• Газеты, часопісы і г.д.
  • Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

    Падарунак на Каляды

    зборнік святочнага апавядання
    Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

    Выдавец: Кнігазбор
    Памер: 196с.
    Мінск 2014
    34.37 МБ
    Дзверы адчыніліся, і ў пакой імкліва ўбегла маленькая, нашмат меншая за хлопчыка дзяўчынка. Абняўшы яго за шыю, яна пачала яго цалаваць, называючы сваім дарагім, дарагім брацікам.
    — Дарагі брацік, я прыйшла забраць цябе дадому! — крычала дзіця, пляскаючы маленечкімі далонькамі і ледзь не падаючы ад смеху. — Дадому, забраць дадому!
    — Дадому, маленькая Фэн? — здзівіўся хлопчык.
    — Так, дадому! — адказала дзіця, ззяючы ад шчасця. — Дадому, назаўсёды! Дадому, зусім-зусім дадому! Цяпер бацька нашмат дабрэйшы, чым раней, і дома ў нас — як у раі. Адным цудоўным вечарам, калі я ішла спаць, ён так пяшчотна загаварыў са мной, што я не пабаялася яшчэ раз запытаць, ці можаш ты вярнуцца дадому. I ён сказаў: так, абавязкова, і адправіў мяне па цябе ў паштовай карэце! Цяпер ты будзеш сапраўдным мужчынам, — сказала дзяўчынка, шырока адкрыўшы вочы, — і больш ніколі не вернешся сюды! Але найперш — мы разам прабавім усе калядныя дні і будзем весяліцца, як яшчэ ніколі не весяліліся!
    — Ты ўжо амаль дарослая, маленькая Фэн! — усклікнуў хлопчык.
    Яна запляскала ў далонькі, засмяялася і паспрабавала дакрануцца да яго галавы, але не дацягнуўшыся, зноў засмяялася і паднялася на дыбачкі, каб абняць яго. Потым з усім дзіцячым запалам пацягнула яго да дзвярэй, і ён ахвотна падпарадкаваўся.
    У вітальні пачуўся чыйсьці жахлівы голас: «Нясіце сюды скрыню маладога Скруджа!» — і з’явіўся сам школьны настаўнік, які злосна і адначасова паблажліва зірнуў на маладога Скруджа, а потым канчаткова яго перапалохаў, паціснуўшы яму руку. Пасля настаўнік правёў дзяцей у самую старую на свеце студню-гасцёўню, у якой заледзянелі і карты на сцяне, і зямны з нябесным глобусы на падаконні. Там ён дастаў графін надзіва лёгкага віна і кавалак надзіва цяжкога пірага і прапанаваў дзецям пакаштаваць гэтых ласункаў. Тым часам зморанага слугу адправілі пачаставаць фурмана «чымсьці гэтакім», на што той перадаў джэнтльмену падзяку, але ўдакладніў: калі гэта тое «штосьці», якім яго частавалі мінулым разам, то лепш не трэба. Рэчы Скруджа ўжо прымацавалі да вярхоў карэты, а таму дзеці ахвотна
    пажадалі настаўніку ўсяго найлепшага і, заняўшы свае месцы, весела пакацілі садам — хуткія колы выбівалі з цёмных вечназялёных раслінаў снег і шэрань, як пыл.
    — Вельмі пяшчотнае стварэнне, дыхні — і зломіш, — сказаў Дух. — Але ў яе было вялікае сэрца!
    — Маеш рацыю! — усклікнуў Скрудж. -— Божа барані, Дух, я не збіраюся гэта адмаўляць!
    — Яна памерла замужняй жанчынай, — працягнуў Дух. — Здаецца, у яе засталіся дзеці.
    — Адно дзіця, — удакладніў Скрудж.
    -— Адно, — пагадзіўся Дух. — Твой пляменнік.
    Скрудж адчуў сябе няёмка і толькі выціснуў:
    Ну.
    Усяго імгненне таму пакінуўшы школу, яны апынуліся на тлумнай вуліцы, дзе ў абодва бакі рухаліся прывідныя мінакі, пракладалі сабе дарогу прывідныя карэты і брычкі і дзе панавала звычайная для горада штурханіна і мітусня. Па-святочнаму ўбраныя вітрыны сведчылі пра набліжэнне Калядаў. Быў вечар, і на вуліцах гарэлі ліхтары.
    Дух спыніўся ля дзвярэй нейкае крамы і спытаў Скруджа, ці пазнае ён гэтае месца.
    — Ці пазнаю я гэтае месца? — ускрыкнуў Скрудж. — Хіба не сюды аддалі мяне ў вучні?
