Новая зямля
Якуб Колас
Выдавец: Народная асвета
Памер: 348с.
Мінск 1967
I блізкі сэрцу яго сталі Малюнкі гэтай роднай далі, I нейкі смутак, жаль нахлынуў, Як бы надоўга іх пакінуў.
Ідзе наш дзядзька, разважае I лес Сустрэнаўку мінае,
Праходзіць грэблю і балота. Лажылась сонца пазалота На верх лясоў чырвоным шляхам, I ноч панурым сваім гмахам У змрок нізіны спавівала I сон на землю навявала.
Вось кончан лес, і Стоўбцы блізка. Туман на возера лёг нізка, Вада шумела каля млына, Свістала голасна машына, А там за возерам, як струнка, Пралегла роўненька чыгунка.
Вось пераезд, даўно знаемы; Правей вакзальныя харомы.
Антось зварочвае направа Ды йдзе на станцыю рухава.
Усё там кіпіць, бы ў час разрухі, Снуюць служачыя, як мухі, Гудуць, шумяць, бы ў вуллі пчолы, I ходзяць шумна балаголы, Каменяцёсы з малатамі, Гандляркі бегаюць з кашамі.
У ліхтарах агні трапечуць!
А гандляры крычаць, шчабечуць I б’юць у грудзі кулакамі, Як бы забіць хацелі Шмульку.
А дзядзька паліць сваю люльку, Сядзіць, другую накладае
I свайго сябра выглядае.
— А, брат Антоні! — дзядзька чуе. Глядзіць — аж Драка сам шыбуе, Ідзе, ківае галавою
I газы пах нясе з сабою.
— Здароў, брат Доніс! — дзядзька рады, Сябру ківае для нарады: — Скажы мне, браце, ці няможна,— Пры гэтым дзядзька асцярожна Прыгнуўся к Донісу, замяўся, Ды Доніс зразу дагадаўся, Што за патрэбу мае сябар,— Дык ці не можна б мне... за хабар Крыху паехаць на машыне?
— А вось пастой, хай люд адхлыне, Кур’ерскі пройдзе, а тым часам Мы перамовімся з Уласам...
Спакойны будзь: мы ўсё абладзім, Хоць на таварны, а пасадзім. — Дык ты, брат Доніс, пастарайся! — Будзь пэўны, брат, не сумнявайся: 3 казамі мы на торг паспеем.
У гэты момант лютым змеем Ляціць кур’ерскі. Задрыжалі Ўсе шыбы ў вокнах на вакзале, I ўвесь народ ураз мятнуўся, I дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла, бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Плячук тут дзядзька прынапрудзіў, Крутнуўся моцна навакола, Чуць з ног не збіўшы балагола, Ды наступіў на бот падпанку, Зато між цел прабіў палянку Ён гэтым моцным паваротам,
У цвёрды грунт упёршысь ботам. Званок, другі і зараз трэці, I дрыгнуў поезд, быццам чэрці Яго сярдзіта скаланулі, Дождж цэлы іскар сыпанулі I страшным рогатам заржалі Ды з дымам далей паімчалі. Вакзал пусцеў, люд распаўзаўся. Антось сядзеў або сланяўся, Балелі ногі, ўнікла сіла, А спаць так моцненька кланіла! — Ну, што, Антоні, рыбу вудзіш? Заснеш, брат, потым і не ўзбудзіш. Хадзем, брат, вып’ем, пагаворым! — Сябры выходзяць крокам скорым. Сядзяць за півам, выпіваюць, Аб розных справах разважаюць, А піва ім вяселіць душы, I чырванеюць у іх вушы;
А праз кароткую хвіліну Антось садзіўся на машыну. На паравозе без білета Чхаў да Баранавіч дасвета. Відаць, у добрую часіну Збіраўся дзядзька ў пуцявіну: У Баранавічах налучыўся Кандуктар добры: ён згадзіўся Давезці ў Вільню дзядзьку сходна. Уздыхнуў тут дзядзька наш свабодна I, азіраючысь трывожна, Ў вагон шыбуе асцярожна, Куды кандуктар тыкнуў пальцам. I вось наш дзядзька едзе зайцам. Тым часам сонейка ўсхадзіла, Палёў узгоркі залаціла,
I белаватаю смугою Туман навіснуў над вадою. Вагон бітком набіт народам. Імчыцца поезд поўным ходам, I толькі пыл ён падымае, Як ад табакі, дзядзька чхае. Пайшоў кандуктар і вачамі Шукае торбу з кутасамі. Стхарыўся дзядзька у куточку, I торба з ім на тым кіёчку, 3 якім наш дзядзька пехатою Учора йшоў адзін душою. He спаў ён праве цэлай ночы, На свет глядзець не хочуць вочы, А галава сама гуляе, Машыне тахты выбівае: Наніз падзе, назад рванецца, Туды-сюды яна качнецца I грукне ў сцену, як дурная, Як толькі карк яе трымае! Так на вяселлі маладуха, Калі датне яе сівуха, Забудзе ўсё ды пойдзе ў скокі I чэша дробна, рукі — ў бокі, He чуе долу пад нагамі I плешча ў тахт яна рукамі. «Лягаш» у дзядзьку ўцікаваўся I, як з ім толькі параўняўся, Пад бок штурхнуў яго рукою, Маргнуў, паклікаў галавою. Усхапіўся дзядзька наш праворна I за кандуктарам пакорна Ідзе ён, стомлены, заспаны, He раз схінуўшыся, як п’яны. Прывёў ён дзядзьку ў карыдорчык
(Абодвух іх трымае ворчык ').
— Ідзі сюды! — кандуктар кажа: — Я буду сам стаяць на стражы — Ідзе кантроль, дык ты схавайся, Сядзі цішком, не адзывайся, He кашляй моцна і не грукай! — I з гэтай мудраю навукай Кандуктар дзверы адчыняе I хітра пломбу ён знімае, Засадзіць гвозд, ключом пакруціць, А страх аж вочы дзядзьку муціць, I губа ходзіць, бы ў жаробкі.
Тым часам дзверы бруднай «топкі» Ўраз адамкнуў кандуктар лоўка I зачыніў, бы ў клетцы воўка, Запхнуўшы дзядзьку чуць не сілай Да гэтай дзіркі апастьілай.
Ступіў наш дзядзька крок, спыніўся — I свет яму тут зачыніўся, Стаіць, як дурань, небарака.
— Куды ж ты ўпхнуў мяне, вужака? Бадай ты спрах з сваёй нарою! — Гамоніць дзядзька сам з сабою.
— Ну ж, удружыў, гад! вось усунуў! — I ў цёмны кут ён злосна плюнуў.
— Ах, вэй! што гэта? ці сляпы ты? To ж тут жа мы! — з кутка сярдзіты Пачуўся голас чалавечы, Аж узняліся ў дзядзькі плечы, Ды каб схаваць, што ён спужаўся, Спакойна дзядзька адазваўся:
1 Ворчык — тут — торба.
— А, гэта вы! Нашто ж пад сліну Было вам ставіць абразіну? — Тут толькі стаў ён прыглядацца — «Зайцы» сярдзіта мітусяцца.
Яны даўно ўжо там стаялі, Як мышы з норак, выглядалі. Пярэдні з іх, такі вяртлявы, Яшчэ ўсё цёрся аб рукавы.
Было ўсё чорна тут ад сажы, Насілась густа пылу пража; Адно акенечка і тое Глядзела цьмяна насляпое. А цесната — ні стаць, ні сесці: — Тырчы, як пень, на адным месце! Але сяк-так прымайстраваўся Наш падарожны каля печы, Размяў крыху грудзіну, плечы I закурыць нарыхтаваўся, У кут паставіўшы крывульку.
Дастаў капшук, агледзеў люльку, Прадзьмуў цыбук, задаўшы смроду, Аж пасажыр сівабароды — Даўно ўжо ён на дзядзьку дзьмуўся — Шмаргнуўшы носам, адвярнуўся.
Але наш дзядзька не шманае: Тытун у люльку накладае;
Тытун быў свой, а не куплёны I драў ён горла, як шалёны, I, як казаў у нас Дзямешка, Па галаве біў, як даўбешка. Тытун быў хвацкі, адмысловы, I не адзін курэц здаровы, Хваціўшы дыму галт знячэўку, Як бы спірытусу кватэрку, I чхаў, і пырхаў з паўгадзіны,
I выціраў з вачэй слязіны, Аж пуп яго трашчаў і рваўся (Ён бесарабскім называўся — Тытун той дзядзькаў самавіты). Як чорт, быў дым яго сярдзіты. Наклаўшы люльку, выняў скалку \ Адкалупіў ён цыру 2 галку
I гасіць крэсівам. Іскрынкі, Як залаценькія пылінкі, 3 нягромкім трэскам узвіліся, На цыр багата паліліся.
Вось дзядзька люльку раздзімае, Цыбук хрыпіць, пішчыць, спявае. Дым усё большымі клубамі Звісае ў дзядзькі над вусамі.
I вось як люлька разгарэлась — Курыць даўно яму хацелась,— Набраў ён дыму рот паўнюткі — Цягнуў не меней паўмінуткі — I клуб, як з коміна, пускае. Нясецца дым, насы зрывае, «Зайцам» духі ён забівае;
I мух тым дымам даняло: Гудуць жалобна, б’юцца ў шкло. Падняўся кашаль між «зайцамі» I ўсе зашморгалі насамі.
— Ой, фэ! не вытрываць! ратуйце! Хоць нашу старасць пашкадуйце! — Крычаць «зайцы» ўсе ў адзін голас I на бародах скубуць волас, А дзядзька пыхкае клубамі
1 Скалка — крэмень.
2 Цыр — тут — высушаны грыб (сухі нараст на дрэвах).
I смех хавае пад вусамі. Ды ў гэты момант з карыдора Пачуўся голас кандуктора I грук у дзверы кулакамі.
— Эй ты, там, торба з кутасамі! Якога чорта гэта смаліш?
Ты мне вагон увесь разваліш! Пакінь курыць, бо і праз дзверы Праходзіць дым сюды без меры... Але і дым: аж з ног скідае! Ну, проста нос табе зрывае! Кантроль, даў бог, прайшоў удатна.— Вайшлі ў вагон, і так прыятна Ў вагоне дзядзьку паказалась!
Прад ім раўніна рассцілалась Палёў, засеяных хлябамі; Загоны стройнымі радамі Антосю вочы весялілі
I на працягу цэлай мілі Узад пачціва адхадзілі
I расступалісь прад машынай, Як кавалеры прад дзяўчынай Ці як прад свёкрам маладзіца. Яна ж, як вольная арліца, Ляціць стралою, грозна дыша I сівым дымам цяжка пыша. I кожны міг каля чыгункі З’яўлялісь новыя малюнкі: Слупы мільгалі верставыя, Дарожкі, сцежачкі крывыя, Што чуць заметна спаміж збожжа Віліся йстужкаю прыгожа; Лясы, гаёчкі вынікалі, I цэрквы вежамі блішчалі Ў жывых вянках бяроз і клёнаў,
I пакручастых рэчак гоны, I мігацелі сёлы, дворы, Сады, курганы, касагоры. — Ото разгон і шыр якая! — 3 сабою дзядзька разважае: — Зірнеш — не згледзіш канца-краю, I гэта ўся зямлі армада Гаспадара-цара аблада!
Вялікі ён багач на свеце, Ды толькі бедны яго дзеці: Ядуць хлябок яны з мякінай, Зайцамі ездзяць на машыне. Якія дворы, божа мілы! А ўсюды бедны люд пахілы Кішыць, гаротны, як мурашкі,— I ўздых задушаны ды цяжкі Гатоў з грудзей яго прарвацца, На гоман думак адазвацца. «Эх, дзецца людзям бедным недзе!» I ўспомніў дзядзька, куды едзе I што яму ў той Вільні трэба. Эх, цяжка ты, скарынка хлеба! Пакуль пачуеш кроплю сілы, To банк мо выматае жылы Налогам, гербавым, там, зборам He развітаешся ты з горам, I пусціць жыць бадай не голых.
У гэтых думках невясёлых Антось да Вільні пад’язджае I свой гарнітур папраўляе.
1 Гербавы збор — дзяржаўны збор пры афармленні дакументаў.
XXVIII
Дзядзька ў Вільні
ане спынілася маіпына, А ўжо пайшла мітусяніна: Хватаюць клумкі пасажыры, Пад рукі б’юць зайцы-пранырьі, Паны складаюць чамаданы, Лубкі-каробкі, дзе схаваны Паненак розныя прыпасы Для завівання, для падкрасы, Каб трохі зменшыць перашкоды, Пахібкі матухны-прыроды. Срэдзь люду рознага і панства I між усякага убранства Відна і дзядзькава апратка, Пільчак і шапачка-аладка. Машына стала. Валіць валам Люд у тунелі пад вакзалам, А з ім і дзядзька цісне збоку, Ад шэрых світ непадалёку. Яшчэ ніколі дзядзька з роду He бачыў гэтулькі яароду, Паноў, чыноўнікаў багатых, Такіх таўшчэразных, пузатых, Што можна б смела з’есці булку, Каб абысці гэту качулку;
I выступаюць такім тузам, Ідуць, не бачаць ног за пузам, Аж дол каменны чуць не гнецца, Як студзень, карк яго трасецца. «Ото паноў! о, божа мілы! Якія гладкія іх рылы!
Якія вусы і бароды!
Паставіць бы іх у гароды — Hi вераб’і і ні вароны He смелі б сесці на загоны! I процьма-та ж іх тут якая! — У мыслях дзядзька разважае: — А морды ззяюць, як пад лакам, Відаць, жывуць яны са смакам. А ўзяць паненак — ажно ззяюць I ходзяць — долу не чапаюць: Так лёгка, плытка, далікатна, Як бы матыль той, акуратна. Ды што рабіць дачушкам бруку? У гэтым іх уся навука.