Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
Джэнтльмены без забабонаў, што хваляцца дасведчанасцю ў самых розных пытаннях і ідуць у нагу з часам, нярэдка выказваюць гатоўнасць да любых авантураў, гаворачы, нібыта здольныя на ўсё, ад гульні ў арлянку да забойства, але паміж гэтымі скрайнасцямі, трэба прызнаць, ляжыць нямала ўсяго астатняга. Нават не робячы за Скруджа такіх смелых заяваў, я не пабаюся вас запэўніць, што ён быў гатовы да дзівоснага з’яўлення духаў многіх гатункаў і памераў — ніякая істота, ад немаўляткі да насарога, не змагла б сур’ёзна яго ўразіць.
Падрыхтаваўшыся гэткім чынам амаль да ўсяго, ён быў зусім не падрыхтаваны да таго, што не з’явіцца зусім нічога, а таму калі на вежы прабіла гадзіну, а госць так і не матэрыялізаваўся, па целе Скруджа тут жа пабеглі вельмі адчувальныя дрыжыкі. Пяць хвілін, дзесяць, чвэрць на другую — і нікога! Увесь гэты час ён ляжаў у ложку, вакол якога расцякалася чырванаватае ззянне, што з боем гадзінніка заструменіла невядома адкуль, і гэтае святло палохала Скруджа болып, чым тузін любых відзежаў: ён не мог зразумець, скуль яно ўзялося і што значыць. Часам ён з жахам пачынаў думаць, што нейкім цікавым чынам адвольна самазагарэўся, але не меў нават палёгкі быць у гэтым упэўненым. Урэшце ён падумаў — як вы альбо я, безумоўна, падумалі б з самага пачатку, бо найлепшае выйсце са складанай сітуацыі заўсёды ведае менавіта той, хто ў яе ніколі не трапляў, — урэшце, паўтаруся, ён падумаў, што выток і таямніца прывіднага ззяння схаваныя ў суседнім пакоі, адкуль яно, як выявілася пасля далейшых назіранняў, і струменіла. Думка гэтая так захапіла Скруджа, што ён бясшумна падняўся і рушыў да дзвярэй, слізгаючы хатнімі пантофлямі.
Як толькі ён паклаў руку на клямку, невядомы голас паклікаў яго па імені і запрасіў увайсці. Скрудж падпарадкаваўся.
Гэта, без сумневаў, быў яго пакой, але ён зусім нечакана змяніўся. Сцены і столь былі ўбраныя жывой зелянінай — ну чысты гай! На кожнай галінцы паблісквалі зіхоткія ягадкі. Свежыя лісцікі вастралісту, амялы і плюшчу адбівалі святло, нібыта раскіданыя па ўсім пакоі маленькія люстэркі, а ў каміне раўло такое магутнае полымя, якога гэтая дагістарычная скамянеласць не памятала ўжо многія і многія зімы — ні за часамі Скруджа, ні за часамі Марлі. На падлозе грувасціліся ў нейкім падабенстве трона смажаныя індычкі, гускі, дзічына, куры, саланіна, вялізныя кавалкі мяса, малочныя парасяткі, даўжэзныя гірлянды сасісак, салодкія піражкі з начынкай, калядныя пудынгі, бачуркі з вустрыцамі, гарачыя каштаны, чырванашчокія яблыкі, сакавітыя апельсіны, пахкія грушы, неверагодных памераў святочныя пірагі, а таксама кубкі з вогненным пуншам, духмяная пара якога вісела ў пакоі, бы туман. I на гэтым троне нязмушана сядзеў, радуючы вока, вясёлы Волат, які трымаў у руцэ яркую паходню, формай падобную да рога дастатку. Калі Скрудж зазірнуў у пакой, Волат падняў паходню вышэй, яшчэ вышэй, каб асвятліць усё навокал.
— Заходзь! — усклікнуў Дух. — Заходзь, чалавеча, і будзем знаёмыя.
Скрудж нясмела зайшоў і апусціў перад Духам галаву. Дзе падзеўся знаёмы нам раней упарты дзед? Вочы ў Духа былі ясныя і добрыя, але сустрэцца з імі позіркам Скрудж не хацеў.
— Я — Дух Сёлетніх Калядаў, — сказаў Волат. — Зірні ж на мяне!
