Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Беларускае нацыяналістычнае падполле. У адрозненне ад кіраўніцтва БЦР, дзеячы Беларускай незалежнай партыі (БНП) імкнуліся да барацьбы за вольную Айчыну. Але фактычна іх дзейнасць мела значэнне толькі для абвера, з якім БНП супрацоўнічала. У чэрвені 1944 г. партыя пакінула ў тыле Чырвонай Арміі некалькі канспіратыўных разведгрупаў. Улетку таго ж года лідэр БНП Усевалад Родзька, падманваючы сябе надзеяй на англаамерыканскую вайну з СССР, узначаліў навучальны цэнтр абвера ў Дальвіцы (Усходняя Прусія), які рыхтаваў беларусаў для дыверсійнай працы на Бацькаўшчыне. У лістападзе 1944 г. на тэрыторыю Беларусі быў закінуты атрад (27 чал.) Міхала Вітушкі, які ўзначаліў створанае БНП Беларускае краёвае войска. Але ўзняць знясіленых вайной людзей на масавую барацьбу супраць узноўленай бальшавіцкай дыктатуры не ўдалося. У 19441945 гг. шэраг дзеячаў БНП разам з У. Родзькам трапілі ў рукі НКУС.
Цана вайны. Беларусь перажыла вялікую навалу. За гады вайны, па няпоўных дадзеных, загінулі каля 2,7 млн. чал., ці больш чым чацвёртая частка даваеннай колькасці насельніцтва (Украіна страціла каля 20% сваіх жыхароў, Расія 5,4%). Прыкладна трэцюю частку тых, хто загінуў у Беларусі, склалі яўрэі. Іх удзельная вага ў насельніцтве рэспублікі скарацілася з 12,8% у 1941 г. да 1,9% у 1959 г. 3 улікам усіх, хто не вярнуўся з арміі, савецкай эвакуацыі, Германіі, і тых, хто не змог нарадзіцца зза вайны, страты ўсяго беларускага насельніцтва ўзрастуць да трох з лішкам мільёнаў. Калі ў 1941 г. на тэрыторыі сучаснай Беларусі жыло 9,5 млн. чалавек, то у 1945 г. каля 6,2 млн. (У лік гэтых стратаў маглі трапіць таксама жыхары Беларусі, рэпрэсаваныя камуністычнымі ўладамі з 1939 па 1941 г., і пасляваенныя рэпатрыянты з БССР у Польшчу.) Каля 100 тыс. былых франтавікоў сталі калекамі, вайна спарадзіла масавае ўдоўства і безбацькоўства. Толькі круглых сіротаў налічвалася каля сямі тысячаў. Гібель у ваенным ліхалецці, эвакуацыя на захад, сталінскі пераслед істотна падарвалі жыццядзейнасць нацыянальнай эліты беларусаў. Вайна спапяліла каля 9200 беларускіх вёсак, з іх 692 былі знішчаныя карнікамі разам з жыхарамі. Імя адной з іх Хатыні, дзякуючы ўзведзенаму на
Напрыканцы нямецкасавецкай вайны
337
яе папялішчы мемарыяльнаму комплексу, цяпер вядомае ва ўсім свеце. Збераглася ўсяго чвэрць даваеннага жылога фонду гарадоў і райцэнтраў. БССР страціла увесь калгаснасаўгасны жывёльны статак. Хатнюю жывёлу збераглі толькі асобныя вясковыя сем’і. Сума непасрэдных матэрыяльных стратаў Беларусі дасягала 35 бюджэтаў 1940 г.
Падстава для самасуцяшэння і ўзаемадаравання. Такія ахвяры жыхары Беларусі панеслі не па сваёй волі і не за сваю волю. Яны былі ўсяго толькі гарматным мясам у барацьбе гітлераўскай і сталінскай тыраніяў. Але і беларуская кроў пралілася не дарэмна, а дзеля ратавання Германіі, Еўропы і цэлага свету ад нацызму. Але ў падзяку за гэта Чэрчыль і Рузвельт пакінулі беларусаў у сталінскай няволі. I толькі праз 30 год пасля вайны, калі разгарнуўся рух за правы чалавека, цывілізаваныя народы ўспомнілі пра іх і пачалі ратаваць, як маглі, ад не менш страшай бяды бальшавізму. Калі ж логіка гістарычных падзеяў менавіта такая, дык ахвяры беларусаў у мінулай вайне не засталіся марнымі. А партызаны і тыя, хто супрацоўнічаў з нацыстамі, хоць і ваявалі паміж сабой, выходзіць, дзейнічалі ў адным накірунку. I тыя, і другія змагаліся хай сабе з рознымі, але з ворагамі Беларусі і тым набліжалі яе незалежнасць.