    Яны ўвайшлі. Убачыўшы старога джэнтльмена, які сядзеў за такой высокай канторкай, што калі б яна была хоць на цалю вышэйшай, стары дастаў бы сваім баваўняным каўпаком да столі, Скрудж усхвалявана ўсклікнуў:
    — Гэта ж стары Фезівіг! Сам Фезівіг, жывы і здаровы, барані яго Божа!
    Стары Фезівіг адклаў пяро ўбок і зірнуў на гадзіннік: прабіла роўна сем. Стары пацёр рукі, паправіў ёмістую — па таліі — камізэльку, усім целам — ад пантофляў да фрэналагічнай зоны зычлівасці на ілбе — засмяяўся і за-
    даволеным, масленым, гучным, бадзёрым, святочным голасам паклікаў:
    — Гэй жа! Эбенэйзер! Дзік!
    Малады Скрудж — цяпер ужо не хлопчык, а юнак — разам з другім чаляднікам жвава ўбег у пакой.
    — О, дык гэта ж Дзік Ўілкінс! — сказаў Духу Скрудж. — Дальбог ён! Бедны Дзік, ён быў так прывязаны да мяне! Дарагі, дарагі сябра!
    — Гэй жа, хлопцы! — пракрычаў Фезівіг. — Годзе на сёння працы! Заўтра ж Каляды, Дзік! Чуеш, Эбенэйзер? Каляды! Давайце, зачыняйце аканіцы! — крычаў ён, гучна пляскаючы ў далоні. — Давайце-давайце, скокам!
    Вы нават не ўяўляеце, як два гэтыя юнакі схапіліся за справу! Раз, два, тры — і вось яны ўжо на дварэ з аканіцамі; чатыры, пяць, шэсць — паставілі іх куды трэба; сем, восем, дзевяць — зачынілі і замацавалі, і, бач, мы яшчэ да дванаццаці не далічылі, а яны ўжо вярнуліся назад, дыхаючы, як скакавыя коні.
    — Хо-хо-хо! — закрычаў стары Фезівіг, з неймаверным спрытам саскокваючы з высокага крэсла. — Давайце, хлопцы, прыбірайце ўсё! Нам трэба шмат месца! Давай, Дзік! Весялей, Эбенэйзер!
    Прыбраць усё! He было таго, што яны не захацелі б ці не змаглі б прыбраць пад пільным вокам старога Фезівіга! Ужо праз хвіліну пакой апусцеў. Уся хаця б крыху рухомая маёмасць знікла, нібы назаўсёды пазбаўленая грамадскіх абавязкаў, падлогу вымелі і вымылі, лямпы прывялі ў парадак, у камін падкінулі яшчэ больш вугалю, і крамка ператварылася ў самую ўтульную, цёплую, чыстую і ярка асветленую бальную залу, якой толькі можна пажадаць у зімовы вечар.
    Прыйшоў скрыпач з нотамі, стаў за высачэзную канторку і так урэзаў вясёлую музыку, як можа ўрэзаць хіба аркестр ці як рэжуць страўнік з паўсотні страўнікавых хваробаў. Прыйшла місіс Фезівіг — сама ўсмешка, шы-
    рокая і нязменная. Прыйшлі тры міс Фезівіг, прамяністыя і мілыя. Прыйшлі шэсць іх кавалераў з разбітымі сэрцамі. Прыйшлі ўсе маладыя мужчыны і жанчыны, што працавалі на Фезівіга. Прыйшла служанка са стрыечным братам-пекарам. Прыйшла кухарка з добрым сябрам свайго брата, малочнікам. Прыйшоў хлопчык з крамкі праз дарогу (многія падазравалі, што гаспадар не надта радуе яго ежай), які ўвесь час хаваўся за спінай дзяўчынкі-служанкі з суседняга дома (усе дакладна ведалі, што гаспадыня цягае яе за вушы). Прыйшлі ўсе, адно за адным — хтосьці сарамліва, хтосьці бадзёра, хтосьці зграбна, хтосьці няўклюдна, хтосьці ўпэўнена, хтосьці вагаючыся — адным словам, так ці іначай, тым ці іншым спосабам, але прыйшлі ўсе. I як толькі ўсе прыйшлі, то адразу ж разбіліся на дваццаць параў і затанчылі: спачатку паўкола ў адзін бок, потым столькі ж у адваротны, разам у сярэдзіну кола і зноў назад, і ўрэшце закружыліся, мяняючы сяброўскія пары і фігуры. Першая галаўная пара ўвесь час паварочвала раней, чым трэба, і адразу за ёй, зноў жа не ў час, выходзіла новая галаўная пара, пакуль усе пары не зрабіліся ўрэшце галаўнымі і не засталося нікога, хто ішоў бы ў хвасце. На гэтым шчаслівым моманце стары Фезівіг запляскаў у далоні, каб спыніць танец, і пракрычаў: «Цудоўна, цудоўна!» — пасля чаго скрыпач з галавой нырцануў у адмыслова падрыхтаваны для гэтага куфаль піва, аднак, пагарджаючы любым адпачынкам, тут жа з яго вынырнуў, і хаця танцоры яшчэ не сабраліся, зноў ударыў па струнах, прычым так, нібы гэта быў ужо зусім іншы скрыпач, які прыйшоў на замену першаму, дашчэнту знясіленаму і на насілках аднесенаму дадому, — каб пераўзысці яго альбо загінуць у няроўным баі.
