Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
— Вясёлых нам усім Калядаў, мае дарагія! Блаславі нас Бог!
На тост адгукнулася ўся сям’я, і апошнім прагучаў голас Малога Ціма:
— Блаславі нас Бог!
Ён сядзеў на сваім зэдліку ля бацькі. Боб з любоўю трымаў яго за кволую ручку, жадаючы, каб той увесь час быў побач, і нібы баючыся, што хтосьці яго адбярэ.
— Дух, — сказаў Скрудж з цікавасцю, якой за ім дагэтуль не заўважалася, — Дух, скажы мне, ці будзе Малы Цім жыць?
— Я бачу ля гэтага беднага каміна пусты зэдлік, — адказаў Дух, — і кавеньку без гаспадара, якая з пяшчотай захоўваецца. Калі Будучыня не зменіць гэтую відзежу, дзіця памрэ.
— He, не! — закрычаў Скрудж. — He, добры Дух, не! Скажы, што лёс злітуецца над ім!
— Калі Будучыня не зменіць гэтую відзежу, ніводзін з маіх наступнікаў яго ўжо не ўбачыць, — паўтарыў Дух. — Але што з таго? Калі яго лёс — памерці, то лепш яму зрабіць гэта і скараціць лішак насельніцтва.
Пачуўшы ад Духа ўласныя словы, Скрудж замаркоціўся: яго ахапілі раскаянне і скруха.
— Чалавеча, — прамовіў Дух, — калі ў тваіх грудзях сэрца, а не камень, сцеражыся гэтых злых словаў, пакуль не даведаешся сам, што і дзе ёсць лішкам. Хіба табе вырашаць, каму жыць, а каму памерці? Можа, у вачах Нябёсаў ты менш варты жыцця, чым мільёны такіх няшчасных дзяцей! 0 Божа! Што я чую? Нейкая жамярынка, седзячы на лістку, вырашае, што ў пыле развялося зашмат яе галодных братоў!
Скрудж сагнуўся пад цяжарам прывідавых папрокаў і з трымценнем апусціў вочы. Але пачуўшы сваё імя, тут жа паспешліва іх падняў.
— За містэра Скруджа! — сказаў Боб. — За містэра Скруджа, фундатара нашага свята!
— Добры фундатар, нічога не скажаш! — пачырванеўшы, усклікнула місіс Крэтчэт. — Шкада, што яго тут няма, а то б я падняла за яго такі тост, што ён бы ў мяне і наеўся, і напіўся.
— Дарагая, — перапыніў яе Боб, — тут жа дзеці! Сёння ж Каляды!
— Калі ўжо мы п’ем за здароўе такога агіднага, сквапнага, жорсткага і бессардэчнага чалавека, як містэр Скрудж, значыць, сёння і праўда Каляды, — прамовіла місіс Крэтчэт. — Ты цудоўна ведаеш, Роберт, што гэта за чалавек! Ніхто не ведае яго лепш за цябе, небарака!
— Дарагая, — мякка адказаў Боб, — сёння ж Каляды!
— Я п’ю за яго здароўе, але не дзеля яго, а толькі дзеля цябе і свята, — прамовіла місіс Крэтчэт. — Доўгіх яму гадоў жыцця! Вясёлых яму Калядаў і шчаслівага Новага году! Я не сумняюся, што весялосці і шчасця ў яго будзе дастаткова.
Услед за ёй выпілі і дзеці, першы раз за вечар пакрывіўшы душою. Апошнім выпіў Малы Цім, але яму да тоста не было ніякае справы. Скрудж быў іх сямейным страшыдлам. Згадка пра яго кінула на святочную вячэру змрочны цень, які не рассейваўся цэлых пяць хвілінаў.
Але як толькі цень рассеяўся, сама думка пра тое, што са Злавесным Скруджам на сёння скончылі, зрабіла іх у дзесяць разоў весялейшымі, чым раней. Боб Крэтчэт расказаў, што ён прыгледзеў для Пітэра працу, і калі ўсё будзе добра, яна прынясе ім цэлых пяць шылінгаў і шэсць пенсаў на тыдзень. Двое маладых Крэтчэтаў проста выбухнулі смехам, уявіўшы Пітэра ў ролі дзелавога чалавека, а сам Пітэр задуменна ўперыўся з-пад свай-
го каўняра ў агонь, нібы выбіраючы найлепшы спосаб капіталаўкладання, калі ён пачне атрымліваць такія неверагодныя прыбыткі. Пасля Марта, якая вучылася ў мадысткі, расказала, што ёй даводзіцца рабіць, колькі гадзінаў працаваць без перапынку і як яна збіраецца заўтра добра выспацца і адпачыць, бо заўтра ж свята і яе адпусцілі дадому. А яшчэ расказала, як некалькі дзён таму бачыла нейкую графіню і нейкага лорда, і лорд быў «у вышыню ну зусім такі ж, як Пітэр». На гэтых словах Пітэр падцягнуў каўнер яшчэ вышэй, так што калі б вы таксама там сядзелі, то нізашто б не разгледзелі яго галавы. Увесь гэты час каштаны і збан хадзілі па коле, і ўрэшце Малы Цім заспяваў тоненькім жаласлівым галаском песеньку пра дзіця, якое заблукала ў снезе, а спяваў ён, мушу сказаць, вельмі добра.
