Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Як потым стала вядома, што гэткі кантроль рабілі войскі СС, пасля чаго нас пагналі ў раён Весялоўкі, на ўскраіне Мінска, на былыя старыя могілкі за высокім плотам літарай П. Збоку, дзе не было плота, паставілі ручныя кулямёты, а нам забаранялася ўставаць ва ўвесь рост, а толькі ляжаць ці стаяць на каленях. Уночы вельмі холадна, удзень вельмі горача, тры дні ніякай вады, ніякай ежы і толькі на чацвёрты дзень дазволілі нашым жонкам прыносіць ежу і пітво, але таксама пад вялікім кантролем. Сярод нас, мінчан, было шмат пераапранутых салдатаў іншагародніх, якім ніхто нічога не прыносіў з ежы. Пачаліся выпадкі, калі нехта не прачынаўся пасля халоднае ночы. Паміраў менавіта той, хто не меў ніякага харчу. Нас зноў пастроілі ў калоны і пагналі праз жытняе поле. Неяк сімвалічна было ісці па пратаптанай паласе хлеба, свайго будучага хлеба. 3 боку мяне ішоў вельмі малады нямецкі салдат і пакрыкваў: «Рус, тэмпо, тэмпо!» Ён як бы любаваўся сабою: вось, маўляў, я малады, а майму загаду падпарадкоўваюцца столькі людзей, яны, як быдла, — куды захачу, туды і пойдуць. Ён зноў пакрыкваў: «Рус, тэмпо!» — і біў сябе хлыстом па шырокай халяве. А на самай справе куды нас вядуць? Гоняць на новае месца, дзе ёсць вада, — на раку Свіслач. Першае, што немцы зрабілі, яны ваеннапалонных адвялі ўверх па цячэнні ракі, потым аддзялілі
людзей яўрэйскай нацыянальнасці, а тых, хто па знешнім выглядзе і твары быў вельмі падобны да яўрэя, адводзілі за бугор і стралялі ў патыліцу. Так наш мастак Мірынгоф быў застрэлены амаль на вачах у тых, хто з ім разам сядзеў.
Запомнілася некалькі выпадкаў, калі грузавая машына едзе па лагеры амаль па людзях, а з яе кідаюць у натоўп азвярэлых ад голаду людзей сухары — чорныя нашы салдацкія сухары, якія хапаюць так хутка, што нельга ўбачыць, але ў гэты момант ідуць кіназдымкі. Зноў і зноў людзі рвуць адзін у аднаго ў пыле, як звяры, з жудаснымі тварамі тыя сухары.
Вось яшчэ: клічуць на выхад у калоны ўсіх іншагародніх і ўганяюць кудысь невядома. Але што за дзіва, яны зноў вяртаюцца ў гэты ж лагер праз тры-чатыры гадзіны. Я пытаюся ў аднаго, хто бліжэй: «Куды вас ганялі?» «Ды на вакзал, дзе падалі эшалон таварняка ды загадалі з вадакачкі набіраць сабе вады хто ў што меў. Усё бралася штурмам, як вада, так і пасадка ў таварняк. У гэты момант вяліся кіназдымкі — мабілізацыя савецкай арміі для нямецкага фронту. Прапаганда, разлічаная на сваіх».
Праз тыдзень з гэтага лагера пачалі адбіраць па 15 чалавек на выхад, дадому, толькі мінчан. Вядома, што з намі выйшлі таксама і тыя людзі, што з другіх гарадоў са спецыяльнасцямі электрыкаў, водаправодчыкаў ці бляхароў. Яны былі патрэбныя ў першую чаргу немцам для горада, што ляжаў у руінах. Неўзабаве далі электрычнасць, пайшлі трамваі. У першым вагоне мелі права ехаць толькі немцы, але калі пачаліся выбухі ангельскіх магнітных мінаў, дык немцы пачалі ездзіць разам з усімі жыхарамі, каб захаваць сваё жыццё. Вядома, міны з’явіліся не адразу, значна пазней, у часы смаленскага гестапа. А пакуль што нямецкія будаўнічыя ці сапёрныя часці аднаўлялі ўсё, што было патрэбна для тылу перад рускай зімою. Яны працягнулі да Дома ўрада рэйкі, каб падводзіць каменны вугаль, па заходнім мосце праклалі трэцюю каляіну, пры вакзале адчынілі вайсковы лазарэт і г. д. Левая частка Дома ўрада адышла пад чыгуначнае кіраўніцтва для ўсяго ўсходу. Кіраўніцтва вялікае, шмат аддзелаў з вялікім штатам спецыялістаў у чорнай
уніформе нагадвалі спачатку, як нам здавалася, гестапаўцаў, але па сталым узросце і па сваіх паводзінах ніяк не адпавядалі нашаму першаму ўражанню. Менавіта яны называлі Дом урада Ленінгаўз, але пасля таго, як прыгналі яўрэяў да помніка Леніна і канатамі сцягнулі яго ўніз, застаўся стаяць толькі п’едэстал з бронзавым гарэльефам, тады Дом урада пачалі называць Гохгаўз (высокі дом).