    Потым зноў былі танцы, а потым гульня ў фанты, і яшчэ танцы, і пірог, і глінтвейн, па вялікім кавалку
    халоднай смажаніны і па вялікім кавалку варанага мяса, а потым калядныя піражкі і шмат піва. Але самае цікавае адбылося пасля смажаніны і варанага мяса, калі скрыпач (вось жа штукар, каб яго сабака! Ён з тых людзей, што робяць сваю справу нават лепей, чым мы можам пра гэта расказаць!) урэзаў «Сэра Роджэра Каверлі»* і стары Фезівіг захацеў патанчыць з місіс Фезівіг. Безумоўна, у першай пары! Ну і працы ім было, скажу я вам! Бо яны вялі дваццаць тры ці нават дваццаць чатыры пары танцораў, ды такіх, што крый Божа: калі ўжо затанчылі, дык адбарабаняць так, што мала не падасца.
    Але калі б іх было ў два, а хай бы і ў чатыры разы болып, стары Фезівіг усё адно не даў бы маху, ды і місіс Фезівіг не зломак. Яна ўвогуле была выключнай для яго парай ва ўсіх сэнсах слова, і калі гэта не самая высокая пахвала, скажыце мне, якая вышэйшая, і я тут жа ўнясу праўку ў тэкст. Лыткі Фезівіга проста-такі выпраменьвалі ззянне. Увесь танец яны зырчэлі, як два месяцы. Вы ніколі не змаглі б прадказаць, у якім месцы яны апынуцца ў наступны момант. I калі стары Фезівіг і яго жонка прайшліся па ўсіх фігурах танцу — наперад і назад, узяўшыся за рукі, паклоны і рэверансы, потым пакруціліся, прайшлі пад аркай рук і вярнуліся ўрэшце на сваё месца, — Фезівіг выкінуў такога спрытнага антраша, што ўсім падалося, нібыта ён падміргнуў нагамі. Але праз імгненне ён ужо непахісна стаяў на зямлі.
    Калі прабіла адзінаццаць, хатні баль скончыўся. Містэр і місіс Фезівіг занялі свае месцы па баках ад дзвярэй і на развітанне паціснулі руку кожнаму госцю ці госці, зычачы ім вясёлых Калядаў. А калі ўсе разышліся, гаспадары гэтак жа развіталіся з чаляднікамі. Радасныя галасы расталі дзесьці ўдалечыні, і хлопцы скіраваліся да сваіх ложкаў, што месціліся ў краме пад прылаўкам.
    Цягам усяго балю Скрудж паводзіўся як вар’ят. Усім сэрцам і ўсёй душой ён весяліўся там, на балі, разам
    з юнаком, якім ён калісьці быў. Ён усё прыгадваў, з усім згаджаўся, усім захапляўся і адчуваў незвычайнае хваляванне. I толькі цяпер, калі шчаслівыя твары ранейшага Эбенэйзера і яго сябра Дзіка зніклі, ён успомніў пра Духа і злавіў на сабе яго пільны позірк, заўважыўшы, іпто святло на галаве здані разгарэлася нашмат ярчэй.
    — Як мала трэба, каб гэтыя дурні адчулі ўдзячнасць, — сказаў Дух.
    — Мала... — паўтарыў за ім Скрудж.
    Дух прапанаваў яму прыслухацца да размовы двух чаляднікаў, якія разліваліся ў пахвалах старому Фезівігу, і калі Скрудж так і зрабіў, сказаў:
    — Ну што? Хіба не так? Ён патраціў усяго некалькі фунтаў гэтых вашых чалавечых грошай — не больш за тры-чатыры. Няўжо ён варты такіх пахвалаў?
    — Усё не зусім так, — адказаў абураны заўвагай Скрудж, не заўважаючы, што яго вуснамі гаворыць ранейшы юнак Эбенэйзер, а не ён сам, — не зусім так, Дух. У яго сілах было зрабіць нас шчаслівымі ці няшчаснымі, а напгую працу — лёгкай ці невыноснай, асалодай ці катаргай. Хай ён рабіў гэта з дапамогай словаў ці позіркаў, чагосьці дробнага і незаўважнага, што немагчыма ні палічыць, ні змерыць, — што з таго? Падоранае ім шчасце каштуе не менш, чым купленае за вялікія грошы.