Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Але апошняе слова было ўсё ж такі за беларускім і ўсесаюзным выстаўкамамі.
Трэба сказаць, што на нашым выстаўкаме праца прайшла без клопатаў. Праўда, былі заўвагі. Напрыклад, прафесар В. Волкаў здзіўляўся таму, што мы намалявалі такую карціну ў кароткі тэрмін. «Гэта авантурыстычны шлях: за нейкія паўгода, хай сабе і ўдваіх, зрабіць такую вялікую карціну немагчыма», — казаў ён. Іншыя не без зайздрасці шукалі супярэчнасці паміж назвай твора і тым нязначным месцам на карціне, якое займаў таварыш Сталін. Між тым карціну прынялі па большасці галасоў. У Маскве перад усесаюзным выстаўкамам выступіў Бембель і прасіў улічваць хадайніцтва нашага ЦК. He ведаю, што ў гэтым
выпадку дапамагло, але карціна была прынята на выстаўку, якая праходзіла ў Траццякоўцы. Ці трэба казаць, што выставіць свой твор у славутай галерэі лічылася вялікім гонарам.
Карціна «Слава вялікаму Сталіну» была не адзінай. 3 падобнай назвай быў твор брыгады мастака Цыплакова. На карціне «Вялікаму Сталіну слава» Сталін быў асновай усёй кампазіцыі. Вось ён выйшаў з Георгіеўскай залы і спыніўся. Ён у светлым касцюме, залажыў наперадзе рукі — нібыта святы. Знізу з букетамі кветак рвуцца да яго ашалелыя люзі, хочуць крануцца яго, закідаць кветкамі. На кожным твары ўсмешкі, толькі ўсмешкі.
Прыгадаем яшчэ адзін калектыўны твор мастакоў-харкаўчан пад назвай «У імя міру». Карціна адлюстроўвала падпісанне дагавору аб сяброўстве і ўзаемадапамозе паміж СССР і КНР. За сталамі, з левага боку, Сталін, за ім стаяць усе члены Палітбюро, з правага боку Маа Цзэдун ды іншыя кітайскія партыйныя кіраўнікі. Сталін і Маа Цзэдун паціскаюць адзін аднаму рукі. Вось і ўся карціна. Толькі па адной назве можна зразумець, што на ёй адбываецца.
Навошта гэта я ўзяўся ўспамінаць пра выстаўку, якая была так даўно — амаль сорак гадоў таму? Можа, каб праліць святло на мінулае, пра якое сорамна зараз становіцца ўсім нам, мастакам старэйшага пакалення. А можа, не толькі нам, але і тым, хто кіраваў намі, хто атрымліваў пенсію ўсесаюзнага значэння або партыйную — як ветэраны партыі?
У той час, калі мы пісалі сваю карціну — выступленне беларускіх фізкультурнікаў на Краснай плошчы ў Маскве — панавала прыхарошванне жыцця, як быццам на самай справе яно так і было.
Але хлусня заставалася хлуснёй і паказухай. Плацілі дзяржаўныя грошы тым мастакам, хто больш за іншых паказваў асалоду жыцця, параднасць і дабрабыт праз метад сацыялістычнага рэалізму, пра сутнасць якога не ведалі ні мастакі, ні, тым больш, тыя кіраўнікі, што кіравалі зверху выяўленчым мастацтвам. Прыгадваецца адзін выпадак, калі рэдактар часопіса «Творчасць» Мелікадзэ на абмеркаванні выстаўкі
беларускіх мастакоў у Маскве (Кузнецкі мост) уводзіў нам у вушы, што нават і бярозкі на краявідах павінны быць партыйнымі.
Хто наўмысна рабіў такія карціны, дзе Сталін з’яўляўся толькі нагодай, каб працягнуць на выстаўку няхай сябе і слабую карціну па выкананні, той ніколі не быў у пройгрышы, бо гэткія карціны лічыліся партыйнымі і адпавядалі метаду сацыялістычнага рэалізму. Адразу паўстае пытанне: а хто вызначаў так упэўнена, з’яўляецца твор мастака партыйным або не? Адказ вельмі просты: усё тыя ж кіраўнікі, што ад імя народа ці Бог ведае ад каго бралі на сябе права на апошняе слова прысуду. Гэтая акалічнасць спрыяла мастакам-прахіндзеям учапіцца за ідэю партыйнасці як за залатую жылу. Успамінаецца, як быццам усіх ахапіла нейкая хвароба — навыперадкі праслаўляць Сталіна праз усе віды выяўленчага мастацтва: вышыўку, ткацтва, інкрустацыю па дрэве, парцэляну, кераміку і інш.
