Нарыс гісторыі Беларусі (1795—2002)
Захар Шыбека
Выдавец: Энцыклапедыкс
Памер: 490с.
Мінск 2003
Рэспубліка Беларусь парламенцкая
415
юць не так, як усе людзі. Закон 1990 г. аб пераходзе на беларускую мову ўрадам не выконваўся. Па выніках узнаўлення сваіх культурных традыцыяў нацыянальныя меншасці ў Беларусі апярэджвалі саміх беларусаў, а каштоўнасці беларускай культуры прымалі не вельмі ахвотна.
Некаторыя добрыя прыклады. У лютым 1992 г. нечакана зніклі бюсты Леніна і Маркса, што стаялі ля былога будынка ЦК КПБ. Але вайна з помнікамі камуністычным правадырам не выбухнула. Побач з імі ставіліся новыя: беларускаму святару і асветніку Кірылу Тураўскаму ў Пінску, беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу ў Мінску, беларускаму першадрукару Францішку Скарыну ў Лідзе. Засноўваліся гімназіі, каледжы, ліцэі, недзяржаўныя ВНУ. Пачалі выходзіць гістарычныя часопісы “Спадчына” (1989), “Беларускі гістарычны часопіс” (1992), “Беларуская мінуўшчына” (1993) і “Беларускі гістарычны агляд” (1994). На сродкі ЮНЕСКА пачалася рэстаўрацыя Мірскага замка. Чацвёртым у Беларусі універсітэцкім горадам пасля Мінска, Гомеля і Гародні ў 1993 годзе стаў Полацк. А неўзабаве статус універсітэтаў набылі амаль усе вышэйшыя навучальныя ўстановы рэспублікі. 3 1991 г. у іх уводзіцца выкладанне беларусазнаўства. 3 1992 г. распачала актыўную прапаганду беларускай музычнай спадчыны “Беларуская капэла” (мастацкі кіраўнік Віктар Скорабагатаў). У Мінску адкрыўся Дзяржаўны музей беларускай літаратуры. Друкаваліся творы забароненых аўтараў: Францішка Аляхновіча, Ларысы Геніюш, Наталлі Арсенневай, Масея Сяднёва. Паэзія Алеся Разанава ўзнялася да ўзроўню сусветных узораў. Мастак Леанід Шчамялёў быў прызнаны Міжнародным біяграфічным цэнтрам у Кембрыджы Чалавекам 1992 года. У наступным годзе ў Маладзечне адкрыўся драматычны тэатр, уведзены ў дзеянне новы комплекс Мінскай харэаграфічнай вучэльні. Беларускі тэатр оперы і балета набыў сусветную вядомасць. Маладзечна стала месцам наладжвання фестываляў беларускай песні і паэзіі.
Выхад на міжнародную арэну. Пачалі праводзіцца міжнародныя фестывалі і конкурсы. Сярод іх фестываль эксперыментальных тэатраў у Мінску пад назвай “Студыйныя калядкі” (1991), фестываль монаспектакляў “Я” у Мінску (1993), музычны фестываль “Славянскі базар” у Віцебску (з 1992 г.), які стаў спадкаемцам былога ў 80х гг. фестывалю польскай песні, фестываль духоўнай (хрысціянскай) музыкі “Магутны Божа” у Магілёве (з 1992 г.). Праводзіліся іптогадовыя кніжныя кірмашы ў Мінску (з 1994 г.). У 1994 г. адбыўся
416
Перыяд станаўлення палітычнай нацыі
I міжнародны мастацкі пленэр імя Марка Шагала ў Віцебску. Выхад на міжнародную арэну стаў найважнейшай заваёвай культуры незалежнай Беларусі. Гэтаму спрыялі такія арганізацыі, як Беларускае таварыства дружбы і культурнай сувязі з замежнымі краінамі, a таксама Беларускі фонд культуры. Яшчэ ніколі не было так шмат зроблена для беларускага культурнага адраджэння, як за першыя гады незалежнасці.
