Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
Калі ёй споўнілася чатырнаццаць, Панна неяк паклікала яе да сябе і сказала:
— Мілае дзіця, я выпраўляюся ў доўгае падарожжа, вось, вазьмі — гэта ключы ад трынаццаці пакояў нябеснага царства. Я даю іх табе на захаванне. Дванаццаццю ключамі ты можаш карыстацца і адмыкаць імі ўсе дзверы, якія пажадаеш. Але трынаццатым ключом, самым маленькім, табе карыстацца забаронена. Сцеражыся ад-
чыняць дзверы, да якіх ён пасуе, інакш з табой здарыцца няшчасце.
Дзяўчынка абяцала быць паслухмянай. I калі Панна Марыя выправілася ў дарогу, пачала аглядаць пакоі нябеснага царства. Кожны дзень яна адчыняла адны дзверы — і вось пабачыла ўжо ўсе дванаццаць пакояў. У кожным сядзеў апостал, і вакол яго ўсё было такое бліскучае і раскошнае, і дзяўчынка цешылася з гэтай раскошы і прыгажосці, а анёлкі, якія паўсюль яе суправаджалі, цешыліся разам з ёй. I вось толькі адны дзверы засталіся неадамкнутыя, дзяўчынка адчула неадольнае жаданне даведацца, што там схаванае. Тады яна сказала:
— He падумайце, я не хачу цалкам адчыняць гэтыя дзверы і не хачу заходзіць у гэты пакой, але мы можам проста паглядзець у шчылінку, што там такое.
— He! — сказалі анёлкі. — Гэта грэх! Панна Марыя забараніла табе рабіць гэта, з табой можа здарыцца няшчасце!
Дзяўчынка прыціхла, але цікаўнасць у яе сэрцы не маўчала, а калола і дражніла гэтае маленькае сэрца і не пакідала яго ў спакоі. I калі аднойчы ўсе анёлкі некуды пайшлі, дзяўчынка падумала: цяпер я адна і магу зазірнуць у той пакой, ніхто не даведаецца, што я зрабіла. Яна дастала патрэбны ключ, і калі ключ апынуўся ў яе руках, яна ўставіла яго ў замок, а калі ён апынуўся ў замку, яна павярнула яго... Дзверы адскочылі, і дзяўчынка пабачыла Святую Тройцу ва ўсім яе агні і бляску! Яна пастаяла крыху, заварожана разглядаючы ўсё гэта, а потым дакранулася пальцам да бліскучага ззяння — і яе палец зрабіўся залаты. Дзяўчынка вельмі спалохалася, шчыльна зачыніла дзверы і пабегла адтуль. Але страх не пакідаў яе, і сэрца працягвала біцца і не знаходзіла спакою, і золата заставалася на яе пальцы, як ні намагалася дзяўчынка адмыць яго або адцерці.
Мінула не так шмат часу, і Панна Марыя вярнулася са свайго падарожжа. Яна паклікала дзяўчынку да сябе і загадала аддаць ключы ад нябеснага царства. Калі дзяўчынка падавала ёй ключы, Панна Марыя зазірнула ёй проста ў вочы і спытала:
— Ты не адчыняла трынаццатыя дзверы?
— He, — адказала дзяўчынка.
Тады Панна Марыя паклала руку дзяўчынцы на сэрца, адчула, як тое б’ецца, і зразумела, што яе загад быў парушаны і дзверы былі адамкнутыя.
— Ты дакладна не рабіла гэтага? — другі раз спытала Панна Марыя.
— He, — адказала дзяўчынка другі раз.
Тады Панна Марыя паглядзела на палец, які зрабіўся ўвесь залаты ад нябеснага ззяння, пераканалася, што дзяўчынка награшыла, і спытала трэці раз:
— Ты не рабіла гэтага?
— He, — сказала дзяўчынка трэці раз.
I тады Панна Марыя прамовіла:
— Ты не паслухалася мяне, а да таго ж схлусіла. Таму ты больш не дастойная жыць на небе.
I дзяўчынку апанаваў глыбокі сон. Калі яна прачнулася, то ляжала на зямлі, унізе, пасярод гушчару. Яна хацела паклікаць на дапамогу, але не магла вымавіць ні гуку. Яна ўскочыла і хацела бегчы адтуль, але ў які бок ні паварочвалася, скрозь былі густыя зараснікі, праз якія яна не магла прабрацца.
У гушчары, дзе яна апынулася, быццам у палоне, стаяла старое дуплістае дрэва: у ім дзяўчынка і мусіла жыць. Калі надыходзіла ноч, яна запаўзала туды і спала ў дупле, там жа знаходзіла сабе прытулак, калі быў дождж або навальніца.
Але гэта было ўбогае жыццё. Дзяўчынка горка плакала, успамінаючы пра тое, як добра ёй было на небе і як з ёю гулялі анёлкі.
Адзінай ежай ёй былі карэньчыкі і лясныя ягады. Увосень яна збірала апалае лісце і арэхі і адносіла ў сваё дупло. Арэхамі яна сілкавалася ўзімку, а калі ўсё навокал пакрывалася снегам і лёдам, яна запаўзала пад ахапкі лісця, каб схавацца ад холаду.
Вопратка яе хутка парвалася і лахманамі звісала з цела. Калі ж сонейка зноў пачынала прыпякаць, яна выходзіла са свайго схову і садзілася пад дрэвам, прыкрываючыся доўгімі валасамі, быццам плашчом.
Так яна гібела год ад году, церпячы ўсе беды й пакуты зямнога існавання.
Аднойчы, калі дрэвы зноў зазелянелі, кароль той краіны, палюючы ў лесе, пагнаўся за казуляй. Казуля ўцякла ў кусты, што раслі вакол старога дрэва, і ён сышоў з каня і мячом пачаў пракладаць сабе шлях скрозь зараснікі.
Прабіўшыся нарэшце скрозь гэты гушчар, ён убачыў дзяўчыну неймавернай пекнаты, якая сядзела пад дрэвам і якую з галавы да пятаў хвалямі захіналі залацістыя валасы.
Ён спыніўся, моўчкі, са здзіўленнем узіраючыся ў яе, а затым спытаў:
— Хто ты такая і навошта сядзіш ты тут, у гэтай лясной глухмені?
Яна нічога не адказала, бо не магла растуліць вуснаў.
Кароль працягваў:
— Хочаш пайсці са мной у мой замак?
Дзяўчына адказала яму толькі лёгкім кіўком галавы.
Тады ўзяў яе кароль на рукі, данёс да свайго каня і паехаў з ёю дадому. Калі яны прыехалі ў ягоны каралеўскі палац, ён загадаў апрануць яе ў самае шыкоўнае адзенне і даць ёй усё, што толькі пажадае яе душа. I хоць яна не магла гаварыць, прыгажосць яе была такая чароўная, што кароль пакахаў яе ўсім сэрцам і праз нейкі час ажаніўся з ёй.
He мінула і году, як каралева нарадзіла сына. I вось аднойчы ўначы, калі яна ляжала адна ў ложку, перад ёй з’явілася Панна Марыя і сказала:
— Калі ты скажаш мне праўду і прызнаешся, што адчыняла забароненыя дзверы, я адкрыю твае вусны і вярну табе дар мовы; калі ж ты пачнеш упарціцца ў сваім граху і будзеш настойліва адмаўляць сваю віну, я забяру ў цябе тваё нованароджанае дзіця.
Каралева атрымала магчымасць сказаць нарэшце праўду, але заўпарцілася і зноў сказала:
— He, я не адмыкала забароненых дзвярэй.
Тады Панна Марыя ўзяла з яе рук немаўля і знікла з ім.
Назаўтра, калі дзіцяці нідзе не маглі знайсці, падняўся гоман у народзе: «Наша каралева — людажэрка, роднае дзіця загубіла». Яна ўсё чула, ды нічога запярэчыць не магла, кароль жа не хацеў гэтаму верыць, таму што моцна кахаў яе.
Праз год у каралевы нарадзіўся яшчэ адзін сын, і зноў ноччу прыйшла да яе Панна і сказала:
— Цяпер ты згодная пакаяцца ў тым, што адмыкала забароненыя дзверы? Калі прызнаешся, я аддам табе твайго першага сына і вярну дар слова, калі ж будзеш упарціцца ў граху і адмаўляць віну сваю — адбяру ў цябе і гэтае немаўля.
I зноў адказала каралева:
— He, я не адчыняла забароненых дзвярэй.
Панна ўзяла з ейных рук дзіця і ўзнеслася з ім на нябёсы.
Назаўтра, калі зноў высветлілася, што і гэтае дзіця каралевы знікла, народ ужо адкрыта казаў, што каралева зжэрла яго, і дарадцы караля запатрабавалі зладзіць над каралевай суд.
Але кароль так яе кахаў, што ўсё не хацеў верыць абвінавачанням. Ён загадаў сваім дарадцам пад стра-
хам смяротнага пакарання, каб пра гэта болей не было і гаворкі.
На наступны год нарадзіла каралева надзвычай прыгожую дзяўчынку. Трэці раз з’явілася перад ёй ноччу Панна Марыя і сказала:
— Ідзі за мною!
Узяла Марыя каралеву за руку, павяла на неба і паказала ёй там абодвух яе старэйшых дзяцей: яны сустрэлі яе вясёлым смехам, гуляючы зямным шарам, яблыкам Святой Панны.
Узрадавалася каралева, гледзячы на іх, а Панна сказала:
— Няўжо тваё сэрца не памякчэла? Калі ты прызнаешся, што адмыкала тады забароненыя дзверы, я вярну табе абодвух тваіх сыночкаў.
Але каралева і трэці раз адказала:
— He, я не адчыняла забароненых дзвярэй.
Тады Панна зноў апусціла яе на зямлю і адняла ў яе трэцяе дзіця.
Калі на наступную раніцу разнеслася вестка аб знікненні малой прынцэсы, народ гучна закрычаў: «Каралева — людажэрка! Яна заслугоўвае толькі смерці!» I кароль ужо не мог больш пярэчыць сваім дарадцам.
Над каралевай быў зладжаны суд. Аднак яна не магла вымавіць ні слова ў сваю абарону, і яе прысудзілі да спалення на вогнішчы.
Былі прынесеныя дровы, і калі вакол каралевы, што была моцна прывязаная да слупа, з усіх бакоў з’явілася полымя, лёд яе гордасці пачаў таяць, а ў сэрцы заварушылася раскаянне ў сваёй віне. «Калі б я хаця б перад смерцю магла пакаяцца, што адчыняла тыя дзверы!» I тут яе голас вярнуўся, і яна гучна закрычала:
— Святая Панна, я гэта зрабіла!
Тут жа з нябёсаў паліўся дождж і патушыў агонь, над асуджанай каралевай узнікла сляпучае ззянне,
і на зямлю сышла з нябёсаў Панна Марыя з абодвума сынамі каралевы і яе дачкою.
— Хто прызнаецца ў сваім граху і раскайваецца ў ім, таму грэх даруецца, — ласкава прамовіла Панна, аддала каралеве трох яе дзяцей, вызваліла ёй язык і надзяліла шчасцем на ўсё астатняе жыццё.
3 нямецкай мовы пераклаў Альгерд Бахарэвіч
0. Генры
ДАРЫ МУДРАЦОЎ
Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. I ўсё. Прычым шэсцьдзесят цэнтаў з іх — аднацэнтавымі манеткамі. Манеткамі, за кожную з якіх яна так таргавалася з бакалейшчыкам, зяленіўшчыкам або мясніком, што тыя пачыналі чырванець, ціха ненавідзячы яе за празмерную скнарлівасць. Дэла пералічыла тройчы. Адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў. А заўтра Раство.
Як тут не плюхнуцца на старэнькую заседжаную KaHany і не заплакаць? I Дэла плюхнулася і заплакала. Калі задумацца, то жыццё складаецца з расчараванняў, рыданняў і ўсмешак, але пераважна — з расчараванняў.
Дамо гаспадыні трохі часу апрытомнець, а пакуль агледзім дом. Мэбляваная кватэрка за восем даляраў у тыдзень. He тое каб зусім ужо халупа, але менавіта гэтае слова ўжылі б прадстаўнікі санітарнай інспекцыі.
Унізе ў вестыбюлі вісела паштовая скрыня, у якую ніколі не прасунуўся б ніводны ліст, і электрычны дзвярны званок, з якога ніводны смяротны не здолеў бы выціснуць ані гуку. У дадатак да ўсяго побач была прыладжаная шыльда з надпісам «Містэр Джэймс Дылінгем Янг».
Імя «Дылінгем» яшчэ веяла напамінам пра часы росквіту, калі яго ўладальнік зарабляў трыццаць даляраў у тыдзень. Цяпер жа, калі прыбытак скараціўся
да дваццаці даляраў, пара пачала ўсур’ёз падумваць аб тым, каб скараціць яго да сціплага й някідкага «Д.». Але штораз, калі містэр Джэймс Дылінгем Янг вяртаўся дадому і падымаўся да сябе ў кватэру, ён чуў пяшчотнае «Джым» і апынаўся ў сардэчных абдымках жонкі, якую, як вы ўжо ведаеце, звалі Дэлай. I гэта было цудоўна.
Дэла выплакалася і трохі падпудрыла шчокі. Яна стаяла ля акна і нявесела назірала за шэрай коткай, што ступала па шэрай агароджы ў шэрым двары. Заўтра Раство, а ў яе толькі адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Колькі месяцаў яна збірала іх па манетцы — і вось што мае ў выніку. На дваццаць даляраў у тыдзень далёка не заедзеш. Выдаткі выйшлі большымі, чым яна меркавала. Так заўжды. Усяго адзін даляр і восемдзесят сем цэнтаў на падарунак Джыму. Ейнаму Джыму. Колькі шчаслівых гадзінаў прабавіла яна, мроячы аб чымсьці прыгожым для яго. Чымсьці добрым, рэдкім і сапраўды якасным — чымсьці, што было б хоць трохі вартым гонару звацца ўласнасцю Джыма.