Наш мастак Ісак Давідовіч нават прысягнуў радыёкарэспандэнту, што ўсё сваё жыццё прысвеціць вобразу вялікага Сталіна. Здарылася гэта пасля паспяховай працы над карцінай «Сталін выходзіць з маўзалея Леніна», аўтарам якой быў Давідовіч.
Але давайце прасочым, які ж складаўся лёс нашай карціны, якая экспанавалася ў Траццякоўцы. Ніхто з беларускіх мастакоў-жывапісцаў не меў звання лаўрэата Сталінскай прэміі.
Як заўсёды гэтак рабілася, прапанова, каб Саюз мастакоў вылучыў на Сталінскую прэмію двух мастакоў — аўтараў карціны «Слава вялікаму Сталіну», паступіла з боку ЦК. На першым жа пасяджэнні праўлення Саюза мастакоў нашы кандыдатуры забалаціравалі. Але пазней нам стала вядома аб тым, што была пададзена заява мастака Касмачова, які даваў адвод выключна на палітычнай падставе. Гэты мастак ужо другі раз праявіў «пільнасць». Дзякуючы ёй яшчэ ў 1933 годзе некаторые з мастакоў даведаліся, што такое «амерыканка» НКУС, якія на поўгады адседзелі там ні за што ні пра што. Сярод гэтых людзей назаву толькі аднаго — Эдуарда Гадлеўскага. Астатніх няма ўжо ў жывых.
Мы сядзелі ў кабінеце начальніка Упраўлення па справах мастацтва пры СНК БССР Лютаровіча. Ён вельмі цёпла вёў гутарку і між іншым зрабіў заўвагу, што Саюз мастакоў інкрымінаваў у віну Ціхановічу побыт у Мінску падчас нямецкай акупацыі. He забыліся і тое, што я яшчэ сваяк ворага народа Уладзіслава Галубка, няхай сабе і рэабілітаванага.
За маім напарнікам таксама лічыўся «грашок». Ягоны старэйшы брат адсядзеў адзін год у мінскай турме, а муж сястры, кінааператар, «загубіўся» недзе ў Сібіры.
«Нам, — сказаў Лютаровіч, — не заставалася нічога, як звярнуцца ў НКУС, кабудакладніць гэтыя пытанні. Атрымалі звесткі вельмі станоўчыя. Менавіта тое, што ніхто з братоў Ціхановічаў у часы акупацыі Мінска сябе не скампраметаваў. Пагэтаму калегія кіраўніцтва па справах мастацтва вылучае вас абодвух кандыдатамі на лаўрэатаў Сталінскай прэміі. Так што рыхтуйцеся да камандзіроўкі ў Маскву».
Толькі нам зноў не пашчасціла. У 1950 годзе ніхто з мастакоў не атрымаў прэмій, нават тыя, хто звычайна ўзнагароджваўся. Чаму так адбылося, сказаць цяжка. Казалі, што грошы ашчаджаліся на распрацоўку атамнай бомбы.
Тым часам карціна каля года экспанавалася ў Траццякоўцы, потым у Доме ўрада ў Мінску, акруговым Доме афіцэраў імя К. Варашылава і нават у кінатэатры «Перамога». У канцы 1950 года адбылося абмеркаванне ўсесаюзнай выставы ў Маскве ў памяшканні НДРІ, а потым і ў Тэатры Чырвонай арміі. Вядома ж, мы чакалі, што скажа мастацтвазнаўца Машкаўцаў. Ён, прыхільнік перасоўнікаў, меў свой пункт гледжання на сучаснае мастацтва, але, як і ўсе яго калегі, крытыкаваў толькі маладых мастакоў і баяўся чапляць майстроў, што мелі свой твар і пасады ў Саюзе мастакоў. Наконт нашай карціны ён зазначыў, што мінскія мастакі пагналіся за крылатаю назваю твора.
«Назоў ніяк не адпавядае сутнасці зместу», — падкрэсліў мастацтвазнаўца і тут жа спаслаўся на карціну Цыплакова як прыклад дакладнасці назвы.
Можаце сабе ўявіць маё становішча? He ўстанеш і не крыкнеш, што не мы далі назву, а наш сакратар ЦК Зімянін. Аляк-
сандр Герасімаў, які вёў абмеркаванне, адазваўся трохі мякчэй, кажучы, што на Краснай плошчы многія паслізнуліся, як і мінскія мастакі, і гэта не дзіўна. Але вось тое, што яны не ўлічылі перспектыўна, што плошча мае схіл да Масквы-ракі, — гэта недаравальна. Толькі нам ужо было не да схілу — добры настрой знік.
