Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

Выдавец: Лімарыус
Памер: 532с.
Мінск 2015
132.27 МБ
Мы слухалі гэты верш як зачараваныя. Так проста, быццам бы весела, гаворыцца пра спрадвечныя турботы беларусаў. Але гэта быў смех праз слёзы, які будзеш памятаць заўсёды. Ад Каменскага мы дазналіся грунтоўна пра творчасць Якуба Коласа, а галоўнае, зразумелі, што патрыятызм — гэта любоў да Бацькаўшчыны, веданне сваіх каранёў, сваёй мовы. Вось так, пад дахам Коласавай хаты мы прайшлі поўны курс краязнаўства сваёй Бацькаўшчыны. Гэтыя ўрокі запомніліся на ўсё жыццё.
Адразу пасля вайны мне давялося афармляць зборнік дзіцячых апавяданняў Якуба Коласа. Кожнае апавяданне мела сваю ілюстрацыю, былі малюнкі і на ўсю старонку. Ніякай сустрэчы з аўтарам у нас не было, мабыць, таму, што так было заведзена раней: мастак свае малюнкі здае перш рэдактару па мастацкім афармленні кнігі, а той здае ў друк, можа, нават без узгаднення малюнкаў з аўтарам. Дзіўна, але так было. Гэта было нават тады, калі я пісаў карціну «Кастусь на касьбе з дзядзькам
Антосем». Усе размовы ішлі толькі з Данілам. Той ужо быў дырэктарам літаратурнага музея свайго бацькі.
Маёй апошняй работай па коласаўскай тэматыцы быў вялікі трыпціх. Левая частка карціны адлюстроўвала час, калі малады Кастусь запісваў фальклор. Цэнтральная частка трыпціха паказвала Кастуся сярод дзяцей, якія сустракалі яго, — у часы канікулаў. Трэцяя частка карціны паказвае Кастуся з дзядзькам Антосем, якія мянташкамі навастраюць свае косы. Вялікі луг, сонейка, удалечыні жанчыны варушаць сена.
Цяжкасці ў стварэнні трыпціха палягалі на тым: каб было падабенства Кастуся ў юнацтве. Падабенства дзядзькі Антося было толькі са слоў сваякоў — ніякіх фотаматэрыялаў тады не было.
У пачатку 70-х гадоў я зрабіў некалькі афортаў з выявай Якуба Коласа, у тым ліку і кніжныя знакі з вобразам вашага вялікага песняра.
Вось такімі былі ў маім жыцці сустрэчы з Якубам Коласам і ягонымі творамі, якія я перакладаў на мову выяўленчага мастацтва, а таксама згадваў і ў сваіх успамінах, што друкаваліся ў часопісе «Полацак», што выдаецца ў Кліўлендзе ў Злучаных Штатах Амерыкі.
ПРА ЯНКУ КУПАЛУ
Ужо даўно вядома, як партыя бальшавікоў праз свае кіруючыя органы па культуры навязвалі мастакам тэматычны план або спіс, дзе абавязкова павінна быць паказана квітнеючае жыццё савецкага народа, — як прыклад усяму свету. Але ж калі мастак абраў сваю тэму не па спісе, дык старшыня выстаўкама дасць назоў твору з палітычнай афарбоўкай, каб абавязкова чуўся сацыялістычны рэалізм.
Напісаў я карціну пад назвай «Песня». Хлопцы і дзяўчаты ідуць з песняй пасля сенакосу.
Падышоў да свайго твора на адкрыцці выставы, чытаю — а на этыкетцы другая назва: «Камсамольская брыгада».
Вось вам другі выпадак, яшчэ болын недарэчны з назваю карціны: «Выступленне беларускіх фізкультурнікаў на Краснай плошчы ў Маскве». Парадная карціна, стракатая па фарбах, мажорная па настроі. Дык жа не — назвалі яе ў ЦК КПБ «Слава вялікаму Сталіну». 3 гэтай назвай была выдана каляровая рэпрадукцыя тыражом у сто тысяч экзэмпляраў.