Ва ўсім гэтым не было нічога выбітнага. У сям’і Крэтчэтаў няма асаблівых прыгажуноў, апраналіся яны не надта добра, іх абутак часта намакаў, іх вопратка вылучалася сціпласцю, а Пітэру, відаць, ужо здаралася наведваць ліхвяроў. I ўсё ж яны былі шчаслівыя, задаволеныя адно адным, удзячныя лёсу і ўсцешаныя святочным часам, і калі яны пачалі знікаць, у апошняе імгненне ўсміхаючыся яшчэ шчаслівей ад яркіх пырскаў прывідавай паходні, Скрудж не мог адвесці ад іх, а асабліва ад Малога Ціма, вачэй.
Тым часам ужо зусім сцямнела, пайшоў густы снег, і калі Скрудж з Духам рушылі вуліцай далей, у кухнях, гасцёўнях і ўсіх астатніх пакоях ярка гарэлі вясёлыя чароўныя агні. Трымтлівыя водбліскі сведчылі пра тое, што падрыхтоўка да сямейнай вячэры ў самым разгары, талеркі падаграваліся ля ачага, а цёмна-чырвоныя гардзіны ўжо чакалі, каб імі адмежаваліся ад холаду і цемры. Там усе дзеці выбеглі з дому ў снег, каб сустрэць сваіх жанатых братоў і замужніх сёстраў, дзядзькоў і цётак, кузэнаў і кузінаў і каб першымі павітаць іх.
А тут на шторах мільгаюць цені гасцей, а там групка прыгожых дзяўчатак у цёплых капелюшах і футраных боціках, хорам шчабечучы, перабягае да суседзяў, і гора таму самотніку (яны ў гэтым зусім не сумняюцца), які заўважыць іх, спрытных разрумяненых чараўніц!
Мяркуючы з колькасці людзей, якія выправіліся ў госці да сяброў, можна падумаць, што ў дамах не засталося нікога, хто мог бы гэтых гасцей прыняць, але насамрэч у кожным доме чакалі візіцёраў і распальвалі агонь так, што полымя сягала сярэдзіны коміна. Блаславі іх Бог, як жа радаваўся Дух! Як расхіналіся адзежы на яго шырокіх грудзях, як раскрывалася яго ёмістая далонь, ад усяе шчодрае душы разліваючы навокал чыстую і ясную радасць! I нават па-святочнаму апрануты ліхтаршчык (відаць, правядзе вечар не дома), які бег перад імі і рассейваў па цёмнай вуліцы кропачкі святла, гучна рассмяяўся, калі міма яго праляцеў Дух, хаця наўрад ці заўважыў, што мае апроч Калядаў яшчэ і іншую кампанію.
I раптам (Дух нават не папярэдзіў) яны апынуліся сярод пустыннага і панылага тарфяніка, на якім былі раскіданыя велічэзныя глыбы грубага каменю, падобныя да волатавых надмагілляў. Паўсюль расцякалася вада, ці, дакладней, расцякалася б, калі б мароз не ўзяў яе ў палон, і на ўсім абшары не расло нічога, апроч моху, і жаўтазелю, і густой жорсткай травы. На захадзе ад вечаровага сонца застаўся толькі вогненна-чырвоны акрайчык, які некалькі імгненняў гарэў над гэтымі закінутымі мясцінамі і, нібы панурае вока, усё больш і болып хмурыўся і мружыўся, пакуль зусім не знік у густым змроку найцямнейшае ночы.
— Дзе мы? — спытаў Скрудж.
— Там, дзе жывуць рудакопы, што працуюць у зямных нетрах, — адказаў Дух. — Але мяне яны ведаюць. Глядзі!