* * *
Воляй лёсу мінулая вайна прывяла да аб’яднання беларускіх земляў, але тая ж вайна стала трагедыяй беларускай нацыі, на чвэрць вынішчала і моцна дэкансалідавала яе. I ўсё ж нацыянальная супольнасць выстаяла. Аб’яднальныя ідэі існавалі нават падчас ваенных выпрабаванняў: ідэя выжывання, ідэя захавання роднага дома, роднай мовы, культуры, Айчыны. Яны падзяляліся большасцю беларускага народа. Розныя былі толькі сродкі іх дасягнення. Агульныя ідэі ядналі нацыю, а розныя сродкі раз’ядноўвалі. Але галоўнае, што ідэя барацьбы з нацызмам набывала для беларускага насельніцтва ўсё болей дамінуючае значэнне. 3 нацызмам змагаліся не толькі савецкія партызаны, але й усе “лясныя браты” Беларусі. Таму партызанскі рух стаў гонарам нашай краіны. Перамога ў вайне давала падставы да далейшай кансалідацыі. Глеба для паразумення і ўзаемадаравання заставалася. He ўсе, хто прыняў бок немцаў, падзяляў іх ідэалогію, гэтаксама як не ўсе, хто ваяваў на баку савецкай улады, былі камуністамі па перакананні. Урэшце, усіх паядноўвала прыналежнасць да беларускай зямлі.
VIII. ПЕРЫЯД ТАТАЛЬНАН САВЕЦКАЙ ДАМІНАЦЫІ I БЕЛАРУСКАГА РЭГІЯНАЛІЗМУ. 1945—1991
30. АПОШНІЯ ВОСЕМ ГОД СА СТАЛІНЫМ. 1945—1953
9 мая 1945 г. святкаваўся дзень Перамогі. Гэта была надзвычай радасная падзея. Людзі адзначалі сваю перамогу над смерцю. Вайна паяднала народы СССР кроўю, а перамога яднала радасцю і гонарам. Належаць да ліку пераможцаў было і пачэсна, і прыемна. Пераможцы заслугоўвалі больш годнага жыцця, чым да вайны, і спадзяваліся, што яно настане.
30.1. Рэха вайны
Міжнароднае прызнанне. Беларусь унесла ў перамогу над фашызмам не меншы ўклад, чым Францыя ці Польшча. У рэгулярнай арміі ваявала больш за мільён жыхароў беларускай рэспублікі. Таму не выпадкова кіраўнікі антыгітлераўскай кааліцыі надалі БССР права заснавальніцы Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў (ААН). Беларуская дэлегацыя 26 чэрвеня 1945 г. падпісала Статут ААН.
Страта Беласточчыны. Крамлёўскі дыктатар не лічыўся з узрослым міжнародным аўтарытэтам Беларусі. Па некаторых звестках, Сталін меў намер забраць створаную ў 1944 г. Полацкую вобласць у склад Расійскай Федэрацыі і аб’яднаць яе з Калінінградскай вобласцю. I толькі цаной вялікіх намаганняў першаму сакратару ЦК КП(б)Б Панцеляймону Панамарэнку ўдалося абараніць паўночнаўсходнія межы рэспублікі. Але заходнія межы адстояць не ўдалося. У 1944 г. камуністычнае кіраўніцтва Полынчы на чале з Баляславам Берутам выпрасіла ў Сталіна Беластоцкую вобласць, а дакладней 17 раёнаў гэтай вобласці і тры раёны Брэсцкай вобласці. Узамен БССР атрымала 15 вёсак былой польскай тэрыторыі (карта VII). Вызначаная ў
Апошнія восем год са Сталіным
339
1919 г. краінамі Антанты “лінія Керзона” стала дзяржаўнай савецкапольскай мяжой. Такое размежаванне ўхвалялі і Уінстан Чэрчыль з Франклінам Рузвельтам на канферэнцыях у Тэгеране і Ялце. Беларускі народ, яго нацыянальнае багацце другі раз дзяліліся паміж Расіяй і Польшчай. Сталін шукаў сярод палякаў верных саюзнікаў, а з беларусаў Беласточчыны на ўсякі выпадак хацеў зрабіць у Польшчы “лятую калону”. У той жа час Беласток ператвараўся ў своеасаблівага інфармацыйнакультурнага пасрэдніка паміж БССР і заходнееўрапейскімі краінамі.
