Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
У належны час звон сціх і пякарні зачыніліся, затое з’явіліся добрыя знакі таго, што калядныя абеды ўжо гатуюцца: там, дзе за сцяной стаялі печы, снег пачаў раставаць, а ходнікі задыміліся так, нібыта іх смажылі разам з гускамі.
— Ты пырскаеш на іх абеды для нейкага асаблівага смаку? — пацікавіўся Скрудж.
— Ага, для асаблівага.
— I ён падыходзіць да любой сённяшняй стравы? — працягваў Скрудж.
— Да любой, прыгатаванай з любоўю, асабліва да бядняцкай.
— А чаму да бядняцкай?
— Таму што беднякам гэта патрэбна найбольш.
— Ведаеш, Дух, — сказаў Скрудж, хвілінку падумаўшы, — мяне дзівіць, што сярод усіх істотаў у вакольных сусветах менавіта ты хочаш пазбавіць гэтых людзей іх нявінных уцехаў.
— Я?! — усклікнуў Дух.
— Ты хочаш адабраць у іх магчымасць паабедаць кожны сёмы дзень тыдня*, — сказаў Скрудж. — А гэта ж часта адзіны дзень, калі яны ўвогуле нармальна ядуць. Хіба не так?
— Гэта я хачу?! — усклікнуў Дух.
— Ты ж дамагаешся, каб у нядзелю пякарні зачыняліся, — патлумачыў Скрудж. — Яно да гэтага і прывядзе.
— Я дамагаюся?! — закрычаў Дух.
— Прабач, калі я памыляюся, але ўсё гэта робіцца пад тваім імем ці, прынамсі, пад імем твае сям’і, — сказаў Скрудж.
— У вас на зямлі, — адказаў Дух, — ёсць людзі, што сцвярджаюць, нібыта водзяць з намі знаёмства. Яны патураюць сваім жарсцям, пыхлівасці, зласлівасці, нянавісці, зайздрасці, нецярпімасці і сябелюбству, і ўсё гэта — хаваючыся за нашым імем. Але гэтыя людзі для
нас і ўсіх нашых родных і сяброў чужыя, іх для нас нібыта не існуе. Помні пра гэта і за іх справы пытай з іх саміх, а не з нас.
Скрудж паабяцаў, што так і зробіць, і яны, нябачныя, як і раней, перанесліся на ўскраіну горада. Яшчэ ля пякарні Скрудж заўважыў, што Дух мае адну цудоўную якасць: ён можа, нягледзячы на высачэзны рост, з лёгкасцю змясціцца дзе заўгодна — пад нізкім дахам ён стаіць з такой жа выгодаю і выглядае гэтак жа дзівосна, як пад скляпеннямі высачэзнае залы.
I ці то добраму Духу было прыемна паказваць гэтае ўменне, ці то яго дабрыня, шчодрасць, велікадушнасць і спачуванне ўсім добрым людзям скіравала яго наўпрост да Скруджавага клерка, але Дух вёў Скруджа, што ўчапіўся за яго ўбранне, менавіта туды. Ля самага парогу Дух з усмешкай спыніўся і блаславіў жытло Боба Крэтчэта, пакрапіўшы яго са свае паходні. Вы толькі падумайце! Боб атрымліваў усяго пятнаццаць «бобікаў», то бок шылінгаў за тыдзень і клаў у кішэнь у суботы толькі пятнаццаць копіяў свайго хрысціянскага імені — і тым не менш Дух Сёлетніх Калядаў блаславіў яго чатырохпакаёвае жытло!
Тут паднялася місіс Крэтчэт, жонка Боба, апранутая ў бедную, двойчы пераніцаваную сукенку, смела абшытую стужкамі — таннымі стужкамі, усяго за шэсць пенсаў, але як жа яны выглядаюць! — і з дапамогай другой сваёй дачкі, Белінды, таксама ў цудоўных стужках, паслала абрус. Юны Пітэр Крэтчэт тым часам апусціў відэлец у рондаль з бульбай, і калі куточкі яго гіганцкага каўнерыка — прыватнай уласнасці самога Боба, якая ў гонар свята перайшла да яго сына і спадчынніка, — палезлі яму ў рот, адчуў сябе апранутым так элегантна, што адразу ж загарэўся жаданнем фарсануць кашуляй у самых модных парках. Тут у пакой імкліва ўварваліся двое малодшых Крэтчэтаў — хлопчык і дзяўчынка —
і з радасным крыкам паведамілі, што ля пякарні пахне смажанай гускай, і гэтая гуска, без сумневу, належыць ім. Цалкам занятыя чароўнымі думкамі пра шалфей і цыбулю, малодшыя Крэтчэты закружылі вакол стала, да нябёсаў усхваляючы Пітэра Крэтчэта; той, нягледзячы на каўнер, які яго ледзь не задушыў, зусім не заганарыўся і пачаў раздзьмухваць агонь, пакуль бульбіны, што да гэтага меланхалічна булькаталі ў рондалі, не пачалі гучна барабаніць у накрыўку, патрабуючы, каб іх вызвалілі і ачысцілі ад шкуркі.
