Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
Нарэшце, калі ўсё заціхла, ён вылез з шафы. Нязручнай позы з галавой ніжэй за тулава ці хутчэй душнай сумесі, якая складалася з водару дэзінфекцыйнага сродку супраць клапоў, а таксама кіслых пахаў, пакінутых тут саколкамі, шкарпэткамі, камбінацыямі, панчохамі, кашулямі і пантофлямі сотняў папярэднікаў, было дастаткова, каб у яго здарылася лёгкае галавакружэнне і ён запрагнуў глытка свежага паветра.
Не прайшло і пяці хвілінаў, як ён выйшаў на невялікую плошчу перад гатэлем. Без роздумаў ён рушыў па маршруце, якім некалькі гадоў вандраваў у сваіх марах і — ужо трошкі рэальней — над мапай горада. Спачатку ён прайшоў паўз касцёл святога Пятра і ўніз да ракі па вузкай Шульсгасэ. Ён добра памятаў, што ў яе канцы трэба не пераблытаць вуліцу Цынэн са Штрахенгасэ, бо калі б ён пайшоў па той, апошняй, то замест юрыдычнай канторы трапіў бы на Вайнпляц, адкуль кожны дзень адыходзілі прагулачныя караблі. Такім чынам ён правільна выбраў Цынэн і праз хвіліну на рагу вуліцы Вюрэ, якраз над ракой Лімат, убачыў будынак, сціплая шыльда на якім інфармавала, што менавіта тут, у доме нумар трыццаць тры, размяшчаецца юрыдычная кантора фірмы «Себасцьян і Франсуа Расэ». Хвіліну ён стаяў на тратуары і, узняўшы галаву, глядзеў на шэраг вокнаў другога паверха, за якімі ўжо заўтра ягонае жыццё мусіла зайграць новымі фарбамі. Шыбы былі цёмныя і маўклівыя. Толькі святло з другога берага Лімата адбівалася ў іх, як у вялікіх таямнічых люстрах.
Вярнуўся ён трошкі іншай дарогай і толькі тут заўважыў, што непадалёк ад яго гатэля ёсць двухпавярховы гандлёвы дом. У гэтым не было б нічога незвычайнага, калі б не напісаная вельмі спецыфічным, быццам з позніх саракавых, шрыфтам назва: «Франц Карл Вэбер». Ён павольна падышоў да асветленых вітрынаў. Гледзячы на каробкі кампутарных гульняў, складзеныя ў вялікую піраміду, з якой на яго пазіралі вочы сотняў Бэтмэнаў і падобных персанажаў, ён адчуў нейкае дзіўнае ўзрушэнне. «Франц Карл Вэбер» — гэтыя тры словы, некалькі разоў прамоўленыя ў думках, як мантра, раскрылі перад ім нябачную брамку часу.
У пакоі бацькоў на ялінцы палалі свечкі. Яны з братам стаялі на ўваходзе, не ведаючы, ці можна ўжо
ўвайсці, але ўсё было гатова, і іх паклікалі за стол — бацька, бабуля Марыя, яны ўдвох і маці. Ужо падчас чытання ўрыўка з Евангелля і дзялення аплаткай — як кожны вечар перад Божым Нараджэннем — яны паглядалі на запакаваныя падарункі. Гэтым разам іх было нечакана шмат і нечакана вялікіх памераў. Яны з братам перакідваліся красамоўнымі поглядамі па-над шматлікімі святочнымі стравамі.
Пасля асцярожна, каб нічога не пашкодзіць, пад пільным вокам бацькі яны раскладалі мудрагелістую сістэму чыгуначных рэек: доўгія простыя, паўкруглыя стрэлкі, семафоры, горныя тунэлі, будынкі станцый і віядукі. Калі нарэшце ўключылі трансфарматар, таварны цягнік з паравозам рушыў на першай хуткасці, і адначасова ў другі бок з гэтай самай станцыі пачаў рухацца міжнародны экспрэс з шыльдачкай «Жэнева — Остэндэ», іх захапленню не было межаў.
Мадэлі фірмы «Мерклін» былі выкананыя ідэальна. Буфер, лесвічку, рысоры, кола альбо рэфлектар можна было вывучаць пад лупай як дасканалы ўзор сапраўдных чыгуначных дэталяў. Асаблівае захапленне выклікаў у яго сярэдні — спальны — вагон экспрэса. Праз адно незавешанае фіранкамі акенца можна было ўбачыць раскладзены ложак, начнік на століку, а таксама спадара і спадарыню, якія пілі гарбату. Апранутыя ва ўзорыстыя шлафрокі, яны дакладна належалі да іншага, лепшага свету.
Абодва цягнікі паскараліся і запавольваліся адным рухам трансфарматарнага рычажка. На крутых паваротах трэба было прыцішаць іх хаду прынамсі да другой хуткасці, іначай цягнікі сыходзілі з рэек.
— Да Парыжа яшчэ сем кругоў, — казала бабуля Марыя.
Ёй верылі. Перад вайной, да таго як краіну адрэзалі ад Еўропы жалезнай заслонай, яна шмат падарожнічала.
— Ну а да гэтага Остэндэ? — адначасова запыталіся яны з братам.
— Два разы па столькі, толькі не выязджайце на поўнай хуткасці на пляж!
Нахіліўшыся над вагончыкамі, у адпаведныя моманты пераводзячы стрэлкі, спыняючы на семафоры то адзін, то другі цягнік, яны ледзьве звярталі ўвагу на размовы дарослых.
— Можа, цяпер ужо будуць выпускаць за мяжу, — сказала бабуля Марыя.
— Трохмесячны стаж вясны не робіць. Я, канечне, задаволены, — адказаў бацька, — хіба яшчэ пару гадоў таму я мог марыць пра нешта такое? Вусатая пачвара замкнула нас у клетцы.
— I ўвесь свет на гэта пагадзіўся, — дадала маці, — не забывай.
— Гэта было дзіўна, — бацька праігнараваў яе заўвагу, — калі я ішоў па Бангофштрасэ ў Цюрыху, акрамя тралейбусаў я бачыў толькі шыльды банкаў. А ў Зульцэра, дзе я працаваў, у ядальні працаўнікі елі той самы абед, што і дырэкцыя. Уявіце сабе такое ў нас! Дырэктар верфі побач са зваршчыкам? UnmdglichA
— Там moglich, тут unmoglich, — адказала бабуля Марыя.
Вусатая пачвара асацыявалася ў іх з панам Антоніем Зялёнкам, вартаўніком у доме. Ён пах махоркай, алкаголем, потам. Заўсёды абзываў іх інтэлігенцікамі. I асабліва ненавідзеў бацьку, з якім ніколі не вітаўся.
— Вас толькі ў лагер, — выкрыкваў ён часам, пагражаючы кулаком у бок іхнага акна, — на Салаўкі! На знішчэнне!
Таму яны вартаўніка Зялёнку запіхнулі ў вагон — халодны — і павезлі ў Сібір. Дваццаць чатыры кругі.
Немагчыма! (ням.).
— Можа, яшчэ далей? — спытаў брат.
— Ну што ты, — адказаў ён, — мы ж павінныя вярнуцца.
Бацька паказаў ім, як разбіраць рэйкі, каб не пашкодзіць стыкаў. Вагоны трэба было ўкладваць бокам у спецыяльных паглыбленнях скрыні.
— Асцярожней з усім гэтым, — сказаў ён, — іншым разам такой аказіі можа не здарыцца.
Гледзячы на вітрыну цяпер, праз амаль сорак гадоў, ён згадаў менавіта гэтую фразу. Яна была прарочаю: бацька ніколі больш не атрымаў пашпарта і ніколі болып не прывозіў з далёкага падарожжа такой цудоўнай цацкі: швейцарская электрычная чыгунка была на галаву вышэйшая за гэдээраўскія мадэлі фірмы «Піка», савецкі цягнік юнага інжынера, чэшскую чыгунку маленькага доктара альбо польскія клееныя мадэлі самалётаў.
Ідучы праз плошчу да гатэля, ён згадаў яшчэ адно: акрамя чыгункі бацька ўручыў ім тады вельмі тоўстую кніжачку ў мяккай чорнай лакіраванай вокладцы. Фарматам яна нагадвала школьны сшытак. Гэта быў каталог гандлёвага дому «Франц Карл Вэбер», адзінага ў свеце, які гандляваў выключна цацкамі. У асеннія альбо зімовыя вечары, калі праз эканомію альбо супрацыіаветраныя вучэнні ва ўсім горадзе выключалася святло, яны сядалі з братам ля кухоннага стала над агаркам свечкі і павольна, прысліньваючы пальцы, перагортвалі тоненькія старонкі.
Яны не сумняваліся, што гэтая кніжка змяшчае спіс усіх цацак свету. Іх чорна-белыя фотаздымкі разам з кароткімі апісаннямі запаўнялі трыста шэсцьдзесят чатыры старонкі. 3 вялікай ухвалай яны разглядалі спачатку пад’ёмныя краны, экскаватары, грузавікі і бульдозеры, а пасля пераходзілі да цікавейшага — легкавых аўто. Тут асаблівыя эмоцыі выклікаў «опель-капітан», а абсалютнае захапленне — спартовы «паршэ». Але
галоўнай і, відавочна, найважнейшай часткай як Кнігі, так і гэтых экстатычных даследаванняў і багомленняў пры свечцы быў свет чыгункі. Паравозы, электравозы, цеплавозы, дзясяткі варыянтаў і відаў пасажырскіх вагонаў, спецыяльныя горныя саставы, разнастайныя канфігурацыі таварнякоў запаўнялі іх уяўленне грукатам колаў, агнямі семафораў і свістам паравозаў. Увесь свет вакзалаў, раз’ездаў, стрэлак, тунэляў і віядукаў ахутвала імгла таямніцы. Яны не ўсведамлялі тады, што гэта сум па далёкім падарожжы, якое можа перамяніць іх жыццё. Схіленыя над рассылачным каталогам гандлёвага дому «Франц Карл Вэбер», яны адчувалі, што калісьці выправяцца проста ў шырокі свет, а тое, што яны робяць цяпер, схіліўшыся ў дрыготкім полымі свечкі над друкаванымі старонкамі, — гэта толькі падрыхтоўка.
Калі ён вярнуўся ў гатэль, каля рэцэпцыі яго павіталі двое мужчын, падобных як блізняты, якія прадставіліся як Гугін & Мунін: першы Пётр, другі Павал, як паведамілі яны яму ўжо ў бары, дзе яны прыселі ўтрох.
Ён не здолеў схаваць здзіўлення, калі Гугін паклаў на столік фотаздымак, зроблены некалькі гадзінаў таму на чыгуначным вакзале, а Мунін упэўненым голасам сказаў:
— Мы ведаем, што вы не былі знаёмыя раней, але яна магла што-небудзь расказаць.
— Яна не сказала нічога вартага ўвагі, — буркнуў ён неахвотна, паглядаючы на фотаздымак, на якім падаваў прыўкраснай спадарожніцы яе валізку, — а зрэшты, у чым рэч? Мяне ў чымсьці абвінавачваюць?
— Можа быць, праз пэўны час, — жорстка сказаў Мунін.
Ён не паспеў нават зрэагаваць на такое нечуванае нахабства, бо Гугін амаль лісліва прашаптаў: — Калі мы просім вас пра далікатнае супрацоўніцтва, то толькі
таму, — ён пастукаў пальцам па фотаздымку, — што гэта перадусім небяспечная тэрарыстка. — Гугін прыязна ўсміхнуўся, але Мунін адразу зашыпеў: — Тут не да жартачкаў, кожная дробязь можа быць важнаю. Яна размаўляла з кім-небудзь па мабільніку? Высылала смскі?
Ён паглядзеў на Муніна, а потым на Гугіна са шчырым недаверам:
— Калі гэтая жанчына насамрэч тэрарыстка, няма такой смскі альбо размовы, якой бы вы не ведалі. Чаго вы мяне пытаеце?
— Яна тэрарыстка ў пэўным, спецыфічным сэнсе гэтага слова, — сказаў Мунін.
— Вельмі спецыфічным, — дадаў Гугін.
— Яна магла прызнацца ў чым-небудзь, — працягнуў Мунін, — што на вашую думку не мае ніякага значэння, але мы даўно за ёй сочым, і нам добра вядома, што ў размове з незнаёмцам яна часам расказвае што-небудзь пра свае планы.
— Несвядома, — умяшаўся Гугін.
— Менавіта, — пацвердзіў Мунін, — напрыклад, што заўтра ў яе будзе выступ. Нічога такога не казала?
— He. Спытала толькі, як даехаць да гатэля. Вы можаце мне растлумачыць, што адбываецца?
— He цяпер, — сказаў яўна расчараваны Мунін. — У любым выпадку мы просім вас аб канфідэнцыйнасці. Прычыны зразумелыя.
— Калі яна падыдзе да вас, скажам, на калідоры альбо падчас сняданка ў рэстаране, — Мунін падаў яму візітку, на якой быў толькі нумар тэлефона, — калі яна што-небудзь скажа, пазваніце, калі ласка.
— Але вы не з паліцыі, — сказаў ён упэўненым голасам, — ці не так? Дзіўная гісторыя. Можа, я акурат павінен пазваніць у паліцыю? Я тут іншаземец і прыехаў па справах. Я не хачу сабе праблемаў.