Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
Так-так, менавіта чыясьці рука расхінула, паўтаруся, полаг, прычым не ў нагах ці за спінаю, а акурат перад самым тварам Скруджа. Такім чынам, рука расхінула полаг, і Скрудж, прыўскочыўшы на ложку і застыўшы напаўседзячы, апынуўся з незямным госцем, чыя рука полаг і расхінула, твар да твару — так блізка, як цяпер мы з вамі, бо ў думках я акурат нахіляюся над вашым плячом.
Перад Скруджам стаяла дзіўная істота, вельмі падобная да дзіцяці, можа, не так да дзіцяці, як да старога, убачанага праз дзіўнае шкельца: здавалася, ён аддаліўся ад назіральніка і таму паменпіыўся да дзіцячых памераў. Яго валасы, што падалі на плечы і ніжэй, за спіну, былі
нібыта сівыя, але на твары не было ніводнае зморшчынкі, а шчокі чырванелі пяіпчотным румянцам. Рукі былі вельмі доўгія і моцныя, кісці рук — таксама: у іх нібы хавалася надзвычайная сіла. Яго далікатна сфармаваныя ногі былі, як і рукі, аголеныя. Істота была ўбраная ў бялюткую туніку, абвязаную вакол таліі зіхоткім пасам, што гарэў чароўным святлом. У руцэ госць трымаў свежую зялёную галінку вастралісту, і насуперак гэтаму зімоваму сімвалу прыпол яго аздаблялі летнія кветкі. Але самым дзіўным у яго абліччы быў яркі струмень святла, што біў з макаўкі і асвятляў усё навокал, а таму не выклікала пытанняў прызначэнне гасілкі ў выглядзе каўпака, якую істота трымала пад пахай — на выпадкі, менш спрыяльныя для ілюмінацыі.
Зрэшты, самым дзіўным Скруджу, які, паступова супакойваючыся, разглядаў істоту, падалося нават не гэта. Бо як пас госця ўспыхваў зіхоткімі іскрамі спачатку ў адным месцы, а праз імгненне — ужо ў іншым, так і сама фігура час ад часу страчвала цэласнасць: яна рабілася то аднарукай, то аднаногай, то абрастала дваццаццю нагамі, потым ног зноў рабілася дзве, але знікала галава, а вось галава на месцы, але няма цела. Калі тыя ці іншыя часткі цела раствараліся ў густым мораку, здавалася, што ад іх не засталося і следу, а потым яны самым неверагодным чынам з’яўляліся наноў, бачныя гэтак жа выразна, як і раней.
— Вы той самы Дух, чый прыход мне прадказалі? — спытаў Скрудж.
— Так, гэта я.
Голас Духа прагучаў мякка, пяшчотна і надзвычай ціха — быццам ён стаяў не побач, а дзесьці далёка.
— Хто вы і што робіце?
— Я — Дух Мінулых Калядаў.
— Даўно мінулых? — пацікавіўся Скрудж, разглядаючы карузліка.
— He. Бо гэта тваё мінулае.
Калі б хтосьці спытаў у Скруджа, чаму яму раптам закарцела ўбачыць Духа ў каўпаку-гасілцы, адказаць ён бы не змог. Але жаданне было такое, што ён наважыўся пра гэта папрасіць.
— Што?! — усклікнуў Дух. — Ты хочаш пагасіць маё святло сваімі нікчэмнымі рукамі?! Табе мала, што ты — адзін з тых, чые жарсці стварылі гэты каўпак і змушалі мяне год за годам насіць яго, насунуўшы на самыя вочы?!
Скрудж з усёй пачцівасцю паспяшаўся адмовіцца ад любых просьбаў, якія маглі пакрыўдзіць Духа, і ўпэўніў госця, што не помніць, каб хоць раз у жыцці змусіў кагосьці начапіць каўпак. Потым ён адважна пацікавіўся, якія справы прывялі да яго Духа.
— Твой дабрабыт! — прамовіў Дух.
Скрудж горача падзякаваў, падумаўшы пры гэтым, што бяссонная ноч — не найлепшы спосаб дасягнення дабрабыту. Дух, мабыць, пачуў гэтыя думкі, бо тут жа адказаў:
— Значыць, тваё выпраўленне. Будзь пільным!
3 гэтымі словамі ён выцягнуў моцную далонь і мякка ўзяў Скруджа за руку.
— Падымайся і ідзі за мной!
Калі б Скрудж пачаў жаліцца, што надвор’е і час не самыя прыемныя для шпацыру, што ў ложку цёпла, а на дварэ слупок тэрмометра апусціўся ніжэй за нуль, што апрануты ён зусім не да сезону — хатнія пантофлі, халат і начны каўпак — і што ён паспеў ужо крыху прастудзіцца, усе яго жальбы былі б марнымі. Хаця Дух трымаў яго мякка, амаль па-жаночы, супраціўляцца было бессэнсоўна. Скрудж падняўся і, убачыўшы, што Дух скіраваўся да акна, схапіўся за прывіднае ўбранне і ўзмаліўся:
— Але ж я смяротны! Я магу зваліцца!
— Я дакрануся да цябе, — прамовіў Дух і паклаў руку на грудзі Скруджу, — і ты дасі рады нават складанейшым перашкодам.
Тут яны прайшлі праз сцяну і апынуліся на прасёлкавай дарозе сярод палёў. Горад проста знік — ад яго не засталося і следу. Разам з ім зніклі цемрадзь і туман — наўкола быў ясны і марозны зімовы дзень, і на зямлі ляжаў снег.
— Божа мой! — агледзеўшыся і пляснуўшы рукамі, усклікнуў Скрудж. — Я ж тут вырас! Тут правёў дзяцінства!
Дух мякка зірнуў на яго. Скруджу падалося, што гэты пяшчотны позірк, хай сабе імгненны і амаль незаўважны, усё яшчэ скіраваны на яго. Ён адчуў у паветры тысячы водараў, кожны з якіх нагадаў пра тысячы думак, надзеяў, радасцяў і трывогаў — даўно, даўно забытых!
— Твае вусны задрыжалі, — сказаў Дух. — I што гэта ў цябе на шчацэ?
Нязвыкла дрыготкім голасам Скрудж прамармытаў, што, мабыць, проста нейкая плямка, і папрасіў Духа весці яго далей.
— Помніш гэтую дарогу? — спытаў Дух.
— Ці помню я?! — палка ўскрыкнуў Скрудж. — Ды я прайшоў бы тут з завязанымі вачыма!
— Дзіўна, што ты на столькі гадоў пра яе забыў, — заўважыў Дух. — Хадзем далей.
Яны пайшлі па дарозе, і Скрудж пазнаваў кожную браму, кожны слуп, кожнае дрэва. Праз некаторы час удалечыні з’явіўся маленькі гарадок з рынкавай плошчай, царквой, звілістай рэчкай і мостам. На кудлатых поні, што беглі трушком, насустрач ехалі хлопчыкі. Яны гукалі іншых хлопчыкаў, што сядзелі на вазах ці двухколках, якімі кіравалі фермеры. Усе дзеці былі ў цудоўным настроі, весела пераклікаліся адзін з адным, і вакольныя палі поўніліся іх радаснымі
галасамі — так, іпто ломкае ад марозу паветра само пачынала смяяцца.
— Гэта ўсяго толькі цені таго, што было тут калісьці, — сказаў Дух. — Нас яны не заўважаюць.
Вясёлая кампанія набліжалася, і Скрудж ужо мог пазнаць кожнага хлопчыка і назваць яго імя. Чаму ён так бязмежна ўзрадаваўся, убачыўшы іх? Чаму, калі яны праходзілі міма, халодныя вочы Скруджа заблішчэлі, а ў грудзях закалацілася сэрца? Чаму душа поўнілася шчасцем, калі ён чуў, як яны, развітваючыся на скрыжаваннях і раз’язджаючыся па дамах, жадалі адзін аднаму вясёлых Калядаў? Што было Скруджу да вясёлых Калядаў? Ды каб яны праваліліся, гэтыя вясёлыя Каляды! Шмат яму карысці ад тых Калядаў!
— Школа яшчэ не зусім апусцела, — прамовіў Дух. — Там застаўся адзін самотны, пакінуты сябрамі хлопчык.
Скрудж сказаў, што ведае яго, і ўсхліпнуў.
Яны збочылі з галоўнай дарогі на добра памятную Скруджу сцежку і хутка наблізіліся да змрочнага будынка з чырвонае цэглы. Дах вянчала вежачка з флюгерам наверсе і звонам унутры. Будынак быў вялікі, але зусім занядбаны: прасторныя гаспадарчыя памяшканні амаль не выкарыстоўваліся, замшэлыя сцены адсырэлі, вокны былі выбітыя, а дзверы прагнілі. У стайнях кудахталі куры, вазоўня і пуня зарасталі травой. Унутры таксама мала што сведчыла пра былую веліч. Увайшоўшы ў змрочную вітальню і зазірнуўшы праз некалькі адчыненых дзвярэй, яны пабачылі шырачэзныя, халодныя і кепска мэбляваныя пакоі. Зябкая пустата памяшканняў і пах зямлі ў паветры гаварылі пра тое, што тут часта ўстаюць пры свечках і рэдка ядуць удосталь.
