Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
Паміж вокнамі ў пакоі стаяла трумо. Можаце сабе ўявіць, якое бывае трумо ў кватэры за восем даляраў. Толькі вельмі худая і рухавая асоба змагла б сабраць у адно свае адлюстраванні ў доўгіх вузкіх люстэрках. Дэла была даволі стройная, таму ёй гэта ўдавалася.
Раптам яна адскочыла ад акна і стала перад люстэркам. Ейныя вочы зіхцелі, як дыяменты, але твар праз дваццаць секунд збляк. Рэзкім рухам яна распусціла валасы, і яны спалі з яе плячэй на ўсю сваю даўжыню.
У маладых Янгаў засталіся толькі дзве рэчы, якімі яны напраўду маглі ганарыцца. Першая — залаты гадзіннік Джыма, які дастаўся яму ад бацькі, а таму — ад дзеда. А другая — валасы Дэлы. Калі б царыца Саўская жыла ў доме насупраць, Дэла б наўмысна прасушвала валасы пасля ванны, высунуўшыся ў акно, каб яны зацянялі сабой бляск усіх упрыгожанняў і пышных
строяў Яе Вялікасці. А калі б цар Саламон быў швейцарам у іхным доме і хаваў у сутарэнні ўсе свае скарбы, Джым бы штораз глядзеў на свой гадзіннік, праходзячы міма, каб убачыць, як той дзярэ на сабе ад зайздрасці бараду.
I вось цяпер распушчаныя прыгожыя валасы Дэлы пераліваліся вадаспадам каштанавых хваляў. Яны даставалі ёй да кален і маглі б выдатна замяніць адзежу. Раптам яна нервова і паспешліва пачала зноў іх збіраць. Затым застыла на хвіліну, быццам вагаючыся, і з ейных вачэй выкаціліся і ўпалі на пацёрты чырвоны дыван дзве слязінкі.
Старэнькая карычневая жакетка. Старэнькі карычневы капялюш. 3 шолахам спадніцаў і дыяментавымі яскаркамі ў вачах яна выпырхнула за дзверы і, спусціўшыся па лесвіцы, выбегла на вуліцу.
Спынілася яна пад шыльдай: «М-м Сафрані. Вырабы з валасоў». Дэла ўзляцела па лесвіцы на другі паверх і ўвайшла, запыханая, але сабраная. Вялікай беласкурай мадам з каменным тварам наўрад ці пасавала імя Сафрані.
— Вы набудзеце мае валасы? — спытала Дэла.
— Я купляю валасы, — сказала мадам. — Здымі, дзетка, капялюшык і дай мне на іх зірнуць.
I вадаспад каштанавых хваляў паліўся долу.
— Дваццаць даляраў, — сказала мадам, узважыўшы валасы спрактыкаванай рукой.
— Давайце хутчэй, — пагадзілася Дэла.
Box, наступныя дзве гадзіны яна лётала, быццам мятлік. Але метафары тут лішнія. Яна шмыгала па крамах у пошуку падарунка для Джыма.
Урэшце яна яго знайшла. Без сумневу, ён быў створаны для Джыма і ні для кога болей. Яна перавярнула ўсе крамы, і ні ў адной такога не было. Гэта быў плацінавы ланцужок для кішэннага гадзінніка, просты і сціплы
з выгляду, аб вартасці якога сведчылі не мудрагелістыя ўзоры і аздабленні, а адно матэрыял, з якога ён быў выраблены, — як і належыць сапраўды добрым рэчам. Гэты ланцужок быў варты Яго Гадзінніка. Толькі зірнуўшы на яго, яна зразумела, што ён мусіць належаць Джыму. Яны былі падобныя. Спакой і вартасць — вось што іх аб’ядноўвала. За ланцужок з яе ўзялі дваццаць адзін даляр, і з васьмюдзесяццю сямю цэнтамі яна паспяшала дадому. 3 такім ланцужком Джым можа не хвалявацца, у якой бы кампаніі яго ні папрасілі падказаць час. Яму больш не давядзецца пазіраць цішком на такі выдатны гадзіннік, саромеючыся старога скуранога паска, прыладжанага замест ланцужка.
Калі Дэла вярнулася дадому, розум ейны трохі працверазеў, і ўзрушэнне саступіла разважлівасці. Яна дастала абцужкі для завівання валасоў, запаліла газніцу і прынялася выпраўляць разбурэнні, нанесеныя велікадушнасцю, спалучанай з любоўю. А гэта, сябры мае, заўсёды велізарная праца — тытанічная праца.
Праз сорак хвілін уся яе галава была пакрытая мноствам маленькіх завіткоў, што рабіла яе надзіва падобнай да школьніка-прагульшчыка. Яна доўга і старанна разглядала сябе ў люстэрку, ацэньваючы свой новы вобраз.
— Калі Джым не заб’е мяне, — сказала яна сабе, — убачыўшы мяне такую, ён скажа, што я падобная да харысткі з Коні-Айлэнд. Але што я магла зрабіць — Божа! — што я магла зрабіць на даляр і восемдзесят сем цэнтаў?
Роўна а сёмай гадзіне кава была прыгатаваная, а на плітцы грэлася патэльня, чакаючы адбіўных.
Джым ніколі не спазняўся. Дэла ўзяла ў руку складзены ўдвая ланцужок і села на край стала побач з дзвярыма, чакаючы мужа. Хутка яна пачула на лесвіцы ўнізе ягоныя крокі і раптам на момант збляднела. Яна часта прамаўляла сама сабе кароценькія малітвы з нагоды
штодзённых клопатаў і цяпер прашаптала: «Прашу Цябе, Госпадзе, хай ён па-ранейшаму лічыць мяне прыгожай».
Дзверы адчыніліся, Джым увайшоў у кватэру і зачыніў іх. Ён выглядаў схуднелым і вельмі сур’ёзным. Небарака, хлапцу было ўсяго дваццаць два, а ён ужо нёс на плячах нялёгкі цяжар сем’яніна. Паліто ягонае даўно патрабавала абноўкі, а пальчатак і зусім не было.
Ён застыў у дзвярах, як сэтэр, што ўчуў перапёлку. Яго вочы ўтаропіліся ў Дэлу, але яна не магла разабраць, што ў іх напісана, і гэта напужала яе. Гэта не было ні злосцю, ні здзіўленнем, ні асуджэннем, ні страхам, ні хоць якім з тых пачуццяў, якіх яна чакала. Ён проста неадрыўна глядзеў на яе ўсё тым жа асаблівым незразумелым поглядам.
Дэла саслізнула са стала і падышла да яго.
— Джым, любы, — усхапілася яна, — не глядзі на мяне так. Я абстрыгла валасы і прадала іх, бо нізашто не прабачыла б сабе, калі б не зрабіла табе на Раство падарунка. Яны адрастуць ізноў — не злуйся, прашу цябе. Я не магла іначай. Яны ў мяне страх як хутка растуць. Павіншуй мяне з Раством! Джым, давай радавацца! Ты нават не ўяўляеш, які цудоўны, які прыгожы падарунак я табе набыла.
— Ты абстрыгла валасы? — вымавіў ён з цяжкасцю, быццам не мог усвядоміць гэты відавочны факт, што ніяк не хацеў змяшчацца ў яго галаве.
— Абстрыгла і прадала, — адказала Дэла. — Ты ж усё адно мяне любіш, праўда? Гэта ж па-ранейшаму я, хай і без валасоў.
Джым цікаўна агледзеў пакой.
— Дык ты цяпер без валасоў? — спытаў ён, і пытанне яго прагучала неяк па-ідыёцку.
— He трэба іх шукаць, — сказала Дэла. — Я прадала іх. Кажу табе: абстрыгла і прадала, усё. Сёння Раство, мілы. He злуйся на мяне, я ж гэта дзеля цябе зрабіла.
Можа, валасы мае і можна было падлічыць да апошняй валасінкі, — дадала яна раптам з нейкай сур’ёзнай ласкавасцю, — але маю любоў да цябе злічыць немагчыма. Сёння ў нас на вячэру адбіўныя, добра, Джым?
Джым нарэшце ачомаўся і сціснуў сваю Дэлу ў абдымках. Давайце на дзесяць секунд пакінем нашых герояў і з дбайнай пільнасцю спынім свой погляд на чымнебудзь іншым. Што болей — восем даляраў у тыдзень або мільён у год? Матэматыкі і разумнікі не адкажуць слушна на гэтае пытанне. Мудрацы прынеслі найбагацейшыя дары, але ў іх не было аднаго. А чаго менавіта, мы даведаемся ў самым хуткім часе.
Джым выцягнуў з кішэні паліто скрутак і кінуў яго на стол.
— He падумай пра мяне дрэннага, Дэл, — сказаў ён. — Hi праз якія стрыжкі, прычоскі ці шампуні я не пачну кахаць маю любачку меней. Проста разгарні гэты скрутак, і ты зразумееш, чаму я так разгубіўся.
Белыя пальцы спрытна разарвалі заматаную паперу. Затым раздаўся радасны крык захаплення, а затым — авой! — уласцівая жанчынам перамена: слёзы роспачы і скрушлівы плач, што патрабавалі неадкладнага ўмяшання ўсіх суцяшальных сілаў гаспадара кватэры.
На стале ляжалі грабеньчыкі — набор грабеньчыкаў рознага памеру і формы, які Дэла доўга разглядала ў адной з брадвейскіх вітрын. Прыгожыя грабеньчыкі, з сапраўднай чарапахі, аздобленыя каштоўнымі каменьчыкамі, акурат пад колер ейных раскошных страчаных валасоў. Яна ведала, гэта былі дарагія грабеньчыкі, і яе сэрца прагнула іх і тужыла, не маючы нават надзеі калі-небудзь імі валодаць. I цяпер яны належалі ёй, але кудзераў, якія мусілі аздабляць жаданыя ўпрыгожанні, болып не было.
Яна прыціснула іх да грудзей і нарэшце здолела падняць заплаканыя вочы і ўсміхнуцца.
— У мяне вельмі хутка растуць валасы, Джым! — сказала яна.
Раптам Дэла падскочыла, як апаранае кацяня, і ўскрыкнула:
— Ах, што ж гэта я!
Яна ж яшчэ не паказала Джыму свайго цудоўнага падарунка. На раскрытай далоні Дэла падала яму ланцужок. Бледны і дарагі метал, здавалася, зіхацеў, адлюстроўваючы святло і цеплыню яе душы.
— Бачыш, які цуд, Джым. Я аббегала ўвесь горад у пошуках. Цяпер ты будзеш спраўджваць час па сто разоў на дзень. Давай сюды гадзіннік. Я хачу зірнуць, як яны будуць глядзецца разам.
Замест таго каб выканаць яе просьбу, Джым плюхнуўся на канапу, заклаў рукі за галаву і ўсміхнуўся.
— Дэл, — прамовіў ён, — давай пакуль схаваем нашыя калядныя падарункі. Надта цудоўныя яны, каб адразу ж імі карыстацца. Я прадаў гадзіннік, каб набыць табе грабеньчыкі. А цяпер давай вячэраць.
Вядома ж, вы памятаеце тых мудрацоў — а яны былі надзвычай разумнымі людзьмі, — што прынеслі дары Немаўляці ў яслях. Менавіта ад іх ідзе звычай дарыць на Раство падарункі. Паколькі яны былі мудрацамі, то і дары іхныя былі мудрыя — яны пакідалі за сабой права замяніць іх у выпадку супадзення. Тут жа я няскладна апавёў вам нічым не прыкметную гісторыю дваіх бязглуздых дзяцей, якія так безразважна ахвяравалі адно аднаму найвялікшыя свае скарбы. I скажу яшчэ слова мудрацам сённяшніх дзён: з усіх людзей, якія дораць падарункі, гэтыя двое былі самыя мудрыя. 3 усіх, хто дорыць і атрымлівае падарункі, самыя мудрыя тыя, хто робіць гэтаксама. Дзе б і кім яны ні былі. Яны і ёсць мудрацы.
3 ангельскай мовы пераклаў Сяржук Мядзведзеў
Яльмар Сёдэрберг
ФУТРА
Зіма ў той год выдалася халодная. Усе сціскаліся і курчыліся ад холаду — акрамя тых, на кім была футровая вопратка.
У суддзі Рыкарда было вялікае футра. Калі разважыць, такога футра вымагала яго пасада: ён быў генеральным дырэктарам навастворанай кампаніі. А вось у яго старога сябра, доктара Хэнка, наадварот, футра не было, ды затое была прыгажуня-жонка і трое дзяцей. Доктар Хэнк быў худы і бледны. Хтосьці пасля жаніцьбы тлусцее, хтосьці худнее — доктар Хэнк схуднеў, і быў пярэдадзень Калядаў.
— Кепскі гэты год у мяне, — сказаў сам сабе доктар Хэнк недзе а трэцяй гадзіне дня, калі ўжо сутонела. Ён ішоў да свайго старога сябра Ёна Рыкарда пазычыць грошай. — Вельмі кепскі год. Здароўя мала, калі не сказаць ніякага. У адрозненне ад маіх пацыентаў... Амаль усе акрыялі, і я да іх рэдка зазіраю. А сам, напэўна, хутка памру. I мая жонка так думае — па ёй гэта бачна. Што ж, калі гэта здарыцца, то лепш, каб здарылася да канца студзеня, калі трэба будзе плаціць гэтую клятую страхоўку.