Падарунак на Каляды зборнік святочнага апавядання Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш

Падарунак на Каляды

зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
34.37 МБ
— Ладна, час мне вяртацца дадому.
— Ах так? Навошта? — д’ябал сачыў, калі ж той здасца.
— Там мяне Мароз чакае.
Д’ябал хацеў разрагатацца, але прыгнечаны папярэдняй няўдалай спробай стрымаць дымок, закусіў вусны і спытаў:
— Мароз? Што за Мароз такі?
— Можна падумаць, ты не ведаеш, хто гэта! — усклікнуў хлопчык Ісус і паспрабаваў падняцца. Але дзе там! Ён прыліп да каменя, як палачка да бруднай зямлі. Сур’ёзны выпадак! Хоць бы хто прайшоў міма! Але дзе там! Hi душы (на якую д’ябал усё адно не зважае), ні людзей. I паколькі ў той час яшчэ не было святых, да якіх можна было звярнуцца, а Дзева Марыя была дома, хлопчык Ісус, хаця і ведаў, што ён хлопчык Ісус, але не ведаў, што ён сын Божы, не меў магчымасці ўратавацца. He меў!.. I таму, што ён быў такім самым хлопчыкам, як іншыя, яму прыйшла ў галаву бліскучая ідэя. Небяспечны, але адзіны сродак.
— Дасі мне руку? Дапаможаш падняцца?
Менавіта тое, чаго хацеў д’ябал! Яго вочы радасна забліпічалі, і ён падаў хлопчыку руку. Найгоршым для д’ябла было забыць пра тое (а памяць яго ў такія моманты звычайна падводзіць), што трэба моцна трымацца на нагах. Як толькі ён падаў руку, хлопчык змог падняцца і — гоп! — сунуўшы нагу д’яблу паміж ног, штурхануць яго ўсім целам. Бездапаможны д’ябал (такі, які ён заўжды і ёсць, не забывайцеся) узмахнуў рукамі
і плюхнуўся ў бруд, які ў гэтым месцы быў добра змяшаны коламі і нібы прызначаны для д’яблавага азадка. А калі д’ябал, раз’юшаны, увесь брудны, падняўся, хлопчык Ісус ужо быў далёка — здавалася, на яго ступаках выраслі крылы. Уваходзячы у дом, задыхаючыся, хлопчык Ісус азірнуўся і ўбачыў водбліскі злосці ў начной цемрадзі.
П
Хлопчык Ісус нікому нічога не сказаў. Ён быў так рады, што паваліў д’ябла сярод дарогі! Але адно яго турбавала: д’ябал ведаў, што ён чакае Мароза, бо ён сказаў, што Мароз яго чакае, а д’ябал усё разумее наадварот. Ён непазбежна з’явіцца ў начной цішы, пераапрануты ў некага іншага, каб яго не пазналі. Ён дакладна прыйдзе. А цяпер? Цяпер...
III
Позняй ноччу хлопчык Ісус, які лёг спаць з адным расплюшчаным вокам, а другім заплюшчаным, пачуў, як бацькі падымаюцца і ідуць, крок за крокам, да каміна, куды ён, зразумела, перад тым як легчы спаць, павесіў сандалю з правай нагі. Усе ведаюць, што гэтая сандаля заўжды лепшая за другую, і трэба ёй аддаваць перавагу ва ўсім: у дымаходах, кухталях і г.д., калі толькі ты не ляўшун у нагах, што здараецца вельмі рэдка.
Хлопчык Ісус ляжаў спінай да каміна, бо было холадна, і яшчэ таму, што калі б ён ляжаў тварам, то адразу б было бачна, што ён не спіць і пільнуе. Ясна, што дом быў вельмі малы і бедны і пакой быў толькі адзін, падзе-
лены на два вельмі старымі шторамі, якія Дзева Марыя стамілася цыраваць, а хлопчык Ісус — дзіравіць. Цяпер, як толькі бацькі леглі спаць, хлопчык Ісус сеў у ложку, маленькім з той самай прычыны, што і дом. Ложак той складаўся з матраца на падлозе і нешматлікай бялізны. Яе было так мала, што хлопчык рэдка распранаўся, а ўзімку — яшчэ радзей. Гэта, бясспрэчна, дрэнная звьічка, але зіма — таксама дрэнная звычка, якая хоць і давала адпачыць зямлі, нязменна паўтаралася кожны год. Хлопчыку Ісусу было толькі сем гадоў, але ён ужо добра ведаў, што калі пануе холад, нічога іншага больш няма. Такім чынам, ён сеў у ложку. Агонь у каміне паціху згасаў, было бачна, як па дровах адна за адной прабягаюць успышкі, а краі паленаў бялеюць. Д’ябал бы там не затрымаўся. Нешта трэснула. Хлопчык Ісус паглядзеў на дзверы. Нікога. Потым пачуліся крокі па ўтаптанай зямлі. Глянуў — гэта мыш. Мыш прабегла з аднаго кута ў другі (а што, калі мыш — гэта замаскіраваны д’ябал?), упэўніўшыся, што гэтыя жабракі нават у калядную ноч не згубілі ні крошкі. Прайшло шмат часу — а хлопчыку Ісусу падалося, што бязмерна шмат, столькі, што ніколі не скончыцца. А што калі... ён улезе праз комін? Вой, улезе! Агонь памалу патухаў, нічога не было відаць. Але для таго, хто палезе праз комін, святла хопіць. I хапіла: паказаліся сандалі, ногі, аблямоўка чырвонага хітона (гэта д’ябал, падумаў хлопчык Ісус), яшчэ чырвоны хітон, зноў чырвоны хітон, пакуль госць не стаў на ногі ўзбоч агню і не зрабіў некалькі крокаў у сярэдзіну пакоя. На яго плячах была торба. Гэта быў д’ябал! Хлопчык Ісус адчуў... уявіце, што ён адчуў, бо ў глыбіні душы, глыбока-глыбока, ён спадзяваўся, што д’ябал не вернецца. Але вось ён, з торбай і ўсім астатнім. Хлопчык Ісус убачыў, як д’ябал схіліўся і ўзяў вазок, што ляжаў у сандалі. Трэба сказаць, што вазок быў невялікі, але і не вельмі малы, і хутчэй сандаля змяшчалася ў ваз-
ку, чым вазок у сандалі. He, толькі не гэта! У хлопчыка Ісуса ніколі не было цацак, хіба што тыя, якія ён сам выдумляў і майстраваў, а гэтую, такую прыгожую, хоча адабраць д’ябал! Ды нават калі яна непрыгожая, ён яе не аддасць. Цацкі для д’ябла! Усе ведаюць, што д’ябал не гуляе ў цацкі і таму робіць усялякія глупствы! He, толькі не гэта! Хлопчык Ісус выскачыў з ложка, падбег да каміна... і выхапіў вазок з рук нячыстага, які ўжо адкрыў торбу.
— Добры вечар! — прамовіў д’ябал салодкім голасам.
— Добры вечар... Чаму вы праз дзверы не ўвайшлі? Пагрукалі б, я б адчыніў, — сказаў хлопчык Ісус, захінаючы вазок рукой.
— Каб нікога не пабудзіць...
— А я не спаў.
Тут д’ябал вельмі шчыра, быццам гэта быў не ён, сказаў:
— Ай, які прыгожы вазок! Хто табе падарыў?
— А вам што за справа?! Што вам трэба?
— Я толькі хацеў пагуляць з вазочкам. Можна мне крышачку пагуляць?
— I не сорамна такому вялікаму гуляцца? (Так казала яму маці, калі ён бегаў па хаце са сваімі цацкамі.)
— Мне? Сорамна? — д’ябал хацеў разрагатацца, але ўспомніў, як выдаў сябе подыхам серы. — Дык ты дазволіш мне пагуляць?
Хлопчык Ісус пахітаў галавой, не знаходзячы спосабу выратавацца. Калі б толькі ён...
— Усё-ткі хочаце? Ну, толькі крышачку.
— Як? Як? — д’ябал быў цалкам задаволены.
— Я буду вознік, а вы — конь.
— Давай! Давай! — д’ябал адразу стаў на карачкі, каб упрэгчыся ў вазок.
Вазок быў вельмі добра зроблены, усё на месцы, нават збруя. Вось тады хлопчык Ісус, прыкмеціўшы белую
д’яблаву бараду (а яна насамрэч была неймавернай белаты), дакладна зразумеў, што рабіць. Многія мяркуюць, што д’ябал можа змяніць свой выгляд і схаваць усё, акрамя казліных капытоў. Але гэтая гісторыя, дзе д’ябал з’яўляецца ў сандалях на голую нагу, сведчыць, што гэта няпраўда. У хлопчыка Ісуса не было часу разабрацца, чые гэта ногі — яго ўласныя ці ў кагосьці пазычаныя. Ён падумаў і сказаў:
— Я не магу табе накінуць аброць (ён звяртаўся да д’ябла на «ты» таму, што той быў канём, а не таму, што той быў д’яблам), у цябе такая доўгая барада! I такая прыгожая, я ж яе пашкоджу!
Тут нячысты ганарліва прызнаўся:
— Прыгожая, праўда? Яна мне шмат каштавала.
Хлопчык Ісус ужо здагадаўся, чаго той хацеў, і зноў загаварыў:
— Я не магу накінуць табе аброць, але як ты тады пацягнеш вазок?
Д’ябал, у якога не было ні кроплі цярпення (гэта лёгка зразумець з яго грымасаў), хацеў хутчэй скончыць гэтую пародыю, да таго ж яму здавалася, што хлопчык Ісус ужо здагадаўся, хто ён такі (толькі здавалася, таму што д’ябал ніколі ні ў чым не ўпэўнены). Вось таму ён прапанаваў:
— Дык я падыму бараду, а ты накінеш аброць...
Так і зрабілі. А калі д’ябал падняў бараду, хлопчык Ісус убачыў крывую казліную бародку — як вы разумееце, д’ябал ад яе ніколі не пазбавіцца. Белая, бялюткая барада была, вядома, накладная.
Як толькі д’ябал быў добра запрэжаны, хлопчык Ісус, упэўнены, што ён знікне і пакіне вазок, вымавіў адно вядомае яму таемнае слова (усе дзеці ведаюць такія словы, але не ведаюць, якое спрацуе). Д’ябал застаўся на месцы. Тады хлопчык Ісус вымавіў іншае. I зноў нічога.
— Ці збіраешся ты вымавіць трэцяе? — спытаў д’ябал, засумаваўшы. — Што за чортава гульня такая, ніяк не пачнецца?
Хлопчык Ісус пацягнуў яго за бараду і выгукнуў трэцяе слова, наймацнейшае з усіх... Д’ябал вухнуў, як машына, якая торгаецца з месца, і панёсся праз дзверы вонкі з такой сілай, такой, такой, такой, што тут жа разам з вазком апынуўся за дзвярыма, а тыя нават не скрануліся з месца.
Хлопчык Ісус з накладной барадой у руках асцярожна адчыніў дзверы. Але за імі нічога не было, д’ябла з вазком у тым ліку. У гэты момант барада выслізнула з рук хлопчыка і пачала ўздымацца ў неба, расці, расці, расці, а калі дасягнула самага верху, дождж паліў як з цэбра. Д’ябал, відаць, зрабіў бараду з тых хмарак, якія лічыў хлопчык Ісус.
Хлопчык вярнуўся ў хату і шчыльна зачыніў дзверы. У хаце было цёмна, бо агонь зусім згас. Хлопчык Ісус ціхусенька лёг у ложак. Думаючы пра вазок, ён пачуў, як святы Іосіф кажа: «Што гэта за грукат?» А голас Дзевы Марыі адказаў: «Спі спакойна. Гэта д’яблавы штучкі».
Мама ведала! Хлопчык Ісус адчуў найвялікшае, якое толькі магчыма, захапленне сваёй маці.
IV
Але паколькі калядная ноч бывае ве-е-ельмі доўгай, гісторыя на гэтым не заканчваецца. Тым болей што дасюль невядома, чаму ж Дзед Мароз — дзед і мае вялікую белую бараду.
Першы раз хлопчык Ісус лёг спаць з адным расплюшчаным вокам, а другім заплюшчаным, цяпер жа ён, страціўшы вазок, не мог заплюшчыць ніводнага. Ён так
перажываў... але раптам у коміне зноў пачуўся шоргат!.. Нейкі шоргат унізе дымахода! Гэта ўжо занадта: нахабнік забраў вазок і зноў вяртаецца!
Хлопчык Ісус падняўся, стаў ля каміна, узяў вялікую жалезіну, якая тут ляжала, каб прыбіраць попел. Праз трубу ішло цьмянае святло. З’явіліся сандалі... ногі... адзежа (гэта ён, падумаў хлопчык Ісус)... чырвоны хітон... яшчэ чырвоны хітон... і вось госць стаіць узбоч попелу. Хлопчык Ісус падняў жалезіну, і чалавек (здаецца, гэта быў чалавек) сказаў:
— Так ты мяне сустракаеш? Так цябе навучылі сустракаць Мароза?
Вось тады хлопчык заўважыў, што ў таго няма барады, ні белай, ні чорнай, і тым болып нічога, што хоць неяк нагадвала бараду. Значыць, гэта не д’ябал. Але хлопчык жалезіну не апусціў.
— Але ты праўда існуеш? I заўжды прыходзіш? — ён звяртаўся да яго на «ты» не таму, што ён быў Марозам, а з радасці, што ён не быў д’яблам).
— Так, гэта я і ёсць. Вось прыйшоў, як бачыш.
— Цудоўна! Ты мне нешта прынёс?
— Я ніколі нічога не прыношу... Я мяняю цацкі. Іх я і нашу з сабой.