкі нябесныя, не думайце, што вам есці, Бог вас накорміць!
«Хочаш у нас працаваць, у нас?» запыталася салідная цыганка, якая вынесла мне грошы. 3 пярсцёнкаў на яе пальцах можна было скласці вітрыну ў кітайскай ювелірнай краме. Адно што золата было не падробленым, а сапраўдным. Во эпоха: хто яшчэ, акрамя цыганоў, носіць сапраўднае золата? «Добрая праца ёсць, сумкамі гандляваць на Ваўпшасава, заахвочвала яна. Сумкі не крадзеныя, не крадзеныя! Самі шыем, дачка мая шые, у “Беларусі” фурнітуру бяром і шыем. Добрыя сумкі. I мянты амаль не ганяюць». Я адмовіўся. Гандляваць сумкамі на цыганоў гэта не зусім тая праца, якая пасуе Дыягену.
Дык вось, прыходжу я да барыгі, а ў таго новыя дзверы. I ўвесь пад’езд пафарбаваны. Думаю, нішто сабе змены! Ужо ў Зялёным Лузе пачалі пад’езды фарбаваць! Можа, рэвалюцыя ў краіне? I цяпер быдла з Зялёнага Луга ва ўрадзе?
Я пазваніў, ён адчыняе дзверы, я гляджу на гэтыя дзверы, а там мой ты коцік! міліметровая сталь, уступ ад узлому, закрытыя завесы, іспанскі замок! I адчыняюцца яны з такім рэспектабельным шолахам, як быццам за імі залаты запас Рэспублікі Конга, не меней.
Нічога сабе! кажу. Навошта табе такія дзверы?
А ён галаву сваю ў шчыліну, як заўсёды, прасоўвае, a шыя ў яго такая хударлявая, нібы ў кураняці. Ну кажу ж Дрышч! I зараз будзе пытацца: «Колькі?» Але ён замест «колькі?» глядзіць на мяне пэўны час, потым кажа, неяк так трохі замагільна:
А, гэта ты.
Ну так, кажу, я. А каго ты чакаў? Цётку? Бруса Лі? Давай, пытайся сваё «колькі?». Мне тры давай! Ці нават, можа, лепей чатыры! Давай чатыры за дзвесце. За дзвесце нармальна?
Слухай, ён пачухаў галаву вінавата. Я болей не гандлюю.
Што значыць не гандлюеш? здзівіўся я.
Ну так вось. He гандлюю.
А чым ты цяпер займаешся? Чым ты, бля, займаешся, калі не гандлюеш? я рвануў на сябе дзверы, але прыкіньце у яго там аказаўся ланцужок. He, ну вы чуеце, як чувак на мае грошы ўпакаваўся! Стальны ланцужок ад непажаданых наведнікаў! Такіх, як я! Каб нас, значыць, на парог не пускаць!
Я нічым цяпер не займаюся, патлумачыў ён спакойна і вінавата. Я б прадаў табе, слухай! Але ў мяне няма. Проста няма.
Як няма? усё не мог зразумець я.
Вось так! У мяне цяпер на хаце нічога няма. I найбліжэйшыя паўгода не будзе. А можа, і болей. Можа, я наогул гандляваць кіну.
А што мне рабіць? запытаўся я раззлавана. Вось, называецца, і падняў «7-ы элемент» у Смалявічах!
Але ён паўтарыў:
У мяне няма. У мяне проста няма. Прабач.
I, значыць, бачком сваю ружавашчокую галамоўзу са шчыліны высунуў і дзверы перада мной зачыніў. Я засмучана спусціўся ўніз. I што мне цяпер рабіць? Лезці да кітайцаў у Чайна-таўн? Дык там іншыя копіты, там мне выкацяць семдзесят за скрутак, у найлепшым выпадку прададуць тры па дзвесце, а тут можна было набыць чатыры, што ж рабіць, што рабіць?
Я ішоў настолькі заглыблены ў думкі, што не адразу прыкмеціў побач з сабой стандартны спецслужбісцкі «Опель». Праз секунду пасля таго, як вока яго заўважыла, я ўжо стаяў у атачэнні трох чалавек у аднолькавых дубаватых гарнітурах з адлівам, а чацвёрты здымаў мяне на відэакамеру. Пракруцім назад: вось секунду назад я іду, думаю пра тое, дзе набыць скрутак. Свеціць сонца, злева ад мяне шчыльная транспартная плынь. Потым роўна за адно імгненне я заўважаю «Опель», які стаіць побач са мной. «Опель» панылага, як зубны боль, шэрага колеру з металікам. У тое ж імгненне, у той жа ўдар сэрца, без усялякага «хвіліначку, малады
чалавек!» без усяго таго, як мы ўяўляем сабе наш магчымы арышт, вакол тры аператыўнікі, камера, і я ў поўнай срацы. He купляйце наркотыкі, дзеці. Ніколі-ніколі-ніколі.
У чалавека, які стаяў проста насупраць мяне, быў дужа пазнавальны пяльмень замест твару.
Дзень добры, гэтым прывітаннем ён сказаў: «стаяць на месцы, рукі перад сабой, не рухацца». Дзень добры, паўтарыў ён. А што ты так спужаўся? ён ляпнуў мяне па левым плячы.
Я не спужаўся, кажу я, змярцвеўшы.
Ну як не спужаўся. Я ж бачу! ён зноў мяне ляпнуў.
Я не спужаўся, паўтарыў я.
Ну, не спужаўся дык не спужаўся, кажа ён і падае каманду аператару: Давай, пачынай запіс, той нешта націснуў на камеры. Старшы аператыўны ўпаўнаважаны Дзяржнаркакантролю Новікаў. Пакажыце, што ў вас у кішэнях.
Тут да мяне дайшло, і я шчасліва рассмяяўся яму ў твар.
Нічога ў мяне ў кішэнях, старшы ўпаўнаважаны Новікаў! крыкнуў я. Нічога! Чуеце?! Бо барыга болей не гандлюе!
Вось гэтую кішэню прадэманструйце, кіўнуў ён на левае крысо маёй веснавой курткі.
Я з той жа самаўпэўненай усмешкай палез у кішэню, схапіў за падкладку і выцягнуў яе навыварат. 3 кішэні нешта вывалілася, адпружыніла і пакацілася акурат пад ногі аператару. Папяровы скрутак, на якім праступалі літары, выдрукаваныя на казённым прынтары.
Здымай, здымай, загадаў Новікаў. Буйным планам здымай. I запытаўся ў мяне: Што гэта, грамадзянін?
Гэта, бля, скрутак, які вы мне падкінулі! закрычаў я ў камеру. Вы чуеце?! я намагаўся дакрычацца да некага, як быццам адтуль, з тае камеры, вёўся прамы эфір на YouTube. Яны мне гэты скрутак падкінулі!