Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
— Яшчэ адзін гук, — крыкнуў Скрудж клерку, — і гэтыя Каляды вы адзначыце, страціўшы месца ў канторы! А вы, спадар, як я бачу, майстар часаць языком, — звярнуўся ён да пляменніка. — I чаму вы дагэтуль не ў парламенце?
— Хопіць злавацца, дзядзечка! Прыходзьце да нас заўтра на святочны абед!
Скрудж сказаў, што ўжо лепей ён пойдзе... так, менавіта гэта ён і сказаў. Пасля, не саромеючыся, дадаў яшчэ некалькі пажаданняў.
— Але навошта? — ускрыкнуў пляменнік. — Навошта вы так кажаце?
— А навошта ты ажаніўся? — запытаў Скрудж.
— Я пакахаў яе.
— Пакахаў! — рыкнуў Скрудж, нібыта пачуўшы адзінае ў свеце слова, дурнейшае за «вясёлыя Каляды». — Усяго найлепшага!
— Але дзядзечка, вы ж і раней ніколі не наведваліся да мяне ў госці. Навошта цяпер вінаваціць маю жаніцьбу?
— Усяго найлепшага! — паўтарыў Скрудж.
— Я нічога ў вас не прашу, мне нічога не трэба. Чаму мы не можам быць сябрамі?
— Усяго найлепшага! — прамовіў Скрудж.
— Як жа мне шкада, што вы такі непахісны! Я з вамі ніколі не сварыўся і ні ў чым перад вамі не вінаваты. Я хацеў пасябраваць з вамі дзеля свята, і мой святочны настрой вы не сапсуяце. А таму вясёлых вам Калядаў, дзядзечка!
— Усяго найлепшага! — сказаў Скрудж.
— I шчаслівага Новага году!
— Усяго найлепшага! — паўтарыў Скрудж, і яго пляменнік, нягледзячы ні на што, пакінуў пакой без адзінага кепскага слова. Ля дзвярэй ён крыху затрымаўся, каб павіншаваць клерка, які, хоць і прамёрз да касцей, быў нашмат цяплейшы за Скруджа і сардэчна адказаў на пажаданні.
— Яшчэ адзін вар’ят, — прамармытаў Скрудж, падслухаўшы іх размову. — Гэты клерк, які зарабляе ўсяго пятнаццаць шылінгаў на тыдзень і мусіць утрымліваць жонку і сям’ю, таксама гаворыць пра нейкія вясёлыя Каляды! Яны мяне да Бедламу давядуць!
Вар’ят тым часам, выпусціўшы пляменніка Скруджа, упусціў двух іншых наведнікаў. Гэта былі прыемныя з аблічча мажныя джэнтльмены, якія цяпер, увайшоўшы
ў кантору і зняўшы капелюшы, ветліва кланяліся Скруджу і даставалі нейкія паперы.
— Скрудж і Марлі, калі не памыляюся? — спытаў адзін з іх, звяраючыся з нейкім спісам. — Маю гонар звяртацца да містэра Скруджа ці да містэра Марлі?
— Містэр Марлі памёр сем гадоў таму, — адказаў Скрудж, — акурат у гэтую ноч.
— Але мы ўпэўненыя, што яго шчодрасць перайшла да яго годнага кампаньёна, — сказаў адзін з джэнтльменаў і падаў Скруджу свае дакументы.
Два годныя кампаньёны і праўда былі вартыя адзін аднаго. Пачуўшы пагрозлівае слова «шчодрасць», Скрудж нахмурыўся, пахітаў галавой і вярнуў паперы ўладальніку.
— У гэтыя святочныя дні, містэр Скрудж, — працягваў джэнтльмен, беручы пяро, — мы больш чым калі мусім паклапаціцца пра бедных і няшчасных, што жорстка пакутуюць ад нястачы. Тысячы людзей не маюць самага неабходнага для жыцця, сотням тысяч няма дзе прыхіліць галаву.
— Хіба ў нас не хапае турмаў? — здзівіўся Скрудж.
— Турмаў? Ды колькі заўгодна, — адказаў джэнтльмен, кладучы пяро назад.
— А працоўных дамоў? — настойваў Скрудж. — Яны ўсё яшчэ дзейнічаюць?
— На жаль, так, — адказаў джэнтльмен, — хаця я ахвотна сказаў бы, што іх даўно пазакрывалі.
— Значыць, існуе яшчэ прымусовая праца, а закон пра бедных у сіле? — працягваў Скрудж.
— I тое, і другое пакуль не адмянілі.
— Ox, а я ўжо, паслухаўшы вас, спалохаўся, што ўсё гэта чамусьці скасавалі! — усклікнуў Скрудж. — Рады чуць, што памыліўся.