— I дзе гэта прападае наш даражэнькі татка? — спытала місіс Крэтчэт. — I ваш брат Малы Цім? Ды і Марта ў мінулыя Каляды не спазнялася на паўгадзіны!
— А вось і Марта, мама! — акурат з’явіўшыся ў дзвярах, сказала дзяўчына.
— А вось і Марта, мама! — пракрычалі малодшыя Крэтчэты. — Ур-р-ра! Марта, якая ў нас гуска!
— Што ж ты, мілая, блаславі цябе Бог, сёння так позна? — спытала місіс Крэтчэт, разоў дзесяць пацалаваўшы дачку і ўвішна дапамагаючы ёй зняць шаль і каптур.
— Учора вечарам трэба было шмат чаго дарабіць, мама, — адказала дзяўчына. — А сёння зранку мы прыбіраліся.
— Што ж, ты прыйшла, а ўсё астатняе няважна, — сказала місіс Крэтчэт. — Сядай бліжэй да агню, мая дарагая, сагрэйся, блаславі цябе Бог.
— He, не! Татка ідзе! — закрычалі малодшыя Крэтчэты, якія паспявалі быць паўсюль адначасова. — Хавайся, Марта, хавайся!
Марта падпарадкавалася, і вось увайшоў бацька, маленькі Боб, захутаны ў шалік, які звісаў на тры футы спераду, не лічачы махры, апрануты ў зношаны касцюм, адпаведна сезону зацыраваны і вычышчаны, з Малым Цімам на плячы. Бедны Малы Цім — ён трымаў у руках кавеньку, а яго ногі былі ў металічных шынах.
— Ну і дзе нашая Марта? — усклікнуў, азіраючыся, Боб Крэтчэт.
— He прыйдзе, — сказала місіс Крэтчэт.
— He прыйдзе? — разгубіўся Боб, і яго ўзнёслы настрой пакаціўся ўніз, бо ўсю дарогу ад царквы Крэтчэт імчаў, як асядланы Цімам гарачы конь, і прыйшоў да фінішу ў пене. — He прыйдзе дадому на Каляды?
Марта не магла глядзець на яго расчараваны твар нават дзеля жарту і паспяшалася выскачыць з-за дзвярэй каморы ў яго абдоймы, тым часам як малодшыя Крэтчэты схапілі Малога Ціма і пацягнулі яго ў пральню — паслухаць, як спявае ў катле пудынг.
— I як трымаўся наш Малы Цім? — спытала місіс Крэтчэт, уволю насмяяўпіыся з даверлівасці Боба, калі той уволю наабдымаўся з дачкой.
— Ён быў проста чыстае золата, — адказаў Боб, — і нават яшчэ лепей. Ён стаў вельмі разважлівы, бо шмат часу бавіць адзін, і часам гаворыць такое, што проста дзіву даешся. Калі мы ішлі дадому, ён сказаў мне, маўляў, добра, што людзі бачаць яго, калеку, у царкве, бо ў калядны дзень ім, пэўна, прыемна згадаць пра таго, хто даў кульгавым жабракам магчымасць хадзіць, а сляпым — бачыць.
На гэтых словах голас Боба задрыжаў, а калі ён дадаў, што з кожным днём Малы Цім робіцца ўсё дужэйшы і здаравейшы, голас задрыжаў яшчэ мацней.
Тут яго перарваў стук рухавай кавенькі: Малы Цім разам з братам і сястрой вярнуўся да свайго зэдліка ля каміна. А калі Боб, небарака, закасаў рукавы, нібыта штосьці ў гэтым свеце магло зрабіць іх яшчэ болып пашарпанымі, пачараваў над гарачым збанам з джынам і лімонам і, увесь час памешваючы, урэшце паставіў яго на марудны агонь, Пітэр і двое ўсюдыісных маладых Крэтчэтаў выправіліся па гуску, з якой неўзабаве ўрачыстай працэсіяй і вярнуліся.
