• Газеты, часопісы і г.д.
  • Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч

    Партрэт стагоддзя Яўген Ціхановіч


    Выдавец: Лімарыус
    Памер: 532с.
    Мінск 2015
    132.27 МБ
    «Гэты вечар, — кажа Люся Галубок, — запомніўся мне болей за ўсё, бо гэты вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, а потым доўгі час пляскалі ў далоні людзі стоячы, яны глядзелі на тую ложу, на Пілсудскага, на яго ад’ютантаў — выкшталцоных палякаў».
    Казалі, што беларускія ўрадоўцы сустракалі Пілсудскага хлебам-соллю. Тады ніхто не ведаў, да каго далучаць нашу маленькую дзяржаву, бо Паўночна-Заходні край, як у Расіі называлі нашу Беларусь, не мела ўзброеных злучэнняў, дакладных межаў і моцных юрыдычных правоў. Гэта быў пачатак 20-х гадоў.
    Падрыхтаваў да друку Сяргей Харэўскі
    УЛАДЗІСЛАУ ГАЛУБОК НАРОДНЫ АРТЫСТ БССР «ВОРАГ НАРОДА»
    Тэатр Галубка — гэта цэлая эпоха. Ён існаваў 17 гадоў і згінуў разам з яго заснавальнікам у самы страшэнны год развою сталінскага тэрору. Таму не дзіўна тады было з’яўленне ў друку артыкулаў «рэвалюцыйнай прэсы», якія друкаваліся напярэдадні і пасля тых жахлівых падзей і фарміравалі «свядомасць» працоўных мас. Аб чым былі яны, гавораць назвы: «Знішчыць рэшткі нацыяналізму ў сцэнічным мастацтве», «Супраць вульгарызатарства, прышывання ярлыкоў і шкоднага пустазвонства» (В. Вольскі-Зэйдэль, «Звязда» ад 19 студзеня 1934 г. і «Полымя рэвалюцыі» № 5 за 1934 г.), «Вораг народа пад маскай драматурга» (А. Есакоў, «ЛіМ» ад 30 ліпеня 1937 г.).
    Тэатральны крытык Мендэль Модэль не шкадаваў чорных фарбаў, каб крытыкаваць драматургію Галубка за яе меладрамнасць, у якой ён бачыў толькі нацдэмаў і нацыяналізм. I такіх прыкладаў нямала.
    Нават і сёння ў друку з’яўляюцца артыкулы, у якіх сярод правільнай ацэнкі творчасці вялікага драматурга ў агульным праглядаецца неразуменне некаторых бакоў яго шматграннай дзейнасці.
    Дык вось і Галіна Айзенштат у артыкуле «Здравствуйте, дядька Галубок!» у газеце «Знамя юностн» знайшла ў п’есе «Плытагоны» нейкія «нацнональные предрассудкн» — гэта было не што іншае, як лыжка дзёгцю ў бочцы мёду. Напомнім маладым чытачам пра тое, што Галубок быў драматургам, які напісаў звыш сарака драм і камедый, што ён быў рэжысёрам і артыстам, што ён іграў на некалькіх інструментах — асабліва на акардыёне, што быў ёндобрым мастаком-пейзажыстам ідэкаратарам. Таму вельмі каштоўнай будзе для нашчадкаў кожная рысачка з успамінаў тых людзей, хто працаваў з Галубком і добра ведаў яго.
    Вельмі цяжкую задачу я паставіў перад сабою пасля рэабілітацыі Галубка ў 1957 годзе. Трэба было дазнацца, калі расстралялі «ворага народа», дзе пахаваны, хто быў экспертам, хто быў следчым.
    Зараз я магу назваць эксперта: ім быў пісьменнік Віталь Вольскі-Зэйдэль, які быў да ўсяго яшчэ і чэкістам. ВольскіЗэйдэль у 1929 г. быў дырэктарам Віцебскага мастацкага тэхнікума і ў тым годзе праходзіў чыстку партыі. Мы, студэнты, прысутнічалі на пасяджэнні камісіі, калі дырэктар Вольскі адмаўляўся адказваць на пытанні, спасылаючыся на тое, што ён чэкіст і не можа агалошваць тут сакрэты, бо яны дзяржаўныя. Дык вось гэты эксперт-чэкіст падпісаў усё тое, што інкрымінавалася Галубку: здрада Радзіме, што ён буржуазны нацдэм і г. д.
    Следчым быў Быхаўскі — гэты кат і садыст сам атрымаў 10 гадоў зняволення ў 1938 годзе.
    Цікава адзначыцьтое, што «дело» Галубка знікла назаўсёды, засталіся толькі рэабілітацыйныя заключэнні. Тры дачкі Галубка напісалі запыт у Вярхоўны Суд БССР аб пераглядзе справы Галубка пасля рэабілітацыі, аб сведчанні прычыны смерці і дзе пахаваны. Чытайце сведчанні аб смерці, там гаворыцца, што Галубок памёр у 1942 годзе. Прычына смерці — гіпертанія, а дзе пахаваны — прочырк. Вось так слаўныя органы НКУС замяталі крывавыя сляды сваіх злачынстваў.