— Усе гэтыя законы і ўстановы наўрад ці маюць на мэце хрысціянскі клопат пра душу і цела бедакоў, —
запярэчыў джэнтльмен, — а таму мы вырашылі сабраць грошай, каб купіць няшчасным хаця б крыху ежы, піцця і цёплага адзення. Мы выбралі менавіта перадкалядны час, бо ў такія дні беднасць адчуваецца найвастрэй, а багацце дорыць найбольш радасці. Якую суму дазволіце запісаць пад вашым імем?
— Ніякае! — адказаў Скрудж.
— Вы хочаце ўнесці грошы ананімна?
— Я хачу, каб мяне пакінулі ў спакоі, — адказаў Скрудж. — Калі ўжо вы пажадалі ведаць, чаго я хачу, вось вам мой адказ. Я не весялюся на Каляды і не магу выдаткоўваць грошы, каб весяліць лайдакоў. Я падтрымліваю ўстановы, пра якія казаў, і гэтага з Ma­ne даволі. Тыя, хто цярпіць нястачу, могуць ісці туды.
— Мала хто захоча туды пайсці — ужо лепш памерці.
— Ну і хай паміраюць, — сказаў Скрудж, — і скарачаюць лішак насельніцтва. Да таго ж, прабачце, мяне гэта зусім не цікавіць.
— Але гэта мусіць вас цікавіць! — запярэчыў джэнтльмен.
— Гэта не мая справа, — абурыўся Скрудж. — Хай кожны займаецца сваімі справамі і не лезе ў чужыя. Мне дык сваіх цалкам хапае. Усяго найлепшага, джэнтльмены!
Зразумеўшы, што спрачацца няма сэнсу, джэнтльмены зніклі за дзвярыма. Задаволены сабой, Скрудж вярнуўся да перарваных справаў весялейшы, чым звычайна.
Тым часам цемра і імгла згусціліся так, што на вуліцы з’явіліся людзі з паходнямі, якія прапаноўвалі свае паслугі — ісці перад экіпажамі і асвятляць дарогу. Старадаўняя царкоўная званіца, чый даўно асіплы звон кожнага дня хітравата пазіраў на Скруджа з гатычнага акенца, зрабілася зусім нябачнай — здавалася, гадзіны і чвэрці вызвоньваліся дзесьці ў аблоках, і кож-
ны ўдар суправаджаўся такім тоненькім бразгатаннем, быццам у звона ад холаду зуб на зуб не трапляе. Мароз мацнеў. У куце двара, што выходзіў на галоўную вуліцу, некалькі рабочых рамантавалі газавыя трубы, запаліўшы ў жароўні вялікае вогнішча, на якое сабраліся бесхацінцы. Яны грэлі рукі і зачаравана глядзелі на агонь. Забыты ўсімі водаправодны кран маркотна сцякаў вадой і пакрысе замярзаў, самотна пакрываючыся чалавеканенавісніцкай коркай лёду. Яркія вітрыны, у якіх ажно патрэсквалі ад гарачыні галінкі вастралісту, асвятлялі бляклыя твары мінакоў. Бакалейныя і мясныя крамкі ператварыліся ў шыкоўнае відовішча і нібыта цвялілі пакупнікоў — нельга было паверыць, што яны маюць хоць нейкае дачыненне да такой нудлівай справы, як гандаль і зніжкі. Лорд-мэр у раскошным палацы ўжо загадваў сваім пяцідзесяці кухарам і лёкаям не страляць варон, а рыхтавацца так, каб Каляды былі вартыя лорда-мэра, і нават маленькі краўчык, якога ён у мінулы панядзелак аштрафаваў на пяць шылінгаў за п’янства і крыважэрныя паводзіны на вуліцах, ужо размешваў на сваім гарышчы калядны пудынг, а яго сухарлявая жонка тым часам пабегла з дзіцем купляць ялавічыну.
Аднак туман усё гусцейшы, мароз усё мацнейшы! Калючы, пранізлівы, рэзкі холад! Калі б добры наш святы Дунстан* схапіў д’ябла за нос такім марозам, а не нейкімі там шчыпцамі, ох і закрычаў бы нячысты! Ох і дасталася б яму! Вось і аднаго маладога ўладальніка досыць сціплага носа галодны мароз ужо да душы пакусаў і пагрыз не раўнуючы сабака костку; змерзлы юнак акурат спыніўся ля замочнай шчылінкі Скруджа, каб забавіць таго вясёлай калядкай, аднак адразу пасля першых словаў святочнае песні: «Дай Бог, панове, шчасця вам, хай сум пакіне вас...»* — Скрудж з такім імпэтам схапіўся за лінейку, што перапужаны спявак кінуўся
наўцёкі. Цяпер у шчылінку зазіралі толькі туман і блізкі сваяк Скруджа — мароз.
