Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Усталяванне царскай улады
19
дапамагала ёй супрацьстаяць царскай русіфікацыі і ўрэшце далучыцца да беларускага руху.
Сялянства. Ва ўсходняй Беларусі дзяржаўныя сяляне на год ці два вызваляліся расійскай імператрыцай ад дзяржаўных падаткаў. 3 1779 г. іх пераводзілі з паншчыны на грашовы аброк пры ўмове пераходу з уніяцтва ў праваслаўе. Але гэтыя захады нічога не давалі ні ім, ні панскім прыгонным і ўсім тым сялянам, якія падпалі пад уладу Расіі пазней, у 90х гадах XVIII ст. Іх гаспадарка цярпела ад зацяглай расійскай інтэрвенцыі 1772—1795 гг. Падатковае абкладанне ў беларускіх губернях да 1811 г. было ў 45 разоў вышэйшае, чым у рускіх. Замест падымнага падатку ўводзіўся падушны. Каб атрымаць больш прадукцыі на продаж ваенным інтэндантам і за мяжу, землеўладальнікі пачалі зноў пераводзіць прыгонных з аброку на ненавісную ім паншчыну. Яна зрабілася асноўнай павіннасцю беларускіх сялянаў. На панскіх палетках працаваць даводзілася па шэсць дзён на тыдні, а то і ў нядзелю. Hi ў адной рускай губерні паншчына не была так пашыраная, як у Беларусі. На сялянаў навалілася яшчэ і рэкруцкая павіннасць. Царскі ўрад на 25 год забіраў ад матак і маладух найлепшых сялянскіх юнакоў у салдаты. Раней, у Вялікім Княстве Літоўскім, сяляне такой павіннасці не ведалі ўвогуле. Войска там было наёмнае, прафесійнае. Расійская ўлада адразу запрыгоніла былых вольных людзей (баяраў, зямянаў і інш.). Становішча вёскі было невыноснае і яна адказала на ўзрослы ўціск антыпамешчыцкімі бунтамі ўжо на другі год (1796) пасля канчатковага захопу Вялікага Княства Літоўскага. Сялянскі рух удалося спыніць з дапамогай войска толькі ў сярэдзіне 1797 года. Вяскоўцы ўцякалі з праваслаўнай Расіі“выратавальніцы” на Беласточчыну пад уладу пратэстанцкай Прусіі.
Гараджане. Жыхары гарадоў Беларусі заставаліся вольнымі ад прыгону і ў Расіі. У адрозненне ад рускіх губерняў, меліся яшчэ і мястэчкі паселішчы пераходнага стану паміж вёскай і горадам. Яны (і нават некаторыя гарады) належалі магнатам, бо размяшчаліся на іх землях. Царскі ўрад доўга не мог вырашыць, куды аднесці гэтыя мястэчкі да паселішчаў гарадскіх ці сельскіх. Карыстаючыся гэтым, магнаты тую частку мястэчак, дзе жылі вольныя мяшчанехлебаробы, аб’яўлялі вёскамі, а пераважна хрысціянскае іх насельніцтва пераводзілі ў разрад прыгонных сялянаў. У “рэфармаваных” мястэчках заставалася практычна толькі яўрэйскае насельніцтва. Абапіраючыся на царскую ўладу, вотчыннікі абкладалі местачковых іудзеяў усё
20
Перыяд 1795—1830
новымі і новымі паборамі, бо запрыгоньваць яўрэяў у Расіі забаранялася па прыкладзе Вялікага Княства Літоўскага, дзе яны складалі самастойны стан. Насельніцтва прыватнаўласніцкіх мястэчак і гарадоў пазбавілася ў Расійскай імперыі ад юрыдычнага падпарадкавання магнатам. Яно падлягала грамадскадзяржаўнаму суду. I ў той жа час гараджане страцілі ў Расіі самакіраванне, якое давала ім Магдэбургскае права, вельмі пашыранае ў гарадах Вялікага Княства Літоўскага, але невядомае ў царскай імперыі. Гарадскіядумырускага ўзору, якія выбіраліся ўзамен магістратаў, дый пакінутыя ў асобных месцах магістраты былі цалкам падпарадкаваныя царскай адміністрацыі. Ваенныя мерапрыемствы царызму далі штуршок не толькі шляхецкаму, але і купецкаму прадпрымальніцтву ў Беларусі. Аднак гандлёвапрамысловая дзейнасць ускладнялася ў Расіі вялікім падатковым абкладаннем і дыскрымінацыяй. 3 іудзейскіх гандляроў і рамеснікаў браліся ўдвая большыя падаткі, чым з хрысціянскіх прадпрымальнікаў. У 1786 г. яўрэям быў забаронены броварны промысел у гарадах. А з 1794 г. царскі ўказ уводзіў для іх мяжу аседласці, якая прыкладна супадала з межамі былога Вялікага Княства Літоўскага. Унутраныя рускія губерні адгароджваліся такім чынам ад непажаданай канкурэнцыі ўвішных яўрэйскіх гандляроў і прамыслоўцаў. Царскі ўрад захаваў кагалы (вельмі кансерватыўныя органы яўрэйскага самакіравання), бо яны забяспечвалі кругавую адказнасць за збор падаткаў. Кагальныя парадкі спрыялі пашырэнню на беларускіх землях яўрэйскага фундаменталізму (хасідызму), супраць якога актыўна выступалі прадстаўнікі асветніцкай плыні гаскала.
