Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
— Ніхто яго не сарваў! — крычаў Скрудж, хапаючыся за полаг ложка. — Ніхто яго не сарваў, вось кольцы і ўсё астатняе! Полаг на месцы, я на месцы, і цені таго, што можа здарыцца, яшчэ не позна развеяць! Я развею іх! Я дакладна ведаю, што развею!
Скрудж ніяк не мог даць рады касцюму: выварочваў яго, надзяваў дагары нагамі, блытаў рукавы і штаніны і вычвараў кучу іншых бязглуздзіцаў.
— Ну і што мне цяпер рабіць? — смеючыся і плачучы, усклікнуў Скрудж, змагаючыся з панчохамі, як Лаакаон са змеямі. — Я лягчэйшы за пёрка, я шчаслівейшы за анёла, я весялейшы за хлапчука-гарэзу! Я бесклапотнейшы за выпіваку! Вясёлых Калядаў кожнаму дому! Шчаслівага Новага году ўсяму свету! Гэй-гэй! Ура! Гэй-гоп!
Ён праскакаў у гасцёўню і цяпер стаяў там, зусім задыхаўшыся.
— Вось і рондаль з кашай! — крычаў Скрудж, зноў падымаючы вэрхал і соўгаючыся ля каміна. — А вось і дзверы, праз якія прыйшоў дух Джэйкаба Марлі! Вось кут, у якім сядзеў Дух Сёлетніх Калядаў! А праз гэтае акно я бачыў прывідаў-блукальцаў! Усё правільна, усё як мае быць, усё гэта насамрэч было! Ха-ха-ха!
Смех быў цудоўны, проста выдатны, асабліва для чалавека, які ўжо столькі гадоў не практыкаваўся. Гэта быў смех — пачынальнік цэлай кагорты іншых звонкіх і радасных смехаў.
— Яшчэ б ведаць, які сёння дзень, — прамовіў Скрудж. — Цікава, колькі часу прабавіў я разам з Духамі? Я ўжо ні ў чым не ўпэўнены. Зусім як дзіця. Але нічога. Гэта ж дробязь. Гэта цудоўна — быць дзіцем! Гэй! Ура! Гэй-гоп!
Але тут царкоўныя званы перарвалі Скруджавы скокі, зазваніўшы так гучна, як не званілі ніколі раней. Бімбом-бум, дзінь-дзілі-дон. Дон-дзілі-дзінь, бум-бом-бім! Цуд, які цуд!
Скрудж падбег да акна, адчыніў яго і высунуў галаву вонкі. Ніякага туману, ніякае імжы, ясна, светла, бадзёра, мітусліва, холадна, мароз, які змушае кроў танчыць пад сваю дудку, залатыя блікі сонца, сіняе неба, салодкае свежае паветра, вясёлыя званы. Цуд, які цуд!
— Які ў нас сёння дзень? — пракрычаў Скрудж хлопчыку, што ў святочным убранні бадзяўся ўнізе і аглядаўся па баках.
— Чаго? — перапытаў хлопчык, бязмежна здзівіўшыся.
— Які ў нас сёння дзень, мой дарагі сябра? — паўтарыў Скрудж.
— Сёння?! — усклікнуў малы. — Дык сёння ж Каляды!
— Каляды? — прамармытаў Скрудж. — Значыць, я іх не прапусціў. Духі справіліся за адну ноч. Яны могуць усё, што захочуць, няма ніякіх сумневаў. Ніякіх. Гэй, мілы хлопча!
— Чаго вам?
— Ці ведаеш ты гандляра птушкай праз вуліцу, на рагу? — спытаў Скрудж.
— А як жа! — адказаў хлапчук.
— Якое кемлівае дзіця! — узрадаваўся Скрудж. — Проста цудоўны хлопец. Можа, ты яшчэ ведаеш, ці прадалі яны тую шыкоўную індычку, што вісіць на вітрыне? Толькі не маленькую, а самую вялізную.
— Тую, якая памерам рыхтык з мяне? — перапытаў хлопчык.
— Што за разумнае дзіця! — усклікнуў Скрудж. — Адно задавальненне з такім паразмаўляць. Так-так, жэўжык, менавіта яе!
— He прадалі, вісіць яшчэ, — адказаў хлопчык.
— Праўда? — перапытаў Скрудж. — Тады ідзі і купі яе!
— Ды ну вас! — заявіў малы.
— Не-не, я сур’ёзна, — сказаў Скрудж. — Ідзі і купі яе, і папрасі, каб прынеслі сюды, а я ўжо скажу, куды яе адправіць. Вяртайся да мяне з крамным служкам — і атрымаеш шылінг. Справішся за пяць хвілін — атрымаеш паўкроны!
Хлопчык куляй кінуўся ў крамку. Калі хто ўмее спускаць курок хаця б напалову так хутка, дык цаны няма такому стралку.