Урэшце прыйшоў час зачыняць кантору. Засмучаны гэтай акалічнасцю, Скрудж злез з крэсла, нібыта падаючы знак клерку, які даўно знемагаў у каморцы. Клерк у адно імгненне задзьмуў свечку і начапіў капялюш.
— Вы, мабыць, плануеце заўтра на працу не з’яўляцца? — спытаў Скрудж.
— Калі вам будзе зручна, сэр.
— Гэта зусім не зручна, — прамовіў Скрудж, — і несправядліва. Калі б я за гэта ўтрымаў з вашага заробку палову кроны, думаю, вы палічылі б сябе пакрыўджаным.
Клерк паспрабаваў выціснуць усмешку.
— Але ж вы не лічыце пакрыўджаным мяне, — працягваў Скрудж, — калі я за проста так адлічваю вам грошы.
Клерк заўважыў, што такое бывае толькі раз на год.
— Добрае апраўданне для таго, каб запускаць руку ў чужую кішэнь кожнага дваццаць пятага снежня! — абурыўся Скрудж, зашпільваючы паліто на ўсе гузікі. — Аднак, бачу, заўтрашні дзень вы ўсё ж прагуляеце. Таму чакаю вас паслязаўтра як мага раней.
Клерк паабяцаў прыйсці як мага раней, і Скрудж, усё яшчэ мармычучы нешта пад нос, выйшаў на вуліцу. Кантора імгненна была зачыненая, і перад тым як пабегчы дадому, клерк у гонар надыходу каляднага вечара разоў дваццаць скаціўся па зледзянелым адхоне Корнхіла разам з чародкай хлапчукоў, а вецер тым часам весела гуляў з канцамі яго доўгага белага шаліка (такой раскошы, як паліто, у клерка не было). Толькі пасля гэтага ён з усяе моцы паімчаў дадому на Кэмдэн-таўн — гуляць з дзецьмі ў жмуркі.
Скрудж з’еў панылы абед у заўсёднай панылай карчме, прачытаў усе газеты і, прабавіўшы вечар над бухгалтарскай кнігай, рушыў дадому спаць. Ён жыў у кватэры,
што калісьці належала яго памерламу кампаньёну. Гэта былі змрочныя пакоі на ніжнім паверсе дома ў глыбіні двара, дома, які, здавалася, стаяў не на сваім месцы. Можна было падумаць, што калі ён быў маленькім дамком, то забег сюды, гуляючы ў хованкі, а пасля так і не знайшоў дарогі назад. Цяпер гэта быў стары і цьмяны дом, і ніхто ў ім, апроч Скруджа, не жыў: астатнія пакоі здаваліся пад канторы. Двор быў такі цёмны, што нават Скрудж, які вывучыў яго як свае пяць пальцаў, прабіраўся да кватэры навобмацак. Ля ўваходу навіс такі туман, кусаўся такі мароз, што здавалася, нібыта сам дух непагоды сядзеў на парозе, апанаваны скрушнымі развагамі.
Цяпер мы мусім з усёй дакладнасцю сказаць, што дзвярны малаток, які вісеў ля ўваходу, быў цалкам звычайны, калі не зважаць на яго вялізны памер. Таксама не выклікае сумневу, што Скрудж бачыў гэты малаток кожнага ранку і кожнага вечару з таго часу як пераехаў сюды; апроч гэтага варта зазначыць, што Скрудж не мог пахваліцца тым, што часцей за ўсё называюць фантазіяй, — нават менш, чым любы іншы лонданец, улучаючы (а гэта вельмі смелае дапуіпчэнне!) гарадскіх чыноўнікаў, олдэрмэнаў* і слуг. Нельга забываць яшчэ і тое, што, згадаўшы ўдзень памерлага сем гадоў таму кампаньёна, Скрудж больш ні разу пра Марлі не ўспомніў. А таму хай мне цяпер хто-небудзь патлумачыць (калі, безумоўна, зможа), чаму Скрудж, уставіўшы ключ у замочную шчыліну, нечакана ўбачыў перад сабой не дзвярны малаток, які, варта заўважыць, нават не варухнуўся, а твар Марлі.
Так, менавіта твар Марлі. Яго не хавала глухая цемра, якая ахутала ўсё навокал, наадварот — ён нібы свяціўся злавесным святлом, зусім як падгнілы амар у цёмным склепе. Ён не быў ні раззлаваным, ні жорсткім, а проста пазіраў на Скруджа так, як пазіраў Марлі пры жыцці,