Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
Тут ён адчуў на сабе позірк Духа і спыніўся.
— Што здарылася? — спытаў Дух.
— Нічога асаблівага, — адказаў Скрудж.
— I ўсё ж?.. — настойваў прывід.
— Ды ну, — адмахнуўся Скрудж. — Нічога такога. Проста я хацеў бы цяпер сказаць свайму клерку слоўцадругое... Вось і ўсё.
Тут юнак, якім ён калісьці быў, пагасіў лямпу, і Скрудж разам з Духам апынуліся на вольным паветры.
— Мой час мінае, — заўважыў Дух. — Хутчэй!
Апошняе слова не было адрасаванае ні Скруджу, ні яшчэ камусьці, каго ён мог раптам убачыць, і тым не менш вынік не прымусіў доўга чакаць. Скрудж зноў пабачыў сябе. Цяпер ён быў яшчэ старэйшы — у самым росквіце гадоў. Рысы яго твару пакуль не зрабіліся суровымі і жорсткімі, але клопаты і сквапнасць ужо наклалі адбітак на аблічча маладога чалавека. Штосьці прагнае, неўтаймоўнае і хцівае блішчэла ў яго вачах і выдавала жарсць, якая ўкаранілася ў душы, каб потым вырасці ў дрэва і ахінуць яе ценем.
Ён быў не адзін — побач сядзела прыўкрасная дзяўчына ў жалобным убранні. Слёзы на яе вачах іскрыліся ў святле, што струменіў Дух Мінулых Калядаў.
— Цяпер гэта няважна, — мякка казала дзяўчына, — табе — зусім не важна. Іншае боства заняло маё месца, і калі ў будучыні яно зможа суцешыць і падтрымаць цябе так, як хацела зрабіць гэта я, мне няма чаго маркоціцца.
— Якое боства заняло тваё месца? — здзівіўся малады Скрудж.
— Грошы.
— Вось яна, справядлівасць свету! — усклікнуў ён. — Свет нічога не асуджае так сурова, як нястачу, і нічога не кляне так апантана, як імкненне да багацця!
— Ты занадта баішся свету, — пяшчотна адказала яна. — Усе твае ранейшыя мары паглынула адна — мара як найлепей пазбегнуць яго крывадушных асуджэнняў. Ці не бачыла я, як самыя высакародныя твае памкненні гінулі адно за адным, пакуль цябе не апанавала ўсёабдымная жарсць — прага нажывы!
— Ну і што? — запярэчыў ён. — Ну і што, калі цяпер я стаў нашмат мудрэйшым? Mae пачуцці да цябе не змяніліся.
Яна пахітала галавой:
— Нашыя заручыны — справа даўняя. Заручыліся мы, калі абодва былі бедныя і радаваліся жыццю, хаця
і спадзяваліся, што з часам цярплівай працай палепшым сваё незайздроснае становішча. Але ты змяніўся. Цяпер ты зусім іншы.
— Тады я быў хлопчыкам! — нецярпліва сказаў ён.
— Ты сам ведаеш, што цяпер ты не той чалавек, якім быў, — працягнула яна. — А я ўсё тая ж. Калі мы былі як адно цэлае, заручыны абяцалі нам шчасце, цяпер жа, калі мы — два розныя чалавекі, яны нясуць нам толькі пакуты. He буду казаць, колькі і з якой горыччу думала я пра гэта. Я дастаткова ўсё ўзважыла і вырашыла вярнуць табе тваё слова.
— Хіба я калісьці прасіў пра гэта?
— На словах — не. Ніколі.
— А як тады прасіў?
— Усёй сваёй новай сутнасцю, усёй змененай душой, іншым ладам жыцця і новай надзеяй — новай вялікай мэтай твайго існавання. Усім тым, што зрабіла маё каханне нязначным і не патрэбным табе. Прызнайся: калі б гэтага кахання не было паміж намі раней, — сказала дзяўчына, лагодна, але адначасова цвёрда гледзячы на яго, — ці шукаў бы ты цяпер мае прыхільнасці, ці спрабаваў бы мяне заваяваць? He!
Здавалася, што ён, як бы ні хацеў, не змог бы адпрэчыць справядлівасці яе словаў, але, пераадолеўшы сябе, сказаў:
— Гэта ты думаеш, што не.
— Калі б я магла думаць іначай! — адгукнулася яна. — Бачыць Бог, як я гэтага хачу! Калі ўжо я зразумела гэтую горкую праўду, значыць, яна суровая і няўмольная. Бо хіба можна паверыць, што, здабыўшы свабоду — учора, сёння ці заўтра, — ты ажэнішся з беспасажніцай?! Ты, які нават у хвіліны душэўнай блізкасці вымярае ўсё грашыма! Хіба я не ведаю напэўна, што, нават здрадзіўшы на хвіліну сваёй асноўнай жарсці і ажаніўшыся з такой дзяўчынай, ты хутка пачнеш шкадаваць і раскайвацца?!
Таму я вяртаю табе тваё слова. Вяртаю добраахвотна — у імя любові да таго, кім ты калісьці быў.
Ён хацеў штосьці сказаць, але, адвярнуўшыся ад яго, яна прамовіла:
— Магчыма, табе будзе балюча — памяць пра мінулае амаль дае мне на гэта надзею. Але вельмі, вельмі хутка боль міне, і ты ахвотна пазбавішся ад успамінаў пра нашае каханне, як ад надакучлівага сну, пасля якога ты своечасова прачнуўся. Зычу табе шчасця ў абраным табой жыцці!
I яна пакінула яго, і яны разышліся назаўсёды.
— Дух! — сказаў Скрудж. — Нічога мне болып не паказвай! Адвядзі мяне дадому! Няўжо табе падабаецца так мяне катаваць?
— Застаўся яшчэ адзін цень! — ускрыкнуў Дух.
— He трэба! — узмаліўся Скрудж. — He трэба! He хачу яго бачыць! He паказвай!
Але няўмольны Дух, нібы кайданамі скаваўшы рукі Скруджа, прымусіў яго глядзець на тое, што адбылося потым.
Цяпер яны былі ў іншым месцы і ў іншай абстаноўцы — у не надта вялікім і багатым, але досыць утульным пакоі. Пры гарачым каміне сядзела дзяўчына, маладая і прыгожая. Скрудж падумаў, што гэта яго нядаўняя суразмоўніца — падабенства было бясспрэчнае, — але потым убачыў і саму суразмоўніцу, цяпер ужо прывабную сталую жанчыну. Галас у пакоі стаяў неверагодны, бо дзяцей у ім было нават болып, чым Скрудж у сваім узбуджаным стане змог бы палічыць. I ў адрозненне ад чарады ў адным добра вядомым вершы, дзе сорак кароваў паводзяцца як адна*, кожны з гэтых дзетак паводзіўся як сорак. Шум ад гэтага стаяў такі, што паверыць немагчыма, але нікога ён, здаецца, не хваляваў. Наадварот, маці з дачкой ад душы смяяліся і радаваліся, а апошняя ў дадатак хутка далучылася да мітусні, і маленькія бан-
дыты тут жа пачалі з ёй бязлітасна валтузіцца. Ад чаго б я не адмовіўся, дык гэта ад магчымасці апынуцца на іх месцы! Але нізашто на свеце я не быў бы такім грубым, не, нізашто. Ніколі не раскудлаціў бы я яе заплеценых косаў, не ўзлахмаціў бы іх і, Божа барані і ратуй маю душу, ніколі не сцягнуў бы з яе ножкі каштоўны пантофлік. Што да спробы памераць яе талію абдымкамі, то гэтыя бадзёрыя разбойнікі таксама на гэта наважыліся, чаго я зноў жа ніколі б не зрабіў, а іначай быў бы пакараны: мая рука абвілася б вакол яе стану і назад бы ўжо ніколі не вярнулася. Але прызнаюся, што я ахвотна дакрануўся б да яе вуснаў, задаў бы ёй пытанне, каб яна мусіла растуліць іх у адказе, паназіраў бы за апушчанымі вейкамі, не прымушаючы яе пры гэтым чырванець, хвалямі распусціў бы яе валасы, кожная цаля якіх магла б зрабіцца бясцэнным падарункам, — карацей, мушу прызнацца, што хацеў бы карыстацца ўсімі прывілеямі дзяцінства, застаючыся пры гэтым дастаткова дарослым, каб ацаніць іх.
Але вось пачуўся грукат у дзверы, і дзяўчына, са смехам папраўляючы сур’ёзна пацярпелую сукенку, тут жа трапіла ў імклівую і неўтаймоўную плынь дзяцей, якія кінуліся павітаць бацьку: ён разам з памочнікам, нагружаным каляднымі цацкамі і падарункамі, толькі што ўвайшоў у дом. На безабароннага кур’ера адразу ж пайшлі штурмам, шумным і адчайным. Аблога вялася з дапамогай крэслаў, якія выкарыстоўваліся замест лесвіц, каб залезці проста ў кішэню госця, пазбавіць яго ўсіх пакункаў, загорнутых у карычневую паперу, абняўшы за шыю, павіснуць на гальштуку, пабарабаніць па спіне і з самымі цёплымі пачуццямі пакалашмаціць па нагах. 3 якімі крыкамі здзіўлення і захаплення распакоўваўся кожны скрутак! 3 якім жахам абвяшчалася, што самы маленькі карапуз злоўлены на месцы злачынства — ён акурат запіхваў у рот цацачную патэльню, і многія
былі гатовыя засведчыць, што перад гэтым ён зрабіў тое самае з цацачным індыком, прылепленым да драўлянай талеркі! 3 якой бязмежнай палёгкай высвятлялася, што трывога дарэмная! Якая радасць, якая ўдзячнасць, якое захапленне! Апісаць усё гэта проста немагчыма! Скажу толькі, што паступова ўсіх дзетак разам з іх радаснымі пачуццямі прыбралі з гасцёўні і перамясцілі паверхам вышэй, дзе яны леглі спаць і ўрэшце супакоіліся.
Цяпер, калі гаспадар разам з жонкай і дачкой, што пяшчотна да яго прытулілася, занялі свае месцы ля каміна, Скрудж больш уважліва прыгледзеўся да жыхароў дома і, глыбока ўздыхнуўшы, падумаў, што такое ж мілае і поўнае надзеі стварэнне магло б называць яго бацькам і прынесці вясну ў пакутлівую зіму яго жыцця.
— Бэл, — сказаў муж, з усмешкай паварочваючыся да жонкі, — сёння я бачыў аднаго твайго старога сябра.
— Якога сябра?
— А ты адгадай!
— Як я адгадаю? А-а-а-а, мабыць, ведаю! — выгукнула яна на адным дыханні, рассмяяўшыся ўслед за мужам. — Містэра Скруджа?
— Яго самога! Я праходзіў ля расчыненага акна яго канторы, а ён працаваў там пры свечках. Ледзь разгледзеў яго! Я чуў, што яго кампаньён ляжыць пры смерці, а таму ён сядзеў адзін. Зусім адзін на ўсёй зямлі.
— Дух! — надламаным голасам ускрыкнуў Скрудж. — Забяры мяне адсюль!
— Я казаў табе: усё гэта — толькі цені былога, — сказаў Дух. — Яны такія, якімі былі калісьці, я тут ні пры чым.
— Забяры мяне адсюль! — маліў Скрудж. — Гэтага я не вытрымаю!
Ён павярнуўся да Духа і, убачыўшы, што ў яго абліччы фантастычна з’ядналіся рысы ўсіх бачаных сёння твараў, паспрабаваў вызваліцца.
— Адпусці мяне! Забяры мяне назад! Хопіць мяне катаваць!
У гэтай барацьбе — калі толькі можна так яе назваць, бо выглядала на тое, што Дух не спрабуе супраціўляцца і не надта звяртае ўвагу на высілкі праціўніка, — Скрудж заўважыў, што святло на макаўцы прывіду разгараецца ярчэй і зырчэй. Цьмяна здагадваючыся пра сувязь паміж гэтым святлом і ўплывам Духа на самога Скруджа, ён схапіў каўпак-гасілку і рэзкім рухам насунуў яго прывіду на галаву.
Дух тут жа сціснуўся — каўпак схаваў яго цалкам. Але як Скрудж ні намагаўся, затушыць святло, што суцэльнай плынню струменіла з-пад гасілкі па зямлі, ён не мог.
Скрудж зразумеў, што страшна стаміўся і вось-вось засне, а праз імгненне — што ён зноў у сваёй спальні. Ён апошні раз націснуў на каўпак, пасля чаго рука яго аслабла, і ён, ледзь дабраўшыся да ложка, праваліўся ў трывожны сон.
Страфа трзцяя
Другі Дух
Прачнуўшыся пасярод аднае пачварнае насавое рулады, Скрудж сеў на ложку, каб сабрацца з думкамі. He варта было і казаць, што вось-вось праб’е гадзіна ночы. Ён зразумеў, што прачнуўся акурат каб спаткацца з другім вестуном, адпраўленым пры пасярэдніцтве Джэйкаба Марлі. Але зразумеўшы, што ад думак пра тое, з якога боку новы тагасветны госць расхіне полаг, яго прабірае трывожны халадок, Скрудж рассунуў яго сам і зноў лёг, пільна назіраючы за ўсім пакоем. Яму ха-
целася кінуць Духу выклік і ўбачыць яго ў самы момант яго з’яўлення і не хацелася, каб яго знянацку захапілі і напужалі.