Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Яшчэ калі нямецкія дывізіі даволі лёгка ішлі на ўсход, Мінск заставаўся ў далёкім тыле. Паўсюды ствараліся гарадскія ўправы пры камісарыятах, дзе шэфамі былі, як правіла, акупанты ў партыйнай вопратцы, што ўсё роўна нагадвала вайсковую. На левым рукаве чырвоная павязка: у белым крузе чорная свастыка. Найвышэйшай установай у Мінску быў Генеральны камісарыят, затым ішоў абласны камісарыят і апошнім гарадскі камісарыят. Гарадская ўправа мела аддзелы, у галаве якіх былі шэфамі-кіраўнікамі абавязкова немцы, а іх намеснікамі — беларусы і астатнія функцыянеры.
У аддзеле мастацтва галоўным быў Панін, яго намеснікам — Ільінскі57, ён родны брат вядомага артыста А. Ільінскага, які з тэатрам БДТ-2 быў на гастролях ці паспеў эвакуявацца з Віцебска, дзе была сталая база гэтага тэатра.
Усе мастакі, хто апынуўся ў акупацыі, мусілі стаць на ўлік у аддзеле мастацтва. Атрымалі маленькі лісток паперы, так званы аўсвайс-даведку. 3 гэтым аўсвайсам мастак павінен быў адзін раз у тыдзень прыходзіць у аддзел, каб працягнуць тэрмін дзеяння гэтае даведкі. Вось гэта тое, што я ведаў, што робіць гэты аддзел мастацтва ва ўправе.
Звычайна я не карыстаўся трамваем, а хадзіў пешкі праз руіны па Савецкай вуліцы да цэнтра, дзе тая ўправа. Сустрэўся я з мастаком Дучыцам58. Ён пейзажыст, старэйшы за мяне — яму 55 гадоў. Ён нешта ўсхваляваны і кажа мне: «Будзеце мяне ратаваць, я даў згоду працаваць у аддзеле мастацтваў ва ўправе». Бачу, што гэта сур’ёзна. Але чаму спатрэбілася яму гэтая ўправа? Матэрыяльна? He. Любоў да мастацтва? Можа,
лічьшь, што яны ўжо не вернуцца ніколі? Хто можа ведаць у такіх абставінах, што ў чалавека на душы? Я ж ведаў, што ў Дучыца гэтых эцюдаў-краявідаў вельмі многа на кардонках вялікімі стосамі ляжалі нерухома — хай бы прадаваў, хапіла б да канца вайны. А можа, думаў, што мастацтва не мае дачынення да палітыкі? Дзе яна ў тых пейзажах, што ён рабіў сам. He, зразумець мне цяжка, пабачым, калі будзем жывы. Неўзабаве Дучыц у мяне ў хаце, што на Нізкім завулку, просіць даць на выстаўку не меней за тры творы выяўленчага мастацтва: так хочуць шэфы, гэта як загад тым мастакам, што стаяць на ўліку. Даю эцюд да партрэта жонкі, адзін краявід і нацюрморт. Тут жа мастак Антон Каржанеўскі59 просіць мяне глянуць на тое, што ён прынёс Дучыцу. «Многа, вельмі многа, — кажу. — Знайшоў час, калі выстаўляцца! Паглядзі на нас. Сказана — не меней трох». Ён у адказ кажа: «Вы на Дэкадзе літаратуры і мастацтва ў Маскве прымалі ўдзел у выстаўцы, аб вас ведаюць, а я ў той час служыў у арміі, і толькі зараз ёсць магчымасць заявіць аб сабе». «Паклікаў бы нас да сябе — Гусева Міколу, Валянціна Ціхановіча. Паглядзелі б твае працы, — кажу, — далі б ацэнку, пасядзелі, пагутарылі б! Ну, як хочаш — рабі, як знаеш». Вось кажу так, а сам не ведаю, можа, мастак ужо не з намі, адкуль такая ўпартасць. Так яно і было. Ён не паслухаўся маіх парадаў, паказаў болей за 40 малюнкаў вугалем, алоўкам, акварэлі нават алейнымі фарбамі, былі там краявіды, могілкі, Белая вежа, азёры ды рэчкі. Ніякіх тэматычных карцін у яго не было. Зноў сустрэліся ля нямецкага кінатэатра. Ён кажа: «Не ведаю, Жэня, радавацца мне ці плакаць». «А што здарылася?» — пытаюся. «Немцы ўзнагародзілі мяне медалём для ўсходу за актыўны ўдзел у мастацкай выстаўцы». «Ён тут? Пакажы!» Ну гэта ж такі самы, якім узнагароджваюць уласаўцаў, паліцаяў ды бургамістраў. «Плакаць, — кажу. — Што ты скажаш нашым?» Гэта так і было: выслалі яго на 10 гадоў, а потым забаранілі жыць у сталіцы. Так ён апынуўся ў акупацыі з сынам, а жонка — партыйная, работнік канцылярыі Вярхоўнага Савета БССР — была ў гэты час на ўсходзе. Цяпер жа паставілі ўмову перад ёю: развод з мужам — застанешся ў партыі, калі не — выключым
з партыі і пакінеш работу. Жанчына засталася з сям’ёю, і з сынам мусіла ехаць у Віцебск.