У горадзе ўзрывалі руіны тых дамоў, якія пагражалі абваламі. 3 другога боку будавалі з бетону моцныя сцены з амбразурамі для зброі пры кожным доме ля ўвахода на першым паверсе. Гэта былі ўмацаванні супраць магчымых налётаў на Мінск партызан, якіх чакалі ў кожнае савецкае свята.
На Камароўцы доўгі час стаяў танк Т-34 з лабавымі прабоінамі. Казалі, што ў ім зараз можна ўбачыць косці тых танкістаў, якія з баямі прабіваліся праз Мінск, каб выйсці на Маскоўскую шашу. Гэты танк распілавалі таксама яўрэі, якіх немцы прымусілі аўтагенамі зрабіць гэтую справу. Я зараз пытаюся, а ці можам мы вінаваціць яўрэяў, што яны выконвалі гэтую справу па сваёй волі, а не па загадзе фашыстаў? He, не можам. Так чаму кадэбэшнікі, ды не толькі яны, а яшчэ і ліхія партыйцы, вінавацяць мастакоў за тое, што яны не па сваёй волі, а пад строгім прымусам давалі свае працы на выстаўкі ў часы акупацыі? Зразумела, што такія параўнанні становішчаў яўрэяў, з аднаго боку, ды мастакоў, з другога, вельмі нераўназначны, але на адлегласці часу адносіны да мастакоў застаюцца такімі ж беспадстаўна несправядлівымі, каб не сказаць палітычна шкоднымі. Гэтак мне не адзін раз ставілася ў віну гэтая акалічнасць, каб не выпусціць за мяжу, у сацкраіны па выкліку на адкрыццё маіх выставак кніжнага знака (экслібрысаў) у Венгрыі, Чэхаславакіі, Польшчы, Балгарыі і Румыніі. У гэтых краінах не маглі ніяк зразумець, чаму савецкаму мастаку не даюць дазволу прысутнічаць на вернісажах яго ўласнае выстаўкі.
У лістах да маіх сяброў за мяжу я не мог ніяк сказаць праўду, бо лісты не даходзілі да адрасата, а кожны раз губляліся недзе, быццам не ў нас, а за мяжою.
He адразу, а праз нейкі час было праведзена перасяленне яўрэйскага насельніцтва ў гета, бліжэйшая мяжа якога праходзіла па вуліцы Няміга. У часы пагромаў людзі хаваліся ў вялікай бетоннай трубе, па якой цякла, як мелкі ручай, былая рака Няміга. Так, Няміга была сведкаю ўсіх драматычных, хутчэй сказаць, трагічных дзён і начэй, калі жанчыны з дзецьмі ратаваліся ў «маліне» пад цеснымі зводамі ракі, якая сама была закавана ў межы бетону. Ёсць яшчэ людзі, якія вінавацяць яўрэяў у тым, што яны ідуць пакорна на пагібель без супраціўлення, быццам так трэба рабіць, паводле сінагагальных запаветаў. Скажыце, калі ласка, хто мог супраціўляцца? Можа, жанчыны ці хворыя старыя? He, тут ні пры чым і тыя запаветы, і нехта іншы. Нябожчык мастак Ран51 у сваёй серыі афортаў паказаў толькі пакуты жанчын з дзецьмі ды вельмі старых. Я спытаўся ў яго: «Чаму ты не знайшоў прыкладаў супраціўлення яўрэяў?» «Я плачу», — было адказам. Гэта было сур’ёзнай памылкаю мастака так аднабакова будаваць свой серыял «Мінскае гета». Тэма «Мінскае гета» павінна яшчэ знайсці свайго пісьменніка і драматурга, а таксама і мастака. Вось вам яшчэ адзін прыклад, дзе фашысты застаюцца паслядоўнымі антысемітамі, гэта калі ў Мінскае гета прывезлі вялікую колькасць гамбургскіх яўрэяў. Спачатку паабяцалі іх адвезці ў нейтральныя краіны, а затым і ў Амерыку.