Скрудж пачціва паслухаўся. Дух быў апрануты ў просты зялёны строй, падобны да мантыі, абшытай белым мехам. Убранне гэтае свабодна вісела на ім, агаляючы
шырачэзныя грудзі, якія нібыта пагарджалі жаданнем абараніцца ці схавацца з дапамогай нейкіх хітрыкаў. Ступакі, бачныя з-пад шырокіх складак мантыі, былі босыя, а на галаве Духа не было ніякага ўбора, апроч вянку з вастралісту, на якім дзе-нідзе блішчэлі ледзяшы. Цёмна-каштанавыя пасмы Волата былі доўгія і свабодна падалі на плечы, гэтак жа свабодна глядзеў яго добры твар і іскрыстыя вочы, свабода была ў яго рухах, вясёлым голасе, нязмушаных манерах і ва ўсім яго радасным абліччы. Дух быў падперазаны пасам са старадаўнімі ножнамі, праедзенымі іржой і без мяча.
— Ты ніколі не бачыў кагосьці такога, як я! — усклікнуў Дух.
— He бачыў, — пагадзіўся Скрудж.
— I ніколі не сустракаў іншых маіх родзічаў, то бок маіх старэйшых братоў (бо я ў сям’і наймалодшы), што нарадзіліся ў апошнія гады? — працягваў прывід.
— Думаю, не, — адказаў Скрудж. — Баюся, што не. А ў цябе шмат братоў, Дух?
— Болып за тысячу восемсот! — усклікнуў Дух.
— Ого, пракармі такую вялізную сямейку!.. — прамармытаў Скрудж.
Дух Сёлетніх Калядаў падняўся.
— Дух, — пакорліва сказаў Скрудж, — вядзі мяне куды хочаш. Мінулай ноччу я пайшоў пад прымусам і атрымаў урок, які добра засвоіў. Калі сёння ты хочаш нечаму мяне навучыць, хай гэта таксама прынясе мне карысць.
— Дакраніся да майго ўбрання!
Скрудж паслухаўся і тут жа ўчапіўся за мантыю.
Вастраліст, амяла, чырвоныя ягадкі, плюшч, індычкі, гускі, дзічына, куры, саланіна, мяса, парасяткі, сасіскі, вустрыцы, пірагі, пудынгі, яблыкі і пунш — усё адразу ж знікла. Зніклі таксама пакой, камін, чырванаватае святло і нават сама ноч — Скрудж з Духам апынуліся на
гарадской вуліцы. Быў калядны ранак, і паўсюль чулася хоць і разкаватая, але вясёлая і зусім не агідная музыка: надвор’е стаяла суровае, і людзі чысцілі ад снегу ходнікі ля сваіх жытлаў і дахі сваіх дамоў, а шчаслівыя хлопчыкі проста шалелі ад таго, як снег падае на дарогу, падымаючы над ёй маленькую штучную завіруху.
Фасады дамоў выглядалі досыць змрочна, а вокны — яшчэ змрачней на фоне гладкага белага снегу, што ляжаў на дахах, і крыху бруднейшага — на зямлі: цяжкія колы экіпажаў і вазоў пакінулі на ім глыбокія барозны, якія на перасячэнні вялікіх дарог сотні разоў скрыжоўваліся і перакрыжоўваліся адна з адной, утвараючы заблытаную сістэму каналаў, ледзь заўважных у вязкай жоўтай слоце і ледзяной вадзе. Прыціснутыя пахмурным небам, самыя кароткія вулкі ўжо задыхаліся ад ліпкага, напалову вільготнага, напалову колкага ад марозу туману, найбуйнейшыя часцінкі якога асядалі на зямлю дажджом з найдрабнейшых шматочкаў сажы — здавалася, усе коміны Брытанскага каралеўства дамовіліся разысціся на ўсю покалатку і з усяе моцы выдзьмухваць змесціва сваіх чэраваў. Hi надвор’е, ні сам горад не давалі падставаў весяліцца, і тым не менш навокал стаяла такая весялосць, што нават найчысцейшае летняе неба і найярчэйшае летняе сонца не маглі б з ёй спаборнічаць.