Праект князя Агінскага. Найбольш прывілеяў удалося захаваць шляхце. За ёй зберагалася нават права самакіравання і склікання мясцовых сеймікаў. Адзінае, чаго не магла захаваць шляхта, дык гэта былую палітычную ўладу. Але надзея на ўзнаўленне Вялікага Княства Літоўскага не памірала. У 1811 г. між беларускімі магнатамі (на чале з князем Міхалам Агінскім) і Аляксандрам I вяліся адпаведныя перамовы. Абмяркоўваўся праект канстытуцыі адноўленага Вялікага Княства Літоўскага з васьмі заходніх губерняў (Віленскай, Гарадзенскай, Мінскай, Віцебскай, Магілёўскай, Валынскай, Падляшскай, Кіеўскай). Дэлегацыя Агінскага ўключыла ў праект і параграф аб вызваленні сялянаў ад прыгону на працягу дзесяці год. Але супраціўленне рускай арыстакратыі і вайна 1812 г. змянілі гэтыя планы.
Якія ж вынікі мела ўмяшанне Расіі ў гістарычны лёс беларусаў? Папершае, шляхам замацавання беларускіх земляў пад ула
Вайна 1812 года
21
дай рускай абсалютнай манархіі на іх перапынілася тэндэнцыя да пераходу ад шляхецкай да дэмакратычнай рэспублікі, якая выяўлялася ў складзе Вялікага Княства Літоўскага. Гэта быў крок назад да ўмацавання прыгонніцтва, да гвалту з чалавечай асобы. Падругое, замаруджвалася нацыянальная самаідэнтыфікацыя беларусаў, гарантам якой магло выступаць былое Вялікае Княства Літоўскае. Патрэцяе, Беларусь апынулася ў складзе эканамічна адсталай краіны. Расійская імперыя не магла ніякім іншым чынам паспрыяць гаспадарчаму прагрэсу краю, апроч як яго мілітарызацыяй. Яна не мела сілы больш, як на ваеннаадміністрацыйнае падпарадкаванне захопленых земляў. Гэта была моцная ваенная дзяржава, якая не магла не ўцягваць беларускі народ у свае бясконцыя захопніцкія авантуры.
2. ВАЙНА 1812 ГОДА
У гэтай вайне рускія змагаліся за незалежнасць Расіі, палякі за адраджэнне Польшчы, французы за багацце і славу. А беларусы, відаць, за права на жыццё...
2ХЗашіБеларуОЬпалеонам
Выспяванне небяспекі. На пачатку XIX ст. паміж Францыяй, з аднаго боку, і Расіяй, Прусіяй, Аўстрыяй, з другога, ішла барацьба за гегемонію ў Еўропе. Французскі імператар Напалеон I сілай зброі падпарадкоўваў сабе еўрапейскія народы, пакідаючы ім узамен незалежнасці рэспубліканскія канстытуцыі. Расійскі імператар Аляксандр I стаў на чале антыфранцузскай кааліцыі дзяржаваў і ўзяўся дапамагчы ім адстаяць незалежнасць ды зберагчы тым самым і свой пасад. У вайне 1805—1807 гг. Напалеон перамог кааліцыю і стварыў паслухмянае сабе Варшаўскае княства на польскіх землях, захопленых Прусіяй. Расійскі ўрад рыхтаваўся да рэваншу. Збіраў сілы і імператар Францыі. Вайна лічылася непазбежнай. У канцы кастрычніка 1811 г. Аляксандр I загадаў рускаму войску збірацца ў паход. Уварванне ў княства Варшаўскае не адбылося толькі таму, што Прусія ў апошні момант адмовілася дапамагчы Расіі. На тэрыторыі Беларусі і сучаснай Літвы канцэнтраваліся расійскія ўзброеныя сілы. Першая армія на чале з БарклайдэТолі складалася з 120 тыс. чалавек. Яе штаб
22
Перыяд 1795—1830
кватэра месцілася ў Вільні. Другая армія пад кіраўніцтвам Баграціёна налічвала 37 тыс. чалавек і мела галоўную кватэру ў Ваўкавыску. Утрыманне рускага войска ўзвальвалася на плечы мясцовага насельніцтва. Законных пабораў не хапала. Яны расцякаліся па армейскіх штабах і кішэнях інтэндантаў. Ратуючыся ад голаду, салдаты рабавалі сялянства.