34.5. Вяртанне беларусаў замежжа
Агульны абрыс дыяспары. Разбурзнне СССР і абвяшчэнне незалежнай Рэспублікі Беларусь ускалыхнула беларусаў усяго свету. Узнікла надзея, што Бацькаўшчына ўзнімецца да новага жыцця і згуртуе вакол сябе раней адрынутых сыноў і дачок. Пакінуць радзіму іх прымушалі царскія і бальшавіцкія рэпрэсіі, эканамічная галеча і спадзяванні на лепшую долю за мяжой. Сёння даволі значная колькасць беларускіх эмігрантаў жыве ў ЗПІА, Канадзе, Аргенціне, Англіі, Францыі, Бельгіі, Аўстраліі, Чэхіі і, зразумела, у такіх краінах былога Саюза, як Расія, Украіна, Казахстан, Латвія, Эстонія. Асноўнымі цэнтрамі пасялення беларусаў у Расіі сталі Масква, СанктПецярбург, Карэлія, Калінінградская і Мурманская вобласці, Сібір. Аўтахтоннае, але істотна дэнацыяналізаванае беларускае насельніцтва займае раёны Беласточчыны (Польшча), Віленшчыны (Літва), Смаленшчыны (Расія), Чарнігаўшчыны (Украіна). Усяго за межамі Беларусі сёння жыве больш за тры мільёны беларусаў і іх нашчадкаў. Разам з Бацькаўшчынай беларуская супольнасць налічвае больш за 13 млн. чалавек.
Арганізацыі беларусаў замежжа. Большасць беларусаў паза межамі сваёй краіны страціла нацыянальныя адметнасць і самасвядомасць. У другім, трэцім пакаленні гэта здаралася з непазбежнасцю. Але амаль у кожнай краіне, дзе ёсць беларусы, захавалася свядомае нацыянальнае ядро. Большасць беларускіх аб’яднанняў замежжа ўзнікла ў першыя пасляваенныя гады, калі сотні тысячаў нашых землякоў апынулася на чужыне ў выніку нацыскай акупацыі і сталінскага гвалту. Сёння яны дзейнічаюць у Вялікабрытаніі, ЗША, Канадзе, Аўстраліі, Францыі, Польшчы. 3 1952 г. у Паўночнай Амерыцы і з 1976 г. у Аўстраліі праводзяцца рэгулярныя сустрэчы беларусаў. Душпастарскую місію на эміграцыі выконваюць Беларуская аўтакефальная праваслаўная царква, Беларуская праваслаўная царква ў
Рэспубліка Беларусь парламенцкая
417
канстанцінопальскай юрысдыкцыі і Беларуская каталіцкая місія. Беларуская эміграцыя мае на Захадзе два палітычныя цэнтры Раду БНР і Беларускую цэнтральную раду. Адны захоўваюць вернасць ідэалам Беларускай Народнай Рэспублікі (1918), другія лічаць сябе прадаўжальнікамі беларускага ўрада, створанага пад нямецкай акупацыяй у 1944 г. Аднак уся эміграцыя аднолькава не прызнавала савецкай улады ў Беларусі і выступала за незалежнасць. Пасля абвяшчэння незалежнасці Беларусі культурнаасветныя згуртаванні беларусаў узніклі амаль ва ўсіх краінах былога Саюза.
Нацыянальныя багацці не дзеляцца межамі. За пасляваенныя гады беларускія змігранты значна паправілі сваё сацыяльнае становішча. Яны ўпарта набывалі вышэйшую адукацыю і кваліфікацыю ды ўліваліся ў шзрагі сярэдняга класа. Вядомых багацееў з іх не атрымалася. Але інтэлектуальны капітал выхадцаў з Беларусі відавочны. Навуковакультурнымі цэнтрамі эміграцыі сталі Беларускі інстытут навукі і мастацтва ў НьюЙорку (з 1951 г.), такі ж інстытут у Канадзе (1967), Беларуская бібліятэка і музей імя Ф. Скарыны ў Лондане (1971), Інстытут беларусаведы ў Ляймене (Германія). Увесь свет ведае беларуса па паходжанні, буйнога спецыяліста ў галіне астранаўтыкі Барыса Кіта. Значны ўклад у развіццё беларускай навукі і культуры зрабілі навукоўцы Уладзімір Сядура (Глыбінны), Антон Адамовіч, Вітаўт Тумаш, Павел Урбан, Вітаўт Кіпель, Зора Кіпель, айцец Аляксандр Надсан, знакаміты тэнар Міхась ЗабэйдаСуміцкі. кампазітар Мікола Равенскі, паэты Наталля Арсеннева, Масей Сяднёў, Алесь Салавей (сапр. Альфрэд Радзюк). У Польшчы на карысць беларускай і польскай культуры працуюць выдатны пісьменнік Сакрат Яновіч, мастак Лёнік Тарасевіч, гісторык Юрый Туронак.
