Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
У той час на Беларусі ішла суцэльная беларусізацыя ўжо не першы год, так што ў школах-сямігодках і ў прафшколе ўсе дысцыпліны выкладаліся на роднай мове. Гэта была звычайная справа, якая не выклікала ні ў кога ні абурэння, ні спробаў адмаўляцца ад матчынай роднай мовы. Выкладчыкі — рускія па паходжанні — мелі падручнікі і хутка авалодвалі беларускай мовай.
На гербе БССР мелася чатыры стужкі з надпісамі «Пралетарыі ўсіх краін, злучайцеся!» на беларускай, рускай, польскай і яўрэйскай. Усе назвы ўстаноў, усе вуліцы і шыльды на іх былі на беларускай мове. Важна пры гэтым падкрэсліць, што і ўсё справаводства вялося на роднай мове. Гэтаму спрыялі надрукаваныя афіцыйныя бланкі на беларускай мове. На бланку абавязкова стаяў штамп (на левым баку зверху) на чатырох мовах, што і на гербе БССР.
У Мінску працавалі беларускі і польскі педтэхнікумы, а ў Віцебску яўрэйскі педтэхнікум.
У той час у Мінску дзейнічалі чатыры дзяржаўныя тэатры — беларускі, рускі, польскі і яўрэйскі. Польскі тэатр займаў Чырвоны касцёл, яўрэйскі — былую сінагогу, дзе зараз Рускі тэатр (пасля рэканструкцыі). Выдаваліся газеты і часопісы на розных мовах, пераважна на беларускай.
Усе рэлігійныя святы адзначаліся, каму як было патрэбна. Званы чуліся ад чыгуначнай царквы, што была на развілцы каля Заходняга моста, і ад царквы, што была на Саборнай плошчы (пляц Волі) побач з Домам прафсаюзаў. Па загадзе наркама НКУС Бермана гэтыя дзве царквы былі зруйнаваны. Гэтак атэісты змагаліся з рэлігіяй і руйнавалі помнікі культавай архітэктуры.
Захаваўся касцёл Святога Роха, а вялікія (польскія) могілкі, што былі вакол касцёла, зруйнаваны. Зараз мы бачым на тым месцы Палац мастацтва ды яшчэ вежу — «глушылку» радыёвяшчання.
На маёй памяці на Залатую Горку на падводах з’язджаліся здалёк на фэсты беларусы каталіцкага веравызнання, чулася музыка, людзі ў святочным убранні, урачыстасць панавала ўсюды, як звычайна.
У раёне Татарскай вуліцы і вуліцы Дзімітрава стаяла мячэць з дзіўным паўмесяцам наверсе. Захапілі ўлады гэтую малельню, збілі той паўмесяц дадолу і зрабілі ў памяшканні Марскі клуб. Чамусьці марскі, а не нешта іншае, як гэта зрабілі з Жоўтай царквою, што зараз існуе на вуліцы Няміга. Лёс Марскога клуба такі самы сумны, што спасціг і шмат якія культавыя будынкі па ўсёй Беларусі, якія бурыліся і руйнаваліся.
Успомнім яшчэ і пра тое, што на захадзе Мінска былі нямецкія могілкі, а па-за кінатэатрам «Зорка», што быў на Савецкай вуліцы, мелася кірха — лютэранская царква. Кірха не працавала, яе скарыстоўвалі як месца экспазіцыі ўсебеларускай мастацкай выставы.
Зразумела, але не ўсім, тое, што пры новай эканамічнай палітыцы — нэпе — у БССР абмежаванняў на гаспадарчу дзейнасць не было і не магло быць, бо калі Ленін абвясціў нэп, прыватны гандаль і прыватную маёмасць, атэісты прыціхлі, а фанатыкі-камуністы нават учынялі самагубства — лічылі Леніна здраднікам камунізму.
Нэп праіснаваў да 1930 года. Усіх нэпманаў выслалі ў Сібір, усіх заможных сялян назвалі кулакамі і таксама выслалі на Далёкі Усход ці расстралялі як класавых ворагаў. Пачалася калектывізацыя — прымусовае прыгоннае права, а затым голад, картачная сістэма і барацьба з нацдэмамі — ворагамі народа. I яшчэ шмат чаго, што давяло народы СССР да краху дзяржавы і выкрыцця фальшывых ідэй камунізму.
