Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Мы жылі ў хаце Зіны Паўлоўскай, якая стала ўдавой з малым дзіцем і са сваёю маткай таму, што ў такую цёмную ноч партызаны рабавалі, а гаспадар не здолеў схавацца ў бліжэйшым лесе. Вось што такое на вёсцы сабака, які не адрознівае партызана з чырвонай стужкай на шапцы ад звычайнага злодзея. А рабаўнік быў з аўтаматам. А няўжо, спытаецеся вы, усе партызаны былі бандытамі? Так, былі бандытамі ўсе чыста, але толькі ў першыя 8 ці 10 месяцаў. Трэба было харчавацца, але дарма ніхто хлеба не дасць, таму карысталіся зброяй, перш бралі на спалох, а потым ужо і забівалі, асабліва тых дзядзькоў, хто «добраахвотна» не даваў апошні акрайчык хлеба ці калі адбіралі ад дзяцей скібку сала, тут ужо бацька стаяў насмерць. Потым, значна пазней, дарослыя хаваліся ў лесе, каб адседзецца там, пакуль не адыдуць гэтыя злыдні ад вёскі далей. I ўсё ж такі даставалася болей ад тых бандытаў тым беларусам, што жылі за межамі «ўсходніх крэсаў» у панскай Польшчы, дзе была ўласная гаспадарка. У Савецкай Беларусі ўсё калектыўнае, зараблялі на працадні толькі натураю ды вельмі мала.
Давайце прасочым за тым, як і адкуль узнікала на Беларусі партызанскае яднанне ў вайсковыя фарміраванні, у так званыя народныя мсціўцы, быццам уся мэта партызан была адпомсціць захопнікам нашых земляў.
Аднак гэта толькі словы, узятыя не з жыцця, а навязаныя няўдалымі камісарамі, каб найхутчэй апраўдаць гэтую помсту не толькі ворагу-прышэльцу, але і тым братам, сваякам па крыві беларусам, хто пайшоў не за імі, а, можа, і супраць іх. Нам скажуць: вайна ёсць вайна, і ніякія пацыфісцкія разважанні тут не падыдуць.
3 цягам часу партызаны ўжо мелі свае пякарні, кузні, сваіх шаўцоў ды майстэрні, у якіх рабілася саматужная зброя, але ўсяго гэтага не хапала, прыходзілася рабіць рэйды па захопе варожай зброі, а часам рабіліся наскокі на склады, дзе хавалася адзенне, прадукты харчавання, медыцынскія прэпараты і ўсё іншае, без чаго нельга весці сур’ёзную барацьбу з моцным ворагам. Яшчэ пазней сувязь з Вялікай зямлёй рабілася праз авіяцыю і дасягнула такіх памераў, якія далі магчымасць весці рэйкавую вайну на чыгунцы праз усю Беларусь, што было найвялікшай дзеяй з тых формаў партызанскай вайны, якая дала вынікі непрадбачаных памераў. Так з маленькіх груп, што засталіся пасля разгрому немцамі нашых вайсковых злучэнняў, уцёкшых з палону і сяброў камуністычнай партыі, якім так ці інакш трэба было хавацца ў лесе, нарастала колькасць партызан — рабіліся атрады, потым брыгады, якія дасягнулі да канца вайны да трохсот тысяч адзінак.
У гэты лік, мабыць, уваходзілі і сувязныя, як мужчыны, так і жанчыны, бо хто падлічыць дакладна ўсю колькасць людзей, якія мусілі ў горадзе весці двайную работу: уяўную і падпольную.
Я памятаю, як абразіўся Панамарэнка на нейкага недаверка, які казаў пра беларускіх партызан, што, маўляў, ім добра хавацца ў лесе, бо Беларусь мае так шмат лясоў, як не мае ніводная рэспубліка ў Саюзе ССР. Быццам толькі лес, а не самасвядомасць спрыяла вялікай колькасці партызан на Беларусі.
Роўна год таму назад, менавіта 20 красавіка 1991 года, у «Народнай газеце» на першай паласе чытаем: «На такіх зямля трымаецца», буйным шрыфтам: «Альфрэйшчык — прафесія рэдкая», «Навела з маналогамі, дыялогамі і адступленнямі». У цэнтры пад загалоўкам вялікае фота, дзе Анатоль Наліваеў86 на фоне партрэтаў пісьменнікаў, аўтарам якіх з’яўляецца сам Наліваеў.
Артыкул падзелены на тры часткі: першая — «Штрыхі да біяграфіі гасцёўні Галубка», другая — «Штрыхі да біяграфіі Анатоля Наліваева», трэцяя — «Штрыхі да біяграфіі Уладзіслава Галубка».
У першай частцы гаворыцца, калі адчынілася Гасцёўня, дзе яна змяшчаецца і што Гасцёўня носіць імя Уладзіслава Галубка.
А галоўнае ў ёй тое, што яна з’яўляецца «цэнтрам эстэтычнага выхавання моладзі. Грамадская дзейнасць — сотні сустрэч з інтэлігенцыяй рэспублікі, Саюза, замежжа, тысячы ўрокаў роднай мовы і літаратуры, малявання, спеваўдля школ раёна. Адказнасць — сотні праверак чыноўнікаў рознага рангу. Стартавая пляцоўка для пачынаючых паэтаў, кампазітараў, мастакоў. Работа для душы — Нацыянальнае Адраджэнне, Папулярнасць — і гузакі і падзякі». I ўсё гэта ў артыкуле Івана Рубіна пра Анатоля Наліваева. Скажыце, калі ласка, а ці можна паверыць у тое, што зрабіў усё вышэй названае адзін Наліваеў? Мабыць, аўтар артыкула Іван Рубін ніколі не бываў «на стартавай пляцоўкі для пачынаючых паэтаў, кампазітараў і мастакоў». А калі б наведаў, дык не знайшоў бы там стартавай пляцоўкі і ні тых паэтаў і кампазітараў, ні мастакоў. Гэта ўсё высакамоўны набор слоў, каб надаць дзейнасці Наліваева, што «на такіх зямля трымаецца». Мы далёка стаім ад таго, каб зруйнаваць усё тое, што ён набыў як збіральнік матэрыялаў аб Галубку, каб урэшце зрабіць літаратурны мастацкі музей Галубка, падобны літмузеям Янкі Купалы і Якуба Коласа. У Наліваева не хапіла сціпласці, каб прыпыніць гэты панегірык журналіста Рубіна ў сваіх успамінах.
Наліваеў прывозіў дакументы з Вільні, адносіў у КДБ для дасье на братоў Луцкевічаў87. Забаранялася бываць у Вільні і ў дачкі Зоські Верас88, якая замужам за сынам Антона Луц-
кевіча — Лявонам89. Ёсць фота, якое зрабіў Наліваеў (перазняў), дзе на ім увесь склад урада Беларускай Народнай Рэспублікі на чале з Антонам Луцкевічам. Ёсць фота, дзе сядзяць кіраўнікі БХД (хадэсіі), ксяндзы Татарыновіч, Глякоўскі90 (другі рад), ксёндз Адам Станкевіч91, уніяцкі святар з Украіны ксёндз В. Гадлеўскі92. Ёсць таксама здымак, дзе злева стаіць пісьменнік (няма прозвішча), за ім старэнькая з кіем Зоська Верас-Сівіцкая, яе дачка Галіна, чацвёртым зяць Зоські Верас Лявон Луцкевіч і апошні справа — Анатоль Наліваеў — гэта ўжо здымак рабіўся Наліваевым, можа, у гады 1981—1982.
«Полнтнческлй собеседннк», № 12 за 1989 год, змясціў шэраг фотаздымкаў розных часоў, сярод якіх ёсць здымак нашага часу, дзе здымаліся прадстаўнікі «Талакі». Кіраўнік «Сябрыны» ў Вільні Стэх і яшчэ 25 чалавек, а справа стаіць у чорных акулярах Лявон Луцкевіч (падаецца, як тое, што ён служыў у нямецкім войску).
Наліваеў зрабіў для мяне пераздымак малодшага брата Галубка. На здымку Браніслаў Галубок сядзійь у вайсковай форме з шабляй, у акулярах, а чыя форма дакладна, не ведаю. Адно скажу, што мундзір афіцэрскі, але не войска польскага. Тое, што ў Польшчы жыў малодшы брат Галубка Браніслаў, я ведаў ад жонкі. За мяжой мець сваякоў лічылася небяспечным, бо будзеш заўсёды пад кантролем, за табой сачылі: можа, трымаеш сувязь ды іншыя прычыны. Другі здымак Наліваеў перадаў, як і іншыя матэрыялы, у КДБ і ў Фрунзенскі райкам партыі як матэрыял, кампраметуючы ўсіх беларусаў, што былі ў свой час на чале БНР, або ў Беларускім культурным згуртаванні ў 1943 годзе фота сустрэчы старых «змагароў» за «Адраджэнне беларускай культуры» і маладых паслядоўнікаў, што ідуць за імі.
Таму не дзіўна, што райвыканкам хутка знайшоў трохпакаёвую (хрушчоўскую) кватэру пад Гасцёўню імя Галубка, дзе адзін пакой займаў Наліваеў як майстэрню.
Трэба ўлічваць час, а ён быў такі, што ніякія клубы, ніякія згуртаванні не дазваляліся, нават Беларускі народны фронт доўгі час не рэгістраваўся.
Паглядзім зараз, што гэтая Гасцёўня ўяўляе з сябе, калі уваходзіш у яе (па адрасе вул. Пятра Глебкі, д. 90). Тры пакоі — майстэрня, малы пакойчык, дзе экспазіцыя, большы пакой, дзе вялікі стол, піяніна, крэслы на 12 чалавек. На сценах партрэты пісьменнікаў, зробленых па фатаграфіях (а не з натуры) Наліваевым. Партрэты вялікага памеру вісяць ўпрытык адзін да аднаго. Аб мастацкай вартасці нічога станоўчага нельга сказаць, бо партрэты пісаў аматар, а не прафесіянал.
На крэслах сядзяць сем дзяўчат і настаўніца, мабыць, з бліжэйшых школ 128 і 132, — гэта актыў. Мяне запрасіў Наліваеў прысутнічаць. Чакалі пісьменніка. Кінааператар уладкоўваў сваю камеру. Прысутнічаў Курбека, які працаваў у Літмузеі Якуба Коласа. Нешта затрымліваецца пісьменнік. Мы з Курбекам разглядаем экспазіцыю, што ў малым пакойчыку. Кідаецца ў вочы афіша (арыгінал) з фатаграфіямі артыстаў і ў цэнтры партрэт Галубка. Гэты экспанат я атрымаў ад сястры артыста Быліча, шмат фотакадраў з пастановак тэатра Галубка з альбома сястры Быліча, які я атрымаў для Наліваева. Усе кнігі, а іх тры, дзе пісаў Атрошчанка аб тэатры Галубка, кніга ўспамінаў аб Галубку «Адхінуўшы заслону часу» і «Уладзіслаў Галубок — творы», «Уладзіслаў Галубок», п’есы, «Суд», «Пісаравы імяніны», «Ганка», іншыя матэрыялы. 3 нашага сямейнага альбома падарыў гасцёўні шмат партрэтаў Галубка, яго жонкі, яго дзяцей. Артыкулы аб тэатры Галубка. Групавыя фота ўсяго калектыву тэатра і шмат іншых матэрыялаў.
Наліваеў нервуецца — пісьменнік не прыйшоў, пачынаюцца здымкі. Курбека парадзіруе Пятруся Броўку, Шырму. Потым Наліваеў просіць мяне што-небудзь расказаць аб беларусізацыі ў 1929 годзе ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме.
Можна сабе ўявіць, якое ўражанне засталося ад такой сустрэчы. Быў я яшчэ на другім такім вечары, дзе былі мастакі. Гутарка ішла аб выяўленчым мастацтве. Зноў у якасці слухачоў сядзелі на гэты раз толькі пяць дзяўчат і адзін хлопец. Прайшло некалькі гадоў, я пытаюся ў Басалыгі Уладзіміра: «Ці бываеш ты ў гасцёўні Галубка?». «Не, не бываю, — адказаў ён і дадаў: — Для каго збірае Наліваеў матэрыял? Можа, для
КДБ? Што думаюць мастакі аб стане выяўленчага мастацтва сёння?».
Пасля таго як гасцёўня перабралася ў Траецкае прадмесце, Наліваеў зноў развесіў свае партрэты і частку фота групавых здымкаў тэатра і паасобных акцёраў. Прыкладам можа служыць такое фота: сярод групы артыстаў — Міцкевіч, Галубок, дзве дачкі Змітрака Бядулі, дзве сястры Тарасік, дзве дачкі Галубка — Багуслава і Вільгельміна — і іншыя артысты, прозвішчы якіх не ведаю. У цэнтры сядзіць Варонка, які з’яўляўся сакратаром БНР, а побач сядзяць браты Фларыян і Антук Ждановічы. Фларыян Ждановіч узначальваў маладую трупу артыстаў у 20-я гады. У Варонкі ў пятліцы бачым бел-чырвона-белы сцяжок. Але што за дзіва? Фота даваў Наліваеву, дзе ў Варонкі быў сцяжок, а зараз яго няма. Я прымусіў яго растлумачыць мне, чаму ён зафарбаваў сцяжок. Дык ён пабаяўся таго, што яму дадуць па карку яго гаспадары-райкамаўцы з ідэалагічнага аддзела. Я ўспомніў яму тое, як у 1937 годзе зафарбавалі прозвішча Галубка пад кожным краявідам — каб творы мастацтва належалі невядомаму мастаку.