Арганізацыйнае гуртаванне дыяспары. Пачынаючы з верасня 1990 г. дзейнічае згуртаванне беларусаў свету “Бацькаўшчына”. Навукоўцы аб’ядналіся ў Міжнароднай асацыяцыі беларусістаў, створанай у маі 1991 г. У снежні 1992 г. адбыўся Першы сход беларусаў блізкага замежжа (краінаў былога СССР), а ў ліпені 1993 г. Усебеларускі з’езд. У тым жа годзе была прынятая Дзяржаўная праграма “Беларусы ў свеце” з мэтаю гуманітарнай падтрымкі беларускай дыяспары. У незалежнай Беларусі ўзнікла магчымасць паўплываць на запавольванне працэсаў асіміляцыі беларусаў замежжа і, больш за тое, выкарыстаць іх у палітычнай, навуковакультурнай і гаспадарчай дзейнасці на карысць Бацькаўшчыны. Тым болып, што яны самі
418
Перыяд станаўлення палітычнай нацыі
праяўлялі жаданне браць удзел у вырашэнні нацыянальных праблемаў Беларусі, у барацьбе з наступствамі чарнобыльскай бяды. Але першы незалежны беларускі ўрад усё ж вельмі слаба супрацоўнічаў з беларусамі замежжа.
Непадабенства з дыяспарай. Вяртанне дыяспары ўзмацніла незалежніцкую партыю ў Беларусі, але не настолькі, каб аслабіць імкненне да Расіі. Незалежнасць не вызваліла жыхароў Беларусі ад псіхалогіі падданых расійскай дзяржавы. У выніку шматвяковай перманентнай падпарадкаванасці чужынцам беларускі народ згубіў традыцыі незалежнага жыцця. Ен не ведаў, што такое палітычная суверэннасць, каб свядома да яе імкнуцца, а потым гзтую суверэннасць шанаваць. Жыхары Беларусі цярпелі ў першыя гады пасля развала СССР пакаранне посткамунізмам, гэта значыць, няўменнем карыстацца механізмам рыначнай эканомікі, незалежнасцю і дэмакратыяй. Захоўвалася небяспека савецкай рэстаўрацыі.
35. РЭСПУБЛІКА БЕЛАРУСЬ ПРЭЗІДЭНЦКАЯ.
1994—2002
Аналіз падзеяў сямівасьмі апошніх гадоў, безумоўна, дае гісторыкам падставу рабіць пэўныя высновы, але многае пакуль застаецца не да канца асэнсаваным і высветленым.
35.1. Усталяванне новай сістэмы кіравання
1994
• Кастрычнік. Беларускі прэзідэнт Аляксандр Лукашэнка атрымаў згоду Вярхоўнага Савета самастойна прызначаць кіраўнікоў мясцовай адміністрацыі. Стваралася адміністрацыя прэзідэнта, “вертыкальная структура” выканаўчараспарадчых органаў як у цэнтры, так і ў правінцыях. Мясцовыя саветы захоўваліся, а саветы на ўзроўні раённых у гарадах прыпынялі сваю дзейнасць. Сакратарыят Савета бяспекі і Адміністрацыя прэзідэнта рабіліся вьппэйшымі органамі для Савета Міністраў.
• Снежань. Фармаванне сістэмы кіравання (“вертыкалі”) было завершанае. Фінансаванне і матэрыяльнае забеспячэнне Вярхоўнага Савета перадаваліся Упраўленню справамі прэзідэнта.
Рэспубліка Беларусь прэзідэнцкая
419
1995
• Студзень. Тэлевізійныя трансляцьгі пасяджэнняў Вярхоўнага Савета прыпыняліся, а публікацыя даклада дэпутата Сяргея Антончыка аб злоўжываннях улады падпала пад забарону. Беларускі Дом друку адмовіўся друкаваць апазіцыйныя газэты зза недахопу вытворчых магутнасцяў. Усе раённыя і абласныя газэты браліся пад кантроль прэзідэнцкай “вертыкалі”. На чале сталічных дзяржаўных газэтаў ставіліся рэдактары, лаяльныя да прэзідэнта. Апазіцыйныя партыі страчвалі магчымасць карыстацца дзяржаўнымі СМІ.
• 12 красавіка. 18 дэпутатаў апазіцыйнай фракцыі БНФ абвясцілі галадоўку непасрэдна ў зале пасяджэнняў Вярхоўнага Савета ў знак пратэсту супраць ратыфікацыі беларускарасійскага дагавора і правядзення рэферэндуму па беларускай мове і беларускай сімволіцы. Спробы міліцыі выдаліць дэпутатаў са спасылкай на анаігімны званок аб замінаванні парламента сустрэлі адпор. Тады ноччу людзі ў чорных масках захапілі будынак Вярхоўнага Савета, збілі непакорлівых парламентараў, а потым вывезлі іх у розныя пункты Мінска і кінулі ў начным горадзе. Крымінальная справа па факце збіцця дэпутатаў была прыпыненая зза нявыяўленасці віноўных.