Шкада чалавека, як і з тым Дучыцам. Па сутнасці, у іх ніякага крыміналу не было, але ў нас каралі за ўсё, абы была зачэпка. Знайшліся людзі, а сярод іх і мастак Яўген Нікалаеў60 з Віцебска, які ўсё сваё жыццё не даваў ходу Каржанеўскаму ў мастацтве, не даваў рабіць выстаўкі, нават юбілейныя, пры тым, што Каржанеўскі заставаўся членам Саюза мастакоў СССР. Нікалаеў быў членам Віцебскага гаркама партыі, і гэта акалічнасць вельмі спрыяла ў мастацкай кар’еры. Ён за кароткі час атрымаў пачэснае званне заслужанага дзеяча мастацтваў БССР, а потым і народнага мастака БССР. Вось вельмі слабы тэатральны мастак Нікалаеў меў моц як партыйны начальнік і пагэтаму што хацеў, то і рабіў з Каржанеўскім, трымаючы яго пад прыцэлам як здрадніка Радзімы.
Пасля закрыцця выстаўкі немцы ўжо добра ведалі, хто з нас чаго варты. Я на адкрыццё выстаўкі не пайшоў, а таму і не ведаў, што там было. Толькі мастакі з тых, якія лічылі сваю прысутнасць абавязковай, расказалі мне, што немцы там жа, на выстаўцы, куплялі пейзажы і цікавіліся адрасамі тых мастакоў, якіх пры гэтым там не было. Выстаўка экспанавалася ў некалькіх пакойчыках Тэатра оперы і балета, а адзін з іх займаў мастак Антон Каржанеўскі.
Давайце зараз паглядзім, каму якая выгада ад гэтай выстаўкі. Перш-наперш з’явіўся артыкул у Мінскай газеце, што, маўляў, пры Гітлеры-вызваліцелі склаліся магчымасці развою выяўленчага мастацтва беларусаў, што зараз кожны мастак вольны рабіць, што ён хоча, што ўжо няма бальшавікоў — гэтых злыдняў, што душылі беларускі народ, што яўрэі панавалі на ўсіх кіруючых пасадах і заціскалі беларускую культуру і шмат таго, што адпавядала тым беларусам, якія складалі Беларускую самапомач. Згуртаванне, аб якім мала хто меў уяўленне, — чым яно займаецца акрамя хлебных картак. У газеце надрукавалі спіс прозвішчаў мастакоў — удзельнікаў выстаўкі. Мастаксамавук Казлоўскі даў інтэрв’ю, што ён зараз упершыню выставіў свае творы, раней яго заціскалі і г. д. На самай справе
на прафесійных выстаўках такіх гора-мастакоў не было таму, што ўзровень вельмі нізкі, а зараз уцягвалі ўсіх, каб даць колькасць мастакоў, якія быццам таму і заставаліся, каб дачакацца Гітлера-вызваліцеля. Гэта ўсё рабілася для прапаганды, аз другога боку, немцы набывалі мастацкія творы за акупацыйныя маркі, за якія нічога не купіш, таму што між людзьмі ідзе абмен вопраткі на хлеб ці бульбу.
Выстаўка была прымусовая, па загадзе немцаў. Але што мог мастак здаць у экспазіцыю, калі ўсё згарэла разам з хатай? Вінаваціць мастакоў мог толькі той, хто не ведаў ці не хацеў ведаць усіх умоў, што былі тады. Аб якім мастацтве магла ісці гутарка? Мастак, як той жабрак, апынуўся сам-насам, без калектыўнай дапамогі, якая была ў яго перад вайною ў выглядзе Саюза мастакоў. Зараз ён малюе рускую тройку на продаж, як гэта рабіў Анатоль Волкаў, ці як аўтар гэтых радкоў кожны дзень выходзіў з малым эцюднікам да чарговага «заказчыка», каб зрабіць хутка ў адзін сеанс партрэт чыгуначніка і ў якасці разліку атрымаць сахарыну, ці банку кансерваў, ці што іншае. Вельмі невялікая колькасць мастакоў пайшла свядома да немцаў працаваць у рэдакцыі ці ў генеральны камісарыят, маляваць партрэты вышэйшых чыноўнікаў.