— Я адпраўлю яе Бобу Крэтчэту, — прашаптаў Скрудж, пацёр рукі і выбухнуў смехам. — А ён і ведаць не будзе, чый гэта падарунак. Яна ж разы ў два болыпая за Малога Ціма. Нават Джо Мілер* не прыдумаў бы такога жарту — адправіць Бобу індычку!
Почырк, якім ён надпісаў адрас, быў не зусім роўны, але неяк з гэтай справай разабраўшыся, ён спусціўся адчыніць уваходныя дзверы і дачакацца прыходу крамнага служкі. Стоячы ўнізе, Скрудж зачапіўся позіркам за дзвярны малаток.
— Я буду любіць яго да канца свайго жыцця! — пракрычаў Скрудж, паляпваючы па ім рукой. — Раней я на яго нават не глядзеў! Што за шчыры ў яго выраз твару! Выдатны, проста выдатны дзвярны малаток! А вось і індычка! Гэй-гоп! Добрага вам дня і вясёлых Калядаў!
Ну і птушка гэта была, скажу я вам. Наўрад ці яна магла пры жыцці падняцца на лапкі, а калі б і паднялася, лапкі тут жа зламаліся б, як сургучныя палачкі для пячатак.
— He, так проста да Кэмдэн-таўн вы яе не дацягнеце, — усклікнуў Скрудж, — трэба наймаць кэб.
Смех, з якім ён прамовіў гэтыя словы, і смех, з якім ён заплаціў за індычку, і смех, з якім ён потым разлічыўся за кэб, а таксама смех, з якім ён узнагародзіў хлопчыка, былі проста дробяззю ў параўнанні са смехам аж да слёз, з якім ён прысеў, запыхаўшыся, на крэсла.
Пагаліцца аказалася задачай не з лёгкіх: рука Скруджа ўсё яшчэ моцна дрыжала, а галенне ж патрабуе надзвычайнай пільнасці, нават калі вы не спрабуеце пры гэтым танчыць. Але калі б Скрудж адчыкаў сабе кончык носа, ён проста наляпіў бы зверху кавалачак пластыру і застаўся б цалкам задаволены.
Апрануўшыся ва ўсё найлепшае, ён урэшце выйшаў на вуліцу. Там ужо тоўпіліся людзі, якіх ён бачыў падчас вандроўкі з Духам Сёлетніх Калядаў. Заклаўшы рукі за спіну, Скрудж шпацыраваў туды-сюды і з прыемнай усмешкай разглядаў мінакоў. Ён выглядаў такім неадольна прыязным, што трое-чацвёра добразычлівых прахожых пажадалі яму вясёлых Калядаў і ўсяго самага добрага. Пазней Скрудж не раз казаў, што з усіх салодкіх гукаў, якія яму даводзілася чуць, гэтыя былі для яго вушэй найсаладзейшымі.
He паспеўшы адысці далёка ад дому, ён заўважыў таго самага мажнога джэнтльмена, што ўчора зазірнуў у яго кантору са словамі: «Скрудж і Марлі, калі не памыляюся?» У Скруджа ажно сэрца зашчымела, калі ён уявіў, якім позіркам змерыць яго гэты стары джэнтльмен, аднак ведаў, якая дарога яго чакае, і не збочыў з яе.
— Шаноўны сэр, — сказаў Скрудж, паскараючы крок і хапаючы старога джэнтльмена за рукі, — мае шчырыя вітанні. Спадзяюся, учора вам спадарожнічаў поспех. Вы робіце вельмі добрую справу. Вясёлых вам Калядаў!
— Містэр Скрудж, гэта вы?
— Ён самы, — пацвердзіў Скрудж. — Гэта маё імя, але, баюся, вам яно не надта прыемнае. Дазвольце папрасіць у вас прабачэння. Ці не будзеце вы так ласкавы... — і тут Скрудж прашаптаў яму штосьці на вуха.
— Божа літасцівы! — усклікнуў джэнтльмен, нібыта яму дух заняло. — Дарагі мой містэр Скрудж, вы што, сур’ёзна?
— Так, я настойваю, — адказаў Скрудж. — I ні на фартынг меней. За мною, паверце, набраўся вялікі доўг. Вы зробіце мне такую паслугу?
— Дарагі мой сэр, — прамовіў Скруджаў суразмоўца, паціскаючы яму руку, — нават не ведаю, што сказаць пра такую невера...
— He кажыце нічога, прашу вас, — запярэчыў Скрудж. — Заходзьце як-небудзь, калі ласка, у госці. Вы ж зойдзеце?
— Ахвотна! — усклікнуў стары джэнтльмен, і было бачна, што гэта чыстая праўда.
— Дзякуй вам, — сказаў Скрудж. — Я вельмі вам абавязаны. Тысячу разоў дзякуй! Бог вам у помач!
Ён схадзіў у царкву, потым пабадзяўся па вуліцах, паназіраў за людзьмі, што туляліся туды-сюды, пагладзіў дзяцей па галовах, пагутарыў з жабракамі, пазазіраў у кухні і вокны дамоў і зразумеў, што ўсё гэта прыносіць яму радасць. Ён і падумаць не мог, што нейкі шпацыр — ды ўвогуле хоць нешта — можа зрабіць яго такім шчаслівым. Папаўдні ён скіраваўся да дому пляменніка.
Разоў дзесяць прайшоўся ён міма дзвярэй, перш чым набраўся смеласці падняцца на ганак і пагрукаць.
— Гаспадар дому, даражэнькая? — спытаў Скрудж у дзяўчыны, што адчыніла дзверы. Якая слаўная дзяўчына! Вельмі слаўная.
— Так, сэр.
— I дзе ён, мілая? — працягнуў Скрудж.
— У ядальні, разам з гаспадыняй. Дазвольце я вас правяду.
— Дзякуй. Ён мяне ведае, — сказаў Скрудж, ужо хапаючыся за ручку дзвярэй. — Я сам прайду, мілая.
Асцярожна павярнуўшы ручку, ён нясмела зазірнуў за дзверы. Гаспадары акурат аглядалі стол (цудоўны, між іншага, серваваны) — гэтыя маладыя сем’і заўсёды хвалююцца пра такія дробязі і любяць правяраць, каб усё было добра.
— Фрэд! — паклікаў Скрудж.
Божа ўсёмагутны, як жа спалохалася жонка пляменніка! Яна сядзела ў куце, паставіўшы ногі на ўслончык, і Скрудж проста забыў пра яе, а іначай нізашто б так не зрабіў.
— Хто б гэта мог быць? — усклікнуў Фрэд.
— Гэта я. Твой дзядзька Скрудж. Я прыйшоў на абед. Можна мне ўвайсці, Фрэд?
Ці можна ўвайсці?! Добра яшчэ, што ён не адарваў дзядзьку руку, радасна яе паціскаючы. Праз пяць хвілін Скрудж адчуваў сябе як дома. Болып сардэчнага прыёму і ўявіць немагчыма. Жонка пляменніка выглядала гэтак жа, як падчас вандроўкі з Духам. Топер, калі прыйшоў, — таксама. Так-так, ён прыйшоў! Прыйшла і поўненькая сястрычка. I яна, і ўсе астатнія госці выглядалі так, як тады. Дзівоснае свята, дзівосныя гульні, дзівосная згода, дзівоснае шчасце!
Але наступным ранкам Скрудж як мага раней прыйшоў у кантору. О, было яшчэ зусім рана! Толькі б паспець першым, толькі б злавіць Боба Крэтчэта, які, безумоўна, спозніцца! Вось пра што марыў ён наступным ранкам.
Так усё і атрымалася! Вось гадзіннік прабіў дзевяць, а Боба няма. Чвэрць на дзясятую — Боба ўсё яшчэ няма. I прыйшоў ён толькі ў васямнаццаць з паловай хвілін! Скрудж сядзеў, шырока расчыніўшы дзверы, каб не прапусціць моманту, калі клерк зойдзе ў свой заканурак.
Яшчэ не ўвайшоўшы ў кантору, Боб сцягнуў капялюш і разматаў шалік. Літаральна праз імгненне ён ужо сядзеў на сваім зэдліку і з такой хуткасцю вадзіў па аркушы пяром, нібыта спрабаваў дагнаць прапушчаны час.
— Ну, прывітанне, прывітанне! — прабурчаў Скрудж сваім звычайным голасам, наколькі ён мог цяпер яго пераняць. — I як вы патлумачыце сваё з’яўленне на працы ў такі позні час?
— Я вельмі перапрашаю, сэр, — сказаў Боб. — Я і праўда спазніўся.
— Вось як? — перапытаў Скрудж. — Так-так, думаю, што спазніліся. Ідзіце сюды, сэр, зрабіце ласку.
— Але гэта толькі раз на год, сэр, — маліў Боб, выходзячы са свае каморкі. — Больш такое не паўторыцца. Я ўчора трошкі павесяліўся, сэр.
— Вось што я вам, даражэнькі, скажу, — прамовіў Скрудж. — Я не збіраюся болей гэтага цярпець. I таму... — тут ён ускочыў з крэсла і так тузануў Боба за камізэльку, што яе гаспадар адляцеў назад у свой заканурак. — I таму я збіраюся падняць вам жалаванне!
Боб затросся і падсунуўся трошкі бліжэй да лінейкі. У яго галаве ліхаманкава пранеслася ідэя аглушыць ёй Скруджа, скруціць і паклікаць людзей, што адвезлі б яго ў вар’ятню.