Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
— Ха-ха-ха! Ха-ха-ха-ха-ха!
— Ён сказаў, што Каляды — гэта шахрайства! — крычаў пляменнік Скруджа. — I ён шчыра ў гэта верыць!
— I гэта, Фрэд, яшчэ горай, — абурана сказала пляменніца Скруджа. Бог з імі, жанчынамі! У іх заўсёды ўсё да канца, усё занадта сур’ёзна.
Яна была вельмі прывабная, нават, я б сказаў, надзвычай прывабная. Прыгожы тварык з лёгкім выразам здзіўлення і ямкамі на шчоках, маленькі спелы раток, нібыта створаны для пацалункаў (ды што там, дакладна для іх створаны!), падбароддзе з гэтымі слаўнымі ямінкамі, якія з’яўляліся, калі яна смяялася, і самыя прамяністыя вочы, якімі толькі магла пахваліцца жывая істота. Усё ў ёй, так бы мовіць, кідала выклік (ну, вы разумееце, пра што я), але і несла прымірэнне. Ох, якое цудоўнае прымірэнне!
— Ён і праўда дзівакаваты стары, — сказаў пляменнік Скруджа, — дзівакаваты і не тое каб надта прыемны. Але ён сам сябе карае, і я нічога супраць яго казаць не буду.
— Ён жа вельмі багаты, Фрэд, — нагадала яму жонка. — Ну, прынамсі ты так казаў.
— I што з таго, мая дарагая? — сказаў Фрэд. — Яму няма з гэтага багацця ніякае карысці. Ён нічога з ім не робіць. Ён нічога не траціць на сябе. I нават не ра-
дуецца думцы пра тое — ха-ха-ха! — што калі-небудзь ашчаслівіць гэтым багаццем нас!
— Я проста цярпець яго не магу, — падагуліла пляменніца Скруджа, і яе сёстры разам з іншымі дамамі ахвотна падтрымалі яе.
— А я вось магу! — усклікнуў яе муж. — Мне яго шкада, і колькі б я ні стараўся, у мяне не атрымліваецца на яго раззлавацца. Бо хто пакутуе ад яго дурных дзівацтваў? Толькі ён сам. Убіў сабе ў галаву, што не любіць нас, і адмовіўся далучыцца да нашага абеду. Вынік? Застаўся без нашага сціплага пачастунку.
— Думаю, насамрэч ён застаўся без вельмі цудоўнага пачастунку, — перарвала яго Скруджава пляменніца. Усе астатнія пацвердзілі яе словы, і мы мусім прызнаць дасведчанасць гэтых суддзяў, бо яны толькі што павячэралі і сабраліся ля каміна побач са сталом, на якім стаяў дэсерт і гарэла лямпа.
— Што ж, я рады гэта чуць, — сказаў пляменнік Скруджа, — бо сам не надта веру ў гэтых маладых гаспадынек. А што скажаце вы, Топер?
Топер, відаць, упадабаў адну з сёстраў Фрэдавай жонкі, а таму адказаў, што халасцяк — гэта нікчэмны няўдачнік, які не мае права выказвацца на такую важную тэму. Сястра Фрэдавай жонкі — не тая, што з ружамі, а іншая, поўненькая, з карункавай шамізэткай, — на гэтых словах пачырванела.
— Працягвай, Фрэд, — запатрабавала пляменніца, пляскаючы ў далоні. — Ён такі смешны — заўсёды пачне і не дагаворыць!
Пляменнік Скруджа чарговы раз з асалодай разрагатаўся. Засцерагчыся ад гэтай інфекцыі было проста немагчыма, а таму ўсе адразу ж далучыліся да Фрэда, хіба што поўненькая сястра яго жонкі беспаспяхова паспрабавала супраціўляцца заразе з дапамогай духмянага воцату.
— Я толькі хацеў сказаць, — прамовіў пляменнік Скруджа, — што яго кепскае да нас стаўленне і адмова павесяліцца не дазволілі яму прабавіць з намі некалькі цудоўных гадзінаў, якія б яму не зашкодзілі. Я ўпэўнены, што нашая кампанія прыемнейшая за тую, якую ён мае ў старой заплеснелай канторы, ці ў пыльнай кватэры, ці ва ўласных думках. Я збіраюся кожны год даваць яму шанец, хоча ён таго ці не, бо мне яго шкада. Ён можа хоць да самае смерці лаяцца на Каляды, але ён не адкруціцца і будзе думаць пра іх лепей, калі я, нягледзячы ні на што, год за годам буду радасна наведваць яго і пытацца: «Дзядзечка Скрудж, ну як маецеся?» Калі гэта натхніць яго пакінуць свайму беднаму клерку хаця б пяцьдзясят фунтаў — і на тым дзякуй. Мне здаецца, учора я яго трошкі разварушыў.
