Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Мінск «Лімарыус» 2015
УДК 94(476)(093)
ББК 63.3(4Бен)
Ц75
Серыя заснавана ў 2011 годзе
Прадмова, падрыхтоўка тэксту Сяргея Харэўскага
Каментары Сяргея Харэўскага
Навукова-рэдакйыйная рада: Валянцін Голубеў, Ганна Запартыка, Аляксей Каўка, Вітаўт Кіпель, Адам Мальдзіс, Мікола Нікалаеў, Генадзь Сагановіч, Алесь Смалянчук, Лявон Юрэвіч
ISBN 978-985-6968-48-1
© Ціхановіч Я., 2015
© Харэўскі С., прадмова, падрыхтоўка тэксту, каментары,2015
© ТАА «Лімарыус», 2015
ПАРТРЭТ СТАГОДДЗЯ ВАЧЫМА МАСТАКА
Ён пражыў доўгае жыццё — 94 гады — і быў апошнім прадстаўніком мастакоўскае дынастыі Ціхановічаў, перажыўшы сына Генрыха і ўнука Яна. А ягоным старэйшым братам быў славуты беларускі графік Валянцін Ціхановіч. Ён нарадзіўся ў беларускай сям’і чыгуначнага чыноўніка, на станцыі Джусалы, сярод бяскрайніх абшараў Азіі. Але школьныя гады Яўгена і яго старэйшага брата Валянціна, таксама славутага мастака, праходзілі ўжо ў Беларусі. Ціхановічу выпала вучыцца ў Віцебскім мастацкім тэхнікуме, дзе ягонымі настаўнікамі і калегамі былі Пэн і Мінін, Эндэ і Фогт. Яму давялося ўбачыць і закат віцебскае школы. Нехта стаў ахвярай сталіншчыны, як цесць Яўгена Ціхановіча — рэжысёр, акцёр і мастак Уладзіслаў Галубок. Іншыя палеглі ў вайну. Шмат каго нялітасцівы лёс раскідаў па свеце.
Яўген Ціхановіч браў удзел у мастацкіх выставах ад 1932 года. За доўгія гады творчасці ім былі створаныя дзясяткі жывапісных палотнаў, сотні графічных работаў, ілюстрацый і экслібрысаў. Але спачатку ён мысліў сябе жывапісцам. Рэалістычныя шматфігурныя кампазіцыі ён пісаў ужо да вайны, і яны мелі пэўны поспех у савецкіх крытыкаў. Ну як было, напрыклад, не пахваліць у тыя гады палатно маладога мастака Ціхановіча «Выступленне Арджанікідзэ на Другім франтавым з’ездзе Заходняга фронту», напісанае ў 1940-м? А для выставы на Дэкадзе літаратуры і мастацтва ў Маскве, у 1940-м, Ціхановічам быў напісаны партрэт мастака Антона Каржанеўскага, ягонага сябра.
Ён і па вайне звяртаўся да шматфігурных сюжэтных кампазіцый. Адразу па вайне ён піша адзін з самых вядомых твораў на партызанскую тэматыку — «Партызаны ў разведцы», што быў
прыхільна сустрэты савецкай крытыкай. Мастак у ім звярнуў увагу на асобны канкрэтны эпізод вайны. Бо ў першыя гады пасля вайны мастакі, як і ўсе беларусы, знаходзіліся пад моцным уражаннем ваенных падзей і бедаў.
Разам з Ісакам Давідовічам ён напісаў вялікае палатно «Выступленне фізкультурнікаў», што дэманстравалася на Усесаюзнай мастацкай выставе ў Маскве, у 1951 годзе. I зноў — нязменны поспех. Бо Ціхановіч нейкім асаблівым, гадамі выпрацаваным пачуццём здагадваўся, што трэба маляваць ва ўсе часы. Ён доўгі час супрацоўнічаў з Давідовічам. Шмат пазней яны напісалі палатно «Янка Купала з калгаснікамі», што таксама стала класічным.
...А на пачатку 1950-х аказалася запатрабаваным аптымістычнае светаадчуванне. У рэчышчы гэткага дзяржаўнага заказу ён піша сваю, бадай, лепшую шматфігурную кампазіцыю ў духу класічнага сацыялістычнага рэалізму — «Аматары футбола». Гэты твор стаўся, не зважаючы на ягоную сацыялагічнасць, вельмі шчырым і жыццесцвярджальным. Нечаканым і дасціпным прыёмам Ціхановіча стала нота дажджу. Так, сотні людзей, дарослых і дзяцей, што прыйшлі на стадыён, заўзята цікуюць за хадою матча пад парасонамі. Нават халодны дождж не можа астудзіць іхнага азарту. Бо гэта новы стадыён і новае, паваеннае пакаленне беларусаў. Мастак трапна выхапіў гэты момант з плыні часу, з карагоду сваіх тагачасных уражанняў. Бо каб гэта быў не рэалізм, то атрымалася бы сатыра... А Яўген Ціхановіч умеў быць і дасціпным і, калі трэба, абачлівым.
Абачлівасці яму ніколі не бракавала. Бо яму, зусім маладому, давялося карміць вялікую ўласную сям’ю пасля расстрэлу цесця, Уладзіслава Галубка. Давялося жыць і тварыць у акупаваным немцамі Мінску. Яўген Ціхановіч успамінаў: «Мне было тады 30 гадоў, як камуністы ўцякалі зь Менску на дзяржаўных машынах, як у паніцы пакідалі ўсё немцам. За немцамі пачаліся адразу ж арышты, вобшукі, расстрэлы. Разам з тым немцы актывізавалі работу па прыцягненьні беларускае інтэлігэнцыі ў палітыку. Мастакам давалі працу ў газэтах, мастацкіх майстэрнях, у нагляднай агітацыі. Было нават дзьвемастацкія выставы...».
Па вайне давялося наноў даводзіць сваю лаяльнасць савецкім уладам. Але пры тым ён ясна ўяўляў сваё месца як мастака і даваў шчырую справаздачу сабе ў тым, што ён рабіў. Ва ўспамінах ён згадвае тыя шматлікія палотны, што ў 1950-я прынеслі яму пэўную славу, іранічна і без трапяткога піетэту. Рабіў, бо так тады трэба было рабіць. Але рабіў добра і сумленна, наколькі мог. Куды вальнейшым пачуваў сябе Яўген Ціхановіч у графіцы, а перадусім у камерным жанры экслібрыса. I тут ён быў недараўнальным майстрам. Сотні ягоных экслібрысаў разышліся па свеце. I прынеслі яму іншую славу, тую, якой ён ганарыўся. Ягоныя філігранна выкананыя экслібрысы шматкроць выстаўляліся і ў Мінску, і ў сталіцах савецкіх рэспублік, і ў Варшаве і Празе, і нават у далёкай Японіі. Кніжная графіка, экслібрысы, знітавалі яго са светам беларускае літаратуры. Апроч сваяцтва з Галубком, ён быў звязаны сяброўскімі стасункамі яшчэ з даваеннай генерацыяй беларускіх літаратараў, якім пашчасціла выжыць у 1930-я. Сярод іншых ён вельмі добра ведаў Янку Купалу і Якуба Коласа, што падтрымоўвалася пазней і сяброўствам з сынам апошняга...
Шмат твораў гэтага мастака можна пабачыць у музеях, кнігах, падручніках. Яўген Ціхановіч стаў аўтарам дзясяткаў палотнаў, у тым ліку партрэтаў пісьменніка В. Быкава, драматурга У. Галубка, скульптара А. Глебава, жывапісца М. Крыжаноўскага, жанравых кампазіцый «Расповед байца», «Партызаны ў засадзе» і іншых, сотняў графічных твораў, у тым ліку краявідаў, ілюстрацый да кніг. Працаваў у галіне эстампа (у асноўным лінагравюры), майстра экслібрыса (адзін з першых увёў у гэты жанр партрэт). У мастацкіх выставах экспанаваў свае творы з 1932 года. Удзельніксусветнай выставы «ЭКСПО-70» (Японія). За сваю шматгадовую мастацкую дзейнасць быў узнагароджаны дзвюма ганаровымі граматамі і Граматай ВС БССР.
А таксама Яўген Ціхановіч быў выдатным апавядальнікам і мемуарыстам, адным з апошніх сведкаў стагоддзя, што сышло ў нябыт. Ён быў знаёмы з усёй палітычнай і культурнай элітаю Беларусі савецкай і часоў нямецкае акупацыі. Да канца дзён сваіх быў адданым беларускім патрыётам і працавітым творцам.
Мастак стаў аўтарам публіцыстычных артыкулаў-успамінаў у розных беларускіх перыядычных выданнях. Але вялікая частка ягонае мемуарыстыкі так і засталася неапублікаванаю. Тэксты, што ўвайшлі ў гэтае выданне, друкуюцца ўпершыню, са згоды сям’і мастака. У дадатку змешчаныя тэксты ўспамінаў Ціхановіча, што былі адкарэктаваныя мною са словаў мастака і надрукаваныя ў газеце «Наша Ніва» яшчэ пры ягоным жыцці.
Сяргей Харэўскі, мастацтвазнаўца
УСПАМІНЫ ЯУГЕНА ЦІХАНОВІЧА
Уладзіслаў Галубок1 і яго тэатр існаваў сямнаццаць гадоў і згінуў разам са сваім заснавальнікам у самы страшэнны год развою сталінскага тэрору. Таму вельмі каштоўным будзе кожная рыска з успамінаў тых людзей, хто з ім працаваў ці добра ведаў аб ім такое, чаго баяліся доўгі час гаварыць і тым больш пісаць, а такіх людзей застаецца ўсё меней і меней як сведак тых далёкіх і змрочных часоў...
Дзіву даешся, калі людзі яшчэ і сёння кагосьці баяцца ці нават крыўдзяцца, калі крытыкуеш іх за прыхарошванне ці замоўчванне тых фактаў, што праліваюць святло на сапраўдны стан жыцця пры так званай сталінскай Канстытуцыі. Ужо абрыдла чытаць або слухаць і глядзець па тэлебачанні, дзе ніколі не пачуеш прозвішчаў тых людзей, што жывуць сёння, але ў свой час нямала нашкодзілі, прыклаўшы рукі да паклёпаў, даносаў, ці, яшчэ горш, друкавалі палітычную хлусню, каб загубіць як мага больш сумленных людзей з таго ліку, што адносяцца да знакамітых дзеячаў беларускай савецкай культуры.
Дваццаць гадоў таму назад2, калі я ўпершыню экспанаваў свой партрэт Галубка ў Дзяржаўным мастацкім музеі, было цяжка правесці яго праз шматлікія выстаўкамы, мастацкія саветы, экспертна-закупачныя камісіі, бо партрэт быў не заказны (не было дагавора). Ды яшчэ галубкоўскія афішы, што былі па-за тварам Галубка з назвамі «Суд», «Бязвінная кроў», «Душагубы», «Госць з катаргі», «Праменьчык шчасця», «Крабы», не давалі спакою Савіцкаму, Данцыгу, Вярсоцкаму3 ды іншым членам экспертна-закупачнай камісіі, якія неслі адказнасць за палітычны змест, можа, болей, чым сам мастак, аўтар гэтага твора. На галаву мастака заўсёды хапала розных афіцыйных кантралёраў і дарадчыкаў, не кажучы ўжо пра «нскусствоведов, что в штатском», якія шукаюць крамолу, дзе ёсць, на іх думку, небяспечнасць дзяржаве ў ідэалагічным сэнсе. Нават яшчэ
і сёння існуе драконаўская форма разгляду мастацкага твора, дзе канчаткова вызначаецца ганарар без прысутнасці аўтара, ён не можа ўвайсці ў абарону, бо не можа ведаць, аб чым за дзвярыма ідзе гаворка, — ён пакуль што стаіць пад дзвярыма і чакае, калі паклічуць яго, каб пачуць прыгавор сабе і свайму твору. Так вось і я са сваім Галубком дачакаўся прысуду, а калі быў не задаволены ганарарам, дык пачуў ад мастака Данцыга такія словы: «Еслй Тйхановйч будет настайвать на увелйченіш гонорара, томы запйшем, что портрет выполнен на нйзком художественном уровне». Партрэт праходзіў па выстаўкаме Саюза мастакоў, бо міністэрскі выстаўкам на такія работы, як партрэт Галубка, дагавораў не заключаў. Гэтыя падрабязнасці я адзначаю наўмысна, каб чытачы ведалі пра закулісныя справы вакол тых мастацкіх твораў, якія не плануюцца, а пагэтаму і не пажаданы, бо за імі ўстае той страшэнны і крывавы адна тысяча дзевяцьсот трыццаць сёмы год.
Тым часам перад вернісажам чарговай выстаўкі мы з жонкай атрымалі дазвол дырэктара музея А. Аладавай4 паставіць кветкі пад партрэтам бацькі...
Звычайна на вернісажах мастакі прысутнічаюць амаль абавязкова: ім самім цікава ведаць, як успрымаюцца гледачамі іхнія працы, ды ўбачыць у параўнанні з іншымі свае творы. Так вось і я ўбачыў, што каля партрэта Галубка стаяцьдва пісьменнікі — Янка Брыль і Васіль Вітка5. Крочу да іх, вітаемся, пару заўваг робіць Янка Брыль. Што ж, заўвагі слушныя. Пастаялі разам моўчкі... Цяжка ўздыхнуўшы, Брыль зазначыў: «Такога чалавека загубілі, але няма адказных». Так, і гэта было слушна на той час, бо ўсе ведалі, хто адказны, але ўслых сказаць не рызыкаваў ніхто, баяліся нават самога партрэта, тых назваў яго п’ес, таго позірку яго вачэй — яны нібы казалі: «За што вымяне пакаралі, за што?..».