Калі б вы бачылі, якой сумятнёй суправаджалася з’яўленне гускі, то падумалі б, што гэта самая рэдкая птушка ў свеце. Чорная лебедзь у параўнанні з ёй — істота больш чым звычайная. Зрэшты, у гэтым бедным жытле так яно і было. Місіс Крэтчэт давяла падліўку, прыгатаваную загадзя ў маленькім рондліку, да кіпення, юны Пітэр пачаў з неверагоднай жарсцю размінаць бульбу, Белінда дадала ў яблычны соус цукру, Марта змахнула пыл з гарачых талерак, Боб пасадзіў Малога Ціма побач з сабой у куточку, а два малодшыя Крэтчэты паставілі для ўсіх крэслы, не пакрыўдзіўшы і сябе, і прынялі вахту ля стала, засунуўшы ў рот па лыжцы, каб адтуль заўчасна не вырвалася адчайная просьба пра кавалачак гускі. Урэшце ўсе стравы былі расстаўленыя і малітва прачытаная. Пакуль місіс Крэтчэт, сур’ёзна агледзеўшы нож для мяса, рыхтавалася ўсадзіць яго ў грудзі гускі, павісла напружаная паўза, але як толькі з тушкі пырснуў доўгачаканы сок, на сталом пранёсся задаволены ўздых, і нават Малы Цім, натхнёны прыкладам двух маладых Крэтчэтаў, застукаў нажом па стале і слабенькім голасам пракрычаў: «Ур-р-ра!»
Свет яшчэ ніколі не бачыў такой гускі! Боб не верыў, што такая гуска падавалася калісьці на нечы стол. Зноў і зноў узносілася хвала яе мяккасці і водару, памеру і таннасці. Яе, прыпраўленай яблычным соусам і пададзенай з бульбяным пюрэ, цалкам хапіла для сямейнага абеду. Болып за тое, як усцешана адзначыла місіс Крэтчэт, заўважыўшы на талерцы цудам ацалелы кавалачак косткі, яны нават не змаглі яе адолець! Усе былі сытыя, а малодшыя Крэтчэты яшчэ і да самых броваў выпацкаліся шалфеем і цыбуляй. Але вось Белінда памяняла талеркі, і місіс Крэтчэт адна (бо была занадта ўсхваляваная, каб вытрымаць сведак) пакінула пакой — дастаць пудынг і падаць яго на стол.
Вы толькі ўявіце, што пудынг не гатовы. Што ён разваліцца, калі яго будуць даставаць. Што нехта пералез праз плот на заднім двары і, пакуль яны радаваліся гусцы, скраў пудынг — на гэтай думцы двое маладых Крэтчэтаў проста змярцвелі. Якіх толькі жахаў яны не ўявілі!
Але ж не — вось і густыя клубы пары! А значыць, пудынг дасталі з катла. Пахне — нібы ў пральны дзень! Гэта ўсё тканіна. Цяпер пахне як ад карчмы і кандытарскай, што стаяць побач, і пральні, што месціцца трошкі далей. Гэта пудынг! Праз паўхвілінкі з’явілася і сама місіс Крэтчэт, расчырванелая, але з гордай усмешкай і пудынгам, такім цвёрдым і крэпкім, як стракатае гарматнае ядро, апечанае паловай паловы ад чвэртачкі падпаленага брэндзі і ўпрыгожанае зверху калядным вастралістам.
О, цудоўны пудынг! Боб Крэтчэт урачыста зазначыў, што сённяшні экзэмпляр без сумневу можна назваць найлепшым кулінарным дасягненнем місіс Крэтчэт з часоў іх вяселля. Місіс Крэтчэт прызналася, што ў яе ад сэрца адлягло, бо яна да апошняга сумнявалася, ці дастаткова мукі. Кожнаму было што дадаць да пахвалы, але ніхто не сказаў і нават не падумаў пра тое, што такога пудынгу для вялікай сям’і ўсё ж малавата, бо гэта прагучала б як грубае блюзнерства. Ад аднаго намёку на тое кожны Крэтчэт тут жа пачырванеў бы.
I вось абед скончаны, абрус прыбраны, камін падмецены, а агонь распалены. Пакаштавалі змесціва збана і прызналі яго выключным, на стол выклалі яблыкі і апельсіны, а на прысак кінулі цэлы шуфлік каштанаў. Потым уся сям’я села ля каміна колам, як назваў яго Боб, несумненна, маючы на ўвазе толькі паўкружжа. Локаць Боба Крэтчэта апынуўся акурат ля фамільнай калекцыі шкла: дзве чаркі і кубак для крэму без ручкі.
Гарачую вадкасць, тым не менш, гэтыя сасуды маглі трымаць у сабе не горш за залатыя бакалы, і Боб напаўняў іх з бляскам у вачах, пакуль на агні скварчэлі і шумна лопаліся каштаны. А потым Боб прапанаваў тост: