Падарунак на Каляды
зборнік святочнага апавядання
Браты Грым, О Генры, Чарлз Дыкенс, Ханс Крьісціян Андэрсэн, Яльмар Сёдэрберг, Жоржьі ды Сэна, Жузэ Эдуарду Агуалуза, Алешандры Радрыгеш
Выдавец: Кнігазбор
Памер: 196с.
Мінск 2014
няшмат знайшлося б ахвотных спазнаць іх. I сярод усяго гэтага тавару сядзеў ля вугальнае печкі, складзенай са старых цаглінаў, сівы махляр гадоў сямідзесяці, які адгарадзіўся ад холаду на дварэ смуродлівай фіранкай з разнабойных лахманоў, развешаных на вяроўцы, і курыў сваю піпку, цешачыся самотай і цішынёй.
Калі Скрудж і Дух наблізіліся да гэтага чалавека, у крамку акурат пракралася нейкая жанчына з важкім скруткам. He паспела яна ўвайсці, як да яе далучылася яшчэ адна, гэтак жа нагружаная, а за ёй праслізнуў мужчына ў выцвілым жалобным строі — убачыўшы астатніх, ён здзівіўся не менш, чым перад тым яны, убачыўшы адна адну. Пасля нядоўгага здзіўленага маўчання, якое раздзяліў і стары з піпкай, усе трое выбухнулі рогатам.
— Хай падзённіца будзе першай! — усклікнула жанчына, якая з’явілася раней за астатніх. — Тады пралля будзе другой, а памочнік далакопа — трэцім. Слухай, старэча Джо, вось дык штука! Мы ж прыйшлі сюды не згаворваючыся!
— Лепшага месца для сустрэчы не знойдзеш, — заявіў стары Джо, дастаючы піпку з рота. — Заходзьце ж у гасцёўню. Ты дарогу ведаеш даўно, дый гэтыя двое тут таксама не чужыя. Пачакайце, я зачыню дзверы. Авохці мне, ну яна і скрыпае! Няма ў крамцы іржавейшай жалезкі, чым гэтыя петлі, і старэйшых касцей, чым мае. Ха-ха-ха! Самае нам месца ў крамцы старызны, усе мы тут аднаго балота чэрці. To заходзьце ў гасцёўню! Заходзьце!
Гасцёўняй называлася частка пакоя за смуродлівай фіранкай. Металічным прутом ад лесвічнага дывана стары падгроб вуголле, пасля паправіў муштуком кнот на закуранай лямпе (быў позні вечар) і зноў засунуў піпку Ў рот.
Жанчына, якая завяла гаворку, скінула скрутак на падлогу і ганарліва расселася на зэдліку, склаўшы рукі
на каленях і з дзёрзкім выклікам пазіраючы на астатніх візіцёраў.
— Ну і што, місіс Дылбер? Якая ўжо цяпер розніца? — спытала яна. — Кожны мусіць клапаціцца пра сябе. Ён дык заўсёды клапаціўся!
— I тое праўда, — падхапіла пралля. — Больш, чым хто іншы.
— Ну тады не стой так, цётка, і не вылуплівайся на мяне, быццам кагосьці баішся! Хто пра гэта даведаецца? Гад гада не джаліць, так жа?
— He джаліць, — у адзін голас адказалі місіс Дылбер і мужчына. — На гэта і надзея!
— Ну і цудоўненька! — усклікнула жанчына. — Тады хопіць пра гэта. Каму будзе горш ад парачкі зніклых рэчаў? Дакладна не мерцвяку!
— Твая праўда! — засмяялася місіс Дылбер.
— Калі б гэты чортаў жмінда так хацеў захаваць усё пасля смерці, — прадоўжыла жанчына, — чаму ён не жыў па-чалавечы? Знайшоўся б нехта за ім прыгледзець, калі яго сцапае кашчавая. I не здох бы ён так — зусім адзін.
— Праўдзівейшых словаў свет не чуў! — сказала місіс Дылбер. — Гэта яму пакаранне.
— Я б яго пакарала і больш, можаце не сумнявацца, — адказала жанчына, — калі б толькі магла дабрацца да чаго-небудзь яшчэ. Разварочвай скрутак, стары Джо, ацэньвай мой тавар. Давай, кажы наўпрост! Я не баюся быць першай і не баюся, што хтосьці ўбачыць. Мы і раней цудоўна ведалі, што кожны клапоціцца пра сябе. Ніякі гэта не грэх. Развязвай скрутак, Джо!
Але яе абыходлівыя сябры не далі ёй праскочыць першай: мужчына ў выцвілым жалобным строі парушыў дамову і тут жа падсунуў старызніку свае трафеі. Было іх няшмат. Пячатка-дзве, пенал, пара запінак, не дужа каштоўная брошка — вось і ўсё. Стары Джо па чар-
зе агледзеў і ацаніў набыткі, пасля напісаў крэйдай на сцяне, колькі згодны заплаціць за кожную рэч, і, зразумеўшы, што болей нічога не будзе, падлічыў канчатковую суму.
— Вось тваё ўзнагароджанне, — прамовіў Джо, — і ні пенса болып, хай мяне хоць жыўцом ядуць. Хто наступны?
Наступнай была місіс Дылбер. Прасціны і ручнікі, штосьці з адзення, дзве старамодныя чайныя лыжачкі са срэбра, шчыпцы для цукру і некалькі параў чаравікаў. На сцяне такім жа чынам з’явілася яшчэ адна сума.
— Дамам я заўсёды пераплачваю. Такая ўжо мая слабасць, яна мяне да галечы давядзе, — сказаў стары Джо. — Вось твая плата. Папросіш яшчэ хоць пені ці пачнеш спрачацца — пашкадую пра сваю шчодрасць і скіну паўкроны.
— Ну, а цяпер мой клунак, Джо, — сказала першая жанчына.
Джо апусціўся для зручнасці на калені і, разблытаўшы мноства вузялкоў, выцягнуў вялізны і цяжкі скрутак цёмнае тканіны.
— Ну і што гэта ў нас? — спытаў Джо. — Няўжо полаг?
— Хо! — са смехам усклікнула жанчына, сагнуўшыся ад смеху, — Ну безумоўна, полаг!
— I ты што, сцягнула яго з кольцамі і ўсім астатнім, пакуль ён там ляжаў? — выгукнуў Джо.
— Але ж, — адказала жанчына. — А чаму б і не?
— Ды табе лёсам наканавана разбагацець, — сказаў Джо. — I ты дакладна разбагацееш.
— Калі вядзецца пра такога, як ён, Джо, я сядзець склаўшы рукі не буду, а займуся тым, што кепска ляжыць, — абыякава адказала жанчына. — Гэй, не запэцкай алеем коўдраў!
— Яго коўдры? — пацікавіўся Джо.
— Анягож, чые яшчэ! — адказала жанчына. — Ён без іх цяпер наўрад ці змерзне.
— Спадзяюся, ён не ад якой заразы здырдзіўся? Га? — сказаў Джо, спыніўшы працу і падняўшы вочы ад здабычы.
— На гэты конт не хвалюйся, — адказала жанчына. — Кампанія мерцвяка не такая прыемная, каб корпацца з ім, калі ён заразны. Ды глядзі ты на гэтую сарочку, пакуль вочы не вылезуць: ні дзюрачкі, ні плямачкі! Гэта яго найлепшая, а якая тонкая! Калі б не я, дальбог бы змарнавалася.
— Як гэта змарнавалася? — не зразумеў Джо.
— Начапілі б яе на старэчу і так бы і пахавалі, будзьце пэўныя, — са смехам адказала жанчына. — Камусьці хапіла розуму надзець яе на мерцвяка, а я вось зняла. Хопіць з яго і паркалю, бо навошта ён яшчэ патрэбны? Ён проста створаны для трупаў. Брыдчэйшым дзед ад гэтага не зробіцца.
Скрудж з жахам прыслухоўваўся да гаворкі. Ён з такім абурэннем і гідлівасцю глядзеў на гэтых людзей, што ў мізэрным святле старызнікавай лямпы сабраліся вакол свае здабычы, быццам гэта не людзі, а разбэшчаныя дэманы, што таргуюцца за сам труп.
— Ха-ха-ха! — засмяялася першая жанчына, калі стары Джо дастаў фланелевы мяшэчак з грашыма і выклаў на падлозе кучку манет для кожнага кліента. — Глядзіце, як усё скончылася! Пакуль жыў, распужаў усіх каго мог, каб мы пасля яго смерці мелі чым разжыцца. Ха-ха-ха!
— Дух! — усклікнуў Скрудж, скаланаючыся з галавы да пятак. — Я ўсё, усё зразумеў! На месцы гэтага няшчаснага мог быць я! Маё жыццё ідзе да гэтага! Божа літасцівы, а гэта яшчэ што?
Ён спалохана адхінуўся, бо карціна змянілася, і цяпер ён стаяў амаль усутыч з ложкам, голым ложкам без полага, дзе пад падранай прасціной ляжала нешта, што,
хаця і было нямым, сведчыла пра сябе жудаснай мовай. У пакоі было цёмна, занадта цёмна, каб нешта разгледзець, аднак незразумелая сіла прымусіла Скруджа азірнуцца навокал, каб дазнацца, што гэта за пакой. Аднекуль звонку бляклае святло падала проста на ложак, на якім ляжаў абрабаваны і абабраны, недагледжаны, не аплаканы, занядбаны мярцвяк.
Скрудж зірнуў на Духа, рука якога цвёрда паказвала на галаву памерлага. Прасціну накінулі так неахайна, што Скрудж мог лёгка яе падняць: адзін рух пальцам — і твар адкрыты. Скрудж думаў пра тое, як гэта проста, хацеў — і не меў сілаў адсунуць покрыва, як не меў сілаў вызваліцца ад здані, што стаяла побач.
О, халодная, халодная, вусцішная Смерць, узвядзі тут свой алтар і ўбяры яго ўсімі падуладнымі табе жахамі, бо тут — твая гаспода! Але на галаве таго, каго любілі, шанавалі і цанілі, ты не кранеш дзеля сваіх страшных мэтаў ніводнага валаска, як не здолееш сказіць рысы яго твару. Нічога, што яго рука пацяжэла і падае, калі яе апусціш, нічога, што яго сэрца і кроў спыніліся, бо рука гэтая была шчодрай, высакароднай і шчырай, сэрца — мужным, цёплым і пяшчотным, а кроў была крывёй чалавека. Бі, цень, бі! I глядзі, як з раны ўзрастуць добрыя справы, каб пасеяць у свеце бессмяротнае жыццё.
Ніхто не нашаптаў гэтых словаў у вушы Скруджу, але гледзячы на ложак, ён усё ж чуў іх. Калі падняць зараз гэтага чалавека, думаў Скрудж, што прыгадалася б яму найперш? Сквапнасць, заблытаныя справы, пакутлівыя клопаты? Да вялікага ж багацця яны прывялі!
Вось ляжыць ён у цёмным пустым доме, і няма ні мужчыны, ні жанчыны, ні дзіцяці, якія маглі б сказаць: калі-нікалі ён быў да мяне добры, і ў памяць пра адно яго добрае слова я таксама зраблю яму дабро. Ля дзвярэй шкрабаецца кот, і чуваць, як пад ачагом скубуцца пацукі. Чаго ім трэба ў гэтым жытле смерці і чаму яны
такія ўзбаламучаныя і неспакойныя, Скрудж нават падумаць баяўся.
— Дух, — сказаў ён, — гэта пачварнае месца. Павер, пакінуўшы яго, я не забуду гэтага ўроку. Хадзем адсюль!
Але маўклівы Дух па-ранейшаму паказваў пальцам на цела.
— Я разумею цябе, — працягнуў Скрудж, — і я зрабіў бы гэта, калі б мог. Але мне не стае сілаў, Дух, не стае сілаў.
I яму зноў падалося, што Дух глядзіць на яго.
— Калі хоць нехта ў горадзе ўсхваляваны гэтай смерцю, — адчайна ўсклікнуў Скрудж, — пакажы мне гэтага чалавека, Дух, я малю цябе, пакажы!
Дух на імгненне раскінуў перад ім свае цёмныя адзежы, нібыта крылы, і калі яны апусціліся, Скрудж убачыў заліты дзённым святлом пакой, а ў ім — маці з дзецьмі.
Маці трывожна і нецярпліва кагосьці чакала, мераючы крокамі пакой і ўздрыгваючы ад любога гуку. Яна выглядвала ў акно, пазірала на гадзіннік, марна спрабавала ўзяцца за шытво і ледзь трывала галасы занятых гульнёй дзяцей.
Урэшце яна пачула чаканы грукат у дзверы і кінулася адчыняць. Увайшоў яе муж, малады яшчэ чалавек з панурым і спакутаваным тварам. Цяперашні яго выраз быў вельмі незвычайны: на ім была напісаная палёгка, якой ён саромеўся і якую спрабаваў схаваць.
Ён сеў за абед, накрыты для яго ля каміна, і калі жонка пасля доўгага маўчання ледзь чутна спытала пра навіны, сумеўся, не ведаючы, як адказаць.
— Усё добра? — спытала яна, спрабуючы дапамагчы яму. — Ці кепска?
— Кепска, — адказаў ён.
— Мы... жабракі?
— He. Пакуль яшчэ ёсць надзея, Кэралайн.
— Калі ён памякчэе, то, можа, і ёсць, — здзіўлена адказала жонка. — На ўсё можна было б спадзявацца, калі б такі цуд здарыўся.
— Ён ужо ніколі не памякчэе, — сказаў муж. — Ён памёр.
Калі твар жанчыны не маніў, яна была міласэрным і цярплівым стварэннем, але пасля гэтых словаў яна ўсёй душой адчула ўдзячнасць, і сказала пра яе, і пляснула рукамі. Ужо праз імгненне яна засаромелася і папрасіла прабачэння, але першым яе пачуццём усё ж была радасць.