Скрудж і Дух прайшлі праз усю вітальню да дзвярэй у канцы дома. Дзверы адчыніліся, упусціўшы іх у доўгі, амаль пусты панылы пакой, які здаваўся яшчэ пусцейшым праз шэрагі простых драўляных партаў і лаваў.
За адной з партаў каля сціплага агеньчыка чытаў кнігу самотны хлопчык, і Скрудж, прысеўшы на лаву побач з ім, расплакаўся, пазнаўшы ў бедным дзіцяці ранейшага сябе.
He, не прытоенае рэха, не мышыны піск і валтузня за абшыўкай, не гукі капяжу з напалову адталага вадасцёку на змрочным двары, не ўздыхі між галля журботнай таполі, не лянотнае парыпванне дзвярэй пустое каморы, не патрэскванне агню — нешта іншае мякка кранала струны ў душы Скруджа і выклікала слёзы на вачах.
Дух узяў яго за руку і паказаў на зануранага ў чытанне хлопчыка, якім быў калісьці Скрудж. Раптам у акне з’явіўся чалавек з сякерай за пасам. Госць у чужаземным убранні вёў на повадзе восліка, нагружанага дровамі, і быў бачны надзіва выразна, як сапраўдны.
— Дык гэта ж Алі-Баба! — захоплена ўскрыкнуў Скрудж. — Гэта ж добры стары Алі-Баба! Так-так, я помню! Неяк на Каляды, калі маленькае самотнае дзіця пакінулі тут, ён акурат вось так і з’явіўся першы раз, напраўду з’явіўся! Беднае дзіця! I Валянцін, і яго лясны брат Арсон* — яны ўсе прыйшлі! I яшчэ гэты, як яго... той, каго соннага паклалі ў панталонах ля брамы ў Дамаску — хіба ты яго не бачыш? А вось і султанаў конюх, якога джыны перакулілі ўверх нагамі! Вунь ён стаіць на галаве! Так яму і трэба! Я так рады! Якое ён меў права жаніцца з прынцэсай?
Ну і здзівіліся б дзелавыя партнёры Скруджа з лонданскага Сіці, калі б пачулі, як ён нязвыклым голасам, зрываючыся то ў плач, то ў крык, сур’ёзна раздабарвае на такія тэмы, калі б пабачылі яго ажыўлены і ўсхваляваны твар!
— А вось і папугай! — крычаў Скрудж. — Увесь зялёны, толькі хвосцік жоўты, а на макаўцы — чуб накшталт пучка салаты! Так, гэта ён! «Бедны Рабінзон Круза! — казаў ён гаспадару, калі той вярнуўся дадому,
праплыўшы вакол вострава. — Бедны Рабінзон Круза! Дзе ж ты быў, Рабінзон Круза?» Гаспадар думаў, што яму мроіцца, а вось і не! Гэта ўсё папугай, ну, вы ведаеце. А вось і Пятніца, бяжыць з усяе моцы да бухтачкі! Эге-гей! Гэй! Сюды!
I тут жа, нечакана хутка пераключыўшыся на ранейшага сябе, Скрудж спачувальна ўздыхнуў: «Беднае дзіця!» — і зноў заплакаў.
— Хацеў бы я... — прамармытаў ён, выцершы рукавом слёзы, а тады агледзеўся і засунуў руку ў кішэню. — Але запозна.
— Што запозна? — спытаў Дух.
— Ды нічога, — адказаў Скрудж. — Нічога. Нейкі хлопчык спяваў учора пад маімі дзвярыма калядку, і я хацеў бы даць яму што-небудзь. Вось і ўсё.
Дух задуменна ўсміхнуўся, махнуў рукой і сказаў:
— Паглядзім на іншыя Каляды!
Тут Скрудж-хлопчык пачаў расці, а пакой зрабіўся крыху бруднейшым і цямнейшым. Абшыўка рассохлася, вокны патрэскаліся, са столі абсыпаліся кавалкі тынкоўкі, агаліўшы драніцы, але як гэта атрымалася, Скрудж разумеў не лепш, чым мы з вамі. Ён ведаў толькі, што ўсё правільна, усё так, як і было, што тады ён зноў сядзеў адзін, пакінуты іншымі хлопчыкамі, якія паехалі дадому святкаваць вясёлыя Каляды.
Цяпер ён ужо не чытаў, а ў адчаі хадзіў туды-сюды. Скрудж зірнуў на Духа, скрушна пахітаў галавой і трывожна ўгледзеўся ў дзверы.