Уварванне. 24 чэрвеня 1812 г. армія Напалеона перайшла Нёман і ўступіла на беларускія землі, што належалі да тэрыторыі Расійскай імперыі. Пад сцягі былі пастаўленыя не толькі жыхары Францыі, але і Аўстрыі, Прусіі, Італіі, Даніі, Партугаліі, Варшаўскага княства. Маючы недахоп у сіле, рускае войска пачало адыходзіць на ўсход, пакідаючы ворагу спустошаны край. Падпальваліся склады, якія не паспявалі эвакуяваць, зганялася сялянская скаціна. Месца расійскай арміі займала паўмільённая французская, якая таксама патрабавала хлеба, мяса, падводаў, фуражу. Беларускія землі ператварыліся ў арэну крывавых бітваў. За час напалеонаўскага наступлення толькі найбуйнейшых бітваў тут было не менш за 15. I галоў
Агульны выгляд Ратушнай плошчы Віцебска на пачатку XX cm. НМГКБ.
Вайна 1812 года
23
ная бітва таксама магла адбыцца на тэрыторыі Беларусі, калі б Першая і Другая рускія арміі, якія адступалі паасобку, паспелі злучыцца пад Віцебскам. Расійскі генералітэт не збіраўся пераносіць ваенныя дзеянні на тэрыторыю рускіх губерняў. Напалеон меў магчымасць спыніць свой паход у Віцебску, але не зрабіў гэтага.
Вайна на самавынішчэнне. Беларусь стала крыніцай гарматнага мяса і для рускага, і для французскага імператараў. У 1811 г. царскі ўрад набраў тут каля 15 тыс. рэкрутаў. Сярод расійскіх афіцэраў былі беларускія шляхціцы. Служылі нашы землякі і ў французскім войску. Генерал Панятоўскі папаўняў імі палкі Варшаўскага княства, якое выступала саюзнікам Напалеона. Беларусы ваявалі з беларусамі як пад прымусам, так і свядома, фактычна з адной і той мэтай узнавіць Вялікае Княства Літоўскае і пазбавіцца ад прыгону. Толькі адны спадзяваліся дамагчыся гэтага праз адданую службу рускаму імператару, а другія французскаму. Натуральна, што спачатку перавага аддавалася больш шанцавітаму Напалеону, які да жніўня захапіў амаль усе беларускія землі. Пад уладай царскай адміністрацыі засталіся толькі Рэчыцкі, Мазырскі і часткова Бабруйскі і Беліцкі (Гомельскі) паветы, якія засланяліся непраходнымі палескімі балотамі ды нескаронай Бабруйскай крэпасцю.
2.2. Узнаўленне Вялікага Княства Літоўскага
Стаўленне да французаў. Шляхта Беларусі (асабліва на захадзе) спрыяла французскай арміі і шкодзіла расійскай. Гараджане віталі Вялікую армію як збавіцельку ад царскага прыгнёту. Амаль усе студэнты Віленскага універсітэта выказалі жаданне служыць у напалеонаўскім войску. Прадстаўнікі мінскай арыстакратыі сустрэлі французскага маршала Даву за дзве мілі ад горада. У складзе дэлегацыі быў Ігнацій Манюшка, дзяцька знакамітага пазней кампазітара Станіслава Манюшкі. Вялікае спачуванне знайшлі французы ў Магілёве. Мясцовы праваслаўны епіскап Варлаам і іераманах Арэст прынеслі Напалеону прысягу і багаслаўлялі вызваліцеляў, як яны казалі, ад “нашых драпежнікаў”. Віншавальныя прамовы ў гонар пераможцаў гучалі ў Вільні і Смаленску. Па меры набліжэння французскіх войскаў рускія чыноўнікі спешна ўцякалі з гарадоў на вазах з дзяржаўнай маёмасцю, архівамі, казной. Мясцовая шляхта з расійскай адміністрацыі звычайна заставалася і арганізоўвала сама ці па загадзе французаў часовыя камісіі для кіравання губернямі і