Але прыгоды з карцінай на гэтым не скончыліся. Пасля смерці Сталіна, калі Берыю абвінавацілі як англійскага шпіёна, яго трэба было зафарбаваць на карціне, што мы і зрабілі вельмі тэрмінова. Аднак продаж стотысячнага тыражу рэпрадукцыі з карціны, дзе Берыю не зафарбуеш, мусілі забараніць ва ўсіх кнігарнях СССР.
Напярэдадні Другой дэкады беларускай літаратуры і мастацтва ў Маскве я даведаўся, што чатыры мае карціны «Дапамога партызанам», «Гуляюць дублёры», «Лета», «Партызаны ў разведцы» ўжо адвезены ў Маскву. Затрымалася толькі агульная наша карціна «Слава вялікаму Сталіну». Перад ад’ездам мастакоў у Маскву на дэкаду нас зноў выклікаў у ЦК Гарбуноў і прапанаваў, каб мы зрабілі неяк так, каб Сталін апусціў правую руку або каб усе члены Палітбюро паднялі рукі. Гарбуноў ведаў, як паступаць, быў жа час, калі ён прасіў Сталіна зрабіць вышэй, вылучыць ад астатніх. Зараз ён хацеў яго дэмакратызаваць, зраўняць з іншымі.
Карціну адвезлі ў Маскву без «рамонту», але да апошняга часу не рызыкавалі выстаўляць на паказ масквічам. Неспадзявана зверху быў атрыманы наказ забараніць яе для паказу. Прычынай забароны стаў ліст Хрушчова да партыі, у якім ішло выкрыццё культу асобы таварыша Сталіна.
Такім чынам, карціна перастала існаваць толькі з прычыны яе няўдалай назвы, навязанай нам Зімяніным і ўсім складам бюро ЦК КПБ. Вось такое кіраўніцтва мы мелі ўсюды: тычылася гэта выяўленчага мастацтва, літаратуры, навукі і тэхнікі ці народнай гаспадаркі. I рабілася ўсе гэта ад імя кіруючай партыі і ўсяго народа. Дзякуючы партыйным асобам, па сутнасці, усё даводзілася да абсурду і ўсякіх недарэчнасцяў, так, як і атрымалася з нашаю карцінай.
Варта сказаць, што цікавасць да гэтага твора была паўсюль. Нам прыйшлося зрабіць тры копіі значна меншага памеру, але ўжо без Берыі. Кожны раз, калі мы малявалі зноў, мы цікавіліся, ці не трэба зафарбаваць каго-небудзь, хто стаіць на маўзалеі?
Зараз на адлегласці сарака гадоў, што прайшлі з таго часу, глядзіш на каляровую рэпрадукцыю карціны «Беларускія фізкультурнікі на парадзе на Краснай плошчы ў Маскве» і прыходзіш да высновы: як магло здарыцца так, што жыццё нашага народа было цяжкім — у кожнай сям’і нехта сядзеў ці быў расстраляны, а ў выяўленчым мастацтве, як і ў літаратуры, жыццё падавалася ў ружовых фарбах, усюль была суцэльная лакіроўка, а весялосці людзей не было межаў? Усмешкі, ухмылкі. Так усміхалася сістэма сацыялістычнага рэалізму.
Падрыхтаваў да друку Сяргей Харэўскі
ПРАЯКУБА КОЛАСА
Мой старэйшы брат Валянцін нарадзіўся ў 1909 годзе, у той час, калі бацька Мікалай Сяргеевіч праходзіў вайсковую службу ў Акружным інжынерным кіраўніцтве ў Вільні. Бацька быў пісарам, родам з Рэчыцы, так што быў сапраўдным беларусам, але пісаўся ўсюды рускім. Маці мая, Кацярына Вікенцьеўна Аношка, родам з вёскі Карытніца, што пад Барысавам. Мой дзед Аношка быў каталіцкага веравызнання, а таму лічыў сябе палякам, як і ўсе шасцёра яго дзяцей. У доме ўсе гаварылі па-польску. Дзед быў пісьменны, іграў на скрыпцы, чытаў кнігі і любіў наведваць па святах сваіх шматлікіх родзічаў. Але вось купляць зямлю ён не меў права, а толькі яе арандаваць. Дзед меў на руках нейкі «дакумент», ці жоўты білет, звязаны з падзеямі 1863 года.