Падарожжа ў нябыт
Андрэ Маруа
Выдавец: Мастацкая літаратура
Памер: 256с.
Мінск 1974
Эрвэ Марсена так захапіўся чытаннем, што яго не бралі ні голад, ні смага, ні сон. Але руплівы Мілер не забыў наведаць яго ў суправаджэнні лакея з падносам.
— Лэдзі Спенсэр-Свіфт вітае вас і пытаецца, можа, ёсць якая патрэба, сэр?
— Ніякай. Скажыце ёй, што гэта так цікава, што я, відаць, прабуду тут усю ноч.
Дварэцкі зірнуў на яго з прыхаваным нездавальненнем.
— Усю ноч, сэр? Сапраўды? Тады мне прыйдзецца прыслаць сюды запасныя свечкі.
Эрвэ хутчэй пакаштаваў, чым з’еў свой абед, да прыкрасці англійскі, і прагна ўзяўся за альбом. Прыезд Байрана апісваўся з хваляваннем. Імклівыя дробненькія літары ледзь-ледзь удавалася разабраць.
«Сёння раніцай аб адзінаццатай гадзіне прыехаў лорд Б. Які ён прыгожы і бледны! Ён выглядае няшчасным. Саромеецца сваёй кароткай нагі. Гэта можна
заўважыць, бо ён не ходзіць, а бегае, каб калецтва не кідалася ў вочы. Як ён памыляецца! Гэты недахоп робіць яго яшчэ болып цікавым. Проста дзіўна, што Уільям асцерагаў мяне і казаў, што з жанчынамі ён смелы да нахабства. Але ж мне ён ні слова. Час ад часу к.ідаў на мяне позірк употай, аднойчы я злавіла гэты позірк у люстры. А калі завязалася гутарка, то звяртаўся да Уільяма ці да лорда Пітэрсана, а да мяне ні разу. Чаму?»
Да позняй ночы Эрвэ Марсена вывучаў, як з кожным днём Пандора ўсё болып паддавалася чарам паэта. Яму стала ясна, што маладая жанчына, шчырая і непрактычная, не магла зразумець, у чым прычына такіх мала байранічных паводзін госця. Байран прыехаў у Уайндхорст з цвёрдым намерам быць стрыманым, па-першае, таму што не лічыў геройствам спакушаць жонку гаспадара і, нарэшце, таму што бачыў наіўнасць і кволасць Пандоры і не жадаў прычыняць ёй боль. Чалавек у душы сентыментальны, сваю пяшчотнасць ён прыкрываў цынізмам.
Вось чаму ён нават не намякнуў ёй пра каханне. Потым падзеі разгарнуліся. Сэр Уільям напомніў Байрану пра Ньюстэдскае абацтва і гуляшчых німфаў, якія там жылі. Адну з іх вельмі ўпадабаў сельскі джэнтльмен і выказаў жаданне пабачыцца з ёю яшчэ раз. «Слухайце, Байран, а чаму б вам не запрасіць мяне ў Ньюстэд?.. Без жонкі, вядома!» Байран груба спыніў яго: «Як вам не сорамна! Маладажон, называецца... А калі ваша жонка ўздумае вам за гэта адпомсціць?» Сэр Уільям зарагатаў: «Мая жонка? Хаха-ха! Але ж мая жонка праведніца і, між іншым, Mane абажае».
Пандора, пільна прыслухоўваючыся, улавіла сэнс іхняй гутаркі і запісала яе ў альбом з гнеўнымі камен-
тарыямі: «Яна мяне абажае! Ну і дурань! Няўжо мне суджана пражыць свой век з гэтым бугаём? I чаму, сапраўды, не адплаціць яму тым жа? Гэта сцэна давяла мяне да такога шаленства, што, каб лорд Байран паспрабаваў дзе-небудзь у парку пацалаваць мяне, здаецца, я б не пярэчыла».
Даўно мінула поўнач. Усхваляваны Эрвэ прабягаў вачамі старонкі дзённіка. У змрочным склепе дагаралі свечкі, і пры цьмяным святле яму, як жывыя, ўяўляліся постаці нябожчыкаў. Ён бачьіў барвовае аблічча гаспадара і чуў яго нахабны рогат. Ён бачыў, як на прыгожым твары Пандоры ўсё выразней адлюстроўвалася яе закаханасць. I ў цёмным кутку бачыў гордага Байрана, які з насмешкай глядзеў на гэту дрэнна дапасаваную пару.
Запахла чадам, і адна свечка пагасла. Эрвэ запаліў новыя і з яшчэ большай энергіяй узяўся за чытанне. Цяпер ён прысутнічаў пры спробах Пандоры вырваць Байрана з задуменнасці і зблізіцца з ім, прычым рабілася гэта смела і занадта хітра для такой маладзенькай жанчыны. Пакрыўджаная яго абыякавасцю, яна шукала розных подступаў. Каб сустракацца без сведак, яна дамовілася гуляць з ім на більярдзе.
«У гэты ввчар я яму сказала: «Лорд Байран, калі жанчына любіць мужчыну і гэты мужчына не звяртае на яе ўвагі, што ёй тады рабіць?» «А вось што...» — адказаў ён і абняў мяне моцна-моцна і...» Адно слова там было закрэслена, але Эрвэ, за тонкімі кратамі рысак, даволі лёгка мог прачытаць «пацалаваў».
Эрвэ Марсена свабодна ўздыхнуў. Ён проста не верыў свайму шчасцю. «Мне гэта сніцца ці што? — гаварыў ён сабе.— Здзейснілася тое, аб чым я мог толькі марыць». Ён устаў і прайшоўся па склепе, абмацаў вялізны сейф, канапу, сцены, каб упэўніцца, што гэта
рэальнасць, а не міраж. Ніякага сумнення, усё вакол яго было матэрыяльнае і альбом сапраўдны. Ён ізноў сеў за стол.
«Я спужалася і сказала яму: «Лорд Б., я вас люблю, але ў мяне ёсць дзіця, і гэта звязвае мяне з яго бацькам. Я магу быць вам толькі сяброўкай. Але вы мне вельмі патрэбны. Памажьіце мне». Ён быў на рэдкасць добры і здагадлівы. 3 тае хвіліны, як ён са мной, увесь яго смутак нібы растаў. Думаю, што мая прысутнасць яго лечыць».
Малады француз не стрымаў усмешкі. Ён добра вывучыў Байрана і ніяк не мог уявіць, каб той расцягнуў надоўга платанічныя залёты да гэтай юнай спакусніцы. Ён быццам чуў яго голас: «Калі яна ўбіла сабе ў галаву, што я ёй кавалер і буду гадзінамі трымаць яе за ручку, дэкламуючы вершы, яна, ох, як памыляецца! Дайшло да таго, што пара канчаць».
Потым ён падумаў, што, напэўна, знойдзе праўдзівы дакумент аб душэўным стане Байрана сярод пісем, якія таксама даверыла яму лэдзі Спенсэр-Свіфт. Ён паспешна развязаў стужку. Так, пісьмы Байрана. Эрвэ адразу пазнаў яго гарачую руку. Але ў пакеце былі і другія паперы, напісаныя тым жа почыркам, што і дзённік. Некаторыя з іх ён прачытаў. Гэта былі чарнавікі пісем Пандоры.
Знаёмячыся з перапіскай, ён са здавальненнем пераканаўся, што здагадка яго апраўдалася. Байрану хутка надакучыла гульня ў платанізм. Ён запытаў, ці можа ён сустрэцца з Ландорай уночы, калі ў замку ўсе спяць. Яна супраціўлялася, але слаба. Эрвэ падумаў: «Калі тое, што напісана ў чарнавіку, было яму паслана, Байран, напэўна, палічыў перамогу блізкай. Яна прастадушна прызналася: «Гэта немагчыма, бо я не ведаю, дзе вас убачыць, каб нас ніхто не заўважыў».
Ён ізноў узяўся за альбом. Пандора адзначыла, што, каб абменьвацца пісьмамі, яна пачала пасылаць Байрану кнігі з дамашняй бібліятэкі. Надзейны спосаб: нават на вачах у «строгага мужа» можна было перадаць «абранаму рыцару» кнігу з запісачкай. «А ёй было ўсяго дваццаць год!» — дзівіўся Эрвэ.
«Сёння Уільям памчаўся з сабакамі на паляванне. Я засталася адна з лордам Б. на цэлы дзень, але пад наглядам слуг. Ён быў вельмі мілы. Нехта расказаў яму пра падвал, і яму захацелася там пабываць. Спусціцца разам з ім я не адважылася, але ўпрасіла місіс Д., гувернантку, паказаць яму склеп. Вярнуўшыся, ён сказаў мне з таямнічным выглядам: «Гэты склеп аднойчы будзе для мяне той мясцінай, аб якой я буду ўспамінаць з найболыпым хваляваннем». Што гэта значыць? Баюся зразумець, а галоўнае, без страху згадзіцца з думкай, што прычынай гэтага хвалявання буду я*.
Пісьмы і альбом дазволілі ўявіць далейшыя прыгоды. Аднаго разу Пандора згадзілася прызначыць яму спатканне ў падвале глыбокай ноччу, у той час, калі яе муж гучна хроп у спальні, а слугі адпачывалі на трэцім паверсе. Ён спяшаўся, быў патрабавальны. Яна прасіла літасці, маліла, каб ён яе не крыўдзіў. «Лорд Байран,— гаварыла яна,— я ў вашых руках. Вы можаце рабіць са мной усё, што хочаце. Ніхто не сочыць за намі, ніхто нас не пачуе. А сама я не маю сілы абараняцца. Я прабавала, але супраць волі любоў прывяла мяне сюды. Ад вас аднаго я чакаю ратунку. Калі вы скарыстаеце сваю ўладу нада мной, я паддамся, але памру ад сораму і пакут».
Яна расплакалася. Байран, расчулены слязамі маладой жанчыны, праявіў дабрату. «Тое, што вы ад мяне патрабуеце,— сказаў ён,— вышэй чалавечых сіл, але ў мяне хопіць любві, каб прымусіць сябе адмовіцца ад вас». Яны сядзелі на канапе, абняўшыся, даволі доўга, потым Пандора вярнулася ў свой пакой. Назаўтра Байран паведаміў, што яго выклікае ў Лондан выдавец Морэй, і пакінуў Уайндхорст. Старонкі дзённіка за гэты дзень былі асабліва забаўныя.
«Дурань! Дурань! — пісала яна.— Усё скончана, усё страчана. I цяпер мне суджана ніколі не ведаць любві. I як гэта ён не зразумеў, што не магла ж я сама кінуцца яму на шыю. He магла ж такая жанчына, як я, маладая і добра выхаваная, прыставаць нахабна, як тыя бессаромныя распусніцы, з якімі ён раней меў справу. Я павінна была плакаць. А яму, як мужчыну спрактыкаванаму, трэба было ўцешыць мяне, супакоіць і дабіцца, каб я аддалася любві, якую так моцна адчувала. Паехаўшы, ён растаптаў усе мае надзеі. Я яму гэтага век не дарую».
Пасля начнога спаткання былі яшчэ пісьмы: адно ад яго і адно ад яе. Байран пісаў стрымана, мабыць, Думаў пра мужа, які мог выпадкова прачытаць пісьмо. Чарнавік Пандоры выдаваў яе ўзрушанасць, яе прытоены гнеў. Далей у дзённіку яна яшчэ сям-там успамінала Байрана ў сувязі з новай паэмай, альбо новым скандалам. Пападаліся іранічныя намёкі, якія выразна сведчылі, што яна не забыла зла. Потым пасля 1815 года, вобраз паэта перастаў трывожыць Пандору.
Праз акенца ў сцяне бледнае святло прасачылася ў склеп. Пачало днець. Эрвэ, нібы ачнуўшыся пасля трансу, доўга аглядаўся. I вось ён ізноў у дваццатым стагоддзі. Якую цудоўную гісторыю перажыў ён за гэтую ноч! 3 якой прыемнасцю ён яе апіша! Работа
і бяссонніца стамілі яго. Ён пацягнуўся, пазяхнуў, патушыў свечкі і падняўся ў свой пакой.
Званок паклікаў на позняе снеданне. Эрвэ знайшоў у холе руплівага дварэцкага, і той праводзіў яго ў салон, дзе маладога чалавека чакала ўжо лэдзі СпенсэрСвіфт.
— Добры дзень, пан Марсена,— прамовіла яна моцным мужчынскім голасам.— Мне далажылі, што вы мала спалі. Ну, як вам працавалася?
— Выдатна. Я ўсё прачытаў і зрабіў выпісак дваццаць старонак. Нечуваная гісторыя... Я не магу вам выказаць...
Яна мяне спыніла.
— А што, праўда? Я ж вам гаварыла. Мне заўсёды здавалася, гледзячы на партрэт, што гэтая малютка Пандора створана для кахання.
— Так, яна была створана для кахання. Але пікантнасць падзей у тым, што яна ніколі не была палюбоўніцай лорда Байрана.
Твар лэдзі Спенсэр-Свіфт наліўся чырванню.
— Што? — запытала яна.
Француз, прыхапіўшы з сабой выпіскі, расказаў гаспадыні ўсю гісторыю і паспрабаваў тут жа прааналізаваць характары двух галоўных персанажаў.
— Вось так,— закончыў ён,— першы і апошні раз у сваім жыцці лорд Байран уступіў дэману спагады, і гэтай слабасці прабабка вашага мужа ніколі не магла яму дараваць.
Лэдзі Спенсэр-Свіфт слухала француза не перабіваючы, але тут не вытрымала: