Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
— Вясёлых Калядаў, Боб! — з непадробнай шчырасцю сказаў Скрудж і ляпнуў клерка па спіне. — Весялейшых Калядаў, дарагі дружа, чым тыя, што былі ў вас па маёй віне раней. Я падыму вам жалаванне і пастараюся дапамагаць вашай беднай сям’і. Мы абмяркуем вашыя справы сёння пасля абеду, Боб, за калядным кубкам глінтвейну. Але перш чым вы паставіце яшчэ адну кропку над «і», Боб Крэтчэт, купіце вядзерца вугалю і распаліце агонь гарачэй!
Скрудж не проста трымаў слова — ён трымаў яго абедзвюма рукамі. Ён выканаў усё, што паабяцаў, і нават непараўнальна болей. Малому Ціму — а ён не памёр — Скрудж зрабіўся другім бацькам. Такога добрага сябра, такога добрага гаспадара і такога добрага чалавека не бачыў яшчэ наш стары добры горад, ды і ніякі іншы стары добры горад, гарадок ці мястэчка ў нашым старым добрым свеце. Хтосьці, пабачыўшы такія змены, пачынаў смяяцца, але хай сабе смяецца, Скруджа гэта зусім не хвалюе, ён дастаткова мудры, каб ведаць: што б ні здарылася добрага ў нашым свеце — хто-небудзь абавязкова пасмяецца. Ён разумеў, што такія людзі — слепакі, але хай сабе: у свеце ёсць нашмат больш непрыемныя грымасы, чым усмешкі
ці нават ухмылкі. Яго ўласнае сэрца смяялася, і гэтага было дастаткова.
Ніякіх дачыненняў з духамі ён больш не меў, надалей кіруючыся ў гэтым прынцыпамі поўнага ўстрымання, і пра яго заўсёды казалі, што ён лепш за ўсіх на свеце ведае, як правільна ўшанаваць Каляды. Эх, каб жа і пра нас такое маглі сказаць, пра кожнага з нас! I, як слушна заўважыў Малы Цім, блаславі нас Бог, усіх да аднаго!
3 ангельскай мовы пераклала Ганна Янкута
Ханс Крысціян Андэрсэн
ДЗЯЎЧЫНКА 3 СЯРШЧКАМІ
Быў люты мароз, падаў снег і апускаўся цёмны вечар — а быў гэта апошні вечар у годзе, пераднавагодні. I ў гэты холад, і ў такі змрок маленькая, бедная дзяўчынка ішла вуліцай з непакрытаю галавою і басанож. He, у яе на нагах, канечне, былі туфлі, калі яна выходзіла з дому, але што з таго! Туфлі былі занадта вялікія: апошняй іх насіла маці — вось якога яны былі памеру! He дзіва, што дзяўчынка згубіла іх, перабягаючы вуліцу перад дзвюма павозкамі, што несліся міма са страшным грукатам. Адзін туфель яна так і не знайшла, а з другім збег нейкі хлопчык — ён сказаў, што зробіць з яго зыбку, калі ў яго з’явяцца дзеці.
I вось гэтая маленькая дзяўчынка ступала па дарозе сваімі босымі ножкамі, і тыя ўжо пачырванелі і пасінелі ад холаду. У старым фартушку яна несла шмат карабкоў з сярнічкамі, а адзін карабок заціснула ў кулачку. За ўвесь дзень нічога так і не прадалося, і ніхто не падаў ёй нават дробнай манеткі. Галодная і азяблая, ішла яна вуліцай і здавалася такою прыгнечанай, небарачка!
Сняжынкі апускаліся на яе доўгія русыя валасы, якія падалі прыгожымі хвалямі ёй на плечы, але яна зусім не думала пра сваё хараство. Ва ўсіх за вокнамі ззялі свечкі, па вуліцы разліваўся смачны пах смажаных гусак. Гэта быў пераднавагодні вечар — вось чым
былі занятыя яе думкі. Паміж двума дамамі быў закутак — адзін дом больш выдаваўся на вуліцу, чым другі. Дзяўчынка села там, падабраўшы пад сябе ножкі, і ўся сціснулася, але толькі яшчэ больш мерзла. Дадому ж яна ісці баялася, бо тады бацька адлупцаваў бы яе за тое, што яна не прадала ніводнага карабка і не атрымала ніводнай манеткі. Ды, урэшце, дома таксама было сцюдзёна — дом той, лічы, быў адно дахам над галавой, а так адусюль свістаў вецер, хоць яны і заканапацілі найбольшыя дзіркі саломай ды анучамі. Далоні дзяўчынкі амаль зусім змярцвелі ад холаду. Ах! Маленькая сярнічка магла б яе сагрэць. Варта толькі дастаць адну з карабка, чыркнуць аб сцяну і пагрэць пальчыкі. Яна выцягнула сярнічку, і — чырк! — як тая шуганула агнём, як запалала! Полымя было такое цёплае і яркае, што здавалася, яна трымае рукі над маленькай свечкай — і што за чароўная гэта была свечка! Дзяўчынцы прымроілася, што яна сядзіць перад вялікай жалезнаю печкай з бліскучымі масянжовымі ручкамі і бакамі. Агонь гарэў так самазабыўна і грэў так добра! Але што гэта? — дзяўчынка выцягнула ногі, каб сагрэць таксама і іх, — і тут полымя згасла, печка знікла, і яна засталася сядзець з маленькім недагаркам ад спаленай сярнічкі Ў РУЦЭ.
Чыркнула новая сярнічка, загарэлася, заззяла, і там, дзе святло ад яе ўпала на мур, той зрабіўся празрыстым, нібыта вэлюм. Дзяўчынка ўбачыла перад сабой пакой, дзе стаяў стол, накрыты сляпуча-белым абрусам, на якім быў расстаўлены посуд з тонкага фарфору, а ў цэнтры смачна дымілася смажаная гуска, фаршыраваная чарнаслівам і яблыкамі! А яшчэ цудоўнейшым было тое, што гуска саскочыла са спода і, перавальваючыся, паклыпала па падлозе з відэльцам ды нажом у спіне проста да беднай дзяўчынкі! Але тут сярнічка згасла, і перад ёй застаўся толькі тоўсты, халодны мур.
Яна запаліла яшчэ адну. I вось дзяўчынка апынулася ля найчароўнейшай каляднай яліны — яшчэ болып высокай і прыгожай, чым тая, якую яна бачыла за шклянымі дзвярамі ў багатага купца на мінулыя Каляды. Тысячы свечак гарэлі на зялёных галінах, і каляровыя карцінкі, быццам з упрыгожаных вітрынаў, глядзелі на яе адтуль. Дзяўчынка выцягнула да іх рукі — і тут сярнічка пагасла, і ўся безліч калядных свечак пачала ўздымацца вышэй і вышэй — і вось яны ўжо зрабіліся яснымі зоркамі над яе галавой. Адна з іх сарвалася і ўпала, пакінуўшы ў небе доўгі агністы след.
«Нехта памрэ», — падумала дзяўчынка, бо старая бабуля, якая адна была з ёю ласкавая — але яна ўжо памерла, — казала, што калі падае знічка, то чыясьці душа адлятае да Бога.
Дзяўчынка зноў чыркнула сярнічкай аб мур — тая заззяла, і ў гэтым святле паўстала яе старая бабуля — такая азораная, такая светлая, такая пяшчотная і мілая!
— Бабуля! — усклікнула дзіця. — О, вазьмі мяне да сябе! Я ведаю, ты знікнеш, калі дагарыць сярнічка, знікнеш, як знікла цёплая печка, і цудоўная смажаная гуска, і вялікая вясёлая калядная елка! — і дзяўчынка таропка чыркнула ўсімі сярнічкамі, што заставаліся ў карабку: яна так хацела затрымаць бабулю! I сярнічкі заззялі так ярка, што вакол зрабілася святлей, чым у ясны дзень. Бабуля ніколі раней не была такой прыгожаю і ўрачыстай, яна ўзяла дзяўчынку на рукі, і яны паляцелі ў ззянні і радасці высока-высока, і не было больш ні холаду, ні голаду, ні трывог — цяпер яны былі ў Бога!
А ў закутку за домам сядзела халоднай раніцай маленькая дзяўчынка з чырвонымі шчочкамі ды з усмешкай на твары — мёртвая, замерзлая насмерць у апошні вечар старога году. Навагодні ранак уздымаўся над ма-
ленькай нябожчыцай, якая сядзела, заціснуўшы ў кулачку абгарэлыя сярнічкі.
— Яна хацела сагрэцца! — казалі людзі.
Ніхто не ведаў, якое хараство яна бачыла і ў якім ззянні яна са старой бабуляй узнялася да навагодніх вышыняў шчасця!
3 дацкай мовы пераклала Алеся Башарымава
Браты Грымы
ДЛМЛВІКІ
Жыў адзін бедны шавец, у якога ўжо нічога не засталося, апрача скуры на адну пару абутку. I вось увечары ён выразаў закройку для ботаў, над якімі збіраўся працаваць заўтра. Сумленне ў яго было чыстае, ён лёг спакойна ў ложак, даверыў сябе Богу і заснуў. Раніцай ён памаліўся і думаў ужо сесці працаваць, глядзіць — а боты стаяць гатовыя ў яго на стале. Шавец здзівіўся і не ведаў, што сказаць на гэта.