Абмен насельніцтвам з Польшчай. У адпаведнасці з беларускапольскім пагадненнем ад 9 верасня 1944 г., на Беласточчыне пачала працаваць савецкая камісія па эвакуацыі. За 2 гады ёй удалося перасяліць у СССР каля 36 тыс. беларусаў (з іх 20,4 тыс. у Беларусь). Ад запланаванай бальшавікамі лічбы гэта складала толькі 30%. Нягледзячы на абяцанні і прымус, усеагульнага жадання беларусаў і ўкраінцаў перабрапда ў “савецкі рай” не назіралася. Пераязджалі пераважна былыя працаўнікі даваеннага савецкага апарату ды збяднелыя сяляне і рабочыя. Той, хто меў свой кавалак зямлі, моцна трымаўся Бацькаўшчыны. Затое тых. хто хацеў бы перасяліцца з Беларусі ў Полынчу набралося каля 520,5 тыс. чалавек. Беларусыкаталікі і нават рускія выдавалі сябе за палякаў, абы пазбавіцца сталінскага рэжыму. Вёскі, якія да вайны лічыліся беларускімі, рабіліся польскімі, а іх насельніцтва пагалоўна запісвалася на выезд. Жаданне пакінуць СССР выказала большасць заходнебеларускай інтэлігенцыі. Права на пераезд мелі і заходнебеларускія яўрэі. У 1947 г. Масква зачыніла гэтую браму. Выехаць, адпаведна дакументам былога архіва КПБ, паспела 232,2 тыс. чалавек, сярод якіх болыпасць складалі беларусы.
Заходнебеларуская спецыфіка. У 1945—1948 гг. Гарадзеншчына, Брэстчына, Маладзечаншчына і захад Полаччыны фактычна былі на ваенным становішчы. Акаўцы змагаліся за ўзнаўленне межаў 1939 г. А ўкраінскія нацыяналісты бачылі поўдзень Брэстчыны ў складзе будучай незалежнай Украіны. He прыпынялася і беларускае супраціўленне. Як мяркуе даследчык Сяргей Ерш, на нелегальным становішчы ў чаканні савецкаамерыканскага ваеннага канфлікту знаходзіліся дзесяткі тысячаў чалавек, якія асцерагаліся пакарання за супрацоўніцтва з немцамі ці імкнуліся пазбегчы мабілізацыі ў Чырвоную Армію. 3 другога боку, вялікае незадавальненне сярод мясцовага насельніцтва выклікалі гвалтоўнае насаджэнне савецкіх парадкаў, русіфікацыя і дыктат прыезджых чыноўнікаў. Шмат хто лічыў
340
Перыяд 1945—1991
маскоўскі камуністычны рэжым акупацыйным, які прыйшоў на змену нямецканацысцкаму. Усё гэта сілкавала як беларускі ўзброены рух партызанаў, так і беларускае антыкамуністычнае падполле.
Беларускі ўзброены рух. Партызанскімі атрадамі, аб’яднанымі, верагодна, у арганізацыю “Чорны кот”, або Беларуская вызваленчая армія, кіраваўМіхал Вітушка. Асноўным месцам яго дыслакацыі была Налібоцкая пушча. На Палессі (Брэсцкая вобласць) паранейшаму ад часоў вайны незалежна дзейнічалі апошнія атрады народнага партызанскага супраціўлення. Была арганізаваная і ўступіла ў змаганне з савецкай уладай Беларуская дэмакратычная армія, звесткі пра якую пакуль вельмі няпэўныя. Да сярэдзіны 1950х гадоў дэсанты ў БССР наладжваліся беларускімі іміграцыйнымі арганізацыямі. Але існавала і стыхійнае супраціўленне, калі прадстаўнікі мясцовага насельніцтва паасобку ці групамі шкодзілі савецкай уладзе. Удзень яны былі мірнымі жыхарамі, а ўначы партызанамі. Да 1948 г. існаваў і крымінальны бандытызм. Партыйныя архіўныя дакументы сведчаць: да пачатку 1947 г. органы бяспекі БССР ліквідавалі 814 падпольных арганізацыяў і ўзброеных атрадаў па 4050 чалавек, у тым ліку 667 польскіх, 97 беларускіх, 23 украінскія і 27 іншых. Савецкая ўлада ў барацьбе з узброеным падполлем страціла 924 чалавекі забітымі. Гарады і вёскі кантраляваліся аддзеламі Чырвонай Арміі і НКУС. Антысавецкая барацьба мела маўклівую падтрымку сярод мясцовага насельніцтва. У1948—1949 гг. “лясныя браты” дзейнічалі яшчэ актыўна. У далейшым партызанскі рух набываў форму ўзброенага падполля і пратрымаўся да канца 1950х гадоў. Але гэта не значыць, што ўсё супраціўленне было вынішчанае. Адны самаліквідаваліся, іншыя перабраліся за мяжу.