Як бачым, выстаўка нам не дала нічога, але яна дала «матэрыял» у рукі несумленным людзям пасля вайны, каб цкаваць тых мастакоў, якіх пакінулі нашы кіраўнікі. Відаць, Панамарэнка, першы сакратар ЦК КПБ, не дарма даў указанні, каб забраніраваць тых мастакоў, якія сябе не скампраметавалі ў часы акупацыі. Ён ведаў аб нас усё і пагэтаму папярэдзіў ад чарговага трагічнага зыходу нашай мастацкай інтэлігенцыі — не абучанай вайсковым справам.
Да канца вайны заставаўся яшчэ адзін год, у які кіраўніцтва рэспублікі магло захаваць частку нашай інтэлігенцыі, як у навуцы, літаратуры, мастацтве і нават фізічнае культуры, і пагэтаму адклікалі з вайсковых часцей патрэбных людзей для аднаўлення разбуранай гаспадаркі краіны.
Безумоўна, разлічваць на тое, што мастакам, якія апынуліся ў акупацыі, будуць нейкія прывілеі, не прыходзіцца — хопіць
і таго, што ім захавалі жыццё. Але потым, як аказалася, аднаго таго, што ты быў у акупацыі, хапіла, каб табе не дазволілі паглядзець разам з усімі зброевую палату ў Крамлі. Дазволілі экспанаваць у Маскве твае працы, а самому аўтару забаранілі ехаць у Маскву. Той недавер цягнецца і да сённяшняга дня. Так, галоўным матывам таму, каб не дазволіць выезд у сацкраіну па вызаве на адкрыццё маёй выстаўкі кніжнага знака, было тое, што я знаходзіўся ў акупацыі і быў удзельнікам тае выстаўкі, аб якой ішла гаворка вышэй. Колькі разоў мне тыкалі ў вочы акупацыю, выстаўку і яшчэ Бог ведае што. Усюды былі людзі, якія хаваліся за нейкімі ўказаннямі з ЦК КПБ, а на самай справе яны носяць прозвішчы — Марцэлеў, Антановіч, Броннікаў, Кузьмін, Петрашкевіч, — яны абапіраліся на Саюз мастакоў і на яго кіраўнікоў, якіх па чарзе можна пералічыць — Стальмашонак, Грамыка, Савіцкі, Пратасеня і яшчэ так званыя кансультанты з КДБ. Гэтыя кансультанты, відаць, былі галоўнымі, хто сеяў недавер, арганізаваў шэраг саксупаў-даносчыкаў, бо ў гэтай справе мелі вялікі вопыт, але ж таксама совалі нос і ў мастацкія справы, бо як начальства мае права кіраваць і заносіць у спіс тых, хто не згодзен з лініяй партыі. Дарэчы сказаць, гэты кансультант заўсёды выбіраецца намеснікам сакратара партбюро, які адказны за партыйныя дакументы, што захоўваюцца ў незгаральнай шафе.
Як бачыце, усё вельмі проста: за партыяй сочыць Камітэт дзяржаўнай бяспекі, і без яго кантролю і ўзгадненняў нічога не робіцца. He будзем працягваць гаворку пра тое, што вядома ўсім. Працягнем аб тым, што не вядома.
У адзін з летніх дзён я ўбачыў, як у наш завулак падкаціла нямецкая машына і спынілася ля дома насупраць, у якім цагляны падмурак, дах з ацынкаванай бляхі, адным словам, лепшага дома на Нізкім завулку. Але чамусьці гэтыя двое ідуць да мяне. У хаце я адзін ды яшчэ старая — маці Круталевіча. Двое ўскінулі рукі да столі: «Хайль Гітлер!» Першае пытанне да мяне. Перакладчык: «Як доўга вы жывяце ў гэтым доме?» — «Пасля таго, як вашыя бомбы запалілі Дом спецыялістаў, дзе мы жылі раней». — «Камісар Мінска доктар Кайзер мае намер
купіць вашы пейзажы». Адказваю, што акрамя таго, што ён бачыць на сцяне, другога не маю. На сцяне кнопкамі прымацаваны кардонкі, на якіх хуткія накідкі-эцюды. Камісар тыцнуў пальцам у чатыры кардонкі і запытаўся: «Колькі ўсё гэта будзе каштаваць?» Я адказаў так, што я не ведаю, што і дзе можна купіць на гэтыя маркі. Доктар Кайзер паклаў на стол 70 марак і папрасіў напісаць распіску. Я пытаюся: «Чаму пісаць распіску? Можа, доктар Кайзер не для сябе купляе?» — «Для сябе, але яна патрэбна яму як доказ, каб ніхто не падумаў, што ён у вас іх свіснуў». Вы бачыце, якая асцярожнасць, якая заклапочанасць: каб не падумалі, што «ён іх у вас свіснуў». I пераклад цудоўны: я запомніў на ўсё жыццё.