А ўсё таму, што людзі, якія зграбалі снег з дахаў, былі бадзёрыя і радасныя. Яны перакрыкваліся з тымі, што працавалі на ходніках, і час ад часу жартаўліва перакідваліся сняжкамі — снарады гэтыя былі лагаднейшыя за зброю слоўных войнаў, — весела смяяліся, калі траплялі, і яшчэ весялей — калі пудлавалі. Крамкі гандляроў птушкай яшчэ не зусім зачыніліся, а крамкі зяленіўшчыкаў прамяніліся сваім багаццем. Там стаялі вялізныя, круглыя, таўстапузыя кашы з каштанамі, падобнымі да тугіх камізэлек жыццялюбных ста-
рых джэнтльменаў. Яны вызіралі з-за дзвярэй і ледзь не выкочваліся на вуліцу ва ўсёй сваёй апаплексічнай раскошы. Там былі румяныя і загарэлыя таўсматыя гіпіпанскія цыбуліны, што блішчэлі тлустымі, як у гішпанскіх манахаў, бачкамі, і з гуллівай хітрынкай падміргвалі з паліцаў дзяўчатам, якія праходзілі міма, і з удаванай сціпласцю пазіралі на развешаныя паўсюль галінкі амялы*. Там былі яблыкі і грушы, складзеныя ў высокія маляўнічыя піраміды, былі гронкі вінаграду, шчодрай рукой гандляра развешаныя на круках у самых бачных месцах, каб мінакі маглі бясплатна глытаць сліну, былі горы фундуку, бурага і імшыстага, водар якога нагадваў пра даўнія вандроўкі сярод лясоў і пра горы апалай лістоты, у якой так прыемна шамацець нагамі, норфалкскія печаныя яблыкі, кругленькія і цёмненькія, добра заўважныя на фоне жоўтых лімонаў і апельсінаў: усім сваім сакавітым выглядам яны настойліва ўгаворвалі і проста малілі пакупнікоў запакаваць іх у паперу і з’есці дома на дэсерт. I нават залатыя і срэбныя рыбкі, выстаўленыя ў чашы сярод усяго гэтага пладовага багацця, хай сабе і належалі да бязрадаснага і халаднакроўнага роду, тым не менш разумелі, што адбываецца нешта важнае, і, разяваючы раты, у марудным і абыякавым захапленні нарэзвалі кола за колам па сваім маленькім рыбіным свеце.
А бакалейная крамка! Ох ужо гэтая бакалейная крамка! Яе амаль замкнулі (адна ці дзве аканіцы ўжо зачыненыя), але колькі ўсяго яшчэ можна ўбачыць! Бо там не проста так весела пазвоньвалі вагі, апускаючыся да самага прылаўка, не проста так імкліва змотвалася з валіка вяроўка, бляшанкі скакалі туды-сюды, нібы ў руках жанглёра, не проста так радаваў ноздры змяшаны водар гарбаты і кавы, найвыдатнейшыя разынкі красаваліся цэлымі кучамі, міндаль здзіўляў сваёй белатой, галінкі цынамоны — сваёй роўнасцю і даўжынёй, а астатнія
спецыі — сваёй духмянасцю, і не проста так пакрытыя цукровай глазурай цукаты змушалі нават самага абыякавага разяваку ледзь не траціць прытомнасць і потым яшчэ доўга пакутаваць ад разліцця страўнікавага соку. Там не проста так ляжаў вільготны і сакавіты інжыр, а кісленькі чарнасліў пабліскваў у багата размаляваных скрынях, і не проста так абсалютна ўсё выглядала так апетытна ў сваіх калядных пакунках — там яшчэ дагэтуль тоўпіліся прагныя пакупнікі, пхаючы адно аднаго ля дзвярэй, бязлітасна скрыгочучы лазовымі кошыкамі, забываючы свае пакупкі на прылаўку і вяртаючыся па іх, робячы сотні іншых такіх жа бязглуздзіц, але не трацячы пры гэтым пачуцця гумару, поўныя самых радасных надзеяў гэтага дня, а бакалейнік і яго памочнікі былі такімі бадзёрымі і шчырымі, што тыя бліскучыя сэрцы — спражкі, якімі яны прышпілілі свае фартухі, — можна было палічыць за іх уласныя, выстаўленыя на ўсеагульны агляд, каб іх маглі пакляваць калядныя галкі*, калі з’явіцца ў іх такое жаданне.
Але хутка званы на вежах паклікалі ўсіх добрых людзей у цэрквы і малельні — і вось вуліцамі рушылі вясёлыя, святочна апранутыя натоўпы. I ў гэты самы час з усіх завулкаў, вулачак і безназоўных закуткаў паказаліся новыя плыні людзей, што неслі калядных гусак у пякарні*. Здавалася, што выгляд гэтых найбяднейшых гулякаў страшэнна зацікавіў Духа, бо ён спыніўся разам са Скруджам ля ўваходу ў пякарню і, падымаючы накрыўкі з усіх страваў, што праносіліся міма, пырскаў на іх кропелькай ладану са сваёй паходні. А паходня гэтая была, скажу я вам, вельмі незвычайная, бо калі раз ці два хтосьці пхаў суседа і пачыналася сварка, Дух крапіў з яе зласліўцаў, і да іх тут жа вяртаўся добры настрой. Хіба не сорамна сварыцца ў калядны дзень, казалі яны. Безумоўна, сорамна! Богам клянуся, што сорамна.