Пасля сцверджання, нібыта Скруджа можна разварушыць, пачуўся новы выбух смеху. Але надзвычай дабрадушнаму гаспадару не было асаблівай справы, з чаго смяюцца госці, абы яны смяяліся як найчасцей, таму ён падтрымаў іх весялосць і задаволена пусціў па коле бутэльку.
Папіўшы гарбаты, яны арганізавалі спевы. Сябрына гэтая ведала ў музыцы толк, а таму калі бралася спяваць хорам (і нават на некалькі галасоў), справа ішла на лад, асабліва ў Топера: яго бас гудзеў без натугі, на ілбе ніколі не набухалі вены, а твар зусім не чырванеў. Пляменніца Скруджа была някепскай арфісткай і сярод астатніх мелодыяў сыграла ў той вечар адну просценькую песеньку (вы навучыліся б насвістваць яе хвіліны за дзве, не болып) — яе спявала калісьці дзяўчынка, якая забірала Скруджа з пансіёна і пра якую яму нагадаў Дух Мінулых Калядаў. Першыя ж ноты песенькі абудзілі ўспамін пра ўсё паказанае Духам і яшчэ больш змякчылі сэрца старога скнары. Калі б ён мог у тыя часы слухаць яе часцей, думаў Скрудж, ён збярог бы дабрыню свайго
сэрца і стварыў бы шчасце ўласнымі рукамі, не маючы патрэбы ўспамінаць пра рыдлёўку далакопа, які пахаваў Джэйкаба Марлі.
Аднак вечар быў прысвечаны не адной толькі музыцы. Пасля музычных практыкаванняў пачалі гуляць у фанты, бо часам так прыемна зноў ператварыцца ў дзіця, і калі, як не на Каляды, у дзень нараджэння святога немаўляткі. Але пачакайце! Спярша гулялі ў жмуркі! Канечне ж, у жмуркі! I я ніколі не паверу, што Топер напраўду зажмурваў вочы, — хутчэй пара вачэй вырасце на яго ботах! 3 усёй адказнасцю заяўляю, што ён быў у змове з пляменнікам Скруджа, і Дух Цяперашніх Калядаў пра гэта ведаў. Спрыт, з якім ён кідаўся за поўненькай сястрой з карункавай шамізэткай, быў сапраўдным здзекам з легкавернасці чалавечае натуры. Спатыкаючыся аб усялякае каміннае начынне, раскідваючы крэслы, натыкаючыся на піяніна, заблытваючыся ў гардзінах, ён ішоў туды, куды ішла яна. Ён заўсёды ведаў, дзе знаходзіцца гэтая поўненькая прыгажуня, і не жадаў лавіць кагосьці іншага. А калі б вы наўмысна яму паддаліся (а некаторыя менавіта так і рабілі), ён бы прыкінуўся, што спрабуе вас схапіць, але паверыць яму — значыць кінуць цень на ўласную кемнасць, бо адразу ж пасля гэтага ён бачком скіроўваўся да свае абранніцы. Яна абуралася, што гэта не па правілах, і мела рацыю. Але калі ён урэшце яе схапіў, калі ўрэшце заціснуў яе, нягледзячы на ўсе гэтыя імклівыя перапырхванні з месца на месца і шамаценне ядвабнай спаднічкай, у кут, адкуль не было ратавання, паводзіны яго зусім сапсаваліся. Ён самым жахлівым і самым пачварным чынам прыкідваўся, што не пазнае яе, што мусіць дакрануцца да яе капялюшыка, а потым намацаць на пальцы пярсцёнак, а на шыі — ланцужок, каб упэўніцца, што гэта менавіта яна. He сумняюся, яна выказала яму усё, што пра яго думае, калі яны схаваліся
за гардзінай, пакуль хтосьці іншы бегаў з завязанымі вачыма.
Пляменніца Скруджа ў жмуркі не гуляла. Яе ўладкавалі ва ўтульным куце на зручным фатэлі, падсунуўшы ўслончык для ног; Скрудж і Дух стаялі за яе спінай. Але да гульні ў фанты яна далучылася і ўразіла ўсіх, калі трэба было гаварыць кампліменты на кожную літару алфавіту. А ў гульні «Як, калі і дзе», да таемнай радасці пляменніка Скруджа, яна пераўзышла ўсіх сваіх сёстраў, хаця Топер можа пацвердзіць, што яны таксама былі надзвычай здагадлівыя. Гасцей было каля дваццаці, і ўсе яны ўдзельнічалі ў гульнях, нават Скруцж — у радасным запале ён забываў, што яго голас не далятае да чужых вушэй, і час ад часу выкрыкваў свой адказ, які амаль заўсёды быў правільны, бо нават самыя вострыя іголкі ўайтчэпелскай вытворчасці (не пераціраюць нітку вушкам — гарантыя сто адсоткаў!) не вастрэйшыя за розум Скруджа, калі толькі яму з нейкай прычыны не хочацца падацца дурнем.