Усе каталогі, а таксама ілюстрацыі да іх заўсёды пачыналіся з партрэтаў Леніна і Сталіна. У мастацкім альбоме «Мастацтва Савецкай Беларусі», дзе былі творы з выявай Сталіна, складальнікі яго Аладава, Туроўнікаў і Васілеўская, каб паказаць вернасць беларускіх мастакоў партыі і Сталіну, змясцілі некалькі радкоў верша Янкі Купалы «Сталнну мудрому песню слагаю. Гэты верш з’явіўся ўжо пасля спробы Купалы скончыць жыццё самагубствам. Тады па Мінску хадзіла чутка, што Купалу нехта параніў з ворагаў. Але другая, больш верагодная, версія была тая, што ён сам хацеў сябе пазбавіць жыцця. Памятаю, як маці вярнулася з бальніцы і з перасцярогай, каб мы з братам нікому і нічога не пераказвалі, сказала, што Купала спрабаваў пазбавіць сябе жыцця і моцна параніўся. Маці працавала хірургічнай сястрой у бальніцы, што па Ленінскай
вуліцы. Ёй загадалі сядзець ля Купалы перад і пасля аперацыі, а па-за шырмай сядзеў чэкіст. Аб тым, што прымусіла Купалу расквітацца з жыццём, ведалі ў суседняй Польшчы, але не ведалі ў Беларусі. Адна мая знаёмая журналістка ў нашы дні зрабіла такія высновы: «Хаця Купала выжыў, але ён памёр як паэт. Вымушаны пісаць фальшывыя хваласпевы, ён назаўсёды пахаваў сваю музу. Вайна ж схавала тайну яго смерці, але яна прыадчыніла іншыя». Таксама загадка — якія?
Пад Масквою, на Стрэльні, дзе дыслацыраваўся штаб партызанскага руху, а яго начальнікам быў генерал П. Панамарэнка (да вайны першы сакратар ЦК КПБ), знаходзіліся многія з партыйных і савецкіх кіраўнікоў, таксама сяброў партыі. Яны жылі ў гасцініцы «Масква», а іншыя, менш важныя асобы, размяшчаліся ў «Якары». Кожны з іх атрымоўваў добрыя пайкі па картках літары «А», што адпавядала рацыёну амерыканскіх вайскоўцаў. На кожнага ў харчы ўваходзіла нават распушчальная кава і жавальная гумка. He кажучы ўжо пра каўбасы, сухое малако, сыры і інш. Вядома, што не ўсе сядзелі ў гасцініцах, шмат з членаў ЦК і СНК БССР знаходзіліся ў дзейнай арміі ў якасці палітрукоў, вайсковых карэспандэнтаў, абы не быць на перадавых пазіцыях. Але як там ні было, асноўнае кіраўніцтва часова было ў «эміграцыі» ў Маскве і чакала, каб хутчэй вярнуцца дадому.
Менавіта ў гасцініцы «Масква» загінуў наш славуты паэт Янка Купала, як яшчэ казалі, пры загадкавых абставінах. Многа ўжо пісалася аб гэтай трагічнай смерці. Рабіліся розныя высновы, але толькі так, што акцыя гэта была гвалтоўная. I чамусьці не прымаліся да ўвагі тыя бясспрэчныя доказы сведак, якія пры гэтым былі і ўсё бачылі сваімі вачыма. Нікому не хочацца паверыць у тое, што такі вялікі паэт загінуў так недарэчна, без усякай важкай прычыны.
Мой даўні сябра архітэктар Георгій Заборскі паведаў аб гэтым сумным дні так: Купала чакаў гасцей да свайго юбілею на абед, што меўся быць у ягоным нумары, дзе ўсё было падрыхтавана. Ён чакаў на лесвічнай пляцоўцы не адзін, яшчэ былі там людзі, як і заўсёды. У той дзень відаць было, што ў Купалы
настрой быў добры, стаялі, гутарылі, чакалі іншых, каб разам увайсці ў нумар.
Тут я мушу спыніць сваю гаворку, каб звярнуць увагу тых, хто ніколі не быў у гасцініцы «Масква». Шырокая лесвіца, поручні вельмі нізкія: ідуць уверх і ўніз да тумбы, таксама нізкай — сантыметраў 70, не болей. Прамежак між поручнямі шырокі, варта спінаю зрабіць адзін крок, спатыкнуцца аб тумбу — і ты ляціш між поручнямі ўніз. Колькі разоў я стаяў на тых пляцоўках, і ў вачах маіх уставала тая карціна так ясна і бясспрэчна, што становіцца цяжка на душы, калі прыходзіш з халоднаю развагаю да такіх высноў, а іншага быць не магло. Заборскі — сведка, спытайцеся ўяго.
Да 1932 года я ведаў Купалу толькі па яго творах, а калі ўвайшоў у сям’ю Галубка, то бачыў яго часцей у Доме пісьменнікаў, што быў на рагу вуліц Савецкай і Камсамольскай. У тым годзе я скончыў мастацкі тэхнікум, а ў наступным быў прыняты ў сябры Саюза савецкіх мастакоў БССР.
Сувязі з пісьменнікамі былі тады болып блізкімі, чым сёння, бо ўсе мастакі, жывапісцы і графікі, нават скульптары звярталіся ў Беддзяржвыдат каб мець магчымасць атрымаць заказ на афармленне кнігі, пачынаючы ад шрыфтавой вокладкі і да ілюстрацыі ўсёй кнігі. Іншай арганізацыі, якая магла аформіць заказ на любыя з відаў мастацтва (як афармленне клубаў, дэманстрацый, партрэтаў, сельскагаспадарчых выставак) і іншых працаў, быў прафсаюз РАБІС (работнікаў мастацтваў). Ніякіх мастацкіх майстэрняў, вытворчых, а тым больш творчых не было, гэтаксама, як і Палаца мастацтва ці выставачных залаў.
А вось Дом пісьменнікаў даваў нам мажлівасць правесці з’езд мастакоў, які лічыўся першым, ды некаторыя выстаўкі асобных мастакоў, у тым ліку і выстаўку Уладзіслава Галубка.
He магу дакладна ўспомніць, дзе я пачуў, як чытае свае вершы Янка Купала, — мабыць, у Доме пісьменнікаў. Ведаю, што Купала не вельмі любіў чытаць сам, мабыць, саромеўся, а можа, лічыў, што артыст зробіць лепш за яго. Хутчэй за ўсё, і тое, і другое разам. Мы ж ведаем, што Купала наогул не любіў
выступаць з прамовамі. Бо навошта яму на людзях выкладаць свае думкі, якія ляцяць у паветра і там губляюцца? Ці ён змяняе свой пісьмовы стол, — той спакой, што спрыяе толькі адной мэце — той песні, якая пакуль што гучыць не для ўсіх, а ў сэрцы — несці на эстраду, дзе яго сустрэнуць усе як артыста, пачнуць пляскаць у ладкі, наробяць шуму, а для чаго? У той час было, праўда, наадварот — лічылася, што калі ты маеш пастаўлены голас і можаш выступаць на розныя тэмы, дык ты актывіст, цябе паважаюць, цябе выбіраюць, бо ты патрэбны чалавек. Купалу заўсёды запрашалі ў прэзідыум розных сходаў ці вечароў, дзе павінны сядзець усе знакамітыя людзі. Гэтая прадстаўнічасць надавала сходу саліднасць, і трапіць на яго лічылася заўсёды вялікім асабістым дасягненнем.
Часта чалавека, які ўпершыню слухаў вершы ў выкананні Купалы, спасцігала пэўнае расчараванне. Манатонны глухі голас, ды і не кожнае слова выгаворваецца так выразна, як трэба. Нават сэнс верша ўхапіць цяжка, застаецца разглядваць паэта — як стаіць, як трымае рукі, чаму не расстаецца са сваім кійком...
Ад жонкі я ведаю, што Купала любіў слухаць, як яна чытае ягоныя вершы, як выразна гучаць яе словы, пераходзячы ў гукі пачуццяў. Сэнс верша ўзрастаў нават ад жэстаў яе рук. Галубок нездарма браў з сабою сваю дачку ў мінскі Белпедтэхнікум, каб яна чытала вершы Купалы перад студэнтамі пасля лекцыі аб тэатры, аб літаратуры ў сцэнічным мастацтве.
Быў такі выпадак. Цётка Уладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок на некалькі дзён, каб вывучыць вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. У гэтым дзіўнага нічога не было, бо Люся яшчэ не мела вопыту трымацца перад гледачамі тэатра. Рэпетыцыі праводзіліся ў Доме Першага з’езда РСДРП, дзе тады жылі Купалы. Цётка Уладзя як настаўніца ў мінулыя гады валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей — ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкай. Можна сабе ўявіць, як хвалявалася Уладзіслава Францаўна за кулісамі ў вечар прэм’еры! Але ўсё абышлося добра, і з таго часу маленькая актрыса мела ўжо сваё амплуа. А вечар гэты быў прысвечаны Юзафу Пілсудскаму,
які сядзеў у ложы гарадскога тэатра, абапіраючыся на шаблю. Ён глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсміхаўся. Мабыць, падабаліся яму словы і тая дзяўчынка, што так добра чытала купалаўскі прывітальны верш.