У акне хаціны заблішчэў агеньчык, і яны адразу ж скіраваліся да яго. Прайшоўшы скрозь сцяну, зробленую з каменю і гліны, яны ўбачылі вясёлую кампанію, што сабралася вакол зыркага полымя. Старыя, вельмі старыя дзед і баба з дзецьмі, і дзецьмі дзяцей, ды яшчэ і іх дзецьмі ў дадатак сядзелі тут у самых святочных сваіх убраннях. Ціхім голасам, які амаль заглупіаўся скавытаннем ветру на бясплодных пустках, стары спяваў калядную песню, што была вельмі старою ўжо ў яго дзяцінстве, час ад часу да яго далучаўся хор іншых галасоў, і калі гэта здаралася, голас старога рабіўся весялейшым і мацнейшым, калі ж хор сціхаў, голас старога таксама слабеў.
Дух не затрымаўся тут надоўга і, загадаўшы Скруджу схапіцца за яго мантыю, паляцеў кудысьці над тарфянікам. Але куды? He ў мора ж? Так, у мора! Зірнуўшы назад, Скрудж з жахам убачыў далёка за сабой бераг — жахлівы ланцуг скалаў. Яго аглушыла ракатанне хваляў, якія каціліся, і раўлі, і лютавалі сярод імі ж прарытых правалаў, і ашалела намагаліся падмыць зямлю.
За некалькі лігаў ад берагу на бязрадасным рыфе — рэштках скалы, якая апусцілася калісьці пад ваду і аб якую год за годам разбіваліся неўтаймоўныя хвалі, — стаяў самотны маяк. Цокаль яго абляпілі груды марскіх водарасцяў, а буравеснікі (калі марскія водарасці нараджаюцца з вады, то гэтых птушак, відаць, нараджае вецер) узляталі над ім і потым імкліва сігалі ўніз, як тыя хвалі, за якія чапляліся іх крылы.
Але нават тут два чалавекі, што сачылі за ліхтаром, распалілі агонь, які праз вузкае акно ў тоўстай каменнай сцяне кідаў на грознае мора зіхоткі прамень святла. Злучаючы над грубым сталом мазолістыя рукі, яны зычылі адзін аднаму вясёлых Калядаў і падымалі за свята бляшанкі з грогам, і старэйшы з іх, чый твар у жорсткіх змаганнях са стыхіяй загрубеў, нібы насавая фігура ста-
рога карабля, завёў суровую песню, вельмі падобную да шуму шторму.
Дух зноў паімчаў наперад над чорным уздыбленым морам — далей, далей, — пакуль (як ён сам паведаміў Скруджу) яны не апынуліся далёка ад усіх берагоў і не апусціліся на палубу карабля. Яны пастаялі ля стырнавога, потым падышлі на бак да дазорцы, потым — да вахтавых, цёмных, прывідных фігураў, што стаялі на сваіх пастах, і кожны на караблі напяваў сабе пад нос калядную мелодыю, ці думаў пра заўтрашняе свята, ці шэптам расказваў суседу пра ранейшыя Каляды, спадзеючыся сустракаць наступныя ўжо дома. I ў кожнага на караблі, няважна, спаў ён ці нёс службу, быў добрым ці злым, знаходзіліся ў гэты вечар цяплейшыя, чым звычайна, словы для тых, хто быў побач. Маракі дзяліліся адзін з адным радасцю свята, успамінаючы далёкіх і дарагіх сваякоў і ведаючы, што тыя з пяшчотай згадваюць пра іх.
I як жа здзівіўся Скрудж, слухаючы стогны ветру і думаючы пра ўрачысты лёс людзей, што над нязнанай безданню, глыбіні якой хаваюць не менш таямніцаў, чым сама смерць, плывуць праз цемру і самоту, — як жа, паўтаруся, ён здзівіўся, калі, занурыўшыся ў гэтыя думкі, пачуў вясёлы смех. Але яшчэ больш здзівіўся Скрудж, калі зразумеў, што гэта смех яго пляменніка, што сам ён апынуўся ў сухім і ярка асветленым пакоі і што побач, усміхаючыся і пазіраючы на гэтага пляменніка ўхвальна і прыязна, стаіць Дух!
— Ха-ха-ха! — смяяўся пляменнік Скруджа. — Хаха-ха!
Калі вам выпала нечуванае шчасце ведаць чалавека, якому Бог падарыў весялейпіы смех, чым у пляменніка Скруджа, я магу сказаць толькі адно: я вам зайздрошчу. Прадстаўце яго мне, і я з усёй пачцівасцю буду шанаваць такое знаёмства.
Хвароба і гора лёгка перадаюцца іншым, але няма ў свеце нічога больпі непераадольнага і заразнага, чым смех і добры настрой, і гэта вельмі правільны, справядлівы і высакародны парадак. Калі пляменнік Скруджа ад смеху хапаўся за бакі, трос галавой і крывіў самыя неверагодныя грымасы, яго жонка, Скруджава пляменніца па мужу, смяялася гэтак жа весела, як ён. He адставалі і госці — яны таксама з усяе моцы рагаталі: