• Газеты, часопісы і г.д.
  • Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

    Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 532с.
    Мінск 2015
    132.27 МБ
    Мы ведаем, што Аляхновіча ў Вільні нехта застрэліў у яго хаце. Казалі, што гэта акцыя належыць беларускім партызанам. Але чаму ў Вільні? Няўжо ён быў такі небяспечны драматург для партызанаў, каб яго прыбраць з дарогі? Спрэчнасць гэтай драмы відавочная, але нікому нічога не дакажаш. Тое, што рэдактара мінскай газеты Казлоўскага55 бальшавіцкая куля знайшла ў Мінску, — факт вядомы.
    Ну што гэта за тэрор? Калі параўнаеш яго з тэрорам фашысцкіх акупантаў, ды ці дасягае ён тае мэты вызвалення Беларусі, як, скажам, гэта робяць партызаны на чыгунцы ў так званай рэйкавай вайне ці як на трэці год акупацыі — калі ў сталоўцы гестапа ў комінах былі закладзены міны з гадзіннікавым механізмам, выбух якіх адбыўся з нямецкай дакладнасцю роўна a 14 гадзіне ў часы абеду. Гэта быў год, калі выбухі здараліся так часта ў розных канцах Мінска, дзе змяшчаліся тылавыя эсэсаўцы, паліцэйскія і нейкія фельдлабараторыі (а пра трамваі я ўжо казаў), што не дзіва было, калі па вуліцах удзень і ўначы чулася на кожным кроку: «Хальт!» або аблавы на чорным рынку. Найбольш недарэчнай акцыяй быў выкананы загад партызанаў, каб знішчыць гаўляйтара Кубэ, які каштаваў нам тысяч ахвяр ні ў чым не вінаватых жыхароў Мінска. Гэтак за аднаго злодзея мы заплацілі заложнікамі спачатку трыста ча-
    лавек — старых, жанчын і дзяцей з Беламорскай вуліцы, якіх хапалі абы захаваць лік галоў у трыста чалавек. А потым у пяці месцах горада, у тым ліку і на Камароўцы, з’явіліся вісельнікі: па тры душы на тэлеграфных слупах з шыльдамі, што гэта партызаны. Вешалі перад вокнамі камароўскіх жыхароў, якія мусілі па тыднях жыць у сваякоў ці добрых знаёмых.
    Я не ведаю, на якой падставе партызаны бяруць на сябе адказнасць за выбух у гарадскім тэатры, дзе загінула і была паранена выключна беларуская моладзь. Іх сабралі на вечар з урачыстай часткаю і канцэртам у канцы нямецкія шэфы з дражджавога завода, а таксама спіртаводачнага. Адразу пасля выбуху былі расклеены адозвы на беларускай мове, дзе нямецкія ўлады віну за ахвяры ўскладалі на партызан, яны казалі, што ніводны немец пры гэтым не пацярпеў.
    А было так: на першай частцы таго вечара, што праходзіла як афіцыйная, немцы прысутнічалі і нават сядзелі на сцэне як гаспадары, а ў перапынку выйшлі з тэатра, а свае білеты раздалі маладым хлопцам, што хацелі патрапіць на мастацкую частку. Няхітрая правакацыя была скарыстана наўмысна, каб нацкаваць на партызан тую частку жыхароў, што працавала на заводах Мінска.
    Ад таго, што ўсё часцей і часцей сталі налёты на Мінск нашай авіяцыі, можна было меркаваць, што мацнее бомбавая авіяцыя. Запомніўся такі налёт у ноч на 1 мая, калі немцы адзначалі гэтае свята як свята працы і вясны ў будынку былой Вышэйшай партыйнай школы па вуліцы К. Маркса. Па першых сігналах баявой трывогі ўвесь горад пагасіў асвятленне, але ў небе павіслі ліхтары, памалу зніжаліся, асвятляючыя тыя раёны, на якія накіраваліся бамбардзіроўшчыкі. Знізу прамяні пражэктараў шукалі ў небе нашых пілотаў, але выбухі адзін за адным чуліся ў цэнтры горада, і раптам бачылі, як зарава агню ахапіла гэты будынак. Вельмі цікава было даведацца, чаму так трапна нашы бомбы леглі менавіта ў гэты дом, дзе на верхнім паверсе святкавалі нямецкія афіцэры высокіх рангаў. А тое, што бомбы леглі на лесвічныя клеткі так, што аб якім-небудзь ратунку не магло быць ніякай гаворкі. Немцы кідаліся ўніз на
    тыя матрацы, але ўсё роўна гэта нічога не дапамагло. Сакрэт быў разгаданы трохі пазней ад самога электрыка, які правёў электрычнасць у варонкі вадасцёкавых трубаў на даху дома, каб зверху было відаць, а знізу — не. Вядома ж, ніхто здагадацца не мог, але электрык мусіў падацца да партызан пасля дыверсіі.
    Урэшце забойства Кубэ. На яго месца быў назначаны генерал СС Готвальд56. Гэта быў высокі пахмурны і кульгавы чалавек, пагэтаму, можа быць, і больш каварны. Пад яго загадам на Мінск накірдвалі дванаццаць тысяч шуц-паліцаяў, якія ахапілі кальцом увесь Мінск, асобныя яго раёны і ў кожны двор па два шуц-паліцаі з аўтаматамі, гранатамі, кінжаламі і процівагазамі. Усюды шукалі зброю, а на самай справе рабавалі людзей. Рабілі вобыскі вельмі пільна, бралі ўсё, што нагадвала зброю, а таксама адрэзы тканіны, новы абутак, каштоўныя рэчы або само золата. Здараліся такія выпадкі, як у адным доме на ўскраіне Мінска: узнікла перастрэлка паміж паліцыяй і сувязнымі, якая скончылася тым, што немцы падпалілі хату і захапілі аднаго параненага партызана.
    Вельмі цяжкае жыццё настала, калі ў Мінску апынулася смаленскае гестапа, бо Смаленск зноў стаў нашым, а таму трэба было спагнаць на пагромах яўрэяў у гета, на арыштах нявінных, рабіць частыя аблавы на чорным рынку і нарэшце вешаць і вешаць як мага болей. Смаленскае гестапа складалася часцей за ўсё з рускіх крымінальнікаў, тыповых падонкаў і забойцаў, садыстаў і азвярэлых антысемітаў.
    Побач са смаленскім гестапа ў Беларусі пачалі дзейнічаць атрады карнікаў супраць партызан, але гэта ўжо былі воінскія згуртаванні з ліку літоўскіх вайскоўцаў ды фінскіх, нават сустракаліся ў Мінску салдаты з іспанскай блакітнай дывізіі. Гэткае напружанае становішча было выклікана яшчэ і тым, што партызаны павялічылі сваю зброю за кошт частых дыверсій на чыгунцы ды асабліва перахоплівалі нямецкі транспарт на шасэйных дарогах, дзе трафеямі была лёгкая зброя.
    Усюды ішла вайна, гэта ўжо не ціхі далёкі ад перадавой тыл, гэта што ні крок, то рызыка, усюды цябе чакае правакацыя, але мусіш жыць і аглядацца, перасцярога — лепшы дарадчык.
    Ніжэй я раскажу, як здарылася так, што шасцёра членаў сям’і Галубка апынуліся за 75 кіламетраў ад Мінска, у мястэчку Узда.
    На маю долю дасталася таксама адведаць, што гэта такое — смаленскае гестапа ў першыя дні яго зладзейскай працы ў Мінску. Так, мы з Лёляй (братавай жонкай) дамовіліся зайсці да Ганны Левінай спытаць: можа, яе сястра Галя прывезла штонебудзь з Узды — кавалак сала ці клінковы сыр у абмен на вопратку ці што іншае. Муж Ганны зараз на фронце, яна адна жыве з дзвюма дочкамі, яшчэ малымі, у адным пакоі. Драўляны дом, але што ні пакой, то сям’я другая, два ўваходы. Калісьці брат мой быў суседам Левіных, пагэтаму знаёмства даўняе. Ганна — беларуска з бялявым тварам, жыццё цяжкае, а вось сястра без дзетак, ёй лягчэй дабываць харчы, вось і едзе туды-сюды.
    Пастукалі ўдзверы, адтуль мужчынскі голас: «Уваходзьце». Божа мой, у хаце вэрхал, па ўсім відаць — быў вобыск. Адзін з мужчын ляжыць на голым матрацы ў ботах, другі сядзіць за столікам, на якім агуркі, бутэлька самагону, нейкія аб’едкі, твар чырвоны — ён паціху гаворыць, што Ганна зараз прыйдзе, пачакайце. Але чаго чакаць? Усё ясна: трэба сыходзіць. Павярнулі на выхад. «Пачакайце», — ужо больш настойліва. Я моўчкі крочу на прыступкі. Ён хапаецца за наган і ўжо крычыць: «Назад! Вярніцеся! Сядайце, дакументы!» Дастаю з кішэні свой аўсвайс — гэта даведка, што я на ўліку ў аддзеле мастацтва гарадской управы. Галоўнае ў даведцы — гэта пячатка, дзе арол трымае ў кіпцюрах свастыку. Усе мастакі павінны былі адзін раз на тыдзень з’яўляцца ў аддзел мастацтва для засведчання, што ты яшчэ жывы і сядзіш дома. «Вот вы уже продалнсь немцам. Наш дядя Ваня знает все о вас». Бачу, што гестапавец выдае сябе за партызана. Я маўчу — лепей маўчаць. Ён вяртае аўсвайс, рве з рук Лёлі сумку, рыецца ў ёй, бачыць маркі і кажа: «Мы денег не берем». Загадвае свайму напарніку адвесці нас. Але куды? Надварэ суседка Ганны крычыць на вуха Лёлі (бо глухая), што ўначы схапілі Ганну з двума дзецьмі і некудысь адвезлі. Так, гэта зразумела, бо таму засада. Цікава, у чым вінавацяць Ганну? Той, што затрымаў нас,
    застаеіша ў хаце, а мы ідзем на гару па Ленінскай ад бальніцы ў бок пляца Волі. У мяне пытаецца той, што нас вядзе: «Дзе тут вуліца Астроўскага?» Прыводзіць у чырвоны дом на другі паверх. У пакоі шмат людзей, падобных на таго, што з намі. «Чакайце». Выклікаюць спачатку Лёлю, за ёй мяне. За сталом сядзіць сівы эсэсавец у форме і побач нейкая жанчына. Яна курыць. Абое разглядаюць мяне з ног да галавы. Задае пытанні сівы на добрай рускай мове. Я намагаўся ўспомніць, дзе яго бачыў, а калі пачуў голас, успомніў — так ён яшчэ ў тым лагеры, дзе сядзелі тыдзень, запытаўся ў нас (15 чалавек): «А можа, сярод вас ёсць хто дэпутаты Вярхоўнага Савета?» Пытанне прагучала так добразычліва і проста, быццам хацеў узнагародзіць тых дэпутатаў. Другое пытанне: «Хто з вас ведае бухгалтарскія справы?». Ускочыў нейкі з цыгаркаю ў зубах. «Я ведаю», — кажа. А немец пальчаткай бац па зубах — відаць, абразіўся. Але скамандаваў убок. Значыць, гэта ўсё тое самае смаленскае гестапа. Тады яшчэ пачыналі з Мінска, калі ішло ўсё добра, а зараз справы дрэнь — другія размовы.
    Пытанні да мяне: «Прафесія? Чаму вы апынуліся ў Левінай? Ці ведаеце сястру Галіну? Яна ж сувязная, жонка савецкага лётчыка. Мы шукаем партызанку Галіну, у гэтым уся справа». Галіну я не ведаў, тым больш не мог ведаць, дзе яна зараз. Відаць, мае адказы не выклікалі падазрэння, аднак скамандаваў на выхад — чакаць прысуду. Сівы спытаўся ў жанчыны на нямецкай мове, што з імі рабіць. Яна ў адказ: «Гефенгнісгаўз», што па-беларуску азначае «турма». «Толькі не гефенгнісгаўз, — спалохаўся я. — Чым вінаваты я і жонка майго брата? Мы ж прыходзілі за пасылкамі ад маткі ці ад сястры маёй жонкі». «Ладна, — адказаў ён. — Будзеце сядзець тут дацямна, а там паглядзім».
    У 14 гадзін прынеслі міску кіслае капусты і дзве лыжкі. У 18 гадзін, калі сцямнела, прыйшоў да нас той афіцэр СС. Пачаў размову пра тое, што партызаны абнаглелі, што мы спынім, казаў ён, гэтыя выбухі, нават вынес са свайго пакоя ангельскую магнітную міну, якая хутка прычапілася да дзвярной ручкі. Я слухаў яго і думаў, што ён рускі, мабыць, з тых
    белагвардзейцаў, што беглі на той захад, а зараз пруцца на ўсход у чужым адзенні, з чужою моваю. Ён трымаў нас у сябе столькі, колькі лічыў патрэбным, каб Галю ніхто не папярэдзіў, і перад выхадам нам параіў сядзець у хаце тры дні. «А калі хто з вас выйдзе, мы будзем ведаць. Тады злуйцеся толькі на сябе».
    Ганна з двума дзецьмі загінула ў лагеры, што па вуліцы Чырвонай (зараз тэрыторыя радыёзавода). Галіну смаленскае гестапа не затрымала, не знайшло. Яна як партызанка была ўзнагароджана партызанскім медалём першай ступені.