Ён узяў боты ў рукі, каб разгледзець іх зблізку. Як акуратна ўсё зроблена — шво да шва! Гэта была праца сапраўднага майстра. Неўзабаве зайшоў пакупнік, і боты яму так спадабаліся, што ён заплаціў за іх болып, чым звычайна, і шавец змог за гэтыя грошы набыць скуры яшчэ для дзвюх параў.
Увечары ён зноў выкраіў скуру для ботаў і думаў наступнай раніцай з новымі сіламі ўзяцца за працу, але яму гэта не спатрэбілася. Бо калі ён падняўся, адбылося тое самае: боты былі ўжо гатовыя. Пакупнікі заплацілі шаўцу так шмат, што гэтым разам ён набыў скуру для чатырох параў. I гэтыя чатыры пары раніцай стаялі гатовыя ў яго на стале. Так ішло і далей: што ён рыхтаваў увечары, раніцай было ўжо гатовае, так што хутка ён займеў прыстойны заробак і нарэшце зрабіўся замож-
ным чалавекам.
Але аднойчы ўвечары, незадоўга да Раства, шавец зноў рабіў выкрайку для ботаў і перад тым, як пайсці спаць, сказаў сваёй жонцы: «А што, калі мы не будзем класціся, а паглядзім, хто ж гэта нам так дапамагае?» Жонка пагадзілася і патушыла святло. Пасля гэтага яны схаваліся ў куце за адзежаю, якая там вісела, і пачалі ўважліва сачыць за тым, што адбываецца ў пакоі.
Апоўначы раптам з’явіліся два маленькія, прыгожанькія, голыя чалавечкі, селі за шаўцоў стол, узялі яго закройку і пачалі сваімі пальчыкамі так спрытна і хутка калоць, шыць, прыбіваць, што шавец вачэй не мог адвесці, такі ён быў здзіўлены. Яны не спыняліся, пакуль не скончылі працу, а потым шпарка паскакалі прэч.
Наступнай раніцай жонка сказала: «Чалавечкі зрабілі нас багатымі, мы мусім ім аддзячыць. Яны бегаюць сюды-туды, але не маюць нічога з адзежы і, відаць, мерзнуць. Ведаеш што? Я пашыю для іх кашулькі, каптаны, нагавічкі і кожнаму па пары панчохаў, а ты змайструй для кожнага пару чаравічак». Муж сказаў: «Твая праўда, так і зробім». I вось увечары, падрыхтаваўшы ўсё, што трэба, яны паклалі падарункі замест выкрайкі на стол і зноў схаваліся, каб паглядзець, як паставяцца да гэтага чалавечкі. Апоўначы чалавечкі прыскакалі і хацелі адразу ж узяцца за працу, але скуры не было, яны знайшлі толькі маленькія апранахі. Спачатку чалавечкі здзівіліся, але потым вельмі ўзрадаваліся. Вельмі хутка яны надзелі ўсё гэта, расправілі прыгожую вопратку на сабе і заспявалі:
Ці ж мы не файныя хлапцы?
Чаму ж дагэтуль мы шаўцы?
I потым затанчылі, заскакалі па крэслах і па лаўках. Урэшце чалавечкі выскачылі за дзверы — і з таго часу
болып не прыходзілі. Але ў шаўца цяпер усё было добра — і так да канца яго дзён, за што б ён ні браўся, усё яму ўдавалася як найлепш.
3 нямецкай мовы пераклаў Альгерд Бахарэвіч
ДЗІЦЯ МАРЫІ
Край вялікага лесу жыў дрывасек са сваёй жонкай, і было ў іх толькі адно дзіця — дзяўчынка трох гадоў. Але яны былі такія бедныя, што не мелі болей хлеба і не ведалі, чым ім карміць дачку. I вось аднойчы ўранні невясёлы дрывасек пайшоў у лес працаваць, і калі ён сек дрэвы, перад ім раптам з’явілася прыгожая высокая жанчына, на галаве якой была карона, складзеная з зіхоткіх зорак. Яна сказала дрывасеку: «Я Панна Марыя, Маці немаўляці Ісуса, ты бедны і жывеш у галечы, аддай мне сваё дзіця, я хачу ўзяць яго з сабой, буду клапаціцца пра яго і буду яму як маці». Дрывасек паслухаўся, прынёс дзіця і аддаў яго ў рукі Марыі, якая забрала яго з сабой на нябёсы. Там дзяўчынцы жылося добра, яна ела белы хлеб з салодкім малаком, а яе адзежа была з золата, і анёлкі любілі гуляць з ёй.