Дзіўна мне было пачуць, што людзі адной нацыянальнасці, у адных і тых жа ўмовах не маглі ўжыцца, вечна ў спрэчках паміжсабою. У чым справа, што гэта — класавая несумяшчальнасць ці што іншае?
Часта можна было ўбачыць, як вядуць паміж руінаў яўрэяў на працу ці на акопныя работы. Гэта было цяжкае відовішча: на цябе глядзелі вочы з трагічным дакорам, быццам я вінаваты, быццам мне нічога не пагражае, а ім ужо даўно загатаваны смяротны прысуд, і ад мяне залежыць іх ратаванне.
Аднойчы стары нямецкі чыгуначнік мяне запытаўся: «Як глядзяць рускія на тое, што робяць з яўрэямі нашы акупацыйныя ўлады?» Я адказаў яму так: «Не задавалі б вы мне такога пытання, калі самі былі б згоднымі з нечалавечнымі паводзінамі вашых уладаў».
Праз гарадскую ўправу і яго аддзел мастацтва зноў пачалі складаць гарадскі тэатр з артыстаў радыё, Тэатра юнага гледача ды з іншых, хто не паспеў уцячы з Мінска. Вядома, што патрабаваўся новы рэпертуар. Цягнулі абы-што, перараблялі нанава, іншы раз ставілі п’есы Ф. Аляхновіча і адну з яго апошніх п’ес «Круці не вярці — трэба памярці». Нейкую яшчэ антыкалгасную, якую афармляў мастак Алтуф’еў са Сталіным у выглядзе вялікага павука, які сваім павуціннем ахутаў маленькую сялянскую хату. Тэатр ставіў таксама канцэрты, але ўсё гэта было не надта прафесійна, бо кадры слабыя і выпадковыя. Сярод іх запомніўся Уладамірскі, сын славутага артыста У. Уладамірскага. Гэта, відаць, быў пачатак тэатральнай дзейнасці маладога артыста, які апынуўся з маці ў акупаваным Мінску.
Пачалі выходзіць дыхтоўныя газеты, адна з іх на беларускай мове — гэта «Беларуская газета», на нямецкай — «Мінскер цайтунг»52. У беларускай газеце з працягам у скарочаным варыянце кніга Аляхновіча53 «У кіпцюрох ГПУ» пра Салаўкі — ён жа як аўтар кнігі і сведка, адчуўшы на сваёй скуры ўсе кпіны і здзекі ад гэтых нелюдзяў, што зваліся чэкістамі. Жудасна станавілася, калі чытаеш пра ГПУ, было цяжка паверыць, што гэта ўсё было і чалавек застаўся жыць. Кніга друкавалася на Захадзе вялікімі тыражамі на розных мовах свету. Самога аўтара абмянялі на польскага рэвалюцыйнага дзеяча. Так гаварылася тады, а як было на самай справе, на каго памянялі, — трымалі ў сакрэце.
Mary толькі сказаць, што ў часы акупацыі верылася ўсяму, што друкавалася, што так ці інакш пралівала святло на лёс палітычных зняволеных, тым больш што ніадкуль не было звестак, бо перапіска забаранялася, перадачы не прымаліся, а калі хто нечага ведаў, дык ад яго бралася распіска аб неразгалошванні.
Нядрэнна было б надрукаваць зараз гэтыя «кіпцюры» для параўнання, як далёка крочылі ГПУ, НКУС, КДБ у барацьбе з сваім народам.
У той жа час у Мінску бываў наездам Аляхновіч як драматург, і таму не дзіўна, што яго рэпертуар меў такую, скажам,
антысавецкую накіраванасць, бо ён меў на гэтае права больш за іншага.
Вось яшчэ не вельмі верыцца тым друкаваным матэрыялам аб дзейнасці Аляхновіча ў часы белапольскай акупацыі Мінска, быццам са сваімі п’есамі выціснуў з рэпертуару купалаўскую «Паўлінку», а таксама шэраг п’ес Галубка ды наогул разбурыў той беларускі тэатр, які на той час ужо меў даволі моцны склад артыстаў, сваіх гледачоў з пралетарскага асяроддзя, і што ён быццам падладжваўся пад густы польскіх акупантаў, і гэтак далей.
У газеце «Беларуская газета» прымаў удзел і Юрка Віцьбіч54, які ў вершаванай форме высмейваў савецкія, а больш партыйныя ўлады за тое, што пакінулі свой народ, як здраднікі, абы ўцячы, ратуючы свае скуры.