    ДАДАТАК
    Успамінае найстарэйшы беларускі мастак Яўген Ціхановіч97
    Мастак Яўген Ціхановіч — найстарэйшы мастак Беларусі. 25 лістапада яму споўніцца 90 гадоў. Ягоны старэйшы брат — славуты мастак-графік Валянцін Ціхановіч, ягоная жонка Люся — дачка Ўладзіслава Галубка. Яму давялося вучыцца ў сьценах Віцебскага мастацкага тэхнікуму. Ягонымі настаўнікамі й калегамі былі клясыкі эўрапейскага мастацтва. Многія зь іх сталі ахвярамі сталіншчыны, як і цесьць Ціхановіча — Галубок. Іншыя палеглі ў апошнюю вайну. Шмат каго нялітасьцівы лёс раскідаў па сьвеце. Сам Яўген Ціхановіч бярэ ўдзел у мастацкіх выставах ад 1932 г. За гэты час ім створаныя дзясяткі жывапісных палотнаў, сотні графічных работ. Шмат твораў гэтага мастака можна пабачыць у музэях, кнігах, падручніках. Апроч усяго гэтага, Ціхановіч — выдатны мэмуарыст, аўтар шматлікіх публікацый у беларускім друку.
    Сяргей Харэўскі
    Пра Янку Купалу і Пілсудзкага
    ...Гэта быў пачатак 20-х. He магу дакладна ўспомніць, калі і дзе я пачуў, як чытае свае вершы Янка Купала. Мабыць, у Доме пісьменьнікаў. Ведаю, Купала ня надта любіў чытаць сам, мабыць, саромеўся, а можа, думаў, што артыст гэта зробіць лепш за яго. Ці, хутчэй, і тое і другое разам. Купала наагул не любіў выступаць з прамовамі, бо навошта яму было на людзях выкладаць свае думкі, якія ляцяць у паветра і там губляюцца?
    Ён не хацеў выходзіць на сцэну, дзе яго сустрэнуць як артыста, пачнуцьпляскацьуладкі, наробяць шуму, а навошта? У той час лічылася, што, калі маеш пастаўлены голас і можаш выступаць з розных нагодаў, ты актывіст, цябе выбіраюць, ты паважаны. Купалу заўсёды запрашалі ў прэзыдыюмы розных сходаў ці вечароў, дзе павінны былі сядзець знакамітыя людзі. Гэта надавала прадстаўнічасьці сходу.
    Часьцяком, калі чалавек чуў упершыню вершы ў выкананьні Купалы, яго спасьцігала пэўнае расчараваньне. Манатонны, глухі голас, дый кожнае слова вымаўляецца ня гэтак яскрава, як трэба. Нават сэнс верша ўхапіць было цяжка, заставалася адно разглядаць паэта — як ён стаіць, як трымае рукі, чаму не расстаецца са сваім кійком...
    ...Ад жонкі я ведаю, што Купала любіў слухаць, як яна чытала ягоныя вершы, як выразна гучалі яе словы, пераходзячы ў згукі пачуцьцяў. Сэнс вершаў узрастаў нават ад жэстаў яе рук. Галубок нездарма браў сваю дачку ў менскі Белпэдтэхнікум, каб яна чытала вершы Купалы перад студэнтамі пасьля лекцыі аб тэатры, аб літаратуры ў сцэнічным мастацтве. Быў гэткі выпадак, калі цётка Ўладзя ўзяла да сябе Люсю Галубок на пару дзён, каб Люся вывучыла вершы Купалы пад яе кіраўніцтвам. У гэтым нічога дзіўнага не было, бо Люся яшчэ ня мела досьведу трымацца перад гледачамі. Рэпэтыцыі адбываліся ў Доме I зьезду РСДРП, дзе тады й жыла сям’я Купалы. Цётка Ўладзя як былая настаўніца валодала сакрэтамі падыходу да дзяцей — ёй лёгка было працаваць з таленавітай дзяўчынкаю. Можна толькі сабе ўявіць, як хвалявалася Купаліха за кулісамі ў той вечар прэм’еры. Але ўсё адбылося добра, і маленькая актрыса мела цяпер сваё амплюа.
    Вечар той быў прысьвечаны Юзафу Пілсудзкаму, які сядзеў у лёжы гарадзкога тэатру, абапіраючыся на шаблю. Ён пяшчотна глядзеў на маленькую дзяўчынку і праз свае вялікія вусы ўсьміхаўся. Пэўна, падабалася яму маленькая дзяўчынка, што гэтак добра чытала беларускі прывітальны верш ад Купалы. «Гэты вечар, — казала Люся Галубок, — запомніўся мне болей за ўсё, бо той вусаты дзядзька кінуў кветкі да маіх ног, a no-
    тым доўгі час людзі пляскалі ў далоні, стоячы. Сотні людзей глядзелі ў тую лёжу, на Пілсудзкага, на ягоных выкшталцоных ад’ютантаў, польскіх ахвіцэраў...»
    Казалі, што беларускія ўрадоўцы з БНР сустракалі Пілсудзкага хлебам-сольлю... Тады ніхто ня ведаў, да каго далучаць нашую маленькую дзяржаву. Бо Заходні край, як расейцы называлі нашую Беларусь, ня меў ані ўзброеных злучэньняў, ані дакладных межаў і трывалых юрыдычных правоў... Калі ж націск чырвонага войска ўзмацніўся, Пілсудзкі вымушаны быў адступаць. Польскія войскі па дарозе ўсчынялі гвалты, рабункі й пагромы. Гвалціліжанчынаў, асівым жыдам адразалі бароды. Хто толькі не таптаў каваным ботам нашую маціБеларусь! Немцы, палякі, ізноў немцы. Хто толькі не дзяліў яе на часткі, не абдзіраў то зьлева, то справа. Але найбольш гвалту было за царскай Расеяй, а пасьля й за бальшавіцкім Савецкім Саюзам...
    Яўген Ціхановіч
    Пра Азгура і Коласа
    ...Заір Азгур быў старэйшы ад мяне толькі на тры гады. Першая наша сустрэча адбылася ў 1929 г. у доме Якуба Коласа. Азгур ляпіў бюст Коласа, а я і мой прыяцель па прафтэхшколе, Шымановіч, фарбавалі дом Коласа звонку і ўсярэдзіне.
    У Азгура пасьля сканчэньня Віцебскага мастацкага тэхнікуму бюсты Коласа й Купалы былі першымі дзяржаўнымі замовамі. Ляпіць з натуры Коласа амаль не атрымлівалася з тае прычыны, што ў пісьменьніка не было часу пазаваць. А таму Азгур абзавёўся вялікай колькасьцю фатаздымкаў клясыка ў розных позах — у профіль, анфас і са згубленага профілю. Гэткі спосаб быў няпростым. He было станкоў, што круцяцца, на якіх мадэль сядзіць у фатэлі, а скульптар бачыць яе з усіх бакоў.... Зь вялікімі цяжкасьцямі Азгуру й ягоным фарматарам удалося зрабіць толькі адну адліўку (у чорнай форме), дый тую зь вялікай рызыкай — не было ніякага досьведу.
    У Менскім гарадзкім тэатры на фасадзе былі дзьве паўкруглыя нішы: зьлева стаяў Пушкін, а справа — Гогаль. Абодва тыя бюсты былі з бронзы. Дык вось, замест Пушкіна паставілі бюст Купалы, а замест Гогаля — бюст Коласа. Праўда, у гіпсавым выкананьні. Толькі з расфарбоўкаю пад бронзу. У тыя часы беларусізацыя ішла ў поўным разгары. Самасьвядомасьць выяўлялася паўсюль. Толькі вось мароз, сонца, вецер ды дажджы збаёдалі гіпсавыя бюсты. Да таго ж фасад тэатру рэканструявалі тройчы — усё зьмянялася і ўсё забывалася.
    Творчая біяграфія Азгура шырылася галоўным чынам у жанры бюстаў дзеячаў культуры мінуўшчыны паводле іхных партрэтаў, а сучасных дзеячаў — ужо і з натуры. Усё ж Азгур займеў і майстэрню, і ўсё абсталяваньне: станкі, асьвятленьне ды іншае. Набліжаліся тыя фатальныя гады (канец 30-х), калі сталінскі тэрор касіў усіх без разбору, асабліва выхоплівалі дзеячаў культуры, навукі, літаратуры... I Азгуру давялося самому разьбіваць гіпсавыя бюсты «ворагаў народу», спаміж якіх быў і гэткі «вораг», як Уладзіслаў Галубок... Адразу ж па вайне разгарнуліся пошукі «касмапалітаў», у ліку якіх галоўным чынам апынуліся дзеячы культуры жыдоўскага паходжаньня. Гэта супала з прыездам у Менск славутага артыста Міхоэлса, які ачольваў камісію па Сталінскіх прэміях. Міхоэлса і ўдзельніка тае камісіі, які яго суправаджаў, забілі ўначы — быццам бы грузавая машына наехала. Гэтак гэбісты інсцэнавалі. Міхоэлсу прыпісваліся сувязі з амэрыканскай «буржуазна-нацыяналістычнай» арганізацыяй «Джойнт» і першым паслом Ізраіля ў СССР Голдай Мэір. Азгуру гэтым разам давялося разьбіваць гіпсавую групу: Міхоэлс трымае на руках немаўля, якое сымбалізуе нараджэньне новае жыдоўскае дзяржавы... Праз пэўны час Азгур наноў зьляпіў партрэт Міхоэлса, ужо па фатаздымках і без усялякіх алегорыяў. Дзякуй Богу, досьвед быў. А вось партрэт Уладзіслава Галубка, першага народнага артыста Беларусі, маэстра гэтак і не сабраўся ўзнавіць. Таму той бюст ня згадваецца ў энцыкляпэдыях. Гэтак і губляюцца ў памяці людзі, незвычайна адораныя ў сваёй творчасьці...