Дух вельмі радаваўся добраму настрою Скруджа і сачыў за сваім спадарожнікам з такой прыхільнасцю, што той пачаў, нібы хлопчык, выпрошваць дазволу застацца ў пляменніка да канца вечара. Але Дух адказаў, што гэта немагчыма.
— У іх тут новая гульня! — угаворваў Скрудж. — Ну яшчэ паўгадзінкі, Дух, усяго паўгадзінкі!
Гульня называлася «Так і не»: пляменнік Скруджа загадваў слова, а астатнія мусілі яго адгадаць. На ўсе пытанні ён мог адказваць толькі «так» альбо «не». Дзякуючы шквальнаму агню пытанняў, што пасыпаліся на яго, гульцы даведаліся, што Фрэд загадаў жывёліну, прычым жывёліну, якая існуе дасёння, хутчэй агідную, чым наадварот, жывёліну дзікую, жывёліну, якая часам раве, і буркоча, і нават нібыта размаўляе, жыве ў Лондане, прагульваецца па вуліцах, але за грошы не паказваец-
ца, ніхто яе не водзіць за сабой і не трымае ў звярынцы, яе мясам не гандлююць на рынку, і гэта не конь, не асёл, не карова, не бык, не тыгр, не сабака, не свіння, не кот і не мядзведзь. Пасля кожнага новага пытання пляменнік выбухаў рогатам і разышоўся так, што перадаць немагчыма: нават ускочыў з канапы і пачаў тупаць нагамі. Раптам поўненькая сястра падхапілася, як і ён, з крэсла, гэтак жа затупала нагамі і са смехам выкрыкнула:
— Я ведаю! Я адгадала, Фрэд! Я ведаю, хто гэта!
— I хто ж? — закрычаў Фрэд.
— Гэта твой дзядзечка Скру-у-у-у-удж!
I гэта напраўду быў ён. Прысутныя пачалі навыперадкі захапляцца адказам, хаця хтосьці трохі паабураўся, сцвярджаючы, што разважаў у правільным кірунку, але адказ «не» на пытанне «Гэта мядзведзь?» скіраваў яго ў іншы бок.
— Скрудж падарыў нам сёння добрую нагоду парадавацца, — сказаў Фрэд, — і таму нельга не аддзячыць яму і не выпіць за яго здароўе. Бакалы з глінтвейнам ужо чакаюць, калі мы падымем іх і вып’ем за дзядзечку Скруджа!
— За дзядзечку Скруджа! — падхапілі ўсе.
— Вясёлых Калядаў і шчаслівага Новага году гэтаму старому, дзе б ён цяпер ні быў! — працягнуў пляменнік Скруджа. — Ён не захацеў прыняць маіх пажаданняў, але нягледзячы ні на што, хай яны збудуцца. За дзядзечку Скруджа!
Незаўважна для сябе дзядзечка Скрудж так развесяліўся, а на сэрцы ў яго зрабілася так лёгка, што, калі б Дух даў яму яшчэ трошкі часу, ён абавязкова падняў бы тост за здароўе ўсёй сябрыны, якая не здагадвалася пра яго прысутнасць, і падзякаваў бы ёй, хай сабе і бязгучна, у адказ. Але як толькі пляменнік скончыў прамову, уся карціна знікла, і Дух са Скруджам прадоўжылі сваё падарожжа.
Шмат чаго яны пабачылі і шмат куды трапілі, шмат дамоў наведалі і паўсюль прынеслі шчасце. Дух падыходзіў да хворых — і тыя весялелі, да вандроўнікаў у далёкіх краінах — і тыя адчувалі цяпло дому, да людзей, што церпяць нягоды, — і тыя знаходзілі сілы трымацца і спадзявацца на лепшае, да нястачы — і яна рабілася багаццем. У прытулках для жабракоў, у турмах, у лякарнях — ва ўсіх кутках, дзе жыве пакута і дзе пыхлівы чалавек, ненадоўга надзелены ўладай, не зачыняе перад Духам дзвярэй, — паўсюль даваў ён сваё блаславенне і вучыў Скруджа сваім запаветам.