Вось калі я зноў вярнуўся ў сваёй мазаіцы да нэпаўскага часу, мушу адказаць Васілю Быкаву пра свае адносіны да тых падзей, у якіх, можа, і сам прымаў удзел, а не толькі назіраў
здаля. Як бы там ні было, але сам факт стварэння БССР вельмі спрыяў хуткаму станаўленню самасвядомасці беларуса як гаспадара сваёй дзяржавы, але яшчэ ён мусіў узяць на сябе і клопат пра тыя нацыянальныя меншасці, што жывуць на беларускай зямлі, — рускіх, палякаў, яўрэяў. Адсюль разам вольны ўдзел на выбарах у Вярхоўны Савет.
Напрыканцы 1928 навучальнага года ў прафшколу завітаў Аляксандр Дзмітрыевіч Каменскі, родны братжонкі Якуба Коласа. Яму было трэба правесці малярныя работы ў новым доме, у якім ужо жыве ўся сям’я Якуба Коласа. Дырэктар прафшколы вызначыў мяне і майго сябра Шурыка Шымановіча як лепшых навучэнцаў для выканання работ па афарбоўцы драўлянага двухпавярховага дома Якуба Коласа.
Апынуцца адразу ў хаце вялікага песняра для мяне было вялікім святам. Кожны дзень бачыць сына Коласа Данілу і яго браціка Міхася, які ўжо добра гаворыць на мове, хаця мае ўсяго толькі тры гады. Вельмі былі ветлівыя адносіны ў жонкі Коласа, і дзядзькі Каменскага. Гучала з ранійы да вечара родная мова. Гэта было школай для нас, ва ўсіх адносінах карысна і цікава, асабліва таму, што мы з Шурыкам збіраліся трымаць экзамены ў Віцебскі мастацкі тэхнікум.
Адначасова з намі на верандзе працаваў скульптар Заір Азгур. Ён ляпіў першы бюст Якуба Коласа. Мы былі сведкамі таго, як робіцца скульптура, як фармуецца з гіпсу першы адлівак чорнай формы. Усе працэсы працы і для самога Азгура былі першымі, бо чорная форма дае толькі адзін адлівак, а іншых форм Азгур яшчэ тады не ведаў.
Два бюсты нашых славутых песняроў — Купалы і Коласа — прызначаліся для Мінскага драматычнага тэатра. На фасадзе тэатра меліся дзве круглыя нішы, у якіх з левага боку стаяў бюст Пушкіна, а з правага — Гогаля. Абодва бюсты былі адліты з бронзы, як вядома, вельмі трывалага матэрыялу. Дык вось, замест Пушкіна ў нішу паставілі бюст Купалы, а замест Гогаля — Коласа. Як мне помніцца, гэтая акцыя лічылася вельмі нармальнай, бо беларускі тэатр мусіць мець беларускі характар у вобразах беларускіх песняроў, што ўваходзіла ў пла-
ны беларусізацыі ўсёй краіны. Ніхто не падымаў ляманту, ніхто не называў беларусізацыю праявай нацыяналізму супраць Расіі. Таму, што азгураўскія бюсты песняроў былі выкананы не з бронзы, а з гіпсу, таніраванага пад бронзу, яны хутка загінулі на вольным паветры — ад дажджу і спякоты.
Мы працягвалі працаваць у доме Якуба Коласа. Афарбоўка дома займала шмат часу, на гэта ледзь хапіла жніўня, мусілі працаваць па 12 гадзін. За кожную гадзіну атрымоўвалі па 25 кап. Увогуле атрымалі па 75 рублёў кожны. Відаць было, што нашай працай былі задаволены ўсе, і што мы з Шурыкам спадабаліся Каменскаму, які на развітанне з намі даў кожнаму па кніжцы «Новай зямлі». Наперадзе быў Віцебскі мастацкі тэхнікум.
У Віцебску мы з Шымановічам лёгка здалі экзамены, бо ўжо мелі падрыхтоўку па прафшкольных праграмах. Было весела на душы: спраўдзілася мая мара вучыцца мастацтву. Заняткі пачаліся ў такім цікавым горадзе: куды ні глянеш — усюды знойдзеш матэрыял для мастака. Першыя два тыдні працую з натхненнем, хаджу па старэйшых курсах, гляджу, як трэба пачынаць працу. Але вось на маю галаву насунулася бяда. Дырэктар тэхнікума Віталій Фрыдрыхавіч Вольскі-Зэйдэль звольніў мяне з тэхнікума з тае прычыны, што я — сын служачага царскага рэжыму, г. зн. па сацыяльным стане. Два тыдні я на заняткі не хаджу, мой тапчан у інтэрнаце займае сын селяніна (калгасаў яшчэ не было). Напісаў ліст матцы ў Мінск. Чакаю адказу і ўвесь час хаджу на замалёўкі старога Віцебска, алоўкам малюю руіны Успенскага сабора, раку Заходнюю Дзвіну і іншае. 3 такім багажом еду ў Мінск у Народны камісарыят асветы БССР. На маё шчасце, мяне прыняў Язэп Дыла, паглядзеў мае малюнкі і на заяве напісаў прыкладна такую рэзалюцыю: «Студэнту Яўгену Ціхановічу аднавіць заняткі ў Мастацкім тэхнікуме».
Вось я зноў займаю свой таггчан у інтэрнаце, а на курсе стаю каля свайго мальберта — роўны з усімі.
Перш за ўсё здзівіла мяне, што ў тэхнікуме ўсе гавораць на беларускай мове. Выкладчыкі — рускія па паходжанні, вучыліся ў Петраградзе ў Імператарскай акадэміі мастацтваў — Волкаў, Керзін, Эндэ, Фогт. Іншыя выкладчыкі таксама прыехалі
з Расіі. Усе прадметы выкладаліся на беларускай мове. Яна была абавязковая для ўсіх без выключэння. У праграмах па мастацтве вывучаліся скарынаўскі шрыфт, арнаменты раслінныя і геаметрычныя, слуцкія паясы, беларускае ганчарства, ткацтва, рамёствы, архітэктура. 3 беларускай гісторыі мы ўжо ведалі Скарыну, Кастуся Каліноўскага, Дуніна-Марцінкевіча, Багушэвіча. А што тычыцца сучасных пісьменнікаў, дык іх мы праходзілі па праграме беларускай літаратуры. Сучаснае тэатральнае мастацтва і яго драматургія вывучаліся тут жа, у Віцебску, у БДТ-2, які ставіў тады п’есу «Разлом», перакладзеную на беларускую мову. У гэтай п’есе рэжысёра Разанава я і іншыя студэнты былі статыстамі — матросамі.
Усё вышэйсказанае адносіцца да 1929 года.
Але вось наступіў 1930 год, і нас, студэнтаў і настаўнікаў, вязуць у Лёзненскі раён збіраць лён, бо калі абвясцілі суцэльную калектывізацыю, дык рабочыя саўгаса разбегліся хто куды: на шахты, да сваякоў у Расію ці на Далёкі Усход. Хуткая калектывізацыя праходзіла пад прымусам, яе праводзілі дваццаціпяцітысячнікі — рабочыя з гарадоў, узброеныя наганамі. Гэтая акцыя называлася «галавакружэннем ад поспехаў», а поспехі былі такія, што ліквідавалі лепшых працавітых сялян на вёсцы, разбуралі хутары, не стала рабочай сілы. Ліквідавалі нэп як сістэму, што стварыў Ленін, каб патроху падняць народную гаспадарку. Ліквідацыя саміх нэпманаў-буржуяў, якія лічыліся класавымі ворагамі, давяла да голаду і гарады, і вёскі.
У тэхнікуме адразу змяніўся метад выкладання па акадэмічнай сістэме. Запанаваў «калектыўны» метад: усе чатыры курсы, ад першага да чацвёртага, пішуць адну карціну разам. Агульнаадукацыйныя прадметы вывучаюць усе разам, а залік здае той студэнт, які лепш за ўсіх ведае тэму.
Студэнтам скарачаюць гадзіны працы з натуры, уводзіцца ў праграму «палітгадзіна», яе вядзе камуніст Афроім Левін. Студэнтам даецца заданне рабіць палітычныя плакаты на тэмы барацьбы з бракаробамі, лятунствам, па газетах адбіраюцца тэмы міжнароднага характару — карыкатуры на Чэмберлена, Пілсудскага. «Здэх, Пілсудскі, здэх!» — пелася ў песні.
Беларуская тэматыка з праграмы выкрэсліваецца, бо яна носіць нацыяналістычны характар, не мае будучыні. У інтэрнаце ствараюць камуны: дзяўчаты свае, хлопцы свае. Сутнасць камуны такая: той, хто атрымаў з дому харчовую пасылку, мусіў дзяліць яе між тымі, хто меў тапчан у гэтым жа пакоі. Дзяўчаты мусілі дзяліць сваё адзенне між тымі, у каго яго не было зусім. Усе камунары павінны быць камсамольцамі — хочаш ты ці не, у цябе не пыталіся.